Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі Леанід Гуляка ў будучым не выключае магчымасці зняцця з рэгістрацыі некаторых абшчын сведак Іеговы за парушэнні заканадаўства. Аб гэтым ён заявіў 2 лютага на калегіі Апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі.
«Не бачу неабходнасці разглядаць падрабязна пытанні ўсіх 26 рэспубліканскіх рэлігійных канфесій, гэта наш штодзённы клопат. Але аб сведках Іеговы скажу асобна, — адзначыў Леанід Гуляка. — Не выключаю, што намі сумесна з аблвыканкамамі будуць прыняты канкрэтныя захады па зняцці з рэгістрацыі некаторых абшчын сведак Іеговы. Будзе шум, але я да гэтага гатовы».
Леанід Гуляка прывёў некаторыя факты парушэнняў у 2015 годзе сведкамі Іеговы дзеючага заканадаўства. У прыватнасці, у рэгіёнах Беларусі яны датычыліся распаўсюджвання літаратуры рэлігійнага зместу без адпаведнага ўзгаднення з мясцовымі органамі ўлады. Паводле слоў упаўнаважанага, настойлівыя і неправамерныя дзеянні прадстаўнікоў рэлігійных абшчын сведак Іеговы выклікаюць пэўнае нездавальненне сярод жыхароў краіны ў цэлым і вернікаў іншых канфесій у прыватнасці.
«Мясцовым органам улады трэба прымаць самыя рашучыя меры па спыненні незаконнага распаўсюджвання рэлігійнай літаратуры», — падкрэсліў Леанід Гуляка.