Темы

Дасціжэнне

Дасціжэнне

Невялікая вёсачка Дасціжэнне знаходзіцца на паўднёвым ускрайку Глуска, побач са шматпавярховымі жылымі пабудовамі, якія ў народзе маюць назву “сем вятроў”. Глуск і Дасціжэнне падзяляе шлях, што вядзе з Бабруйска на Любань, адрэзак якога ў межах Глуска мае яшчэ назву — вуліца Гагарына. За метраў дзвесце ад гэтай вуліцы і стаяць першыя хаты Дасціжэння. Самую ж вёску падзяляе бальшак, што з Глуска бярэ кірунак на Слаўкаўшчыну. Вось так і стаіць Дасціжэнне на раздарожжы. Дзень і ночь тут снуюць машыны, тым болей што побач, на скрыжаванні дарог, — аўтазаправачная станцыя.

Уваходзіць Дасціжэнне ў склад Хваставіцкага сельсавета. Паводле архіўных дакументаў, вёска вядома з 20-х гадоў XX стагоддзя як заснаваная перасяленцамі з суседніх вёсак. Але старажылы сведчаць, што паселішча тут узнікла значна раней, толькі назву мела іншую, — такое яны чулі яшчэ ад сваіх дзядоў.

Колісь на гэтым месцы, дзе зараз Дасціжэнне, а іменна тая яго частка, з якой вёска пачыналася, была невялікая латачка распрацаванай ворнай зямлі, належала глускаму мешчаніну. Знаходзілася яна на ўзгорку, а вакол гэтую мясціну ахіналі лес і балота, паросшае хмызняком і алешнікам. З аднаго боку балота знаходзілася пеля. Гэтую латачку зямлі ў сваё карыстанне прыдбаў пан з Хваставіч. У 1861 годзе, пасля адмены прыгоннага права, за памешчыкамі замацоўваліся землі, якія яны мусілі аддаваць сялянам на карыстанне для “забеспячэння іх быту і выканання іх абавязкаў перад урадам і памешчыкамі”. Выконваючы гэта палажэнне, хваставіцкі пан адсяліў некалькі сем’яў сваіх прыгонных сялян, што жылі на ўскрайку Хваставіч, на латачку зямлі, якую ён калісьці прыдбаў у глускіх мяшчан. Кожнай сям’і ён выдзеліў невялікі зямельны ўчастак у залежнасці ад колькасці душ у сям’і. Але гэтыя надзелы ўсё роўна былі невялікія, бо зямлі ж было мала. З цягам часу некаторыя сяльчане змаглі поўнасцю выкупіць свой надзел і ўжо лічыліся сялянамі-ўласнікамі, астатнія — часоваабавязанымі. Перасяленцы вельмі радаваліся і дзякавалі Богу, што дачакаліся хоць нейкай волі, аб якой марылі ўсё жыццё і яны, і іх бацькі. Паміж сабою сваё невялічкае паселішча — у адну вуліцу даўжынёю менш за паўкіламетра, паабапал якой стаялі хацінкі з маленькімі акенцамі, а пасярэдзіне выкапаны быў глыбокі калодзеж-бусел з чысцюткаю вадою — яны называлі Дасягненне. Афіцыйна гэта назва нідзе не пісалася, бо жыхары паселішча лічыліся жыхарамі Хваставіч.

Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года. Паноў не стала. Паселішча, якое людзі звалі паміж сабою Дасягненнем, афіцыйна атрымала статус вёскі. Паколькі Беларусь уваходзіла ў склад Расіі, то назвы перакладалі на рускую мову, так Дасягненне праз каторы час стала “Достижением”. А зараз рускае слова пішацца беларускімі літарамі “Дасціжэнне”.

На геаграфічнай карце ўпершыню вёска Дасціжэнне была адзначана ў 1924 годзе. З прыходам савецкай улады пачаўся працэс разбурэння хутарской сістэмы гаспадарання, а хутароў жа на пачатку XX стагоддзя было вельмі багата. Да нашага часу на Глушчыне захавалася прыгожая назва Раманоўшчына — гэта частка лесу раскінулася з левага боку ўздоўж шляху Глуск — Катка, пачынаецца яна адразу за Глускам і доўжыцца больш за два кіламетры. Дык вось гэтая самая Раманоўшчына вельмі шчыльна звязана з Дасціжэннем. Да рэвалюцыі тут на трох палянах стаялі хутары, першага іх насельніка звалі  Раман, адсюль і назва. Вялікае пасяленне было ў глыбіні лесу, дзе жылі ў асноўным стараверы. Кажуць, што яны былі даволі загартаваныя, зімой па снезе часцяком хадзілі босыя. У іх на хутары была свая лазня, зробленая ва ўмяшчальнай зямлянцы. Палілі яе часта, амаль кожны тыдзень, і ў яе стараверы запрашалі суседзяў з іншых хутароў — і праваслаўных, і католікаў.

