Колькасць людзей на планеце штогод павялічваецца прыкладна на 1,4 працэнта, у той час як аб’ём вытворчасці харчавання кожны год расце толькі на 0,9 працэнта. Падлічана, што пры такім апераджэнні паказчыка нараджальнасці над выпускам харчовых прадуктаў да 2020 года кожны чацвёрты жыхар планеты можа сутыкнуцца з праблемай голаду. І гэта пры тым, што ўжо зараз у свеце з кожных дзевяці чалавек адзін недаядае, спажываючы менш за тысячу кілакалорый у суткі, а такі ўзровень харчавання вядзе да фізічнага знясілення арганізма. Што ж да паўнацэннага харчавання, то ім забяспечаны толькі 40 працэнтаў жыхароў планеты.
Пра гэта ішла гаворка падчас адзінага дня інфармавання насельніцтва, які праходзіў на мінулым тыдні ў нашым раёне. Інфармацыйная група, якую ўзначальваў старшыня райвыканкама Уладзімір Царыкаў, сустрэлася з калектывамі ААТ “Глускае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, СВК “Калгас “Зара” і філіяла “Райпалівазбыт”. Па першым пытанні, якое тычылася харчовай бяспекі нашай краіны, перад прысутнымі выступала галоўны спецыяліст аддзела эканомікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Таццяна Куніцкая. У прыватнасці, было зазначана, што наша краіна, згодна з данымі часопіса “Economist”, у 2014 годзе па ўзроўні харчовай бяспекі заняла 47-е месца са 109 краін, і гэта нядрэнны паказчык, калі ўлічыць, што Расія ў названым рэйтынгу на 40-м месцы, Украіна на 52-м, а Казахстан на 57-м. Удзельная вага малазабяспечаных дамашніх гаспадарак у Беларусі склала 3,4 працэнта, што не перавышае крытычнага паказчыка ў 8 працэнтаў. Разам з тым на аднаго працуючага чалавека ў нас чатыры непрацуючыя, у тым ліку два з паловай пенсіянеры. Пры захаванні тэндэнцыі росту цэн пад пагрозай недаядання змогуць апынуцца грамадзяне з вельмі нізкімі даходамі. Між тым удзельная вага прадуктаў харчавання з асабістых падсобных гаспадарак зніжаецца. А раз так, то праца тых, хто забяспечвае харчовую бяспеку краіны (хлебаробаў, жывёлаводаў, усіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі), заўсёды будзе запатрабавана, зазначыў, падводзячы вынікі сказанаму па першым пытанні, кіраўнік раёна Уладзімір Царыкаў.
З улікам таго, што набліжаецца пачатак навучальнага года і дзяцей-школьнікаў, асабліва раніцай і ўдзень, пабольшае на дарогах, другое пытанне дня інфармавання тычылася прафілактыкі дзіцячага дарожнага траўматызму. Як расказаў старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ Міхаіл Патапенка, у Глускім раёне за сем месяцаў года зарэгістравана пяць дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх шэсць чалавек было паранена, два здарэнні былі здзейснены людзьмі ў стане алкагольнага ап’янення. На шчасце, здарэнняў з удзелам дзяцей у нашым раёне не адбылося, а вось па вобласці іх ужо 29, ёсць параненыя і, на жаль, адзін смяротны выпадак. Прычынамі аварый з удзелам дзяцей сталі іх няўважлівасць і парушэнне правілаў дарожнага руху, а таксама тое, што яны былі без нагляду дарослых, у пяці выпадках пацярпелі дзеці-пасажыры, якіх перавозілі без спецыяльных утрымліваючых прыстасаванняў. Усё гэта яшчэ раз пераконвае: за ўсё, што адбываецца з дзецьмі, у адказе дарослыя. Таму і супрацоўнік дзяржаўтаінспекцыі, і кіраўнік раёна яшчэ раз нагадалі ўдзельнікам сустрэч аб тым, што найперш самі бацькі павінны клапаціцца пра бяспеку дзяцей, тлумачыць, нагадваць, засцерагаць і самі паказваць прыклад паводзін на дарозе і не толькі.
Нікому, асабліва тым, хто працуе на зямлі, не трэба тлумачыць, што апошнім часам неспрыяльныя фактары надвор’я, а то і сапраўдныя катаклізмы прыносяць немалую шкоду сельскагаспадарчай вытворчасці, аднак негатыўныя наступствы можна зменшыць за кошт страхавання. У нашай краіне, як расказаў, выступаючы па трэцім пытанні, дырэктар Глускага прадстаўніцтва Белдзяржстраха Генадзь Ліпскі, уведзена абавязковае страхаванне сельскагаспа-дарчых культур, жывёлы і птушкі з дзяржпадтрымкай. Калі ў мінулым годзе па гэтай страхоўцы адной гаспадарцы раёна было выплачана 150 мільёнаў рублёў, то ў гэтым годзе чатыром гаспадаркам раёна Белдзяржстрах ужо выплаціў 840 мільёнаў у якасці кампенсацыі ўрону, з іх больш за 500 мільёнаў атрымаў СВК “Калгас “Зара”, пры гэтым дзве мясцовыя гаспадаркі з-за парушэння тэрмінаў сяўбы недаатрымалі страхоўкі прыкладна на паўтара мільярда. Былі прыведзены і іншыя прыклады, якія сведчаць, што страхаванне ў галіне сельскай гаспадаркі — справа выгадная, і прадуманы гаспадар гэтым абавязкова скарыстаецца.
