Беларусь з 2010 года павялічыла экспарт мяса птушкі ў 3,5 раза, паведаміла 24 сакавіка на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення інтэнсіфікацыі прамысловай жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Валянціна Адзінцова.
«Экспарт мяса птушкі павялічыўся ў 3,5 раза да ўзроўню 2010 года і дасягнуў 136,3 тыс. т. Удзельная вага экспарту ў 2015 годзе ад агульнай вытворчасці мяса птушкі склала 22 працэнты», — адзначыла Валянціна Адзінцова.
Экспарт курыных яек за пяцігодку павялічыўся ў 1,6 раза і склаў 874,5 млн шт.
«Асноўным напрамкам экспарту для нас па-ранейшаму застаецца Расія (у 2015 годзе прадукцыя рэалізоўвалася ў 76 рэгіёнаў). Акрамя таго, мы ажыццяўлялі пастаўкі ў такія краіны, як Арменія, Казахстан, Малдова, Таджыкістан, Узбекістан», — удакладніла спецыяліст.
Паводле слоў начальніка ўпраўлення, далейшае развіццё птушкагадоўлі ў Беларусі будзе ажыццяўляцца ў ходзе рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця аграрнага бізнесу на 2016-2020 гады. Праграмай прадугледжана давесці ў сельскагаспадарчых арганізацыях да 2020 года вытворчасць мяса птушкі да 605 тыс. т і яек да 2900 млн штук.
«Прыярытэтнымі напрамкамі развіцця птушкагадоўлі ў 2016-2020 гадах стануць паляпшэнне якасці прадукцыі, пашырэнне геаграфіі рынкаў яе збыту, далейшая тэхналагічная мадэрнізацыя галіны, выкарыстанне айчыннай племянной птушкі, удасканаленне тэхналагічных працэсаў і біялагічнай абароны», — канстатавала Валянціна Адзінцова.
У 2015 годзе завяршылася праграма развіцця птушкагадоўлі ў Беларусі на 2011-2015 гады. За гэты час у галіне пабудавана і рэканструявана з тэхнічным перааснашчэннем больш як 500 вытворчых аб’ектаў, завершана будаўніцтва дзвюх новых птушкафабрык — у Брэсцкай вобласці ААТ «Камароўка» (магутнасцю 15 тыс. т мяса птушкі ў год) і ў Магілёўскай вобласці ААТ «Александрыйскае» (магутнасцю 10 тыс. т мяса ў год). «Толькі ў 2015 годзе за кошт мадэрнізацыі птушкагадоўчых аб’ектаў вытворчасць мяса птушкі павялічылася на 42,2 тыс. т, што эквівалентна па аб’ёмах адной вялікай птушкафабрыцы», — падкрэсліла спецыяліст.
Выкананне мерапрыемстваў мінулай праграмы дало магчымасць у 2015 годзе атрымаць 596,7 тыс. т мяса птушкі (вырасла ў 1,7 раза ў параўнанні з 2010 годам) і 2880 млн штук яек (вырасла ў 1,2 раза). Спажыванне мяса птушкі на душу насельніцтва ў мінулым годзе склала24 кг, яек — 297 штук, паведаміла Валянціна Адзінцова.