Темы

Бабірова

Вёска Бабірова знаходзіцца на заходняй ускраіне Глускага раёна, мяжуе са Старадарожскім раёнам. Калі ехаць па шляху з Глуска на Бабруйск цераз Гарадок, то дзесьці за кіламетраў тры ад Глуска да гэтага шляху з левага боку прымыкае дарога, якраз насупраць вёскі Калацічы. Дык вось гэтая дарога і прывядзе праз кіламетраў 14 у Бабірова (па афіцыйных дакументах, ад Глуска да Бабірова — 20 км) — на вуліцу Камсамольскую, колісь яна мела назву Стара-вершчына. Іменна з гэтай вуліцы і пачала сваё жыццё вёска Бабірова. Паводле архіўных дакументаў, вёска вядома з XVIII стагоддзя. У 1790 годзе яна налічвала 8 двароў і пісалася — Бабіроў. Па ўспамінах старажылаў, першымі пасяленцамі вёскі былі жыхары з прозвішчамі Арцёмчык, Барысік, Аднамах, Кудзёлка, Кірдун, Кабанаў. Крыху пазней з’явілася прозвішча Храпко. Пану з Барысаўшчыны вельмі спадабалася сабака, якая была ў бабіроўскага пана, вось ён за яе аддаў самага лепшага свайго работніка-спецыяліста, проста кажучы, — абмяняў. А прозвішча таго чалавека было Храпко. У 1793 годзе пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай вёска ўвайшла ў склад Расійскай Імперыі. У працэсе рускамоўнай апрацоўкі многія беларускія назвы аддаліліся ад свайго арыгінала. Спрадвечна беларускія назвы сельскіх паселішчаў, якія заканчваліся на -аў, -оў, -ёў, свядома былі заменены на звыклыя для расіян формы: -ава, -ова (ёва), -ева. Казалі: Бабіроў, Барбароў, а сталі пісаць Бабірова, Барбарова. У савецкі перыяд гістарычнае напісанне не аднавілася, а наадварот: картатэка назваў усіх населеных пунктаў Беларусі была пераведзена на рускую арфаграфію. Вось так і Бабіроў стаў Бабірова.

 Бабірова — Бабін роў?

Звычайна назвы, якія дайшлі са старажытных часоў, цяжка паддаюцца растлумачванню, і гэта заўжды з’яўлялася падставай да ўзнікнення самых неверагодных паданняў аб іх паходжанні. Вось так і з назвай Бабірова. Людзі расказваюць, што колісь у гэтых мясцінах было паселішча, знаходзілася яно пасярод балот, у самай нізіне, а вакол сцяной стаялі непраходныя лясы. (Лясоў зараз такіх няма, ды і балоты зніклі, але калі ехаць у Бабірова з боку вёскі Горнае, то відаць, што Бабірова як бы ў далёкай даліне.) Ну дык вось, жыў тут, у паселішчы, знахар-вяшчун. Крыўды ад яго людзям перапала шмат: так і глядзеў, каб каму назло што зрабіць. Як бачыў спраўнага гаспадара, то начамі не спаў, усё меркаваў, як бы хутчэй таго да галечы давесці ці ўвогуле з белага свету справадзіць. І звычайна здзяйсняў свой намер, пакуль аднаго разу не з’явілася сумленная душа, якая адбіла ў яго ахвоту паскудзіць людзям.

У таго знахара быў адзіны сын, дый той не ўдаўся. Мала таго, што невысокага росту, то яшчэ й на розум слабаваты. Бацька злаваўся, бо ўсё даводзілася самому рабіць. Здаралася, крычаў, каб сын спрах, каб хвароба яго якая забрала, што лепей жыць без гэткага лайдака і дурня. Маці ж сына абараняла, ён жа адзіным быў дзіцяткам у яе. Так часта і лаяліся бацькі паміж сабою з-за сына. Але што зробіш? Потым пачала маці заўважаць, што гаспадар аб нечым задумваецца. Жанчына не магла зразумець, над чым гэта ён галаву ламае. Сакрэт адкрыўся выпадкова. Неяк прыйшоў бацька ў хату і не накінуўся на сына з пагрозамі ды праклёнамі, а запрасіў да стала прысесці. Той ледзь прытомнасць не страціў, бо даўно не чуў, каб бацька да яго так звяртаўся. Дурны-дурны, а разумеў, што такое ласкавае слова. Бацька паглядзеў на сына і прапанаваў здагадацца, навошта яго бацька пазваў, але той толькі галавой круціў з боку ў бок, усміхаўся і нічога не змог адказаць. Уздыхнуў бацька, што ў яго сын дурань: каб быў разумнейшы, адразу б здагадаўся, што бацька хоча яго ажаніць. Запытаў знахар у сына, ці жадае той жаніцца, тут сын і выпаліў: “Хачу!”. У хаце ўсталявалася цішыня, бацькі добра разумелі, што для такога сына, як іхні, нялёгка будзе жонку падшукаць. Калі якая і пагодзіцца, дык на яе ці страшна глянуць будзе, ці перастарак які; а хацелася ж у сям’ю гаспадыню спраўную ды працавітую. Стаў бацька думаць, дзе б яму знайсці добрую дзяўчыну, жонку для дурня-сына, і такі знайшоў нявестку, ды не абы-якую, а прыгожую, працавітую, такую, што людзі зайздросцілі. Ён усё вельмі проста падгадаў: паслаў сватоў у самую бедную сям’ю, дзе і за старога дзеда рады былі аддаць хоць адну з дачок, бо было іх там ажно шэсць. Нічога, што жаніх малы ды дурны, затое адзін сын у бацькоў, зямлі багата і грошы вядуцца. Адным словам, аддалі дачку, нібы прадалі.

