Асаблівая атмасфера свята

Адпаведны настрой прывезлі з сабою і госці, што наведалі інтэрнат 28 снежня. Гэта намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магі-лёўскага аблвыканкама Мікалай Казакоў, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Гейдэль, намеснік старшыні Глускага райвыканкама Аляксандр Анцюшэня, старшыня прафсаюза работнікаў АПК Глускага раёна Віталь Рагалевіч і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Алена Кірэй. Дарэчы, прывезлі госці не толькі добры настрой, а яшчэ і падарункі, сярод якіх — спартыўны інвентар, тэматычныя развіваючыя гульні, феерверк для навагодняй ночы, гасцінцы ад некаторых прадпрыемстваў вобласці, ну і, само сабою, салодкія ласункі для кожнага жыльца інтэрната.
Тыя, канешне, таксама рыхтаваліся да такога важнага мерапрыемства (а хто з нас не імкнецца паказаць гасцям усё самае лепшае, што можам і ўмеем?). Спачатку мы ўбачылі цудоўную казку з закручаным сюжэтам і вялікай колькасцю персанажаў, якія былі апрануты ў такія шыкоўныя ўборы, што сэрца іншай модніцы магло б і не вытрымаць ад зайздрасці! Пасля гэтага ў праграме значыліся песні, вершы і танцы, таксама ў выкананні выхаванцаў інтэрната. Ну і, зразумела, вясёлы навагодні карагод, у якім закружыліся і дзеці, і дарослыя. Ад імя выхаванцаў і калектыву работнікаў дзякуй гасцям сказаў дырэктар Вячаслаў Клімовіч, заўважыўшы, што іх звязваюць даўнія сяброўскія адносіны і ў інтэрнаце заўсёды адчуваюць дапамогу з боку і раённых, і абласных, і рэспубліканскіх службаў.
— Штогод праводзіцца акцыя “Нашы дзеці”, — зазначыў Аляксандр Румак. — У дзіцячыя ўстановы прыязджаюць прадстаўнікі дзяржаўных органаў кіравання, арганізацый, прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці, каб павіншаваць дзетак з Новым годам. І сёння ў Веснаўскім доме-інтэрнаце праводзіцца такое мерапрыемства. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны кожны год купляе падарункі для дзяцей, якія жывуць у дамах-інтэрнатах сістэмы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Канешне, Новы год — гэта заўсёды свята, але гэта і яшчэ адна магчымасць для ўсіх нераўнадушных людзей павіншаваць дзяцей, пажадаць ім здароўя, поспеху, падтрымаць маленькіх жыхароў нашай рэспублікі, незалежна ад таго, жывуць яны ў сваіх сем’ях ці ў інтэрнатных установах, напоўніць іх душы надзеяй і ўпэўненасцю. Ні адно дзіця, нават калі яно мае асаблівасці ў сваім развіцці, не павінна заставацца без падтрымкі дзяржавы, падтрымкі дарослых.
Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА