Заўтра мы будзем адзначаць 71-ю гадавіну вызвалення Глускага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тры страшныя гады доўжылася акупацыя нашай маленькай радзімы. Няма на Глушчыне такой сям’і, якую б не зачапіла вайна. На фронт пайшлі шэсць з паловай тысяч глушчан, 4 725 не вярнуліся да сваіх сем’яў. Больш як тры тысячы мірных жыхароў загінулі ад рук фашыстаў, амаль паўтары тысячы — адпраўлены на прымусовыя работы ў Германію. Шэсць вёсак нашага раёна паўтарылі лёс Хатыні і былі спалены разам з жыхарамі.
Глушчане мужна змагаліся з ворагам на фронце, таксама падчас акупацыі на тэрыторыі раёна дзейнічалі падпольныя групы, партызанскія атрады. У чэрвені 1944 года пры вызваленні іх дапамога спатрэбілася наступаючай Чырвонай Арміі. Партызаны на шляху адступлення акупантаў ладзілі засады ў лесе каля вёсак Бабровічы, Малкава і іншых. Нечаканае з’яўленне народных мсціўцаў на пазіцыях немцаў выклікала сярод іх паніку.
На досвітку 24 чэрвеня войскі 1-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерала Канстанціна Ракасоўскага перайшлі ў наступленне пры актыўнай падтрымцы штурмавікоў, бамбардзіроўшчыкаў і танкаў. Пачалася аперацыя “Баграціён”. Састаўной часткай першага яе этапу з’яўлялася Бабруйская аперацыя, у хо-дзе якой намячалася вызваліць Бабруйск, Глуск і іншыя населеныя пункты. Войскам была пастаўлена задача: ударамі з двух раёнаў акружыць і разграміць жлобінска-бабруйскую групоўку ворага, а потым развіваць наступленне ў напрамку Мінска і Баранавіч.
Тэрыторыя Глускага раёна знаходзілася ў асноўным у зоне дзеянняў 28-й арміі і конна-механізаванай групы, з якімі ўзаемадзейнічалі воіны 65-й арміі і 1-га гвардзейскага танкавага корпуса. Конна-механізаваная група наступала ў паўночна-заходнім накірунку і к 26 чэрвеня выйшла да ракі Пціч у раёне Глуска і месцамі фарсіравала яе. Танкі таксама імкліва рухаліся наперад і да канца дня 25 чэрвеня, прайшоўшы з баямі25 км, захапілі пераправу цераз раку Пціч каля вёскі Гарадок і перарэзалі ворагу шашу Бабруйск — Слуцк.
Раніцай 27 чэрвеня байцы 295-га стралковага палка, якім камандаваў падпалкоўнік Андрэй Максімавіч Валошын, падышлі да паўднёва-ўсходняй часткі Глуска і сумесна з коннікамі-кубанцамі завязалі бой з часцямі 35-й нямецкай пяхотнай дывізіі. Немцы аказалі жорсткае супраціўленне, але савецкія воіны адбівалі адну вуліцу за другой. Байцы 293-га стралковага палка пад камандаваннем П. І. Сіненкі вялі ўпарты бой на паўднёвай ускраіне райцэнтра. У гэты ж час стралкі і кавалерысты, абыходзячы Глуск справа і злева, акружалі групоўку праціўніка і вызвалялі вёскі раёна. Вялікую дапамогу наступаючым часцям аказвалі лётчыкі 299-й штурмавой авіядывізіі, якія нанеслі бомбавыя ўдары па агнявых кропках ворага ў раёне сярэдняй школы, у паўночна-ўсходняй частцы і па цэнтры мястэчка ў раёне касцёла. Пяхоту і конніцу таксама падтрымлівалі агнём артылерысты 183-га палка. Пасля зладжанага масіраванага ўдару нашай арміі вораг з вялікімі стратамі ў жывой сіле і тэхніцы пачаў адыходзіць у напрамку Завалочыц, Сіманавіч і далей на Старыя Дарогі, Слуцк.
Бой за Глуск працягваўся каля пяці гадзін, і, нарэшце, к зыходу дня 28 чэрвеня ўся тэрыторыя нашага раёна была вызвалена. Найбольш моцныя баі падчас вызвалення Глушчыны адбыліся ў раёне вёсак Зелянковічы, на пераправах цераз раку Пціч каля вёсак Халопенічы, Бярозаўка, Падлужжа, Жалвінец, а таксама за Дасціжэнне, Падзамшу, Баянава, Гарадок, Зубарэвічы. У выніку баёў за Глуск праціўнік страціў да ста чалавек салдат і афіцэраў. Савецкай арміяй былі захоплены боепрыпасы, зброя, гаруча-змазачныя матэрыялы і іншы ваенны рыштунак.
За праяўленую мужнасць і адвагу пры вызваленні Глуска і раёна ад акупантаў многія чырвонаармейцы, салдаты і афіцэры, былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а камандзір 295-га палка Андрэй Максімавіч Валошын удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Вось так на глускую зямлю прыйшло вызваленне. З вялікай радасцю сустракалі жыхары мястэчка і вёсак нашага раёна чырвонаармейцаў: кветкі, пацалункі, словы ўдзячнасці, радасць на тварах людзей. Але ўсе ведалі, што вайна не скончана. Да поўнага разгрому фашыстаў заставаўся ячшэ амаль год.
Падрыхтавала
Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