Песні, кірмаш і прыемныя словы
Першага кастрычніка ў нашай краіне адзначаецца Дзень пажылых людзей. З гэтай нагоды свае мерапрыемствы праводзяць розныя арганізацыі раёна. Так, у гэты дзень (чацвер, 1 кастрычніка) усіх жадаючых запрашае на свой канцэрт аматарскае аб’яднанне “Зносіны”. Канцэрт пройдзе ў раённым Доме культуры, пачатак яго — у 12 гадзін, уваход вольны.
Святочная праграма з удзелам самадзейных артыстаў будзе наладжана ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў у Заеліцы. Супрацоўнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў сумесна з таварыствам інвалідаў па зроку правядуць для сваіх падапечных конкурс “Залатая восень”, тут жа з канцэртам чакаюць валанцёраў сярэдняй школы № 2. У аграгарадку Завалочыцы на сустрэчу збяруцца ўдзельнікі клуба “Залатыя гады”.
Раённае спажывецкае таварыства плануе арганізаваць 1 кастрычніка на бульвары Грахоўскага кірмаш, дзе хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, а таксама садавіна і агародніна будуць прадавацца са зніжанай гандлёвай надбаўкай.
Думаецца, што больш маладзейшыя нашы чытачы таксама не абыдуць увагай у гэты дзень сваіх родных, блізкіх, знаёмых сталага ўзросту. Справа ж зусім не ў даце і не ў тым, як называецца свята, справа ў тым, што ад прыемных слоў і ўвагі нашы бацькі, бабулі і дзядулі самі становяцца маладзейшымі.