Темы

Бабірова

Працяг

Перадавікі

У гэты час прыйшло ў гаспадарку маладое папаўненне — падраслі дзеці ваеннай пары. Сярод іх і Васіль Пятровіч Кудзёлка, сын і брат расстраляных у вайну Пятра і Івана Кудзёлкаў. Дасягнуўшы паўналецця, хлопец паступіў у школу механізатараў пры МТС. Пасля заканчэння вучобы працаваў на трактары “НАЦІ”, пазней перасеў на другі, навейшай маркі. Цуды тварыў на ім камсамолец, выконваючы па дзве-тры нормы выпрацоўкі. Вясною сеяў, затым апрацоўваў пасевы, у перыяд жніва — убіраў, увосень перасядаў на бульбаўборачную тэхніку. Механізатар шырокага профілю, Васіль усёй душой быў адданы калгаснай справе, той, якую колісь пачыналі яго бацька, адзін з першых старшынь калгаса, і яго брат. Працоўныя дасягненні Васіля Пятровіча адзначаны медалём “За працоўную доблесць”, Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР. Ударнік сацыялістычнай працы ўпэўнена ішоў па шляху бацькі, яму быў уручаны вымпел “Лепшаму механізатару”, а яго жонцы Еве Васільеўне — перадавой свінарцы калгаса — вымпел “Лепшай свінарцы”.

Да вайны працаваў у калгасе трактарыстам Ісак Нікадзімавіч Барысік. Людзі паважалі яго за кемлівасць, стараннасць. Па бацькоўскай сцежцы пайшоў і яго сын Мікалай, якому ўжо пасля вайны Ісак Нікадзімавіч прывіў любоў да хлебаробскай працы. Скончыўшы Барысаўскае СПТВ па спецыяльнасці “механізатар шырокага профілю”, Мікалай Ісакавіч пачаў з 1957 года працаваць на палетках роднага калгаса. Перадавы механізатар неаднойчы за сваю самаадданую працу атрымліваў каштоўныя падарункі, быў прадстаўлены да ўрадавых узнагарод, яму ўручаны медалі “За працоўную адзнаку” і “Працоўную доблесць”.

Камсамольцы

У тыя далёкія 60-я гады XX стагоддзя прыйшла працаваць свінаркай у калгас і дачка расстралянага ў вайну Басалыгі Апанаса Паўлавіча, былога ветурача калгаса. Хадзіць у школу ёй доўга не прыйшлося — 6 класаў скончыла і пайшла на свой хлеб, давучвалася ў вячэрняй школе. Бацька загінуў у вайну не на фронце, і такім сем’ям на дзяцей пенсію не плацілі. Цяжка вельмі было жыць, перабіваліся, як маглі. Працавітая, усё ў яе руках спорылася, актыўная, баявая, Ганна ўсюды паспявала, выконваючы даручаную ёй справу з вялікай адказнасцю. Моладзь вёскі Бабірова абрала яе сваім камсамольскім важаком. Сакратаром камсамольскай арганізацыі Ганна Апанасаўна была каля 10 год, багата добрых спраў зрабілі камсамольцы пад яе кіраўніцтвам. Яны высадзілі ў ваколіцах болей за 3 000 розных дрэў. У памяць старшыні Пінчука К. Ф. заклалі пладовы сад, пасадзілі парк у цэнтры вёскі, каля клуба і пры актыўным удзеле кіраўніцтва гаспадаркі насыпалі курган Славы ў гэтым парку. Так ён быў упрыгожаны, успамінала Ганна Апанасаўна, што ззяў і пераліваўся рознымі колерамі на сонцы. У гэтым кургане закапана бутэлька, залітая сургучом, з тэкстам для нашчадкаў, які напісаў парткам калгаса. У камсамольскай арганізацыі была нават свая грашовая каса. Папаўнялася яна, расказвала Ганна Апанасаўна, такім чынам. Днём усе камсамольцы працуюць на сваіх рабочых месцах, а ноччу едуць разгружаць вагоны на чыгуначную станцыю ў Старыя Дарогі альбо працуюць на таку — сушаць зерне, варочаюць яго, малоцяць, і так усе па чарзе. Заробленыя грошы ішлі ў агульную скарбонку. Як адпраўлялі хлопцаў у салдаты, куплялі ім падарункі за гэтыя грошы. Калгас — свой падарунак, камсамол — свой. За гэтыя ж сродкі ездзілі на экскурсіі па краіне. Наведалі Брэсцкую крэпасць, Хатынь, Курган Славы…

