У Беларусі з пачатку сезона зарэгістравана 9 выпадкаў клешчавога энцэфаліту і 164 выпадкі Лайм-барэліёзу. Аб гэтым паведаміла энтамолаг Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана Яшкова.
Захворванне на клешчавы энцэфаліт зарэгістравана ў Брэсцкай, Гродзенскай і Віцебскай абласцях. Выпадкі клешчавога барэліёзу адзначаюцца ва ўсіх абласцях рэспублікі і Мінску.
У сувязі з сезонным павелічэннем колькасці пераносчыкаў у прыродных біятопах і актыўным наведваннем насельніцтвам лясных тэрыторый у маі ў арганізацыі аховы здароўя наконт укусу кляшчоў звярнуліся 5037 чалавек, у тым ліку 1754 дзіцяці. Гэта на 22 працэнты менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Колькасць кляшчоў у бягучым годзе, паводле даных энтамалагічнага маніторынгу, застаецца даволі высокай. Кляшчы пачынаюць праяўляць сваю актыўнасць, калі тэмпература паветра становіцца вышэйшая за 5 градусаў. З павышэннем тэмпературы іх актыўнасць павялічваецца, дасягаючы максімуму ў маі — чэрвені. Мяккая зіма і вільготнае лета садзейнічаюць павелічэнню іх колькасці ў прыродзе.
Самым эфектыўным метадам прафілактыкі клешчавых інфекцый з’яўляецца пазбяганне кантакту з кляшчом, а ў выпадку ўкусу — хуткае і правільнае яго выдаленне са скуры. Перадача ўзбуджальнікаў клешчавых інфекцый адбываецца пры ўкусе інфіцыраванага пераносчыка. Заразіцца на клешчавы энцэфаліт магчыма таксама пры ўжыванні сырога малака інфіцыраваных жывёл (найбольш часта коз).
Кляшчы звычайна чакаюць ахвяру, седзячы на траве або на галінцы куста і вельмі рэдка ўзнімаюцца вышэй за метр, пры нападзенні чапляюцца за ногі чалавека і потым паўзуць уверх у пошуках зручнага месца для прысмоктвання. Правільна апрануўшыся, можна перыядычна здымаць кляшчоў з адзення і не даваць ім дабрацца да цела. Пастарайцеся запраўляць верхняе адзенне ў штаны, а штаны — у шкарпэткі. Абавязкова надзявайце галаўны ўбор або капюшон. Выкарыстоўвайце рэпеленты і кожную гадзіну аглядайце сваё адзенне, а таксама адкрытыя ўчасткі цела для выяўлення і зняцця кляшчоў. Ужывайце ў ежу толькі кіпячонае казінае малако.
Калі ўкус адбыўся, то пасля выдалення кляшча трэба звярнуцца ў амбулаторна-паліклінічную арганізацыю аховы здароўя па месцы жыхарства для назначэння прафілактычнага лячэння.