Адзіная база даных грамадзян – атрымальнікаў ільготных крэдытаў на жыллё будзе створана ў Беларусі
Урад Беларусі зацвердзіў палажэнне аб парадку фарміравання, вядзення і выкарыстання адзінай базы даных грамадзян, якія з’яўляюцца (з’яўляліся) атрымальнікамі льготных крэдытаў (атрымальнікамі аднаразовых субсідый) на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў, і членаў іх сем’яў. Адпаведнае рашэнне замацавана пастановай Савета Міністраў нумар 295 ад 8 красавіка 2016 года, паведамілі ў прэс-службе ўрада.
Адзіная база даных з’яўляецца дзяржаўным інфармацыйным рэсурсам і прызначана для збору, апрацоўкі, накаплення, захоўвання і прадастаўлення інфармацыі аб грамадзянах, якія з’яўляюцца (з’яўляліся) атрымальнікамі льготных крэдытаў на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў на аснове крэдытных дагавораў, заключаных з ААТ “ААБ Беларусбанк” на ўмовах указа нумар 13, а таксама аб грамадзянах, якія з’яўляюцца (з’яўляліся) атрымальнікамі аднаразовых субсідый, і членах іх сем’яў, з улікам якіх прадастаўлены аднаразовыя субсідыі на аснове рашэнняў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, а таксама арганізацый, што прадаставілі субсідыі.
Уладальнікам інфармацыйнай сістэмы з’яўляецца Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.
Карыстальнікамі выступаюць раённыя, гарадскія выканаўчыя і распарадчыя органы, мясцовыя адміністрацыі; дзяржаўныя органы, арганізацыі, што ўваходзяць у іх сістэму або падпарадкаваныя ім, якім дэлегаваны паўнамоцтвы па зацвярджэнні спісаў на атрыманне льготных крэдытаў; іншыя арганізацыі, што прадастаўляюць аднаразовыя субсідыі ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Эксплуатацыя і суправаджэнне інфармацыйнай сістэмы ажыццяўляецца яе аператарам, які выбіраецца Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва з ліку падпарадкаваных дзяржаўных арганізацый або гаспадарчых таварыстваў, акцыі (долі ў статутных фондах) якіх належаць Беларусі і перададзены ў кіраванне Мінбудархітэктуры.