• Главная
  • О газете
  • Контакты
  • Реклама
  • Фотогалерея
    • 2016 год
    • 2015 год
    • 2014 год
    • 2017 год
    • 2018 год
    • 2019 год
    • 2020 год
    • 2021 год
    • 2022 год
Глуск | Глусский район | Погода в Глуске | Новости Глуска | Новости Глусского района | Родина | Радзiма | Газета Глуска

Што чыталі? Што ўразіла?

Среда, 2.03.2016 09:05. Category: Общество    

Днямі размаўляла са знаёмым старшакласнікам, і між іншым хлопец пацікавіўся, ці любіла я ў школе кнігі беларускіх аўтараў. Маўляў, на ўроках задаюць, і жаданне прачытаць у яго быццам бы ёсць, але не ўсе словы разумее, асабліва ў класікаў. Пагаджуся, што мова стагоддзя XIX ці пачатку XX і сапраўды для нас ужо не зусім звыклая, ды і ў сучасных пісьменнікаў сустракаюцца такія словы, што таксама трэба добра падумаць, што да чаго. І ўсё-ткі беларускія творы я заўсёды чытаю з ахвотай. Цяпер яшчэ і прасцей: тлумачэнне любога незразумелага слова можна знайсці ў інтэрнэце, там вам і “майнткі”, і “трапкач”, і “рондаль”… Мой асабісты рэйтынг беларускіх аўтараў пачынаецца з Уладзіміра Караткевіча — “Лісце каштанаў” і “Чазенія”, а яшчэ вялікае ўражанне засталося ад аповесці Яўгена Хвалея “Прынцэса з тусоўкі”. Вырашыла я пацікавіцца і ў глушчан, ці чытаюць яны беларускамоўныя кнігі і якая з іх найбольш уразіла. Сумна, але прадказальна: большасць прызна-валася, што чытаць ім увогуле няма калі. Але некалькі станоўчых адказаў на свае пытанні я ўсё ж пачула. 

Таццяна Лукашэвіч, намеснік галоўнага рэдактара раённай газеты “Радзіма”:

— Апошнім з беларускамоўнага перачытвала раман Генрыха Далідовіча “Гаспадар-камень”. Чытала яго яшчэ студэнткай, памятаю, што тады вельмі спадабаўся, таму вырашыла яшчэ раз звярнуцца. Ну што скажу? Юнацкія ўражанні вельмі адрозніваюцца ад цяперашніх, хаця кніга і сапраўды неблагая. Зрэшты, падабаюцца многія творы беларускіх аўтараў, нешта выдзеліць цяжка. Але назаву, бадай што, дзве кнігі, гэта “Глыбокая плынь” Івана Шамякіна і, канешне, “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча. Іх у свой час прачытала на адным дыханні, хаця апантанай чытачкай у юнацтве не была.

Наталля Куксік, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Глускай СШ № 1:

— Літаральна нядаўна перачытвала “Сэрца на далоні” Івана Шамякіна — аднаўляла ў памяці пры падрыхтоўцы да ўрока.  А ўразіла… Зараз мяне ўжо цяжка ўразіць, але я памятаю першую кнігу, якая мяне па-сапраўднаму закранула. Гэта аповесць Аляксея Карпюка “Данута”, прачытала яе яшчэ школьніцай.

Ірына Трыбуш, бібліятэкар Бярозаўскай сельскай бібліятэкі:

— У апошні час аддаю перавагу беларускім аўтарам-сучаснікам, а яны часцяком друкуюцца ў расійскіх выдавецтвах. Так атрымліваецца, што чытаю беларусаў на рускай мове. З апошняга — дакументальны твор Валерыя Іванова-Смаленскага “Записки кладоискателя”. Што да другога пытання, уразіў мяне Уладзімір Караткевіч, яго “Дзікае паляванне караля Стаха”.

Вераніка Сіндзікевіч, дзевяцікласніца Глускай СШ № 2:

— Апошнім я чытала “Ліст з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага, публіцыстыку якога мы вывучаем у школе, прычым я зацікавілася і знайшла поўную версію, а не скарочаную, што даецца ў хрэстаматыі. Сярод прачытаных беларускіх твораў захапіла мяне аповесць Змітрака Бядулі “Салавей”. 

Кацярына Апанасаўна, пенсіянерка:

— За сваё жыццё прачытала шмат кніг на беларускай мове, і ў бібліятэцы бяру, і ў дачкі, у яе вялікі “прыпас”. Апошняй была паэма “Тарас на Парнасе”, вельмі люблю гэты твор, перачытвала ўжо, мабыць, трэці раз, каб пасмяяцца. Пералічваць тое, што спадабалася і запомнілася, можна доўга, таму назаву самае-самае. Гэта раманы нашага класіка Івана Шамякіна “Атланты і карыятыды” і “Сэрца на далоні”.

Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ

« Падзякі. Віншаванні. Узнагароды
Селу нужны профессионалы »
  • Год мира и созидания
  • Падпіска 2023
  • Оплата услуг редакции через ЕРИП
  • Реклама

  • Версия для слабовидящих
  • Мы в соцсетях





  • Рубрики
    • Актуально (1 114)
    • АПК (393)
    • Беларусь помнит (149)
    • Власть (441)
    • Гісторыя Глушчыны (136)
    • Год мира и созидания (4)
    • Духовность (172)
    • Есть вопрос? Есть ответ! (81)
    • Как выписать газету (2)
    • Калейдоскоп (54)
    • Культура (311)
    • Общество (4 994)
    • Происшествия (390)
    • Реклама (0)
    • РОЧС информирует (42)
    • Спорт (350)
    • Творческие проекты (200)
    • Тема недели "БелТА" (59)
    • Экономика (389)
  • Баннеры
  • Архив газеты
  • Погода в Глуске
    Глуск
  • Яндекс.Метрика
Тема предоставлена Web 2.0 News.
© 2023 Глуск | Глусский район | Погода в Глуске | Новости Глуска | Новости Глусского района | Родина | Радзiма | Газета Глуска  Все права защищены.
Сайт Президента Республики Беларусь Глусский районный исполнительный комитет
Top