Темы

85 год з глушчанамі

85 год з глушчанамі

Заўтра газета “Радзіма” адзначыць свой 85-гадовы юбілей. Першы нумар раёнкі, якая спачатку называлася “Камунар Глушчыны”, быў прымеркаваны акурат да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Тады, у 1930 годзе, даручылі яе выпуск дырэктару школы Паўлу Пятровічу Кролю, які ў сваю чаргу пераадрасаваў гэтую новую для раёна справу пачынаючаму паэту Сяргею Грахоўскаму. Той жыў у Бабруйску, але якраз падлечваўся дома пасля невялікай працоўнай траўмы. “Я часта аціраўся ў рэдакцыі “Камуніста” (тагачасная газета ў Бабруйску. — Рэд.), ведаў сёе-тое аб журналісцкай працы, што такое “абзац”, “макет”, “вёрстка”, нават назвы некаторых шрыфтоў ведаў… Павел Пятровіч Кроль ведаў пра мае дачыненні да друку і папрасіў дапамагчы зрабіць хоць першы нумар першай у раёне газеты. Узяўся я з ахвотаю, бо з маленства марыў пра рэдакцыйную работу, — успамінаў тое даручэнне Сяргей Іванавіч. — Адвялі мне пакой у райкаме партыі, далі стол, пачак паперы, чар-нільніцу і ручку і, як хочаш, рабі газету. Ніхто яшчэ не ведае пра яе існаванне, ніякіх артыкулаў і заметак няма. Дзе іх браць і пра што пісаць, ніяк не прыдумаю”.

Але ўсё атрымалася, і 7 лістапада першы нумар глускай раёнкі пабачыў свет. Дарэчы, рассылаўся і раздаваўся ён дарам. І пасыпаліся нататкі — з сельсаветаў, вёсак і школ. Праз некаторы час аднекуль прывезлі прымітыўную друкарню з ручным наборам.  “Друкарскую машыну круцілі рукамі першыя глускія паліграфісты браты Толя і Аркадзь Сачко”, — узгадваў той жа Сяргей Грахоўскі.   

Ужо ў пачатку наступнага 1931 года раёнка пачала выходзіць тры разы на тыдзень і была перайменавана ў “Сцяг калектывізацыі”. “Выдавалася газета ў той час у бабруйскай друкарні… Прыходзілася пераадольваць вялікія цяжкасці, каб газета выпускалася ў тэрмін. У той час аўтамашыны былі яшчэ вялікай рэдкасцю. Асноўны від транспарту — коні. На падводзе нам прыходзілася везці матэрыялы ў Бабруйск і адтуль дастаўляць газету. Толькі, каб даехаць у адзін канец, затрачвалі 8-9 гадзін, — гэта ўжо з успамінаў Льва Захаравіча Рагінскага, які ўзначаліў раёнку ў канцы 1931 года. — У гарачую пару веснавой сяўбы, уборкі ўраджаю, хлебанарыхтовак газета выходзіла штодзённа ў выглядзе аператыўнага бюлетэня, змяшчаючы на сваіх старонках зводкі, а таксама пісьмы з калгасаў і саўгасаў і нарыхтоўчых пунктаў… Сваю любоў да газеты сяляне выказвалі па-рознаму. Скажам, у адной з вёсак Слаўкавіцкага сельсавета яны, аб’яднаўшыся ў калгас, назвалі яго імем газеты “Сцяг калектывізацыі”. У іншых выпадках калгаснікі арганізоўвалі чырвоныя абозы з хлебам імя газеты “Сцяг калектывізацыі”.

Неаддзельнай была ад газеты і тыпаграфія. З 1938 года працаваў тут Леў Уладзіміравіч Чарнагубоўскі, побач з ім — друкары Мацвей Разнарэвіч і Ісаак Грымберг (ён загінуў пасля на вайне), Павел Свірыдаў. Наборшчыкамі былі Алена Сяўбо, Павел Стралкоўскі, Мікалай Стрэльчанка. Дарэчы, Леў Чарнагубоўскі, калі немцы падыходзілі да Глуска, частку шрыфтоў паспеў схаваць у двары тыпаграфіі, а пасля вайны адкапаў гэту схованку.

