У межах правядзення мерапрыемстваў да Года культуры ў гімназіі Глуска для вучняў старэйшых класаў была арганізавана сустрэча са знакамітымі людзьмі Магілёўшчыны і Глускага раёна, літаратурнымі дзеячамі з універсітэта імя Аркадзя Куляшова. На гэтую сустрэчу былі запрошаны Мікола Яцкоў, Міхась Булавацкі, Таццяна Барысік, Сяргей Украінка, Навум Сандамірскі і Любоў Ляпко. Больш за гадзіну ў актавай зале ішла размова з таленавітымі людзьмі, якія па-майстэрску валодаюць мастацкім словам, для якіх паэзія — не прафесійны занятак, а неад’емная частка жыцця.
Кажуць, што краса, прыгажосць выратуюць свет. Пра гэта, мусіць, думаў Сяргей Сяргеевіч Украінка, калі дэкламаваў свае вершы. Прыемна, што і вучні не засталіся пасіўнымі слухачамі, а таксама прачыталі на памяць некаторыя творы паэта.
Родны кут… Родная хата… Родная сцяжынка… Родныя людзі… Усё гэта — духоўны неруш для Таццяны Барысік. Яна нават успомніла часы, калі па дзве-тры гадзіны чакала аўтобус з Бабруйска, каб даехаць да родных мясцін.
Навум Барысавіч Сандамірскі, лаўрэат рэспубліканскай прафесійнай прэміі “Залатое пяро”, прызнаўся, што ўпершыню чытаў услых, на аўдыторыю свае вершы. Дарэчы, ён не проста іх чытаў, а перад гэтым расказваў гісторыю напісання.
Зладжана гучала паэтычнае шматгалоссе мастакоў слова. Дастойным працягам літаратурнага свята стала выступленне нашай зямлячкі Любові Ляпко. Яна сказала, што мы ў вялікай адказнасці за лёс сваёй Радзімы, што чалавек і зямля — адзінае цэлае.
Мяркуючы па водгуках, сустрэча спадабалася і гасцям, і гімназістам. Мы ўсе адчулі вялікую асалоду ад прачытаных твораў і, здаецца, нават пахарашэлі душой… Гэта было свята шчырых узнёслых пачуццяў.
Ганна УСІК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Глуска