Рэгіянальны сход дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў адбыўся 29 верасня. У парадку дня значыліся два пытанні: аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна за 2011 — 2015 гады і задачах на 2016 — 2020 гады і аб рабоце мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць сёмага склікання па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. На сход былі запрошаны дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Цімчанка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алена Шамаль, старшыня Глускага раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Царыкаў, намеснікі старшыні райвыканкама. З 39 дэпутатаў, абраных у раённы Савет, і 71 дэпутата сельскіх Саветаў на сходзе прысутнічаў 101 дэпутат. Пасля таго як былі абраны рабочыя органы, рэгіянальны сход пачаў сваю работу.
З вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за перыяд з 2011 па 2014 гады і за восем месяцаў гэтага года прысутных пазнаёміў старшыня райвыканкама Уладзімір Царыкаў. Па другім пытанні на сходзе выступіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Баброўнік. Ён, у прыватнасці, зазначыў, што ад асабістага ўкладу кожнага з нас залежыць рашэнне важнай задачы — развіцця незалежнай, фінансава моцнай улады на месцах. За мінулы год і першае паўгоддзе гэтага года ў сельскія выканаўчыя камітэты паступіла 124 звароты, з якіх 114 вырашана станоўча, па астатніх дадзены тлумачэнні. Асноўнай формай дзейнасці раённага Савета з’яўляецца сесія, яны заўсёды праводзяцца ва ўстаноўленыя тэрміны і пры неабходнай яўцы дэпутатаў. Як адзначыў дакладчык, за справаздачны перыяд адбылося 14 сесій, дзе разгледжана 77 пытанняў, якія закранаюць розныя сферы жыццядзейнасці: дэмаграфічную бяспеку і медыцынскае абслугоўванне, стан і меры па выкананні пажарнай бяспекі, па ўзмацненні барацьбы са злачыннасцю, па ўмацаванні законнасці і правапарадку, развіццё сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
За 2014 год у бюджэты сельскіх Саветаў паступіла 3 мільярды 759 мільёнаў рублёў, за 8 месяцаў гэтага года — 2 мільярды 648 мільёнаў. На добраўпарадкаванне населеных пунктаў летась было накіравана 739 мільёнаў, сяголета — 437. Сумы на добраўпарадкаванне былі б большыя, калі б не ўзнікалі несанкцыянаваныя звалкі, а разам з гэтым — патрэба іх ліквідацыі. Так, за мінулы год і за перыяд з пачатку гэтага года на тэрыторыях сельсаветаў было ліквідавана амаль 400 такіх звалак, таксама адрамантавана каля трох тысяч метраў пагонных агароджы, ліквідавана 233 аварыйныя дрэвы. Па стану на 1 верасня гэтага года ў раёне налічваецца больш за паўтары тысячы пустуючых старых дамоў, з іх за амаль два гады знесена 195, а землі ўведзены ў севазварот. У сваёй дзейнасці Саветы і выканкамы пярвічнага ўзроўню абапіраюцца на дапамогу стараст, у вёсках на гэтыя грамадскія пасады мясцовага самакіравання абрана 82 чалавекі, усё гэта людзі актыўныя і аўтарытэтныя сярод сяльчан. Завяршаючы выступленне, Андрэй Баброўнік падкрэсліў, што, каб паспяхова выконваць свае задачы, Саветы і ўся структура заканадаўчай улады раёна павінны стаць яшчэ больш мабільнымі, аператыўна і дзейсна рэагаваць і на праводзімую органамі дзяржаўнай улады палітыку, і на надзённыя патрэбы выбаршчыкаў.
Пра патрэбы людзей гаварыла ў сваім выступленні на сходзе і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Шамаль. Яна пазнаёміла прысутных з тымі праграмамі, якія плануецца зацвердзіць у Палаце прадстаўнікоў у бліжэйшы час, каб знізіць сацыяльную нагрузку на бюджэт, але пры гэтым захаваць яго сацыяльную накіраванасць.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