Летам 1941 года гітлераўскія акупанты забаранілі выданне раённай газеты, пад пагрозай пакарання смерцю запатрабавалі здаць радыёпрыёмнікі. Аб становішчы на фронце можна было даведацца толькі з падпольных рукапісных лістовак, але іх можна было распаўсюдзіць усяго па некалькі дзясяткаў, і гэтага, безумоўна, не хапала. Глускі падпольны райкам партыі вырашае наладзіць выпуск друкаваных выданняў і аднавіць выхад раённай газеты “Сацыялістычная вёска”. Цэнтральны штаб партызанскага руху давярае гэту справу камуністу Станіславу Шумоўскаму. Неабходна было падабраць газетных работнікаў, наборшчыкаў, друкароў. “У пошуках такіх людзей давялося абысці Глускі і Акцябрскі раёны. Заданне аказалася не з лёгкіх. Па начах прабіраўся я ад атрада да атрада, распытваў людзей, — успамінаў Станіслаў Францавіч. — Так даведаўся, што ў Акцябрскім раёне ў грамадзянскіх лагерах (так называліся лагеры, дзе жылі сем’і партызан) жыве Грайфер Соня, якая да вайны працавала ў друкарні наборшчыцай. Адшукаў яе і разам вярнуліся на Слаўкаўшчыну. Затым мне паведамілі, што ў лясах пад Зелянко-вічамі жыве былы работнік паліграфіі Шлёма Рубінсон, які ўмее набіраць і вярстаць газету. На шляху да Зелянковіч размяшчаліся варожыя гарнізоны ў вёсках Катка, Клетнае, Барбарова і Балашэвічы. Дарогі тут былі ўзмоцнены патрулямі і паліцэйскімі. Абыходзячы іх ляснымі сцежкамі, я дайшоў да Зелянковіч і неўзабаве ва ўрочышчы Хаб знайшоў гэтага чалавека і забраў яго з сабой… У партызанскім атрадзе імя Будзённага радыстам працавала мая жонка Антаніна Сямёнаўна. У яе абавязкі ўваходзіла прымаць па радыёпрыёмніку, які ўдалося захаваць, зводкі Саўінфармбюро, якія перадаваліся па радыё пад дыктоўку для газет з дзвюх гадзін ночы. Правёўшы такую арганізатарскую работу, я з’явіўся ў штаб партызанскага руху. Тут мне выдалі партатыўную машынку, шрыфты, паперу, касу для шрыфтоў. Не хапала толькі загалоўка для газеты, з якім яна выходзіла да вайны, але і тут скемлілі: зрабілі яго з кавалка лінолеума”.

Першы нумар падпольнай газеты “Сацыялістычная вёска” выйшаў у пачатку жніўня 1943 года. Газета перадавалася з рук у рукі, наклейвалася на сцены дамоў, трапляла нават у тыя вёскі, дзе размяшчаліся варожыя гарні-зоны. “У ліку распаўсюджвальнікаў газеты ў гарадскім пасёлку Глуск былі Марфа Багам’я, Алена Красякова, Дуся Касько, Марыя Серада… — узгадваў імёны дзяўчат і жанчын Станіслаў Шумоўскі”. Аб уплыве, які аказвала газета, сведчыць такі факт. У канцы жніўня 1943 года супраць глускіх партызан былі кінуты буйныя сілы карнікаў. Тады супрацоўнікі газеты выпусцілі спецыяльную лістоўку, якую распаўсюдзілі сярод уласаўцаў. Цераз сувязных з імі завязалася перапіска, паштовай скрынкай служыла дупло ў дубе непадалёку ад Барбарова. У выніку 68 уласаўцаў са зброяй і боепрыпасамі перайшлі да партызан. 

