Темы

“Глускі карагод” у Магілёве

“Глускі карагод” у Магілёве

Праходзіла ўсё ў Магілёве, у абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы, што па вуліцы Першамайскай, зрэшты, на вуліцы таксама было што паглядзець, паслухаць, паспытаць. Гэта прысмакі ад нашых кандытараў і замарожаныя ягады, прадукцыя  бытавікоў, мёд, венікі для лазні, дубовыя нарэзачныя дошчачкі і альтанка Глускага лясгаса, увесь асартымент драўлянай мэблі са сталярнай майстэрні Веснаўскага дома-інтэрната. Спыняліся магіляўчане і для таго, каб паслухаць вясёлыя спевы народнага вакальнага ансамбля “Азярынка” Калаціцкага Дома культуры.

Яшчэ больш усяго прыгожага і цікавага было ў фае культурнага цэнтра: там, можна сказаць, была прадстаўлена ўся творчая Глушчына. Карціны мастака раённага Дома культуры Вікторыі Сініцынай, іконы, якія вышыла бісерам Святлана Аляксандраўна Дубовік, цуды рукадзелля ад выхаванцаў і выкладчыкаў Цэнтра творчасці — асабіста я не разумею не толькі, як такое можна зрабіць, але і як гэта ўсё можна прыдумаць. Як усё гэта робіцца, як яно змайстравана, наведвальнікі пыталіся і ў майстроў Заеліцкага дома рамёстваў — бондара Уладзіміра Станкевіча, майстра па лазапляценні Аляксея Месніка, цікавіліся вырабамі з саломкі, якія прывезла Соф’я Меснік, работай за ткацкім станком Наталлі Грашчанкі, якая тут жа ткала прыгожы ручнік. Дарэчы, маладая ткачыха і сама тое-сёе распытвала ў старэйшых удзельніц глускай дэлегацыі Веры Дарафееўны Балкіс і Вольгі Гаўрылаўны Кашко. Гэты знакаміты дуэт ольніцкіх спявачак прыехаў, каб паказаць абласному слухачу, што такое аўтэнтычнае выкананне народных песень, але і ў ткацкай справе яны разбіраюцца не горш, бо ў гады іх дзяцінства ткалі ў кожнай хаце. Сакрэтамі народных рамёстваў цікавіліся не толькі звычайныя гледачы выставы, але і шматлікія журналісты, мабыць, не памылюся, калі скажу, што столькі інтэрв’ю ў адзін дзень глускія ўмельцы і артысты не давалі ніколі ў жыцці. Але ідзем далей, ужо сказана, што цэлую выставу мэблі на пляцоўцы каля цэнтра народнай творчасці арганізаваў Веснаўскі дом-інтэрнат, а вось больш дробныя, але не менш прыгожыя вырабы творчых майстэрань гэтай установы былі выстаўлены на некалькіх дэманстрацыйных стэндах унутры памяшкання, тут і дрэва, і гліна, і мяккія матэрыялы…

Былі тут і носьбіты іншага пласта культуры — мастак і ганаровы грамадзянін Глуска Вячаслаў Захарынскі з фотавыставай, прысвечанай яго творчасці, і журналіст і пісьменнік Навум Сандамірскі, напісаныя ім кнігі занялі дастойнае месца на стэндзе, дзе была прадстаўлена Глушчына літаратурная. Сваё бачанне ўсяго, што тут адбывалася, сваё стаўленне да нашай агульнай маленькай радзімы Вячаслаў Адамавіч і Навум Барысавіч выказалі ў прывітальных словах, у сваім звароце да гледачоў падчас канцэрта, якім і замкнуўся прыгожы глускі карагод. Яго ганаровымі гасцямі былі Аляксандр Ліпскі, намеснік начальні-ка ўпраўлення культуры Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, Алег Хмялькоў, дырэктар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы, Анатоль Глаз, ганаровы грама-дзянін Глуска, дырэктар філіяла Белдзяржстраха па Магілёўскай вобласці, Святлана Браніцкая, намеснік старшыні Горацкага райвыканкама, Ніна Рубіс, ураджэнка Глускага раёна, а цяпер магіляўчанка і суддзя ў адстаўцы. Глускі раённы выканаўчы камітэт прадстаўлялі намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Дзмітрый Цімчанка і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Гулевіч.

