Темы

Дарогу зімой не замяце

Дарогу зімой не замяце

Ад вёскі Слабодка да Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці рукой падаць. Нейкія два кіламетры. Таму гэты населены пункт у Глускім раёне лічыцца адным з самых аддаленых. Як неперспектыўная вёска, яна паціху дажывае свой век. На сягоння там не набярэцца, мабыць, і 20 чалавек. І вельмі шкада, што, прастаяўшы больш як 400 гадоў, яна неўзабаве можа пакінуць ад сябе адну толькі назву. А пачыналася Слабодка, і гэта напісана ў кнізе “Памяць”, як сяло з шасці дамоў і вядома з 1602 года. Уваходзіла ў склад маёнтка Глуск Пагарэлы Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства і была шляхецкай уласнасцю. У 1845 годзе там налічвалася 5 двароў і 44 жыхары, і цяпер вёска ўжо была ў складзе маёнтка Халопенічы Бабруйскага павета і належала памешчыку. Праз некаторы час, у 1897 годзе, яна адышла ў Ляскавіцкую воласць Бабруйскага павета, і ў 25 дамах жылі 152 чалавекі. Побач праходзіў тракт Бабруйск — Мазыр. Непадалёк размяшчаліся тры дамы аднайменнага маёнтка Слабодка, які налічваў 48 жыхароў. У 1907 годзе ў вёсцы 21 двор і 183 жыхары, а ў маёнтку 1 двор і 39 жыхароў. Вёска паступова будавалася, і ўжо ў 1917 годзе там стаяла 21 хата і жылі 226 чалавек, у маёнтку — 93 жыхары. У савецкі час вёска падзялілася на дзве часткі і ў Слабодцы-1 было 34 дамы і 168 жыхароў, а ў Слабодцы-2 — 32 дамы і 124 жыхары, у былым маёнтку стаяла 18 дамоў і было 95 жыхароў. У 1930 годзе тут арганізавалі калгас “Бальшавік”, які ў 1932 годзе аб’ядноўваў 39 гаспадарак.

Яшчэ ў недалёкім мінулым, гадоў са дваццаць таму, у вёсцы свяціўся агеньчык жыцця ў 38 хатах і людзей было намнога больш, чым зараз, — 63 чалавекі. Недалёка ад сялянскіх пабудоў стаяла ферма калгаса “Зара” з каровамі ды цялятамі. А значыць, была работа для тамтэйшых людзей. Пра тое з сумам у голасе расказвала нам Паліна Сямёнаўна Самуйлік, якой давялося некалькі гадоў даіць там кароў.

— У нашым узросце толькі і застаецца, што ўспамінаць, параўноўваць той і цяперашні час. Нешта памятаю добра, а нешта толькі ўрыўкамі — тое, што звязана з раннім дзяцінствам. А ці было яно ў мяне? Калі пачалася вайна, я была яшчэ зусім маленькая. Адно добра ўрэзалася ў памяць, як палілі людзей. Фашысты бралі іх за рукі і ногі, разгушквалі і кідалі ў агонь. Было гэта ў канцлагеры, праз пекла якога разам з іншымі жыхарамі нашай вёскі прайшла і я. Дарэчы, вязнем быў і мой муж Генадзь Фядосавіч. Відаць, лёсам было наканавана нам выжыць. Дома таксама было не мёд. Людзі цяжка працавалі, недаядалі. І ў вайну, і пасля яе. Горкім быў наш хлеб. І ў пераносным сэнсе слова, і ў прамым. Ва ўрочышчы “Дуброва”, дзе раслі адны дубы, шмат было жалудоў. Мясцовыя збіралі іх, малолі на ручным млыне, а потым пяклі хлеб. Няхай ён быў горкім, але паміраць з голаду не даваў. Пасля вайны наша Слабодка паступова адраджалася. Немцы папалілі амаль усе хаты. Пакідаць родныя мясціны ніхто не хацеў, таму кожны стараўся хутчэй адбудавацца занава.

Што я памятаю яшчэ? Сваю першую настаўніцу, якую звалі Надзея Пятроўна Харц. А яшчэ, як хадзіла ў школу. Школы ў нас не было, таму вучыліся па хатах. Нейкі час у адной хаце, затым у другой і так па чарзе — ад хаты да хаты. Вучыліся разам першы і трэці, другі і чацвёрты класы. З пятага па сёмы хадзілі ўжо ў Катку, а ў восьмы клас трэба было дабірацца ажно ў Касарычы. Хадзіла я і туды, цэлыя дзве чвэрці, а потым захварэла, і на гэтым мая адукацыя закончылася. У 16 гадоў пайшла на работу, і гэта стала адлікам самастойнага жыцця. Я так хачу вам сказаць, моладзь таго часу рана пасталела. Здаецца, у такім узросце пагуляць бы яшчэ, а мы ўжо працавалі. Ды як яшчэ працавалі! На работу з песнямі, дадому з песнямі. Так лягчэй было на душы, і настрой ва ўсіх быў бадзёры. Умелі не толькі добра працаваць, а і весела адпачываць. Гэта цяпер з моладзі мала хто ведае пра вячоркі. Толькі чулі ад бабуль ды дзядоў сваіх, а вось нам пашчасціла бачыць, што гэта такое — вячоркі. Чаму кажу пашчасціла, бо падчас іх усе збіраліся ў нашай хаце. Мая маці, Домна Мікітаўна, і іншыя жанчыны пралі, ткалі, песні спявалі і бульбу пяклі ў прысаку. Наогул, наша хата заўсёды была адкрыта для людзей і гасцей. Часта наведвалася радня з іншых вёсак раёна. Частавалі іх чым маглі, а калі надыходзіў час сну, маці прыносіла ў хату салому, рассцілала яе і накрывала посцілкамі. Так госці і спалі, затое ўсім хапала месца. На такую прастату ніхто не скардзіўся, усім было добра. Тады пра камфорт не думалі, бо на першы план выступала гасціннасць. Вось так і жылі людзі ў Слабодцы.

