Темы

Бабірова

Працяг. Пачатак у нумары 85

 Хутары

Кіламетраў за шэсць ад вёскі, у лесе, ёсць вялікая паляна, называецца яна Здзешчыха. Вакол гэтай паляны колісь былі хутары. Пры ўваходзе ў Здзешчыху з боку Бабірова стаяла вялікая пеля. Каля яе пасялілася Кірдун Марыя. Лес ёй пан прадаў, а вось пасеку трэба было распрацаваць. У Марыі было пяцёра дзяцей — два сыны і тры дачкі. Ой, і гаравалі ж яны, працавалі і ўдзень, і нават ноччу, пры месяцы — карчавалі пні, выпальвалі “фораст”. Як распрацавалі плошчу, трэба ж зямлю гэтую выкупіць у пана. А грошай было мала, ды яшчэ доўг за лес застаўся невялікі. Да таго ж бывалі выпадкі, што людзі зямлю распрацуюць, а пан возьме і забярэ. Пайшла адна з дачок прасіць у пана, каб пазычыў грошай альбо прабачыў сям’і доўг. Упала на калені і цалавала пану ногі. Так засталася жыць гэтая сям’я на сваім распрацаваным месцы аж да перасялення ў Бабірова.

Сярод поля таксама былі два хутары, якія атрымаліся на такіх жа пасеках. Жылі там побач, дайжэ адзін калодзеж быў на дваіх, Кабан Кірыл і Гагутка Антон. У Кірыла — два сыны і дачка, у Антона — чатыры дачкі. Крышку далей жыў Дзямід, родам з вёскі Сельцы. На канцы паляны жыў Бегун, казалі, быў з Глуска. Зараз засталіся адны назвы: Белалужа, альбо Прасякова пеля, Кірылава крыніца, Гагуткава, далей у лес — Дзямідава крыніца. У Бабірове гавораць: “Ой, ягад у Дзямідавай крыніцы, але далёка”. За Чаратовым балотам на распрацаванай пасецы стаяў хутар Арцёмчыка Язэпа.

Непадалёк ад Здзешчыхі — паляна, там жыў ляснік — Антон Азярэдзіцкі. Паляна была вялікая, яшчэ і калгас пазней яе засяваў. Зараз паляна засаджана лесам, але і ў наш час гавораць сяльчане: “Пайду па ягады на Антонішыну паляну”.

Дзесьці кіламетра за паўтара ад  Бабірова жыла на хутары шляхта: Ліноўскія, Шмігельскія, Шабуні, Нарабовы. Паселішча мела назву Асінаўка. У адну з начэй нейкія бандыты выразалі ўсю сям’ю Ліноўскіх, засталася адна дачка, якая заначавала ў радні. Гаспадар хацеў уцячы праз акно, але яго застрэлілі. У Бабірове жыла яшчэ і сям’я яўрэяў, у гэтую ж ноч і іх забілі. Вось такая трагедыя здарылася ў тыя далёкія гады.

У ваколіцах вёскі ёсць месца, якое мае назву Цішкава гара. Расказваюць, што колісь жыў тут вельмі багаты чалавек, але па нейкай прычыне яго саслалі ў Сібір, дзе ён прабыў дзесяць год. Звалі таго чалавека Цішок. Зведаўшы гора, пасля вяртання дадому ён пачаў ва ўсім дапамагаць бедным людзям, але вялікі надзел зямлі пакінуў сабе, нават забараняў іншым хадзіць па гэтай зямлі. Вось гэтае месца і празвалі сяльчане Цішкавай гарой.

Непадалёк ад Бабірова ёсць лес, які мае назву Мачулішча, раней там былі непраходныя балоты. Аднойчы сяльчане заўважылі, што ў гэтым месцы амаль кожны дзень ідзе дождж. Вось і пачалі гаварыць, што там мочыць, а ў вёсцы — засуха. Спачатку гэты лес называлі “Мачула” , а пазней ужо і Мачулішча.

Ёсць яшчэ і вялікі лес, які называецца Міколка. Колісь спраўлялі свята Міколы не ў вёсцы, а за вёскай. А дарога да таго месца, дзе яго спраўлялі, ішла цераз малады лясок. Зараз гэты лес вырас, а назва Міколка так і засталася да нашых дзён.

