На гэтым тыдні ледзь не адбыўся пажар у адной з вёсак нашага раёна. Чэсна прызнаемся, падрабязнасці здарэння нам сталі вядомыя з неафіцыйных крыніц. І хоць мы не перапісваем на старонках газеты “людскія казалы”, на гэты раз адышлі ад правіла і вырашылі гэты выпадак скарыстаць у якасці прыкладу, каб папярэдзіць іншых. Тым болей што абставіны, пры якіх усё адбывалася, самыя звычайныя, і здарыцца такое магло і можа ў абсалютна любым доме нашага раёна, дзе гаспадары паляць дровамі.
Жанчына вытапіла печ і закрыла юшку; натуральна, выпускаць цяпло на вуліцу — не па-гаспадарску. Сама ж пайшла па іншых справах, бо ці ж мала працы ў вёсцы, асабліва ў прыватным доме. І ўсё было б добра, калі б ад жару не загарэліся фіранкі, якімі для прыгажосці была завешана печ. (Канешне, вядома, што правілы пажарнай бяспекі не дазваляюць такіх “упрыгожанняў”, толькі на старонках нашай газеты пра гэта ўжо пісана-перапісана. Але для каго тыя правілы, мусіць, для саміх пажарных яны і прыдуманы?) Учуўшы і ўгледзеўшы дым, бабуля паклікала на дапамогу і разам з суседзямі ўратавала хату, агонь нават не паспеў нічога пашкодзіць. Згадзіцеся, добра, што на гэты раз усё абышлося. Але згадзіцеся, што заканчэнне гэтай гісторыі магло быць зусім іншым.
Алена ВАЛОШКА