Праца працай, а гуляць і весяліцца таксама хацелася. У вёсцы быў клуб, у якім Ганна Апанасаўна пэўны час была загадчыцай, арганізоўвала адпачынак, наладжвалі танцы, спявалі песні. Моладзь рыхтавала канцэрты ў сваёй вёсцы, ездзілі і ў іншыя раёны. А вось гарманіста свайго не было, і ішла камсамольскі важак у суседнія Паставічы Старадарожскага раёна, дзе стаяла ваенная часць, да камандзіра — прасіла сярод салдат знайсці ім музыканта і адпусціць пайграць. Камандзір ніколі не адмаўляў. Да рання, бывае, весяляцца, а тады — на працу. У тыя ж гады камсамолкі Басалыга Ганна, Барысік Ганна і Кісялевіч Ніна, якая тады працавала настаўніцай у Бабіроўскай школе, з дапамогай Бойкі Міхаіла Андрэевіча, былога старшыні з вёскі Масцішча, знайшлі пахаваных у час вайны каля дарогі і ў балоце савецкіх салдат. Дзяўчаты раскапалі пахаванне. Калгас зрабіў труну. У яе склалі астанкі байцоў і на кані прывезлі ў Бабірова, дзе пахавалі на могілках. Усё сяло сышлося на тое пахаванне. Плакалі ўдовы, галасілі маці. “А можа мой родны чалавек таксама дзе так ляжыць?» — кожны думаў пра сваіх родных, што не прыйшлі з той праклятай вайны. Ніякіх дакументаў у салдат не было, толькі гранаты. У хуткім часе сельскі Савет паставіў на магіле невядомых салдат помнік, яго даглядалі вучні Бабіроўскай школы. У 1969 годзе ў цэнтры вёскі ўладамі пастаўлены помнік на ўшанаванне памяці 87 землякоў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Усяго ў камсамольскай арганізацыі калгаса налічвалася каля 80 чалавек, і яна славілася сваімі справамі не толькі на ўвесь раён, але і на Магілёўскую вобласць. Прыязджалі карэспандэнты з газет “Чырвоная змена”, “Савецкая Беларусія”, “Звязда”, “Камсамольская праўда”, пісалі пра дзейнасць арганізацыі. Сакратар камсамольскай арганізацыі была абрана дэлегатам на першы з’езд калгаснікаў Магілёўшчыны. Ганна Апанасаўна ў падрабязнасцях запомніла той дзень, калі іх, простых сяльчан, віншавалі піянеры. Ёй былі адрасаваны такія радкі:

«В колхозе Кирова Глусского района

Есть комсомольский рулевой,

Нашу Анну называют

Золотой головой».

Першы сакратар ЦК УЛКСМ Грыгор’еў уручыў Басалыге Г. А. грамату і “Почётный знак ЦК ВЛКСМ”. Гэта была вялікая ўзнагарода за добрыя творчыя справы ўсёй бабіроўскай моладзі. Весела і дружна жыла моладзь у вёсцы, за што хлопцы і дзяўчаты ні браліся, што ім калгас ні давяраў — зробяць добра і якасна. Заўжды падтрымлівалі маладых старшыні калгасаў, дапамагалі ў справах і сакратары партыйнай арганізацыі. Пасля Пінчука К. Ф. кіраваў калгасам Чайка Міхаіл Аляксандравіч, з 1964 па 1966 год, а сакратаром быў Зіневіч М. І. Старшыню гэтага змяніў Лугін Аляксандр Якімавіч, сакратара — Арцёмчык В. М. (1966 — 1976 гг.).

Школа

У 1970 годзе ў Бабірове налічвалася 224 двары і 773 жыхары, вёска ўваходзіла ў склад Завалочыцкага сельсавета. Працавала радыё, быў свой фельчарска-акушэрскі пункт, якім загадвала фельчар Усікава Надзея, а санітаркай у яе працавала Яўгенія Мікалаеўна Храпко. Як працавалі яны добра, так і спявалі — заслухаешся! Быў у калгасе і свой гатар (лесапілка). На жывёлагадоўчай ферме налічвалася 168 кароў і 200 цялят, у свінарніку — 360 галоў свіней і парасят. Работы хапала ўсім. Добрымі працаўнікамі былі Міхаіл Арцёмчык, Лізавета Барысік, Аляксандр Арцёмчык, Аляксандра Кудзёлка… Людзі паціху разжываліся, дзеці хадзілі ў школу, якая пачала дзейнічаць яшчэ ў 1925 годзе на базе дарэвалюцыйнай земскай. У тыя ж даваенныя гады была яшчэ адкрыта і вячэрняя школа, называлася літпункт. Але ў школу хадзілі ў асноўным хлопчыкі, толькі дзве дзяўчынкі вучыліся: Арцёмчык Юлія Іванаўна і Кабанава Марфа Кірылаўна.