У склад інфармацыйнай групы, якую ўзначальваў Уладзімір Царыкаў, акрамя ўжо названых спецыялістаў, уваходзілі начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Алена Трыбуш, загадчыца юрыдычнага сектара райвыканкама Вольга Галаўнёва, галоўны ўрач райбальніцы Ірына Пятрова, дырэктар УКП “Жылкамгас” Генадзь Шумін, начальнік аддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Шарснёў, карэспандэнт рэдакцыі раённай газеты. Што ні кажы, а прадстаўніцтва даволі шырокае, таму прысутныя маглі адказаць на іншыя пытанні, якія хвалююць людзей. І іх, пытанняў, было нямала, адно, да прыкладу, тычылася матацыклістаў, бо некаторыя з іх сталі сапраўднай праблемай на вуліцах раённага цэнтра. Міхаіл Патапенка патлумачыў, што дзяржаўтаінспекцыя вядзе барацьбу з парушальнікамі, аднак старшыня райвыканкама зазначыў, што рабіць гэта патрэбна больш актыўна. Некалькі пытанняў тычылася камунальнай службы, у прыватнасці, пераносу тэрміну аплаты камунальных паслуг з 25-га на больш позні час, паколькі зарплаты ў некаторых арганізацыях выдаюць у апошні дзень месяца. Праблема такая і насамрэч існуе, але яе вырашэнне, як патлумачыла загадчыца юрыдычнага сектара, не ў кампетэнцыі раённай улады — тэрмін аплаты камунальных паслуг устаноўлены пастановай Савета Міністраў. А вось праблема будаўніцтва цэнтральнай каналізацыі ў Хваставічах можа быць вырашана на месцы, аднак не за кошт бюджэтных сродкаў (іх для гэтага на бліжэйшы час проста не прадугледжана), а за сродкі саміх жыльцоў шляхам стварэння кааператыва, такі від работ выконвае УКП “Жылкамгас”. На балансе гэтай арганізацыі і вуліца Западная, што ў аграгарадку Катка, і яе жыхары паскардзіліся на дрэнны стан дарогі, падчас дажджоў па ёй ні прайсці ні праехаць. Прама на месцы старшыня райвыканкама даручыў правесці неабходны рамонт вуліцы і зрабіць яго так, каб пытанне гэтае больш не ўзнікала. Няпроста, але патрэбна хаця б часткова вырашыць праблему спільвання аварыйных дрэваў на могілках вёскі Заракуша. Як патлумачыў старшыня Каткаўскага сельскага Савета Сяргей Глаз, у мінулым годзе сіламі “Жылкамгаса” некалькі старых дрэваў там было спілена, аднак ёсць такія хвоі, для работы з якімі патрэбна спецыяльная тэхніка, якой у раёне няма, не хапае ў Савета і сродкаў, каб заказаць яе ў спецыялізаваных арганізацыях, таму праблема вырашаецца паступова, што называецца, па меры магчымасцяў.
Прагучала і пытанне, якое можна аднесці ў разрад нязручных, аднак старшыня райвыканкама Уладзімір Царыкаў спыніўся на ім падрабязна і патлумачыў пазіцыю раённай улады. Гаворка ідзе пра тое, што гаспадаркі раёна, якія і так знаходзяцца ў складанай эканамічнай сітуацыі, вымушаны выдаткоўваць сродкі і ўдзельнічаць у розных святах, выпісваць газеты, у той час, калі не хапае грошай на запчасткі. Каб не быць галаслоўным, кіраўнік раёна ўзяў за прыклад апошняе масавае гулянне, якое праводзілася на Дзень Незалежнасці ў Глуску. Так, мясцовыя гаспадаркі павінны былі арганізаваць там свае падвор’і, і арганізавалі, прыгожа, цікава, з пачастункамі і нават латарэямі. Для каго гэта было зроблена? Хто заходзіў, частаваўся і выцягваў шчаслівыя білецікі? Людзі, свае ж працаўнікі, што да райаграпрамтэхза-беспячэння, то гэтае падвор’е і ўвогуле нагандлявала няблага, няма сумнення, што і на наступным свяце тут ад пакупнікоў адбою не будзе. А што да газет, то за два мільёны, якія арганізацыя заплаціла за перыёдыку, справу не паправіш. Сродкі трэба шукаць там, дзе мы іх самі губляем, — калі не выконваем агратэхнічныя нормы на палях, парушаем тэхналогію ўтрымання жывёлы на фермах, калі не адносімся беражліва да тэхнікі і іншай маёмасці, калі нядобрасумленна выконваем свае абавязкі. У гэтым прычына многіх, у тым ліку і эканамічных, праблем. А святы праводзяцца для людзей, яны патрэбны і для цікавага адпачынку, і для добрага настрою.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА
На здымку: сустрэча з працоўным калектывам ААТ “Глускае райаграпрамтэхзабеспячэнне”