Першая летняя спартакіяда дэпутацкага корпуса Магілёўскай вобласці адбылася на мінулых выхадных у Касцюковіцкім раёне. Глушчыну на спаборніцтвах прадстаўлялі дэпутаты Алена Лазоўская, Мікалай Куратаў і Віктар Якубенка, а ўзначаліў каманду старшыня раённага Савета Андрэй Баброўнік. Усе ўдзельнікі адзначаюць добрую арганізацыю гэтых спаборніцтваў, цікавую экскурсію па горадзе з наведваннем цэментавага завода і асаблівую рамантыку, якую прыўнесла ў іх настрой пражыванне ў палатачным лагеры.
У першы дзень спартакіяды праходзілі спаборніцтвы па шашках, лёгкай атлетыцы і настольным тэнісе, а вечарам на імправізаванай сцэне, уладкаванай прама на ўлонні прыроды, прайшоў конкурс мастацкай самадзейнасці. Байка, якую прачылала Алена Лазоўская, хоць і не прынесла нам дыплома, але выклікала вельмі добрыя эмоцыі і самую ўхвальную ацэнку многіх і многіх гледачоў. Завяршаў спартыўную частку мерапрыемства конкурс “Трапны футбаліст”, ён праходзіў у другі дзень спартакіяды, а па-за яе праграмай былі наладжаны спаборніцтвы сярод вадзіцеляў — на правільнасць і хуткасць выканання пэўных манеўраў і на падніманне гіры. У выніку ўсіх выступленняў глушчане апынуліся якраз у сярэдзіне турнірнай табліцы: 11-е месца сярод 23 каманд. Таму дамоў каманда вярталася з добрым настроем, станоўчымі ўражаннямі, а падтрымліваў хвалю пазітыву дыплом за 2-е месца ў конкурсе “Трапны футбаліст”.
Т. ЛУГАВАЯ
Фота М. КУРАТАВА