У вёсцы ёсць месца, якое мае назву Уздзевіца. Паданне расказвае, што колісь на гэтым месцы было вялікае возера, каля якога аднойчы праязджала княгіня з сынам. Княгіню звалі Уздзевіца. Сын заглядзеўся на возера, карэта пахіснулася, і хлопчык зваліўся з яе, ды прама ў возера, і патануў. У роспачы пракляла Уздзевіца гэта возера, і назаўтра яно знікла, а месца тое так і стала звацца — Уздзевіца.

Сярод балотаў быў вялікі астравок, і пасяліўся на ім чалавек, які ўмеў добра іграць на скрыпцы. З-за непраходнай багны дайсці да астраўка было немагчыма. Але людзі, калі чулі гукі скрыпкі, ведалі: у чалавека таго ўсё добра. Пазней балота высахла, ды й чалавека не стала, а вось назва — Музыкантаў востраў — засталася.

Ёсць і іншыя мясціны з цікавымі назвамі: Чортава балота, там зараз сенакос, Воўчая яма, цяпер тут поле… Амаль усе гэтыя назвы звязаны з лёсам сяльчан, якія сяліліся побач з Бабірова, жылі, гадавалі дзяцей і працавалі, працавалі…

Як працавалі

Усё тады рабілася ўручную. Сярпом жалі жыта, вязалі яго ў снапочкі і ставілі ў бабкі. Зверху абавязкова яшчэ адзін сноп клалі — як страху. Бабка — 10 снапоў, зверху — адзінаццаты. Потым снапы звозілі ў свой двор. Рабілі азяроды — гэта такое збудаванне, падобнае на драбіны, метраў 5 — 10 у вышыню. На гэтыя азяроды раскладвалі снапы — азяродзілі іх да поўнага высыхання, пасля гэтага снапы даставалі і складвалі ў гумно. Прыходзілі халады, “закрывалася” зямля — пачыналася праца ў гумне, у якім быў глінабітны пол. Снапы развязвалі, клалі на пол і малацілі цапамі. А цэп — гэта адна палка доўгая, другая карацейшая, паміж сабою звязаны так, што большая палка, калі пачыналі біць па снапе, кіравала меншай. І так прыгожа атрымлівалася: размахнешся — большая палка кіруе малой, развіваецца над галавой і апускаецца на калоссе, зерне высыпаецца. Так і малацілі, успамінаюць бабіроўцы. Зерне — у адным баку, салома — у другім складваецца. З гэтай саломы выбіралі куль, каб было чым крыць дах. Дахі ў хатах былі толькі саламяныя. Потым зерне чысцілі. Садзіцца гаспадар каля кучы зерня на калодачку і веялкай, падобнай на наш сучасны шуфлік для смецця, вее. Прыгожа так у яго атрымлівалася, нібы сонейка ў гумне пачынала ззяць. Зярняткі цяжкія далёка не ляцяць, лёгкія і маленькія ляцяць крышку далей, а мякіна і саломка — яшчэ далей. Усё гэта ў дзяцінстве здавалася падобным да вясёлкі. Потым венікам асобна змяталі салому, мякіну і фуражнае зерне на корм жывёле. Астатняе зерне сеялі цераз рэшата. З яго малолі муку на жорнах. Амаль у кожнага вяскоўца была такая “мельніца” — два пляскатыя камяні, пакладзеныя адзін на адзін. У верхнім — невялікая круглая дзірка — туды засыпалі зерне жменяй. Гэтыя камяні круцілі з дапамогай палкі, зерне пераціралася, і атрымлівалася мука. Вось з такой мукі пяклі хлеб. Крыху пазней у Барысаўшчыне пабудавалі сапраўдны млын. Вось туды бабіроўцы і сталі вазіць зерне на муку. Да гэтых часоў захавалася ў лесе дарога, якую завуць Барысаўскай, па ёй ездзілі на млын.