Цяперашняе пакаленне любіць наракаць на сваё жыццё. Усім хочацца мець усё і адразу. А што ж было гаварыць людзям пасляваеннага часу? Усё было потым, а спачатку…

— Нашы вяскоўцы, як і людзі іншых вёсак, працавалі ў калгасе за працадні, — успамінае Таццяна Сяргееўна Купрыянчык. —   Грошай не плацілі, а тут яшчэ і натуральныя падаткі аддай. Так што частку вырашчанай на падвор’і прадукцыі аддавалі дзяржаве. Час быў нялёгкі, і ўсе разумелі: раз трэба, значыць, трэба. І толькі ў канцы 60-х сталі плаціць грошы. Невялікая была зарплата, але на жыццё хапала. Гэта пазней у калгасах пачалі з’яўляцца трактары ды розная там іншая тэхніка. Да гэтага было і такое, што сабой аралі. Збяруцца 8 жанчын, упрагуцца і цягнуць плуг. Кожны ведаў, што так трэба, што заўтра будзе лягчэй, і шчыра верылі ў будучыню. Нейкая была адкрытасць людзей адзін да аднаго. Павага малодшых да старэйшых. Сяляне нашы былі вельмі з’яднаныя, бы адна сям’я. Ці не таму на Тройцу, калі выпадаў кірмаш, сяло цвіло ад ветлівых, цёплых усмешак і настрой ва ўсіх быў прыўзняты. А якое ж свята без музыкі. Не такой, як цяпер — ненатуральнай, а жывой, з сапраўдным гармонікам. Гарманіст быў, лічы, свой, з суседняга пасёлка Дзяржынскага. Плацілі яму яйкамі. У цяперашнім разуменні гэта гучыць неяк смешна, а тады яйкі былі самым хадавым таварам падчас разліку за якую-небудзь работу. Яшчэ два разы на год непадалёк ад Слабодкі ладзілі маёўкі. Была ў лесе такая вялікая паляна, вакол яе раслі дубы. Да пачатку мерапрыемства касілі траву на той паляне, каб было чыста, а потым туды прыязджалі аўталаўкі. Людзей збіралася мудрэй, чым на базары. А як весела было! Пра такое словамі не раскажаш і не пабываеш болей там, хіба што ў думках.

Мае субяседнікі (да размовы далучыліся і іншыя слабадчане) у думках зноў і зноў вярталіся то ў гады свайго дзяцінства, то ў гады маладосці. Гаварылі і пра нядаўні час. Мы потым прайшліся па ціхай вуліцы Слабодкі, большасць хат якой сустрэла нас пустымі аканіцамі ды глухімі дварамі. А было ж гадоў 50 — 60 таму, калі ў кожным доме жыло па пяць, сем, а то і болей чалавек. Цяпер жа, як сказаў Уладзімір Дзмітрыевіч Самуйлік, ва ўсім іх акалотку засталося толькі 7 жыхароў ды некалькі курэй. На ўсю вёску — тры сямейныя пары: Валянціна Мікалаеўна  і Уладзімір Цімафеевіч Лугін, Таццяна Сяргееўна і Сяргей Аляксандравіч Купрыянчык, Паліна Сямёнаўна і Генадзь Фядосавіч Самуйлік. Шэсць жыхароў Слабодкі з’яўляюцца былымі вязнямі — Вольга Рыгораўна Бяствіцкая, Паліна Сямёнаўна і Генадзь Фядосавіч Самуйлік, Таццяна Сяргееўна Купрыянчык, Раіса Цімафееўна Багук, Уладзімір Дзмітрыевіч Самуйлік. Два чалавекі да нядаўняга часу таксама былі слабадчанамі, Пелагея Іванаўна Багдановіч і Міхаіл Якаўлевіч Карповіч, але па стане здароўя перасяліліся бліжэй да сваіх дзяцей.

Ёсць у Слабодцы і сваё “бомбасховішча” — так жартам вяскоўцы называюць нежылую хату, у якой збіраюцца разам у чаканні прыезду аўталаўкі. Іншага зручнага і больш прыстасаванага  месца тут няма. Неперспектыўная вёска — і будаваць тут ужо неразумна. Хаця… Няхай і не ў вёсцы, але побач з ёй год таму пачала працаваць адноўленая малочнатаварная ферма. Маленькі астравок надзеі і працягу жыцця. Безумоўна, даглядаць кароў і даіць іх ніхто са Слабодкі туды ўжо не пойдзе, бо тут даўно няма працаздольных, а вось тое, што дарогу зімой да вёскі не замяце, людзі ўпэўнены на ўсе сто.

Вольга ЧУЧВАЛ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

Последние новости

Актуально

Где пьют — там и бьют. В Глусском районе прошла акция «Дом без насилия»

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Актуально

Запрашае Свята працы і вясны!

26 апреля 2024
Общество

Авария на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Актуально

Ещё больше товаров. Кредит от Беларусбанка

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Актуально

Акция «Дом без насилия» в Глуске: скандалистов пока предупредили

26 апреля 2024
Актуально

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024