Будаўніцтва Бабіроўскай школы пачалося ў 1930 годзе. Яе галоўнымі будаўнікамі былі Храпко Герасім, Храпко Тарас, Храпко Міхаіл, Арцёмчык Рыгор. Школа будавалася пяць год. А так дзеці вучыліся па хатах высланых кулакоў. Вучыліся ў хаце Арцёмчыка Рыгора — настаўніцай была Нахама; Кабанава Іосіфа — настаўнік Пятрэня Міхаіл, родам з Макавішч; Арцёмчыка Цярэнція — настаўнік Яглейскі. Хата Арцёмчыка Цярэнція засталася да нашых дзён. Была ў ёй школа, потым перавезлі і размясцілася кантора калгаса, пазней — малочная. Зноў перавезлі — адкрылі комплексна-прыёмны пункт. Пазней, ужо нікуды не перавозячы, занялі пад жыллё, зараз там, па вуліцы Юбілейнай, жывуць дачнікі.

У 1935 годзе пачаліся заняткі ў новай школе, хаця яна была крыху і не закончана. Дырэктарам пачатковай школы прызначылі Грыневіча Івана Мікалаевіча з Калюгі, ён жа вучыў дзяцей у трэцім і чацвёртым класах, а настаўніца Марыя Іванаўна (на жаль, прозвішча яе бабіроўцы не памятаюць) вяла першы і другі класы.

Да Вялікай Айчыннай вайны 7 класаў адукацыі мелі толькі некалькі бабіроўцаў — Барысік Аляксандр Іосіфавіч, першы шафёр калгаса “Шлях да сацыялізму”, які пайшоў на фронт па першай мабілізацыі з калгаснай машынай ГАЗ-ММ, Храпко Мікалай Міхайлавіч і Храпко Міхаіл Міхайлавіч — студэнты Бабруйскага лесатэхнікума, а таксама Тара Мікалай Данілавіч. У час вайны ў будынку школы размяшчаўся нямецкі гарнізон. Адразу пасля вызвалення пачалася падрыхтоўка да першага пасляваеннага навучальнага года. Ад будынка школы засталіся толькі сцены, не было ні падлогі, ні столі, ні іншай сталяркі. Усё прыйшлося рабіць нанава, і вучні зноў займаліся па хатах — да 1947-га, калі  школу часткова адрамантавалі. Школьную мэблю зрабіў мясцовы майстар Храпко Тарас Іванавіч. Парты былі вялікія, на пяць — сем чалавек, і ў класе іх стаяла па тры-чатыры. Дошку замяняў звычайны ліст фанеры. Вучні пісалі і на старых газетах, і на шпалерах — на любой паперы, якая траплялася. На клас — адзін-два падручнікі, чарніла рабілі з сажы і насілі ў бутэлечках у кішэні. Ручкай служыў дубчык (пруцік), да якога ніткай прывязвалася пяро. Ніякіх картаў, атласаў, глобуса — нічога не было, была толькі вялікая цяга да ведаў. Хадзілі ў школу босыя, нават зімою. Замест сумкі — самаробная пафарбаваная палатняная торбачка. На абед з сабою — камакі (тоўчаная бульба) — вось і ўся ежа, успамінала Ганна Басалыга. Дома елі калатушку ды зрэдку бліны, чамусьці помніцца, што з соевай мукі, ды тыя ж камакі.

У першыя пасляваенныя гады ў школе працавалі Белавушка Васіль Сямёнавіч — загадчык пачатковай школы, родам з Сіманавіч, Новік Алена Васільеўна — настаўніца з Горнага, Вішнеўская Сабіна Антонаўна — з Гарадка, Бабіч Пётр Філіпавіч — з Жалвінца, дэмабілізаваны малодшы лейтэнант без педагагічнай адукацыі. Першы выпуск вучняў Бабіроўскай пачатковай школы адбыўся ў 1948 годзе. У 1950 годзе адкрыўся ў школе пяты клас, у 1951-м — шосты, у 1952-м — сёмы. Дырэктарам школы ў 1950 годзе назначылі Мігаса Іосіфа Сцяпанавіча, настаўніка з Сіманавіч. Першы выпуск сямігодкі адбыўся ў 1952 годзе. У 1953-м дырэктарам школы стаў Баброўнік Усцін, у 1954-м — Гук Аляксандр Пятровіч з Горнага, ён быў першым дырэктарам, што меў вышэйшую педагагічную адукацыю.

З 1963 годзе базавая адукацыя стала васьмігадовай. У гэты час дырэктарам Бабіроўскай школы пачаў працаваць Зіневіч Міхаіл Іванавіч, настаўнік з Макавішч. У яго была вышэйшая адукацыя. Добры і актыўны, ён багата чаго зрабіў дзеля развіцця школы. Пад яго кіраўніцтвам пабудавалі новы корпус, стадыён, з’явіліся розныя тэхнічныя сродкі навучання, новая мэбля. Васіль Мікалаевіч Арцёмчык адразу працаваў у школе выхавацелем групы падоўжанага дня, настаўнікам гісторыі, а потым аж да самай пенсіі — дырэктарам школы.

У 1985 годзе з’явіўся ў калгасе імя Кірава дзіцячы садок з прыгожай назвай “Бярозка”. На той час яго наведвалі 24 хлопчыкі і дзяўчынкі, выхавальніцай працавала А. С. Храпко. Больш за 15 тысяч рублёў выдзяляла праўленне калгаса на год для патрэб “Бярозкі”. Прайшоў пэўны адрэзак жыцця, і стала Бабіроўская школа зноў пачатковай. Школу і садзік аб’ядналі, і вось у школы новая назва: вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-пачатковая школа. Усе гэтыя пераўтварэнні адбываліся ў час кіраўніцтва Арцёмчык Любові Васільеўны, апошняга дырэктара школы, на гэтай пасадзе яна адпрацавала 26 гадоў, а ўвогуле педагагічны стаж — больш за 30 год. Бабіроўская школа была зачынена 31 ліпеня 2013 года. Дзяцей на школьным аўтобусе пачалі вазіць вучыцца ў Макавіцкую школу.

Росквіт вёскі

З 1976 года па 1984 год старшынёй калгаса імя Кірава ў Бабірове быў Кудзёлка Аляксей Емяльянавіч, сакратаром партарганізацыі — Кудзёлка М. М., з 1984 па 1988 год старшынёй — Карпей Іван Іванавіч, а сакратаром — Арцёмчык С. І. У 1986 годзе ў Бабірове — 222 гаспадаркі і 508 жыхароў. Кіраўніком калгаса ў 1988 годзе быў прызначаны Рыбак Ульян Сцяпанавіч, сакратаром партарганізацыі — Кошань Т. І.

Іменна на 60 — 80-я гады XX стагоддзя прыйшоўся росквіт вёскі. Першая легкавая машына з’явілася, па ўспамінах жыхароў, у Барысіка Сямёна Максімавіча, першы тэлевізар — у Арцёмчыка Васіля Міхайлавіча, у вёску прыйшоў газ, з’явіліся пральныя машыны, матацыклы, радыёпрыёмнікі. Многія дамы былі прыгожа пафарбаваны.

Перабудова

 У 1996 годзе ў Бабірове  — 245 двароў і 524 жыхары. Працуюць аддзяленні сувязі і Ашчадбанка, дзіцячыя яслі-сад і школа, фельчарска-акушэрскі пункт, ветэрынарны ўчастак, Дом культуры і бібліятэка з кніжным фондам каля 8 тысяч экземпляраў рознай літаратуры. Ёсць сваё кафэ, дзве крамы, спартыўная пляцоўка. У вёсцы размешчаны фермы — буйной рагатай жывёлы і свінагадоўчая, збожжасклад і зернесушыльная ўстаноўка, майстэрня па рамонце сельскагаспадарчага інвентару, устаноўка па прыгатаванні вітаміннай мукі і кармоў для жывёлы…