Першыя месяцы маладая плакала. Гаспадар яе шкадаваў, бо бачыў, як маладзіца спрытна працуе. Нярэдка і цяпер на сына злаваўся, але ўжо крыху стрымліваўся, уздыхаючы, напаўголаса гаварыў, што не такая сыну жонка патрэбна, але не выпадала горшую браць, бо пасля смерці бацькоў той усё за год струбіць, а гэтая — дагледзіць. Не было ў маладых дзяцей, але знахар не вельмі й бедаваў: навошта дурней пладзіць? Так і жылі. Але аднаго разу здарылася бяда, пасля якой свёкар стаў паважаць сваю нявестку яшчэ болей, ніколі нікому не даваў у крыўду.

Адбылося вось што. Паселішча, дзе яны жылі, стаяла ў нізіне, і калі выпадала зацяжная, са снегам ды дажджамі, вясна, то ўсё навокал затапляла. У той год вясна ўдалася гэткая ўжо багатая на ваду, што пад самыя парогі падбівалася, нават праз дарогу і то на чаўне перапраўляліся. Ужо пара сеяць, час прыспеў садзіць агароды, а ў поле ўсё ніяк не выбрацца. Сядзелі хмурыя старыя і нявестка ў хаце, а сын-дурань трэсачкі па вадзе пускаў і рагатаў, нібы яго за пяткі казыталі: што яму да сяўбы і што зімой без хлеба застануцца. І тут нявестка прапануе: “А калі пракапаць роў да той мясціны, дзе вада ў рэчку сыходзіць?” Сабраліся ўсе людзі і пракапалі той роў, назвалі яго — Бабін роў (таму што жанчына падказала). Вада сышла, а паселішча тое  паступова стала звацца Бабіроў.

Увогуле, большасць паданняў назву Бабірова звязваюць з урочышчам Бабін роў. Кажуць, што колісь, у даўнія вельмі часы, была вайна, мужыкоў забралі ваяваць, а жанчыны засталіся. Але тут на вёску пачаў наступаць вораг. Дзеля таго, каб яго не пусціць, жанчыны выкапалі вакол вёскі глыбокі і вялікі роў, так, што вораг не змог патрапіць у паселішча. Зноў жа — Бабін роў, які з цягам часу стаў Бабіровам. Яшчэ адно паданне сведчыць, што некалі ў ваколіцах паселішча была вялікая засуха. Тады нехта прапанаваў: каб пайшоў дождж, трэба ўпрэгчыся жанчынам у плуг і праараць вакол вёскі баразну. Згадзіліся жанчыны. Упрэгліся замест коней у плуг, і ззаду за плугам таксама ішлі бабы. Абышлі вакол паселішча ажно тры разы, а на наступны дзень пайшоў дождж. У памяць аб тым, што бабы зрабілі дабро для ўсіх, вёска атрымала назву Бабіроў. Ёсць і меркаванне, што ў гэтых месцах было вялікае балота, а ў ім вадзілася шмат баброў — вёску, што тут адбудавалася, сталі зваць Бабіроў. Дарэчы, вёска з назвай “Бабірова”, адпаведна “Беларускай Савецкай энцыклапедыі”, значыцца адзіная ў Беларусі.

Старавершчына

Па ўспамінах вяскоўцаў, у даўнія часы жылі ў гэтых мясцінах стараверы, і вуліца, дзе яны жылі, атрымала назву Старавершчына, некаторыя па-мясцоваму завуць яе Сталаверскай. Прыхільнікі “старой веры” ў Расіі, якія адмовіліся прызнаць царкоўную рэформу патрыярха Нікана ў другой палове XVII ст, падвяргаліся ганенням і часам мусілі цэлымі сем’ямі, усёй раднёй сыходзіць з абжытых месцаў, хавацца ад улады, каб толькі застацца з верай сваіх бацькоў. Нашы мясціны ў тыя далёкія стагоддзі былі глухімі, без дарог, з векавымі лясамі і непраходнымі балотамі. Вёска Бабірова якраз і знаходзілася сярод лясоў і дрыгвяністых балот, у якіх калі-нікалі гінула не толькі жывёла, але і людзі. Дабрацца ў яе магчыма было толькі тады, калі “зямля стане” — зімою, як усё замерзне. У іншую ж пору выбрацца ў свет, у суседнія вёскі і на шлях, дапамагалі гаці, іх масцілі з бярвенняў, але яны былі надта вузкія. Калі на такой гаці сустракаліся двое падвод, то раз’ехацца яны не маглі. Пра такія “свае” дарогі ведалі ў асноўным толькі мясцовыя жыхары. Вось у такое, забытае, як тады казалі, Богам і людзьмі месца, і перабраліся стараверы. Па ўспамінах старажылаў, былі яны з Коўны. Хто яго ведае, магчыма, і так. А тое, што іх жыло, гэтых старавераў, у вёсцы багата, можна было лічыць па вялікіх могілках, якія засталіся. Багата пазней, ужо ў савецкі час, гэтыя могілкі разаралі, засталося пасярод поля стаяць толькі некалькі дрэў — як помнік таму святому месцу і стойкасці гэтых людзей. Ды і то, не ўсе ведаюць гэтае месца, расказваў У. І. Арцёмчык.