У ступах таўклі ячмень, проса, ільняное і канаплянае семя. Але адразу яго ачышчалі ад смецця. Ячмень і проса палалі (гэта значыць — ачышчалі веяннем, правейвалі) у начовачках маленькіх, зробленых з дрэва. У куску дрэва была выдаўблена сярэдзіна. Падкідвалі начовачкі кверху, моцна трымаючы ў руках, — так, што смецце разляталася ў розныя бакі, а чыстыя крупы заставаліся. Вялікае гэта было майстэрства, але спраўляліся. З круп варылі кашы. Садзілі бабіроўцы і бульбу, і гародніну, сеялі лён, які адзяваў і карміў. Праца са льном была вельмі цяжкая. Яго сеялі, потым палолі, потым ірвалі з зямлі і ставілі ў снапкі, каб прасох. Пасля гэтага рассцілалі посцілкі і выбівалі з лёну семя пранікам. Пранік — гэта кусок дрэва таўшчынёй сантыметраў 5 — 10, у даўжыню — 15 —20 см, з ручкай. Пасля лён рассцілалі “пад расу”, каб выляжаў і добра было аддзяляць валокны ад кастрыцы. Адляжаў лён на росах — яго падымалі, звязвалі ў снапкі зноў і звозілі ў гумно. Потым дасушвалі ў сушылках — невялічкіх банях. Высах лён — збіраліся некалькі гаспадынь разам, і пачыналася праца. Адразу лён трапалі — выбівалі кастрыцу, потым часалі шчоткай — доўгай, больш за метр дошкай, на якой было набіта багата самаробных цвікоў. Вось гэтыя цвікі і вычэсвалі лён. На якім льне заставаліся галоўкі, яго кідалі ў адзін бок, называлася гэта кудзеля — “галавіца”. Яе не вельмі любілі гаспадыні, яе пралі і з яе ткалі посцілкі, коўдры, сеннікі. На гэтых сенніках, набітых потым саломай, спалі. Пасля часання заставалася таксама валакно, якое мела назву “карашкі”, яго пралі і з яго ткалі мужское і жаночае адзенне — нацельнае і верхняе. А дзецям бабіроўцы перашывалі з дарослай, паношанай вопраткі. Што парвалася, знасілася — выкідвалі, а цэлыя кавалкі выразалі. Дзецям хапала на сарочку, а штаноў тады малыя не насілі, амаль ніхто. Доўгая сарочка — вось і ўся адзежа. Атрымліваўся з ільну яшчэ і кужаль. Гэта было надта дарагое палатно. З яго шылі адзежу “на выхад у людзі”, на святы, шылі рушнікі, рабілі сурвэткі.

Зіма прыходзіла, пачынаўся Піліпаўскі пост — і пайшлі бабіроўцы на попрадкі па вечарах. Збіраюцца ў адну хату. А хаты былі маленькія, электрычнасці не было. Каля печы быў зроблены камінок. Жанчыны запальваюць яго, а дзеці падкладваюць туды лучыну, каб відно было прасці. Прадуць так да поўначы, потым пражу зматаюць на вітушкі або ў клубкі і ідуць дадому. А ўставалі сяльчане раненька, на досвітку, працы багата было, але яе бабіроўцы ніколі не цураліся. Больш зямлі, больш працы — большы дастатак у хаце, галадаць затое не будзем. Адпачывалі, каторы раз, дзве — тры гадзіны ў суткі, бо ўсё ж трэба паспець. Гаспадары і хлопцы таксама працавалі ўсю ноч: лапці плялі. Іх толькі і насіла ўся сям’я. Вяроўкі вілі са льну і канапель. Вяроўкі патрэбны былі і лапці завязваць, і вазы ўціскаць, калі з поля ўсё звозілі, і каня спутаць…

А прыходзіць Вялікі пост — пара ткаць. Майстэрствам славіліся бабіроўскія жанчыны. Такія ўзоры ўмелі ткаць розныя і прыгожыя, што дзіву ўсе даваліся: дзе толькі яны іх бралі? Самі прыдумвалі. Гэтаму ж нідзе не вучылі. Калі ўжо выткалі палатно, трэба было яго адбяліць. Дзеля гэтага прымянялі попел, з якога рабілі “луч” — мыйны сродак. Попел залівалі кіпятком, настойвалі, ваду праз колькі дзён злівалі, вось мыйны сродак і гатовы. Дзеля адбельвання палатно і на снег высцілалі, і на расу, але дабіваліся ідэальнай белізны. Паміж сабою жанчыны дзяліліся, як лепей адбяліць, і вельмі ганарыліся, калі атрымлівалася беленька і прыгожа.