Калі пачалося разбурэнне хутароў, большасць жыхароў з Раманоўшчыны перасялілася ў Дасціжэнне. Гэта былі сем’і Волкава, Дразда, Панкратава, Фомава, Трымайлава, Дубінчыка… Паколькі зямлі вольнай для перасяленцаў не хапала, яе адбіралі ў некаторых пастаянных жыхароў — зямельны надзел дзялілі папалам. І зараз, калі прыгледзецца, то відно, што хаты ў старым  Дасціжэнні (гэта пачатак вуліцы Цэнтральнай) стаяць шчыльна, а крыху далей, у бок Падзамшы, — ужо вальней, бо тут людзі засяліліся крыху пазней, як і па вуліцы Клятнянскай.

У 20-я гады XX стагоддзя ў Дасціжэнні налічвалася 35 двароў. І вяскоўцы, і перасяленцы-хутаране былі людзі працавітыя, некаторыя ўмелі чытаць і пісаць. Быў граматны і Дубінчык Трафім Васільевіч, які яшчэ да рэвалюцыі скончыў царкоўна-прыходскае вучылішча ў Глуску. У яго была Біблія, якую ён часта чытаў і добра ведаў. У час рэпрэсій, а быў гэта 1938 год, неяк даведаліся органы савецкай улады, што хутаранін хавае Біблію. У ліпені, 20-га, прыехалі, зрабілі вобыск, знайшлі гэтую кнігу — і чалавека арыштавалі. Хуткі суд — і восем гадоў працоўна-папраўчых лагераў далі, як селяніну-аднаасобніку. Рэабілітавалі Трафіма Дубінчыка толькі 19 верасня 1958 года.

Калгас у Дасціжэнні быў арганізаваны ў 1933 годзе, меў ён назву “Чырвонае Дасягненне”. Праз два гады, у 1935-м, калгас аб’ядноўваў 24 гаспадаркі. Праз некаторы час пачалося ўзбуйненне калгасаў, “Чырвонае Дасягненне” аб’ядналі з калгасам “Рэўузрыў” вёсак Лучкі і Падзамша, цяпер стаў ён ужо звацца імя Арджанікідзе, гаспадарка вялася на 500 гектарах сельгасугоддзяў. Побач было мястэчка, але працаваць сяльчане маглі толькі ў сваёй гаспадарцы. Землі калгаса часткова апрацоўваліся тэхнікай Глускай МТС, але ж асноўнай цяглавай сілай былі коні, іх у калгасе трымалі вялікі табун.

Да таго ж, не абыходзілася без коней ні адно вяселле. Бывала, успамінаюць вяскоўцы, запрэжаная тройка несла маладых вянчаць у глускую царкву, а на другім вазку хлопцы і дзяўчаты абсядуць гарманіста і з песнямі, музыкай суправаджаюць іх, далей ужо едуць родныя і сябры. Хоць і савецкая ўлада ўжо існавала, і распісваліся ў сельскім Савеце, але вера ў Бога была вялікая. Без вянчання жыць у пары лічылася вялікім грахом.

Вялікая Айчынная вайна ўнесла свае карэктывы. Мужчын прызыўнога ўзросту забралі на фронт, а сем’і, што засталіся пад немцам, выжывалі, як хто мог. Урэшце, дачакаліся Перамогі, вось толькі не дачакаліся некаторыя сем’і сваіх пераможцаў. Не вярнуўся дадому з фронту яфрэйтар-артылерыст Гізун Міхаіл Піліпавіч, ён памёр ад ран 08.04.1945 ва Усходняй Прусіі. Муха Іван Карнеевіч пайшоў на фронт у 1944 годзе і прапаў без вестак. Муха Сямён Карнеевіч,1918 г. н., стралок, у Чырвонай Арміі быў з 1939 года, прапаў без вестак у маі 1945-га. Іх імёны ўвекавечаны на помніку, што быў узведзены ў 1970 годзе ў вёсцы Мыслоціна на ўшанаванне памяці загінуўшых жыхароў вёсак Падзамша,  Дасціжэнне, Заполле, Хваставічы і Мыслоціна. Помнік быў пастаўлены ў вёсцы Мыслоціна, таму што па праграме развіцця сельскіх населеных месцаў яна ўваходзіла ў склад перспектыўных. На жаль, на гэтым помніку адсутнічаюць прозвішчы Гардзея Рыгора Васільевіча (1910 г. н., у Чырвонай Арміі быў з 1939 года, камандзір узвода, прапаў без вестак у лістападзе 1944-га), Навумовіча Міхаіла Мікалаевіча (1924 г. н., у Чырвонай Арміі з 1944 года, стралок, прапаў без вестак у маі 1945-га), Фомава Самуіла Сафонавіча (1916 г. н., стралок, загінуў 17 сакавіка 1945-га ў Польшчы). Па ўсёй верагоднасці, прозвішчы іх сталі вядомы ўжо пасля ўзвядзення помніка. Такое нярэдка бывае, калі час вяртае ў наша жыццё імёны.

