Темы

Пяценка

Працяг.

Засценак

К 1917 году побач з Пяценкай узнік засценак. Назва “засценак” атрымалася такім чынам. Паводле “Уставы на валокі”, якая дзейнічала аж з 1557 года, сялянам адводзілася ворная зямля, якая разбівалася на тры полі, кожнае з іх мела свае “сцены”, а па-сучаснаму — роўна вызначаныя межы. Усе землі сяла, якія былі за гэтымі “сценамі”-межамі, называліся засценкамі. Засценкі колісь былі амаль у кожным сяле. Гэтыя невялікія ворыўныя і сенакосныя надзелы зямлі здаваліся сялянам на пэўны тэрмін у арэнду. Часцей за ўсё засценкавыя землі аддавалі шляхце, бо яна была багацейшай за сялян. У пяценскім засценку ў гэты час было 8 двароў і 45 жыхароў, а ў самой вёсцы — 16 двароў і 101 жыхар.

Дарэчы, і дагэтуль частку сяла ў Пяценцы называюць Засценак.  Ён знаходзіцца з левага боку ад шляху, калі ехаць з Глуска. Хат зусім небагата, мо каля дзесяці, некаторым з іх больш за сотню год. І калі хто з вяскоўцаў ідзе ў той бок, то так і кажуць: пайшоў у Засценак. І заўжды жыў Засценак сваім асаблівым жыццём. Нават статак кароў, які колісь быў вельмі вялікі, засцянкоўцы пасвілі асобна ад вяскоўцаў, сваёй чаргой. Але заўжды сябравалі паміж сабою засцянкоўцы і вяскоўцы, некаторыя з часам нават парадніліся. Дапамагалі адзін другому ўсім гуртам.

Школа

“Калі пачаліся рэпрэсіі і ссылалі сям’ю Еленскіх, — успамінае Бердышава Марыя Данілаўна,1922 г. н. (у дзявоцтве — Шумская), — то сышліся ўсе жыхары і з вёскі, і з засценка, каб іх праводзіць. Плакалі ўсе. А яны пагрузілі на воз нейкія там свае клункі, пасадзілі дзяцей дый паехалі ў бок Глуска. Больш іх ніхто не бачыў і нічога пра іх не чуў”. У снежні 1937 года арыштавалі і Сушко Эмілію Феафілаўну з хутара Баравое. Справа яе была спынена ў красавіку 1939-га.

Потым у хаце Еленскіх, як казалі колісь, — хаце кулака, якая была ў Засценку, адкрылі пачатковую школу. Адразу ў ёй дзеці вучыліся пяць класаў, крыху пазней — чатыры. У старэйшыя ж класы некаторыя хадзілі ў школу ў Глуск, але большасць — у Клетнае. Дзеці вучыліся ў адным пакоі, прыстасаваным пад клас. Не было алоўкаў, паперы, падручнікаў, але вельмі хацелася вучыцца. У 1934 годзе для школы талакою паставілі новы будынак. Па ўспамінах сяльчан, доўгі час быў яе дырэктарам і настаўнікам Пётр Спірыдонавіч Шумскі. Яго выхаванцамі сталі многія пяценскія дзеці, якім ён імкнуўся перадаць сваю прагнасць да ведаў, прывіваў любоў да роднага краю, вучыў спяваць і гуляць у шашкі, працаваць на агародзе. Гэтыя дзеці, зараз некаторым з іх больш за 70 гадоў, і сёння добрым словам успамінаюць свайго першага настаўніка і тую алею з дрэў, якую ён пасадзіў разам са сваімі вучнямі, пры гэтым помніў, якое дрэва хто з іх садзіў.

Пачалася гэта алея з таго, што на ўроку Пётр Спірыдонавіч прачытаў дзецям захапляючае апавяданне пра Уладзіміра Леніна, пра тое, як Ленін любіў прыроду, як пасадзіў дубок і даглядаў яго. Запала дзецям у душу гэтае апавяданне, і вырашылі яны разам з настаўнікам пасадзіць вакол школы, якая стаяла на пустэчы, дрэвы. Пайшлі ў лес, там быў невялікі пітомнік, накапалі саджанцаў і пасадзілі радком — атрымалася алея. На жаль, школы ўжо няма на гэтым месцы, а вось алея шуміць дагэтуль, напамінаючы, калі хто прыязджае на радзіму, аб цудоўных дзіцячых гадах і аб  настаўніку, якога колісь былыя вучні заўжды наведвалі, дзяліліся планамі на будучае… Многія з іх знайшлі сваё прызванне ў жыцці. Георгій Грамыка скончыў Маскоўскі ўніверсітэт імя Ламаносава і доўгі час працаваў карэспандэнтам газеты “Труд”, Мікалай Шумскі па камсамольскай пуцёўцы будаваў дарогу Абакан-Тайшэт (частка Паўднёва-Сібірскай чыгункі), потым працаваў ва Усць-Іліме, Іван Шумскі быў загадчыкам аддзела райкама камсамола ў Салігорску, Мікалай Новік — шафёрам, Мікалай Букас — рабочым… Ды ці ўсіх пералічыш. Гэта толькі адзінкі. Былі і хлебаробы, і будаўнікі, і настаўнікі. Даўно гэта было. Але гісторыя вёскі — гэта яе людзі, іх лёс.

 Барацьба за новы свет

Кастрычніцкая рэвалюцыя, грамадзянская вайна. Гісторыя адлюстравала гэты час як круты паварот у жыцці мільёнаў людзей, што апынуліся ў цэнтры барацьбы за новы свет. Толькі-толькі былі зроблены першыя крокі савецкай улады, як узняліся супраць яе белапалякі. У лютым 1919 года войскі буржуазнай Польшчы ўварваліся на тэрыторыю Беларусі. Усё, што за кароткі час было зроблена новай уладай, знішчалася. Белапалякі захапілі Мінск, Бабруйск, дайшлі і да Глуска. У тыле ворага ўтвараліся партызанскія атрады, якія ўзаемадзейнічалі з часцямі Заходняга фронту.

 Штаб фронту дапамагаў набываць узбраенне, распрацоўваць планы. Уключыліся ў барацьбу з польскімі легіянерамі і жыхары вёскі Пяценка — Гурыновіч Сямён Фёдаравіч і Шарамет Ніл Андрэевіч, Шумскі Кузьма Міхайлавіч, удзельнік грамадзянскай вайны, і Лузан Іван Міхайлавіч, які да гэтага часу ўдзельнічаў у баях супраць дзянікінцаў у складзе арміі Будзённага.

Калгас

Скончылася ліхалецце, вярнуліся вяскоўцы ў сваю родную Пяценку. Пачалі арганізоўвацца калектыўныя гаспадаркі — калгасы. Нялёгкі быў той час, не хацелі сяльчане, асабліва заможныя, ісці ў калгасы, і сераднякі пабойваліся новага строю. Але як бы там ні было, а ў 1931 годзе ў Пяценцы ўтварыўся калгас “Востраў сацыялізму”, першым яго старшынёй аднавяскоўцы выбралі Івана Лузана. У тых, хто не пайшоў у калгас, абразалі зямлю па самыя вуглы двара, забіралі сілаю жывёлу, на іх быў накладзены вялікі падатак. Усё рабілася дзеля таго, каб прымусіць ісці працаваць у калгас. Так было і ў Пяценцы.

Час і лёс

Ішоў 1933 год, май. Пасяўная. Не пайшла ў калгас і сям’я Гурыновічаў. Аднялі ў іх зямлю, засталася толькі тая невялічкая частачка, што была ў двары, успамінала Марыя Данілаўна Шумская. У той дзень былі ў школе заняткі. А школа знаходзілася якраз насупраць хаты Гурыновічаў. Аралі ў сваім двары зямлю браты Сцяпан і Іван. Прыйшоў да іх старшыня калгаса Іван Лузан і пачаў адбіраць з рук плуг. Тады старэйшы, Сцяпан, схапіў вілы і кінуўся на старшыню, за ім і малодшы брат. У гэтай бойцы пераламалі руку старшыні, ды і ўвогуле добра яго збілі. “Усё гэта дзеці бачылі праз акно школы, — кажа Марыя Данілаўна. — Старшыня трапіў у бальніцу, а братоў судзілі. Далі ім па 10 год і саслалі на Калыму. Старэйшы не вярнуўся дадому, дзе ён, так ніхто і не ведае”. Пасля гэтага здарэння старшынёй калгаса стаў Грамыка Макар. Да гэтага ён працаваў на станцыі Ратміравічы ў канторы “Заготзерно” начальнікам. Зярно туды вазілі на быках і конях. Старшыню гэтага ў Пяценцы некаторыя чамусьці звалі Міхаіл, пазней ён стаў другім сакратаром райкама партыі ў гарадскім пасёлку Акцябрскім, а ў вайну — загінуў. Засталося ў яго два сыны. Дык вось той Іван Гурыновіч, які адсядзеў 10 год і вярнуўся, узяў сабе ў жонкі ўдаву Макара Грамыкі, якая ў маладосці была яго першым каханнем і на якой ён абяцаў жаніцца. Што і атрымалася, толькі праз цяжкія выпрабаванні і доўгія гады. Вось такі лёс, такі быў час.

Жыццё працягвалася. У 1936 годзе калгас, які насіў ужо імя Сталіна, аб’ядноўваў 53 гаспадаркі двух вёсак — Пяценкі і Пагарэлага. У хаце Бабака працаваў ларок. Усё рабілі вяскоўцы сваімі рукамі: і пралі, і ткалі, і хлеб пяклі. На ўвесь раён быў вядомы каваль Даніла Шумскі. Дачка Данілы Марыя скончыла 2-гадовыя курсы медсясцёр і ў 17 гадоў ужо працавала ў Глускай бальніцы разам са знакамітым доктарам Сямёнавым. Па вечарах у вёсцы звінелі песні, іграла гармонь… Бывала, што на танцы пешшу хадзілі нават у Зубарэвічы, успамінае Марыя Данілаўна. А гэта ж не блізка. Але што гэта значыла для маладосці!

 Жыццё паціху наладжвалася, людзі пачалі прывыкаць да новага ладу. У вёсцы з’явілася радыё. Але гэта ўсё: мірнае жыццё, праца — было перарвана фашысцкім нашэсцем.

Іна КІРЫНА

Працяг будзе

Последние новости

Происшествия

ДТП с мотоблоком

18 июля 2026
Читать новость
Актуально

Сегодня состоялось заседание Глусского районного исполнительного комитета

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

На жатве в ОАО «Экспериментальная база «Глуск» работают четыре девушки

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

На гэтым тыдні гаспадаркі раёна прыступілі да ўборкі азімага рапсу

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

Третий трудовой семестр

17 июля 2026
Читать новость
Власть

«Зеркало истории суверенной Беларуси». Александр Лукашенко о 35-летии фестиваля «Славянский базар в Витебске» 

17 июля 2026
Читать новость