Большасць у зале складала моладзь, тыя, каму, як зазначыў у сваім выступленні Анатоль Глаз, будаваць наша будучае, менавіта ім і менавіта зараз важна зразумець, што аснова іх уласных поспехаў, як і далейшага паспяховага развіцця горада і вобласці, — у тым, каб  ведаць і цаніць тое, што ўжо зроблена і дасягнута іншымі, любіць сваю зямлю і старацца аддаць ёй свае веды, уменні і талент. Глыбокае шанаванне сваіх вытокаў з’яўляецца тым надзейным падмуркам, на якім можна будаваць стабільнае цяперашняе жыццё і рабіць задзел на будучае. “Што да гэтага мерапрыемства, — адзначыў Анатоль Ціханавіч, — то я вельмі рады, што мая родная Глушчына прадстаўлена так годна і з такім размахам. Творчасць маіх землякоў, ад захавальніц народных песень з Ольніцы да самых юных выканаўцаў, кранае душу і сэрца”.

Добра і цёпла гаварыў пра родную глускую зямлю і член Беларускага саюза мастакоў Вячаслаў Захарынскі. Ён пабываў у розных краях і шмат чаго пабачыў, але ціхая прыгажосць родных краявідаў назаўсёды прыжылася ў сэрцы. Як застаюцца ў сэрцы і тыя цудоўныя людзі, сябры, што жывуць у Глуску зараз, жыве і памяць пра народнага мастака, якога лічыць сваім настаўнікам, Івана Пятровіча Булгакава. “Няхай доўгім і шчаслівым будзе век гэтай зямлі, няхай доўгім, радасным і шчаслівым будзе жыццё маіх землякоў”, — так закончыў сваё выступленне мастак Захарынскі.

Калі б патрэбна было падабраць эпіграф да гэтай сустрэчы, то цудоўна падышлі б словы “Есть блаженное слово провинция, есть чудесное слово уезд”, сказаў Навум Сандамірскі, глушчанін, журналіст і пісьменнік. Але вельмі наіўна было б думаць, дадаў ён, што толькі ў такіх гарадках і пасёлках, як Глуск, ёсць жыццё, што толькі там умеюць шчыра працаваць і аддана сябраваць. Аднак нам выпала жыць на гэтай зямлі, сярод гэтых людзей, і мы, як ніхто іншы, ведаем, які насамрэч цудоўны наш край, якія цікавыя і таленавітыя яго жыхары, і сёння мы прыйшлі расказаць і паказаць гэта іншым. Што да самога Навума Барысавіча, то тры з адзінаццаці напісаных ім кніг ён прысвяціў свайму мястэчку і сваім землякам.

З удзячнасцю ўспомніла і саму Глушчыну, і сваіх настаўнікаў, сяброў Ніна Рубіс, а сваім сённяшнім землякам, маладым магіляўчанам, пажадала цаніць і любіць тых людзей, сярод якіх пачыналася, той горад, дзе праходзіць іх жыццё. Творчым прывітаннем ад яшчэ аднаго земляка, ганаровага грамадзяніна Глуска, кампазітара, народнага артыста Рэспублікі Беларусь Валерыя Іванова, стала яго песня “Ты, да я, да мы с тобой”, якую выканалі салісты раённага Дома культуры. Прывітанні, кветкі і залацісты каравай на прыгожым ручніку — вось тыя атрыбуты, якія надалі дадатковы, асаблівы сэнс гэтаму творчаму святу. Што ж да самой канцэртнай праграмы, то яна была складзена з выступленняў, скажу без перабольшвання, лепшых творчых калектываў і выканаўцаў нашай Глушчыны, іх імёны і назвы добра вядомы ў раёне. Гэта народны вакальны ансамбль “Вярбічанька” Клятнянскага СДК, фальклорны калектыў “Ольніца” Дуброўскага сельскага клуба, вакальны ансамбль “Беларусачка” Заеліцкага цэнтра культуры і вольнага часу, народны вакальны ансамбль “Крынічанька” Глускага РДК, узорны харэаграфічны калектыў “Вясёлка” дзіцячай школы мастацтваў і юная цымбалістка Дар’я Сарапас.