 Дарогамі вайны, з Беларусі праз Варшаву і аж да Берліна, прайшоў Васіль Піліпавіч Гізун. А калі вярнуўся з фронту, пайшоў працаваць конюхам у калгас, успамінаючы, як бачыў коней на франтавых дарогах. Запрэжаныя ў цяжкія артылерыйскія гарматы, яны добры кавалак вайны выцягнулі на сваіх спінах. Добра працаваў былы салдат, да ваенных узнагарод дабавіліся калгасныя пахвальныя граматы. А сынам сваім раіў вучыцца на трактарыстаў, што яны і зрабілі. Сямён і Аляксей працавалі ў родным калгасе, паказваючы ўзоры выдатнай працы, перавыконваючы даведзеныя нормы.

Сямнаццацігадовым хлопцам пайшоў у партызаны Сямён Апанасавіч Рудзько. Першы дзень вайны заспеў яго ў Мінску, куды юнак пасля заканчэння дзевяці класаў прыехаў падзарабіць грошай на новабудоўлі. Нядзеля, 12 гадзін дня. Прамова Молатава. Вайна… Тры дні ішоў пешшу Сямён Рудзько ў родную вёску. Праз некаторы час ён разам з сябрамі падаўся ў партызанскі атрад Цыкункова, прынеслі хлопцы з сабой гранаты і кулямёт. Гэтым кулямётам і біў ворага малады партызан. А ў 1944 годзе, як пагналі немца з роднай зямлі, пайшоў на фронт, быў камандзірам аддзялення ў інжынерна-сапёрных войсках. Заслужыў медалі “За адвагу”, “Партызану Айчыннай вайны” I ступені і ордэн Айчыннай вайны II ступені. Баявы шлях закончыўся пасля ранення пад Прагай. Вярнуўшыся дадому, працаваў на розных пасадах, доўгі час быў брыгадзірам у сваім калгасе.

У кожнага вяскоўца свой непаўторны асабісты лёс. Добрым словам жыхары Дасціжэння ўспамінаюць былога старшыню калгаса Яна Врублеўскага, а таксама брыгадзіра Кірыла Іванавіча Беляна. Талковыя былі кіраўнікі, галоўнае — паважалі і цанілі працу кожнага калгасніка. І вяскоўцы працавалі, як кажуць, з душой, стараліся трымаць працоўную марку Вярбіцкая Надзея Андрэеўна, Вера Сямёнаўна Врублеўская, Кацярына Гізун, Вера Дубінчык, Іван Каляда, Сямён Навумовіч… Паляводы, механізатары, цялятніцы…

Дзесьці ў пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя зноў прайшло ўзбуйненне калгасных гаспадарак. Калгас імя Арджанікідзе ўвайшоў у склад калгаса “Праўда”, а вёска  Дасціжэнне стала брыгадай № 3.

Пасляваенныя сем’і былі вялікія, таму і вёска была немалая. Пэўны час яна нават з’яўлялася цэнтральнай сядзібай Дасціжэнскай выбарчай акругі № 9, у склад якой уваходзілі яшчэ Гарадзішча, Лучкі, Падкаленда.

У вёсцы працавала радыё, крыху пазней правялі электрычнасць, а ў 60-х гадах пабудавалі клуб. Адным з першых яго мастацкіх кіраўнікоў стала Раіса Фёдараўна Сокал — малады спецыяліст, яна прыехала ў наш раён па размеркаванні. Добрыя праводзіліся вечары адпачынку, ладзілася мастацкая самадзейнасць. Вельмі прыгожа спявалі вяскоўцы, а Ева Лаўрэнцьеўна Стрэж неаднойчы была пераможцай конкурсаў прыпевак. Як прывозілі новы кінафільм, то клуб быў поўны, дзеці сядзелі на падлозе, бо не хапала месца. У тыя ж 60-я гады вакол вёскі было асушана балота, у выніку чаго былі вызвалены ўрадлівыя плошчы тарфянікаў, на якіх пачалі сеяць і зерневыя культуры, і бульбу, і буракі, і нават проса, атрымлівалі добрыя ўраджаі. Поўным ходам ішла раскарчоўка лесу: ад Дасціжэння да Лучак і далей к Блізніцам.