“За рэдакцыяй быў замацаваны конь, якога даглядаў і ездзіў на ім наш памочнік — смелы і растаропны падлетак Грыша Сталяроў, якому яшчэ не споўнілася васямнаццаці год, — пісаў Станіслаў Шумоўскі. — У небяспечнай сітуацыі на падводу або сані (у залежнасці ад надвор’я) хутка грузіліся рэдакцыйная маёмасць і абсталяванне, і мы адпраўляліся ў шлях”. З позняй восені 1943 года ў партызанскай зоне ішлі ўпартыя баі, і рэдакцыя газеты вымушана была адыходзіць разам са штабам брыгады і неўзабаве аказалася ў вёсцы Альбін, за якой пачыналася велізарнае цяжкапрахадзімае балота, пасярод яго — востраў. З вёскай гэты востраў звязвала доўгая грэбля. “Так закончыліся для нас бясконцыя пераезды з месца на месца, — працягваюцца ўспаміны Станіслава Шумоўскага. — Мы аказаліся на востраве надоўга. Прыйшоў красавік, а з ім немцы пачалі наступленне на партызан. У час аднаго абстрэлу загінула наша наборшчыца Соня Грайфер. Нарэшце доўгачаканае вызваленне прыйшло. На трэці дзень рэдакцыя выпусціла першы нумар ужо легальнай раённай газеты “Сацыялістычная вёска”.

Мемуары рэдактара раёнкі ваеннай пары працягвае аповед Мікалая Афінагенавіча Парахаўніка, які рэдагаваў газету на працягу амаль трыццаці гадоў з невялікімі перапынкамі: “Працуючы ў райкаме партыі, я часта заходзіў у рэдакцыю раённай газеты, дзе рэдактарам тады працаваў Уладзімір Рыгоравіч Зайцаў, адказным сакратаром — Аляксей Юр’евіч Кавалёнак. Менавіта Кавалёнак і пасвяціў мяне ў тайны газетнай работы. Я дапамагаў яму вычытваць адбіткі газетных палос. Праз нейкі час У. Р. Зайцава ўзялі на работу ў райкам… Аднойчы мяне выклікаў да сябе першы сакратар райкама партыі Зіневіч і прапанаваў узначаліць рэдакцыйны калектыў… Штат быў невялікі: рэдактар, адказны сакратар, рахункавод-машыністка. На апошняй пасадзе ў той час працавала Галіна Пятроўна Чарнагубоўская. Калектыў рэдакцыі і друкарні быў вельмі дружны.  Хочацца сказаць цёплыя словы ўдзячнасці пра загадчыка друкарні і друкара Льва Уладзіміравіча Чарнагубоўскага, наборшчыц Вольгу Іванаўну Аскерку, Зінаіду Ільінічну Калыбіну, Алену Фёдараўну Юркевіч”.

Успаміны, прыведзеныя вышэй, я знайшла ў падшыўках раённай газеты за розныя гады. Далейшы аповед я давяраю чалавеку, які адпрацаваў у рэдакцыі ўжо больш за трыццаць гадоў,  — Вользе Чучвал.

“Калі я прыйшла на працу на пачатку васьмідзясятых, рэдактарам быў Анатоль Мікалаевіч Радкевіч. Я была самая маладая супрацоўніца, але мне было лёгка пачынаць, бо было ў каго вучыцца. Калектыў тады быў  большы.  Мне давялося працаваць з такімі вопытнымі і творчымі людзьмі, карыфеямі, як Сяргей Анташкевіч, Навум Сандамірскі, Мікалай Языкоў, Генадзь Янкоўскі, Ларыса Канашэвіч,  Любоў Слонкіна і іншымі, — расказвае Вольга Мікалаеўна. — Здаецца, не такі ўжо і вялікі прамежак часу прайшоў, але ўсё памянялася на вачах. Ці думалі мы калісьці, што ў газеты будзе свой сайт, што нас будуць чытаць у інтэрнэце, што лісты будуць прыходзіць не ў канвертах, а па электроннай пошце? Не параўнаць тэхнічныя магчымасці тагачаснай рэдакцыі і цяперашняй. Артыкулы мы пісалі ад рукі, перадавалі іх машыністцы (як я прыйшла на работу, ёю была Валянціна Былінская). Пасля таго як матэрыялы газеты выпраўляў рэдактар, іх зноў раздрукоўвалі, потым набіралі на ленаціпе ў тыпаграфіі, якая знаходзілася побач, вярсталі там жа, затым іх вычытвалі дзяжурны па нумары і карэктар, потым друкавалі — да дзвюх-трох гадзін ночы. Калі тыпаграфію закрылі, газету друкавалі на кальцы і перадавалі  аўтобусам на Бабруйск.