Нехта скажа: вось самі выступілі і самі ж сябе пахвалілі — усё было добра, прыгожа, цікава. Ды не, маё ўхвальнае апісанне свята грунтуецца не толькі на маіх уласных уражаннях, якія і сапраўды ў цэлым станоўчыя, а яшчэ і на тым, як нашых выканаўцаў прымала і падтрымлівала зала. Там глушчан амаль не было, большасць, як адзначана вышэй, складала моладзь абласнога цэнтра, якая не будзе хлусіць і прыкідвацца, што ёй цікава. Калі што не так, то цяперашнія падлеткі, юнакі і дзяўчаты і з залы пайсці могуць. А тут не проста глядзелі і слухалі, а і на мабільнікі фатаграфавалі, апладзіравалі дружна і нават “Брава!” крычалі. Як сабе хочаце, а добра культурная Глушчына заявіла пра сябе і на дастойным узроўні перадала эстафету “Фестывалю народных талентаў Магілёўшчыны” Горацкаму раёну, сімвал свята намесніку старшыні Горацкага райвыканкама Святлане Браніцкай уручыў намеснік старшыні Глускага райвыканкама Дзмітрый Цімчанка.

І яшчэ, каб павысіць інфарматыўнасць матэрыялу і паказаць, што глушчане не толькі спеўкі ды гулянкі ведаюць, а і грошы зарабляць умеюць, зазначу, што з адносна невялікага кірмашу прыбытак дамоў прывезлі: на мільён рублёў здобы і ягад прадалі, на амаль 10 мільёнаў — прадукцыі лесакарыстання, у тым ліку і альтанку, веснаўчане нагандлявалі небагата, на мільён толькі, але на пяць мільёнаў заказаў набралі. Вось мы якія ўдалыя: і павесяліцца мастакі, і выгаду сваю не прапусцім. Так спрадвек было ў Глуску, мястэчку, што ў глухіх барах.

Т. ЛУКАШЭВІЧ

Фота С. РУДЗІНСКАГА

Последние новости

Общество

30 марта глусчан приглашают принять участие в акции «Час Земли»

29 марта 2024
Власть

Услышьте это все. Александр Лукашенко ознакомился с мероприятиями проверки боеготовности соединений и воинских частей в Ошмянском районе

29 марта 2024
Власть

Сергеенко и ряд других руководителей освобождены от прежних должностей в связи с переходом на выборные должности

29 марта 2024
Культура

АФИША ВЫХОДНОГО ДНЯ. Куда сходить и что посмотреть в ближайшие выходные

29 марта 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Дважды герой Советского Союза Степан Шутов

29 марта 2024
Общество

ЦИК Беларуси зарегистрировал 56 кандидатов в члены Совета Республики

29 марта 2024
Актуально

Министерство спорта и туризма проводит правовой мониторинг

29 марта 2024
Актуально

День правового просвещения и личный прием граждан прошел в Глусском УКП «Жилкомхоз»

28 марта 2024
Власть

Лукашенко: всякая финансовая деятельность должна быть подчинена интересам экономики

28 марта 2024
Год качества

В честь 100-летия Глусского района на территории детского сада № 4 Глуска заложили сосновую аллею

28 марта 2024

Рекомендуем

Актуально

К 100-летию Глусского района объявлен конкурс на лучший логотип. Положение о проведении районного конкурса

20 марта 2024
Культура

Семья Дербеевых представит Глусский район в конкурсе “Семья года”

20 марта 2024
Общество

Торжественное мероприятие ко Дню работников бытового обслуживания населения и жилищно-коммунального хозяйства состоялось в Глуске

22 марта 2024
Общество

Планы у дорожников большие. Интервью с начальником Глусского ДРСУ-213 Иваном Радько

21 марта 2024
Общество

Так в РОВД заведено. На заслуженный отдых проводили первого заместителя начальника Глусского райотдела

26 марта 2024
Общество

Александр Багель выдвинут кандидатом в члены Совета Республики от Глусского района

22 марта 2024
Год качества

Республиканская добровольная акция «Адновім лясы разам!» проходит в Глусском районе

25 марта 2024
Культура

Масленицу ярко и познавательно отметили глусские гимназисты

18 марта 2024