Блізніцы — такую назву меў колісь шляхецкі засценак, у 1917 годзе налічваў 12 двароў і 63 жыхары палякаў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі засценак стаў лічыцца вёскай, якая праіснавала да 1948 года. Засценкаўцы перасяліліся ў асноўным у Глуск. Жыхары Дасціжэння кажуць, што невялікая хатка аднаго з іх — Францішака Высоцкага — і зараз стаіць на высокім узгорку непадалёк ад аўтастанцыі, па вуліцы Кірава. У тыя Блізніцы і дасціжэнцы, і глушчане, і жыхары навакольных вёсак колісь хадзілі па ягады, і зараз гэтыя мясціны радуюць добрымі ляснымі ўраджаямі.

Дык вось у межах тых самых Блізніц таксама ішла раскарчоўка лесу і пераворванне зямлі. У адзін з дзён непадалёк ад таго месца, дзе араў трактар, пасвілі дасціжэнцы статак кароў. Каровы разышліся па пашы, а некаторыя нават пацягліся на гэтае ворнае поле. Калі пастухі Гізун і Радычын пачалі зганяць кароў з ворыва ў гурт, то ўбачылі на гэтым раскарчаванні нейкія бліскучыя капейкі. Назбіралі іх у шапкі і вечарам усім паказвалі тыя дзіўныя грошы і раздавалі землякам. Больш сталыя ды граматныя вяскоўцы агледзелі, што гэта ж залатыя царскія грошы. Некалькі дзён, мо і цэлы тыдзень, хадзілі на тое поле зацікаўленыя чуткамі жыхары іншых вёсак — збіраць яшчэ золата. Кажуць, прасеялі тое поле, як праз рэшата, праўда, калі знаходзілі, то ўжо ніхто ні з кім не дзяліўся. Потым, бывала, калі трэба было каму напісаць якую важную паперу альбо пісьмо, то некаторыя жыхары разлічваліся з пісарчуком залатой капейкай. За багацце яе ніхто не лічыў. Пазней з гэтага золата некаторыя вяскоўцы ставілі сабе зубы і каронкі, рабілі пярсцёнкі.

У 70-х гадах XX стагоддзя ўладамі Глуска быў складзены план развіцця сельскіх населеных пунктаў, ён прадугледжваў развіццё перспектыўных і неперспектыўных вёсак. Дасціжэнне было прызнана неперспектыўным і ў будучым падлягала перасяленню. Будавацца тут некаторы час было забаронена, нават за свае сродкі,  хаця ў той час у вёсцы налічвалася 153 жыхары (паводле перапісу 1970 года).  Маладыя сем’і тым часам ствараліся і раслі, патрэбна было жыллё, таму будавацца сталі хто ў Глуску, хто ў Хваставічах, якія лічыліся перспектыўнымі, а хто і зусім з’ехаў у горад. Як вынік, у 1986 годзе ў вёсцы засталося 90 чалавек. Праз дзесяць год тут налічвалася 42 двары, 82 жыхары. Далей статыстыка выглядала такім чынам: 2002 год — 35 гаспадарак, 77 жыхароў, 2014 год — 30 сем’яў, 72 жыхары, у тым ліку 14 дзяцей і 17 пенсіянераў. Тым не менш блізкасць да Глуска дала магчымасць вёсцы застацца на плаву, ды яшчэ расці. Вось ужо колькі год тут асабістае будаўніцтва, пустых хат небагата, у некаторых жывуць дачнікі. Жыццё працягваецца, і вёска жыве. На пачатак 2016 года ў Дасціжэнні налічвалася 72 пастаянныя жыхары, з іх 14 дзяцей, 37 працоўных і 21 пенсіянер.

Іна КІРЫНА

Фота Ліліі ХАРЛАНЧУК

Последние новости

Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024
Власть

Лукашенко: основной реальный риск для Беларуси создает горячая точка в Украине

25 апреля 2024
Актуально

В Беларуси 25 апреля начинают выплачивать материальную помощь ко Дню Победы

25 апреля 2024
Общество

«Открой сезон без нарушений!». В Глусском районе 26 апреля пройдет единый день безопасности дорожного движения

25 апреля 2024
Духовность

Таинство Соборования пройдет в Космодамиановском храме в деревне Городок

25 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Общество

Профсоюзы Глусчины: движение вперед

25 апреля 2024
Власть

Заседание ВНС в качестве конституционного органа впервые состоялось 24 апреля, принятые решения подписаны избранным председателем

25 апреля 2024
Актуально

Об ответственности за распространение экстремизма

24 апреля 2024
Общество

Олег Дьяченко: “Наша сила – в единстве и сплочённости”

24 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024
Здоровье

Свободные рабочие дни для прохождения диспансеризации: кому, когда и сколько

18 апреля 2024