Свята беларускага пісьменства
XXII Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Шчучыне Гродзенскай вобласці. Раённы цэнтр упершыню прымае гэта свята. Дзень беларускага пісьменства па традыцыі праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У розныя гады свята адзначалася ў Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Мсціславе, Міры, Шклове, Барысаве, Быхаве, некаторых іншых гарадах і раённых цэнтрах. Двойчы ўрачыстасці прымалі Полацк (1994, 2003), Тураў (1995, 2004), Заслаўе (2000, 2014).
Урачыстае адкрыццё свята ў XXII літаратурнай сталіцы адбудзецца 6 верасня, але ўжо напярэдадні, 5 верасня, запланавана шмат мерапрыемстваў. Так, прыемнай падзеяй стане адкрыццё пасля капітальнага рамонту Шчучынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Цёткі. Цікавым мерапрыемствам будзе конкурс чытальнікаў “Жывая класіка”. Вечар першага святочнага дня завершыць “Тэатральны ўік-энд”. Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі” пакажа спектакль “Ціхі шэпат сыходзячых крокаў” Дзмітрыя Багаслаўскага.
Рэспубліканская навукова-асветная экспедыцыя “Дарога да святынь”, арганізаваная напярэдадні Дня беларускага пісьменства, стартуе 2 верасня ў Мінску. Канцавым пунктам яе назначэння стане Шчучын.
Першымі мерапрыемствамі літаратурнага свята 6 верасня стануць пасадка Саду Малітвы каля храма Святога Міхаіла Архангела, хрэсны ход да храма Богаяўлення і боская літургія ў храме. Потым госці змогуць прысутнічаць на адкрыцці адрэстаўрыраванага палаца князёў Друцка-Любецкіх.
У час урачыстай цырымоніі адкрыцця Дня беларускага пісьменства 6 верасня будзе ўручана першая Нацыянальная літаратурная прэмія. Для гасцей свята падрыхтавана шмат выставачных праектаў. На фестывалі кнігі і прэсы яны змогуць азнаёміцца з экспазіцыяй плакатаў-пераможцаў міжнароднага конкурсу патрыятычнага плаката моладзі краін СНД “Нам дарагі мір” і плакатаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Падагульняючая выстаўка рэспубліканскага конкурсу “Фота Беларусі” прадставіць лепшыя здымкі яго ўдзельнікаў. У праграме таксама маладзёжнае літаратурнае спаборніцтва, флэш-моб, спартыўныя спаборніцтвы, работа горада майстроў, майстар-класы па выцінанцы і шмат іншых мерапрыемстваў. Гасцям свята будзе цікава ўбачыць самаробныя кнігі, друкарскі станок і станок для сушкі газет. Завершыць XXII Дзень беларускага пісьменства ў Шчучыне цырымонія перадачы эстафеты свята, канцэрт майстроў мастацтваў і маляўнічы феерверк.
Па мат. БелТА