Трымалі сяльчане на падвор’і і розную жыўнасць — коней, кароў, валоў, авечак. Авечкі былі самай даходнай жывёлай — з іх атрымлівалі і мяса, і воўну, і аўчыну. Стрыглі авечку два разы на год, вясною і восенню. Ніжнюю частку ў авечак стрыглі і з гэтай воўны пралі і ткалі парцянкі ў лапці. Яны добра грэлі зімой. А верхнюю частку воўны пралі і ткалі, каб потым шыць світкі, цёплыя сарочкі і штаны для мужчын. З воўны рабілі і цвёрдае палатно — ашпарвалі яго кіпятком, тады яно рабілася грубае, звальвалася і было добра цяплейшае. Скуру выраблялі да мяккасці і шылі з яе кажухі.

Пачатак ХХ стагоддзя

У 1897 годзе Бабірова належала Новадарожскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні. У сяле было 68 двароў і 427 жыхароў, меліся хлебазапасны магазін і царква. Непадалёк, сведчаць архіўныя дакументы, быў яшчэ адзін населены пункт з такой жа назвай  Бабірова, які налічваў 34 двары і 194 жыхары. Хутчэй за ўсё гэта былі хутары, раскінутыя вакол сяла. Людзі працавалі, стараліся, разжываліся, як маглі. Хтосьці ў сяле купіў сабе ручную малацілку, а хтосьці — і конную. Была ў аднаго бабіроўца і свая ваўначоска. Пачалі дзяцей вучыць грамаце: зімою (бо летам усе працавалі) нанімалі настаўніка на дом. Настаўнікам лічыўся той чалавек, хто ведаў літары і ўмеў чытаць і пісаць. А ў 1907 годзе ў сяле адкрылася земская школа, у якую хадзілі толькі хлопчыкі. Дзяўчынкі былі заняты хатняй працай: пралі, ткалі, шылі, мылі… Навуку лічылі для дзяўчат непатрэбнай, казалі:  “Гультайка, цябе ніхто замуж не возьме, няма чаго дарэмна праседжваць час з гэтымі кніжкамі”. У гэты час у сяле налічвалася 84 двары і 468 жыхароў.  

Калі надышоў 1917 год, у Бабірове ўжо налічвалася 108 двароў і пражывала 711 чалавек. Пачалося ўсталяванне новай улады. У гэты час служыў у царскай арміі хлопец з  Бабірова — Ігнат Фядосавіч Арцёмчык 1898 года нараджэння. Калі пачалася Кастрычніцкая рэвалюцыя, ён перайшоў на бок бальшавікоў, у 1918-м удзельнічаў у баях пад Нарвай і Псковам, потым яго перакінулі служыць у асобны батальён 8-й дывізіі па барацьбе з бандытызмам. Родная вёска з лютага па лістапад была акупіравана германскімі войскамі, а са жніўня 1919-га да ліпеня 1920-га — польскімі. Адразу пасля размеркавання ў асобны батальён Ігнат Фядосавіч змагаўся з бандытамі атаманаў Шапавалава, Антонава, бацькі Махно, якія дзейнічалі на Украіне. Калі разгул бандытызму там быў спынены, яго выклікалі ў штаб дывізіі. Старшыня асабовага аддзела Ёшчык сказаў, падаючы пакет: “Вось вам прызначэнне да новага месца службы, і запомніце: зараз ваша прозвішча — Волкаў”. Так наш зямляк трапіў у Беларусь, на новае месца службы. Неўзабаве яго накіравалі на Глушчыну. Ніхто і не здагадваўся, што ён атрымаў заданне высочваць бандыцкія атрады.