У гэты час ідзе перабудова. Вялікая краіна — Савецкі Саюз — развалілася на шмат краін. Беларусь стала самастойнай рэспублікай. Пераходны перыяд і пачатак гэтага жыцця былі нялёгкімі. Зарплата месяцамі не выплачвалася, магазіны дрэнна забяспечваліся таварам. А сяльчане прывыклі жыць ужо адносна добра, і бабіроўцы, асабліва маладыя і маючыя спецыяльнасць, пачынаюць шукаць заробкі ў іншых месцах і краінах. У гэты час старшынёй калгаса становіцца Аляшкевіч Уладзімір Уладзіміравіч, які да гэтага працаваў галоўным інжынерам. Талковы арганізатар, добры і справядлівы чалавек, свой, мясцовы (такім ён стаў яшчэ ў школьныя гады, калі перабраўся жыць з Бабруйска да бабулі Агаф’і). Зарплата ў гэты перыяд у гаспадарцы ў механізатараў была 400 — 600 тысяч рублёў, у жывёлаводаў — 800 тысяч, даходзіла да мільёна. А цэны раслі на ўсё, людзі пачалі зусім з’язджаць з вёскі… Выручала сяльчан, як і заўжды, асабістая гаспадарка. На тэрыторыі калгаса ў гэты час пражывала дзесьці 600 чалавек, і толькі 100 з іх — працаздольных. Астатнія раз’ехаліся на заробкі. Трэба было карміць сем’і.

На “разжыванне” новаму кіраўніку калгаса імя Кірава на раённым злёце перадавікоў былі ўручаны дакументы на трактар МТЗ-950 — ад працоўных Ленінскага раёна горада Бабруйска. Трактар — добрая падмога. Але разжывацца без развіцця жывёлагадоўлі — справа бесперспектыўная, а свіней на ферме на той час засталося ўсяго 80 галоў, кароў таксама значна менш, чым раней. Старшыня з раніцы да вечара займаўся калгаснымі справамі, стараўся і ўвесь калектыў. Распрацоўваліся новыя плошчы ворнай зямлі, расшырылі пасевы зерневых і культур, пасадзілі моркву, пасеялі лён… Закупілі свіней, завезлі аж з Мсціслаўскага раёна пародзістых кныроў, узяліся за справу рэпрадукцыі… Павесялелі бабіроўцы з прыходам Аляшкевіча, вялікую надзею на яго мелі. Але колькі старшыня ні стараўся, жыццё неяк іншым бокам паварочвалася да калгаснай справы, узняць тое, што раскідалася, не ўдалося. У 2004 годзе старшынёй стаў Зубкоў Аляксандр Уладзіміравіч. Ён быў апошнім кіраўніком бабіроўскага калгаса, бо пачалося ўзбуйненне (аб’яднанне) сельскіх гаспадарак. У 2010 годзе было прынята рашэнне далучыць калгас імя Кірава да эксперыментальнай базы “Глуск”. Пасля гэтага бабіроўцы, што засталіся жыць у вёсцы, працуюць, дзе хто пажадаў альбо змог уладкавацца, як у той прымаўцы: “Рыба шукае, дзе глыбей, чалавек, дзе лепей”. Пенсіянеры, ветэраны калгаснай справы, трымаюцца за сваю зямельку і вельмі шкадуюць, што вось так усё павярнулася. Яны жыццё сваё гаравалі ў калгасе, каб зямля не запусцела, каб кожны яе кавалачак радзіў… Вельмі шкадуюць сяльчане, што не стала калгаса, закрылася школа. Вёска ўсё ж такі немалая, на 1 студзеня 2011 года ў ёй налічвалася 316 жыхароў, на 1 студзеня 2013 — 305. Але ў нейкі момант нешта было не прадбачана, не пралічана…

Адраджэнне веры

Тым часам жыццё працягваецца. Як і колісь, вяскоўцы збіраюцца разам, адзначаюць святы — і Масленіцу, і Купалле, і Новы год, і Дзень Перамогі… Радуюцца, што застаўся яшчэ ў сяле клуб, дзе ўсе могуць сабрацца для сумеснага адпачынку. Як добра, кажуць бабіроўцы, што ў нашай вёсцы, якую пачалі лічыць бесперспектыўнай, людзей яшчэ жыве багата, яны ўмеюць весяліцца, шануюць свае традыцыі і перадаюць свой працоўны вопыт і аптымізм маладым. Клуб жа, на чале з яго выдатным кіраўніком Арцёмчыкам Уладзімірам Ільічом, які на гэтай пасадзе працуе ўжо больш за 40 год, з’яўляецца прадаўжальнікам народных традыцый і ініцыятарам цікавага жыцця ў вёсцы.