Дарэчы, хоць тыпаграфія і рэдакцыя былі рознымі структурамі, мы лічылі сябе адзіным цэлым. Працавалі разам і адпачывалі разам: Дзень друку, Першамай, Новы год, Кастрычнік… — усё святкавалі адным агульным калектывам.

Доўгі час у газеце амаль не было рэкламы, а матэрыялы, дарэчы, пісаліся толькі на беларускай мове. Тады, канешне, у раёне было болей прадпрыемстваў, калгасаў, і тэм для журналіста хапала. Многа матэрыялаў з расказамі пра падзеі, з разважаннямі аб надзённых пытаннях, з сігналамі аб недахопах дасылалі і пазаштатнікі.

Калі не стала Анатоля Радкевіча, на змену яму прыйшла Тамара Матусевіч. Затым рэдакцыю ўзначальваў Навум Сандамірскі, а апошнія пяць год наш рэдактар — Ірына Грамыка.

Думаю, што ў журналістыцы нельга праводзіць мяжу “мінулае — сучаснае”. Праца журналіста ва ўсе часы аднолькава патрабуе мабільнасці, нераўнадушша, адказнасці. Журналістыка — гэта стыль жыцця. Да таго ж яна патрабуе і развіцця, умення не спыняцца, ісці ў  ногу з сучаснасцю, і мне прыемна, што зараз у наш калектыў прыйшлі таленавітыя дзяўчаты са свежымі думкамі, ідэямі. (Дарэчы, адна з іх — часцінка той гісторыі, якая была звязана з маёй маладосцю. Гэта Вольга Янушэўская, дачка нашага карэктара Надзеі Прыгары — таленавітай жанчыны, якая сама пісала вершы, і вельмі скрупулёзнай у працы.) Рэдактар газеты таксама маладая і, як зараз модна казаць, крэатыўная. А гэта значыць, што па-ранейшаму наша раёнка будзе імкнуцца да новага, будзе адкрываць на сваіх старонках цікавыя рубрыкі, а нашы чытачы будуць даведвацца са сваёй газеты пра глускія навіны і знаходзіць кожны для сябе нешта патрэбнае”.

Зараз у рэдакцыі працуе 11 чалавек (10 непасрэдна на месцы і адзін — у тыпаграфіі ў Магілёве). Акрамя выдання газеты, займаемся выпускам радыёперадачы “Голас Глушчыны”, з 2013 года існуе інтэрнэт-сайт glusk.by, а ў красавіку 2014-га створана група газеты “Радзіма” ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте”, дзе на гэты час зарэгістравалася ўжо больш за 1 600 падпісчыкаў.

Наш калектыў шчыра віншуе з 85-годдзем са дня выхаду першага нумара Глускай раённай газеты паважаных ветэранаў працы, усіх, хто супрацоўнічаў і супрацоўнічае з раёнкай, і, безумоўна, чытачоў газеты, для якіх у 1930 го-дзе з’явілася, існуе зараз і будзе далей выдавацца газета “Радзіма”.

 Алена ВАЛОШКА

Фота  Юрыя БАГУКА

Последние новости

Общество

Глусчане подключились к республиканскому субботнику

20 апреля 2024
Культура

Экскурсия глусских «арт-крошек»

20 апреля 2024
Актуально

В рамках акции Госэнергогазнадзор бесплатно проведет обследование вашего дома

20 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла сегодня в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

Первое заседание VII ВНС состоится 24—25 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Продлили контракт на правовом приеме! Какие еще проблемы помог решить профсоюз?

19 апреля 2024
Культура

Выставка работ учащихся Центра творчества Глуска открылась в районном музее

19 апреля 2024
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Отсрочки, штрафы и СМС‑повестки — о каких новациях нужно знать будущим призывникам

19 апреля 2024
Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024