Аднойчы пайшлі чуткі, што быццам бы такі атрад асеў на Мыслачанскай гары, і вырашыў Ігнат Арцёмчык праверыць сам, ці праўдзяць чуткі. Накіраваўся на гару, тут яго затрымалі. Бандытам яго твар падаўся знаёмым, але такого прозвішча, як Волкаў, у ваколіцах бліжэйшых вёсак не было, і яго адпусцілі. Пасля гэтага па дакладзе Арцёмчыка банда была знішчана чырвонаармейцамі з Глуска. Выконваліся і іншыя заданні, але мірнае жыццё паступова брала сваё.

Калгас “Шлях да сацыялізму”

У 70-я гады мінулага стагоддзя Ігнат Фядосавіч успамінаў, што ў вёсцы Бабірова калгас “Шлях да сацыялізму” стварыўся дзесьці ў 1932 годзе, хаця па афіцыйных дакументах ён быў арганізаваны ў 1935 годзе. (кніга “Памяць” дае звесткі, што калгас быў арганізаваны ў 1930 годзе, а ў 1932 годзе ўжо аб’ядноўваў 29 гаспадарак. Рэд.) Першым старшынёй калгаса быў абраны мясцовы жыхар Барысік Сцяпан Нікодзімавіч. Бабірова адразу ўваходзіла ў склад Гомельскай губерні РСФСР (з 29 жніўня 1919 года па 1924 год), а потым — у склад БССР. Да 26 ліпеня 1930 года Бабірова належала да Макавіцкага сельскага Савета Глускага раёна Бабруйскай акругі, з 20 лютага1938 года — Палескай вобласці. За гэты перадваенны час старшыні калгаса мяняліся неаднойчы. Пасля Барысіка кіравалі Храпко Ілля і Бабіч Ф. з Жалвінца, Скавыш — з Людвінава быў родам, Кудзёлка Петр Пракопавіч — з Бабірова, якога ведалі землякі як добрасумленнага і праўдзівага селяніна, яму давяралі. Старэйшы яго сын Іван дапамагаў бацьку ў працы: першы яго памочнік і паплечнік, сакратар камсамольскай арганізацыі арганізоўваў моладзь на добрыя справы.  

Іна КІРЫНА

Працяг будзе

Последние новости

Общество

30 марта глусчан приглашают принять участие в акции «Час Земли»

29 марта 2024
Власть

Услышьте это все. Александр Лукашенко ознакомился с мероприятиями проверки боеготовности соединений и воинских частей в Ошмянском районе

29 марта 2024
Власть

Сергеенко и ряд других руководителей освобождены от прежних должностей в связи с переходом на выборные должности

29 марта 2024
Культура

АФИША ВЫХОДНОГО ДНЯ. Куда сходить и что посмотреть в ближайшие выходные

29 марта 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Дважды герой Советского Союза Степан Шутов

29 марта 2024
Общество

ЦИК Беларуси зарегистрировал 56 кандидатов в члены Совета Республики

29 марта 2024
Актуально

Министерство спорта и туризма проводит правовой мониторинг

29 марта 2024
Актуально

День правового просвещения и личный прием граждан прошел в Глусском УКП «Жилкомхоз»

28 марта 2024
Власть

Лукашенко: всякая финансовая деятельность должна быть подчинена интересам экономики

28 марта 2024
Год качества

В честь 100-летия Глусского района на территории детского сада № 4 Глуска заложили сосновую аллею

28 марта 2024

Рекомендуем

Актуально

К 100-летию Глусского района объявлен конкурс на лучший логотип. Положение о проведении районного конкурса

20 марта 2024
Культура

Семья Дербеевых представит Глусский район в конкурсе “Семья года”

20 марта 2024
Общество

Торжественное мероприятие ко Дню работников бытового обслуживания населения и жилищно-коммунального хозяйства состоялось в Глуске

22 марта 2024
Общество

Планы у дорожников большие. Интервью с начальником Глусского ДРСУ-213 Иваном Радько

21 марта 2024
Общество

Так в РОВД заведено. На заслуженный отдых проводили первого заместителя начальника Глусского райотдела

26 марта 2024
Общество

Александр Багель выдвинут кандидатом в члены Совета Республики от Глусского района

22 марта 2024
Год качества

Республиканская добровольная акция «Адновім лясы разам!» проходит в Глусском районе

25 марта 2024
Культура

Масленицу ярко и познавательно отметили глусские гимназисты

18 марта 2024