Менавіта Уладзімір Ільіч са сваім вяскоўцам і сябрам Арцёмчыкам Аляксандрам не аднойчы абмяркоўвалі пытанне, як у вёсцы адрадзіць царкву. Яна ж была тут да вайны, а жыхары Бабірова заўжды былі веруючыя, нават у самыя неспрыяльныя для гэтага перыяды савецкага жыцця. Прыкладна ў 2008 годзе на ўездзе ў Бабірова былі ўстаноўлены Паклонныя крыжы. Было гэта зроблена ў дзень свята Уздзвіжання Крыжа Гасподня. У 2011 годзе ў Бабірове быў адслужаны малебен, па вёсцы прайшлі Хрэсным ходам. Летам 2013 года закрылася ў вёсцы школа, а ўвосень мясцовымі ўладамі было прынята рашэнне аб бязвыплатнай перадачы з камунальнай уласнасці раёна ва ўласнасць Бабруйскай епархіі будынка школы. У канцы года пачалася работа па рэканструкцыі. Арганізатарам і спонсарам гэтай добрай справы стаў ураджэнец Бабірова Арцёмчык Аляксандр. У красавіку 2014 года, на Тыдні пакут Гасподніх, у Вялікую пятніцу, калі на крыжы быў распяты і прыняў смерць наш Гасподзь, перад Вялікаднем, на будынку будучай царквы ўстанавілі купалы і крыжы. Вырабляліся яны аж у Валгадонску. Першая літургія ў новаасвечаным храме — былым будынку школы, дзе вучылі дзяцей добраму, светламу, разумнаму — прайшла 6 верасня 2014 года. У час Хрэснага хода вакол царквы былі асвечаны і яе сцены. Уладыка Серафім падзякаваў усім, хто прымаў удзел у гэтай добрай справе, а таксама ўручыў медаль свяціцеля Кірылы Тураўскага Аляксандру Арцёмчыку. На сцяне храма ўстаноўлены памятны знак з надпісам:  “Памятный знак установлен в день освещения епископом Бобруйским и Быховским Серафимом сего храма в честь Всех Святых села Бабирово, построенного тщанием и усердием раба Божьего Александра и благочестивых прихожан при настоятеле протоиерее Михаиле Лазовском». Узнагародамі адзначаны таксама старанне будаўнікоў царквы і мясцовага жыхара У. І. Арцёмчыка, які ва ўсім дапамагаў А. Арцёмчыку і прымаў самы актыўны ўдзел у будаўніцтве храма. Яны абодва доўгі час марылі аб гэтым, і іх мара дзякуючы ўсім добрым людзям збылася.

У мінулым, 2014-м, годзе ў Бабірове налічвалася 275 жыхароў, з іх — 47 дзяцей да 15 гадоў і 78 пенсіянераў. З 1 студзеня 2015 года вёска Бабірова ўвайшла ў склад Калаціцкага сельскага Савета. Вуліц у вёсцы багата — Кірава, Камсамольская, Юбілейная, Механізатараў, Садовая, Пінчука, Партызанская, завулак Новы, але жыхароў зусім мала, некаторыя дамы займаюць дачнікі, шмат пустуючых хат — каторыя разваліліся, а каторыя яшчэ крыху даглядаюць, прыязджаючы на радзіму, дзеці.

Іна КІРЫНА 

p class=”MsoNormal” style=”text-align: justify;”

Последние новости

Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024
Власть

Лукашенко: основной реальный риск для Беларуси создает горячая точка в Украине

25 апреля 2024
Актуально

В Беларуси 25 апреля начинают выплачивать материальную помощь ко Дню Победы

25 апреля 2024
Общество

«Открой сезон без нарушений!». В Глусском районе 26 апреля пройдет единый день безопасности дорожного движения

25 апреля 2024
Духовность

Таинство Соборования пройдет в Космодамиановском храме в деревне Городок

25 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Общество

Профсоюзы Глусчины: движение вперед

25 апреля 2024
Власть

Заседание ВНС в качестве конституционного органа впервые состоялось 24 апреля, принятые решения подписаны избранным председателем

25 апреля 2024
Актуально

Об ответственности за распространение экстремизма

24 апреля 2024
Общество

Олег Дьяченко: “Наша сила – в единстве и сплочённости”

24 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024
Общество

От досуга до спартакиады. «Афганцы» предлагают сделать турнир по бильярду в Глуске ежегодным

12 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024