Па ўсёй верагоднасці, гавораць сяльчане, стараверы былі людзьмі працавітымі і майстравітымі. На адной з сядзіб, дзе яны колісь жылі, была зроблена глыбокая сажалка, выкладзеная каменнем, на другім селішчы знайшлі калодзеж, закладзены тоўстымі-тоўстымі дошкамі і засыпаны зверху зямлёй, знутры абкладзены таксама каменнем. Вада ў ім была чыстая і смачная. Той калодзеж і зараз стаіць каля адной з бабіроўскіх хат, але, на жаль, вады ў ім няма. Прыйшла ў савецкі час меліярацыя, асушылі балоты — пралажылі дрэнаж, ды такі добры, што і калодзежы асушыў.

Колькі часу жылі стараверы ў вёсцы, невядома; мяркуючы па велічыні могілак, доўга. Але ж і адсюль ім прыйшлося з’ехаць. Пайшлі чуткі, што цар Пётр І парассылаў сваіх людзей, каб вышукваць старавераў і ўсё ж такі прымусіць іх прыняць новую веру. Гэтыя чуткі дайшлі і да Бабірова, тады сышлі стараверы з вёскі. Куды? Ніхто не ведае. А вось месца, дзе жылі яны, так і стала звацца — Старавершчына.

Царква

У 1847 годзе вёска Бабірова — цэнтр маёнтка ў Бабруйскім павеце, уласнасць памешчыка Э. І. Беліновіча, у якой налічвалася 32 двары і 230 жыхароў. У 1886 годзе Бабірова — ужо сяло, у якім 34 двары і 273 жыхары. У гэты час тут была пабудавана царква, якая стаяла на ўзвышшы амаль у пачатку вёскі, калі заязджаць з боку Глуска. І зараз відно тое ўзвышша, толькі на гэтым месцы — трансфарматарная будка. Як прыйшла новая, савецкая, улада, купалы з царквы скінулі, а памяшканне яе ператварылі ў клуб. У вайну немцы гэты будынак разбурылі і пабудавалі з яго бярвенняў дзот каля канавы, што працякала непадалёк ад вёскі Паставічы Старадарожскага раёна. Але тое месца дасюль сярод сяльчан завецца царковішчам.

Хутары

Дзяцей у даўнія часы нараджалася багата, але і хваробы розныя хадзілі — багата і ўмірала, дактароў жа амаль не было, расказваюць старажылы. Хто застаўся жыць, жылі ўсе адной сям’ёй, адным дваром — уся радня побач. Бывала, у такім двары сяліліся і тры, і чатыры сям’і, а то і болей. А вось зямлі не хапала, і ў кожнага бабіроўца была мара — купіць дзе яшчэ кавалачак зямлі, бо яна была самай вялікай радасцю і багаццем. Працавітыя людзі, дзе толькі маглі, стараліся зарабіць грошай, каб купіць гэтую зямлю, але ніхто нікуды з сяла назаўжды не з’язджаў. Усе трымаліся свайго двара. Многія адваёўвалі сабе надзел зямлі сярод леса: выразалі, расчышчалі “пасеку” — так называлі гэты кавалачак зямлі. Потым гэтую пасеку, распрацаваную сялянскімі рукамі, трэба было выкупіць у пана Э. І. Беліновіча, у якога налічвалася ўсяго 1 508 дзесяцін зямлі — лес, поле, сенакос… Вось на гэтай пасецы сярод пнёў адразу сеялі проса, затым чаргавалі зерневые культуры і паступова выкарчоўвалі пні. На гэтых пасеках некаторыя будавалі сабе жыллё і пачыналі жыць асобна ад вялікага двара. Так утвараліся хутары вакол  Бабірова.

Іна КІРЫНА

Працяг будзе

Последние новости

Актуально

В рамках акции Госэнергогазнадзор бесплатно проведет обследование вашего дома

20 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла сегодня в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

Первое заседание VII ВНС состоится 24—25 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Продлили контракт на правовом приеме! Какие еще проблемы помог решить профсоюз?

19 апреля 2024
Культура

Выставка работ учащихся Центра творчества Глуска открылась в районном музее

19 апреля 2024
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Отсрочки, штрафы и СМС‑повестки — о каких новациях нужно знать будущим призывникам

19 апреля 2024
Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024
Актуально

Когда судом применяется специальная конфискация

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024