Значнае свята — і адзначылі дастойна, вясёлае гулянне — і прайшло яно весела, цікава, запамінальна. Так было на Дзень Незалежнасці ў Глуску. Месцам афіцыйнага святкавання на пачатку дня стала Алея Славы, тут пад цяністымі дрэвамі, каля бюста двойчы Героя Савецкага Саюза Сцяпана Шутава і памятных знакаў у гонар землякоў, Герояў вайны і працы, сабраліся дэлегацыі працоўных калектываў, актывісты дзіцячай і маладзёжнай арганізацый, юныя спартсмены, пачэсныя месцы былі адведзены ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, тым, хто набліжаў доўгачаканы дзень вызвалення. Ім былі адрасаваны і першыя прывітальныя словы, з якімі звярнуўся да прысутных старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Царыкаў. Ён зазначыў, што ў жыцці кожнага народа ёсць даты, якія вызначаюць яго далейшы лёс, становяцца кропкай адліку новага этапу гісторыі, сімвалам адзінства і пераемнасці пакаленняў.
У пацвярджэнне гэтай пераемнасці і таго, што сучасная моладзь Глушчыны памятае пра подзвіг народа ў гады вайны, з павагай ставіцца да ветэранаў і будзе дастойна прадаўжаць лепшыя працоўныя традыцыі сваіх землякоў, першы сакратар раённага камітэта БРСМ Юлія Стаўская зачытала пасланне-зварот моладзі да ветэранаў і перадала яго старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Валерыю Сураўнёву.
І мы ўсе павінны быць дастойнымі эстафеты, перададзенай нам пакаленнем пераможцаў, а гонар за сваю краіну павінен праяўляцца гонарам за вынікі сваёй працы.
У сувязі са святкаваннем Дня Незалежнасці ветэранам былі ўручаны падарункі, а лепшым прадстаўнікам працоўных калектываў Глускага раёна — заслужаныя ўзнагароды. Падзякі, грашовыя прэміі і кветкі атрымалі станочнік дрэваапрацоўчых станкоў Глускага лясгаса Міхаіл Арцюшэўскі, механізатар СВК “Дружба” Васіль Буднік, трактарыст-машыніст калгаса “Слаўгарадскі” Аляксандр Гаравікоў, начальнік участка Заеліца “Жылкамгаса” Андрэй Гнатоўскі, вадзіцель райпо Сяргей Галаўнёў, вадзіцель АП-15 Пётр Гаравікоў, трактарыст-машыніст эксперыментальнай базы “Глуск” Міхаіл Дзмітрыеў, аператар кацельнай “Жылкамгаса” Сяргей Жарнаклёў, бухгалтар Глускага РАПТЗ Ларыса Лісіца, прыёмшчык комплекснага пункта аграгарадка Калацічы ААТ “Глускія Бытпаслугі” Наталля Пугачова, загадчыца малочнатаварнай фермы ў Бярозаўцы калгаса “Зара” Вольга Рымашэўская, галоўны бухгалтар цэнтральнай раённай бальніцы Галіна Сокал, загадчык малочнатаварнай фермы ў Бабірова эксперыментальнай базы “Глуск” Міхаіл Стральчэня, механізатары калгаса “Зара камуны” Мікалай Сысой і Аляксандр Чыгір, прадавец з выкананнем абавязкаў загадчыка магазіна № 99 “Родны кут” Ала Хацько, аператар машыннага даення калгаса “Слаўгарадскі” Вера Штылёва, вучань школы № 1 Мікіта Буйчык, вучні гімназіі Вікторыя Гоманава і Яўгенія Рудзько, вучань школы № 2 Вадзім Прыбыш. Прыемна сказаць, што ўзнагародай выканаўчай улады адзначана праца нашай калегі, карэспандэнта раённай газеты Аксаны Васілеўскай. Дастойныя ўзнагароды — дастойным людзям, тут можна толькі парадавацца з імі і за іх.
А для агульнай радасці і весялосці потым было месца на танцавальнай пляцоўцы, на стадыёне і каля яго. Тут табе і забаўляльная праграма для дзяцей, і канцэрт, і спартыўны запал на валейбольнай пляцоўцы і футбольным полі. Але асобна хочацца сказаць пра падвор’і, арганізаваныя сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі. Без перабольшвання можна сказаць, што галоўную ўвагу прыцягвала латарэя райаграпрамтэхзабеспячэння, і гэта не дзіўна, бо тут у адмыслова сплеценых загарадках чакалі свайго шчаслівага часу ў якасці прызоў з дзясятак ну вельмі прыгожанькіх парасятак і маленькая авечачка. Не будзем казаць пра меркантыльны інтарэс, які праяўлялі да іх дарослыя, а вось дзеткі — тыя падыходзілі і паглядалі на жывёлін з непадробнай цікавасцю і са шкадаваннем. Некалькі парасят неўзабаве знайшлі сваіх новых гаспадароў і ў торбах за плячамі паехалі на новае месца жыхарства, не ведаю, ці выйграў хто авечку, бо трэба было ісці паглядзець на іншыя падвор’і. А пабачыць там і сапраўды было што — тут табе і ручной работы вышыванкі, і даматканыя палавікі, і прылады сялянскай працы даўнейшых часоў — дзе толькі пазнаходзілі ўсе гэтыя рарытэты. Былі, зразумела, і гармонік з бубнам, і вясёлыя прыпеўкі — якое ж гулянне без іх! А ўжо прысмакі — дык на розны густ: і пражаныя рабрыны, і карп у смятане, і наліснікі, і нават мёд з маласольнымі агуркамі (за гэты пачастунак асобнае дзякуй). Грэх казаць, рэдакцыю ніхто не пакрыўдзіў — запрашалі шчыра, частавалі шчодра!
Так, мы, беларусы, — “мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі, шчыра сябруем, сілы гартуем мы ў працавітай, вольнай сям’і”. Гэтыя словы падчас усебеларускай акцыі “Праспяваем гімн разам” вечарам 3 ліпеня з усёй краінай дзясяткамі галасоў паўтарылі і глушчане. Няхай жа па нашай гасціннасці, па нашай душэўнай шчодрасці і дабрыні, па працавітасці нашай і стараннасці будзе жыццё наша.
Фотарэпартаж падрыхтавалі Таццяна ЛУКАШЭВІЧ,
Вольга ЧУЧВАЛ і Ірына ГРАМЫКА
Яшчэ больш фота на нашым сайце ў раздзеле «фотагалерэя» (кнопка над лагатыпам «Радзіма»)