Чыталі байкі і ўрыўкі з п’есы

Раённы конкурс чытальнікаў твораў Кандрата Крапівы, што адбыўся напрыканцы сакавіка, сабраў ні многа ні мала — 20 удзельнікаў з ліку вучняў восьмых — дзясятых класаў. Прымеркаваны ён быў да юбілею беларускага класіка, 120-годдзе якога адзначалася акурат у сакавіку.
Творчасць Кандрата Крапівы, таленавітага сатырыка і байкапісца, спрыяльная для дэкламацыі і інсцэніровак, чым даволі ўдала скарысталіся некаторыя канкурсанты. (Праўда, кажучы чэсна, у некаторых выступленнях быў ужо і перабор з тэатралізацыяй, але што ж, вопыт не заробіш, не набіўшы гузоў.) Як член журы конкурсу, скажу, што было нам што паслухаць і на што паглядзець. Дарэчы, прадстаўлю журы: у яго ўвайшлі галоўны спецыяліст раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Ніна Беразоўская, загадчык метадычнага кабінета аддзела адукацыі Таццяна Грыгор’ева, метадысты Наталля Някрасава і Валянціна Галамака і я, карэспандэнт раёнкі Аксана Васілеўская.
Хто за кім выступае, вызначыла жараб’ёўка. Дарэчы, мне спадабалася ідэя арганізатараў прымацаваць нумаркі да маленькіх шакаладак: выцягнуў свой парадкавы нумар і ўжо атрымаў невялікі пачастунак, вось табе і настрой на выступленне.
Не ведаю, як доўга рыхтаваліся да конкурсу ўдзельнікі, колькі гадзін затрацілі на тое, каб вывучыць тэксты, але часам здавалася, што ім пад сілу не тое што байка ці ўрывак з драматургічнага тэксту — яны могуць на памяць прачытаць “Вайну і мір”. Асабліва ўразіў дзесяцікласнік Раман Харытонаў з Заеліцкай школы, які расказаў такі вялікі ўрывак з п’есы “Хто смяецца апошнім” і да таго ж так натуральна ўвасобіў ілжэвучонага, што атрымаў ад большасці членаў журы дзявяткі і дзясяткі. Увогуле, журы ацэньвала, наколькі дакладна гучаў тэкст, наколькі адпаведна чытальнікі перадалі яго настрой, ці падабралі яны патрэбную інтанацыю, а таксама праві-льнасць беларускага маўлення, дыкцыю і артыстызм. З апошняга пункта погляду мне запомніліся выступленні дзесяцікласніц Таццяны Сеўрук з Усцярхоўскага НПК і Дар’і Шарко з гімназіі. Дзяўчаты самі, без інсцэніровак і падмогі з боку сяброў, адной толькі мімікай і жэстамі змаглі падтрымаць той настрой, тыя пачуцці, што аўтар заклаў у сюжэт баек. Зацікавіла суддзяў і інсцэніроўка Уладзіслава Корбута, васьмі-класніка з Завалочыцкага ВПК. Хлопец крыху асучасніў п’есу “Хто смяецца апошнім”, яго герой размаўляе па мабільным тэлефоне і ўвогуле выглядае як “новы беларус”.
Сістэма ацэньвання выступленняў была самая простая. Кожны з членаў журы выстаўляў свае адзнакі па дзесяцібальнай сістэме, пасля яны суміраваліся і па агульнай колькасці балаў вызначаліся пераможцы. У выніку сярод канкурсантаў вызначыліся яўныя лідары, яны і раздзялілі паміж сабою 1-е месца: Раман Харытонаў (Заеліцкая школа) і Данііл Пракопчык (санаторная школа-інтэрнат). Дыпломы за 2-е месца атрымалі дзевяцікласніца Ангеліна Хурсанава з сярэдняй школы № 2, Дар’я Шарко (гімназія), Таццяна Сеўрук (Усцярхоўскі НПК) і Уладзіслаў Корбут (Завалочыцкі ВПК). Дзевяцікласніца Кацярына Каўхута з СШ № 1 і васьмікласніца Валерыя Хлань з гімназіі занялі 3-е месца.
Рэдакцыя раённай газеты таксама падрыхтавала спецыяльны прыз. Паверце, адзначыць каго-небудзь аднаго было вельмі цяжка, тым болей што ў маім пратаколе члена журы стаяла даволі многа дзявятак і дзясятак. Ды і вялікая колькасць прызавых месцаў сведчыць, што ўдалых выступленняў было нямала. Але ўрэшце перавагу я аддала васьмікласніку з санаторнай школы Даніілу Пракопчыку, менавіта яму дасталіся грамата ад рэдакцыі раённай газеты “Радзіма” і нататнік, каб запісваць свае і чужыя думкі. Акрамя таго, што падлетак падрыхтаваўся сапраўды добра, выйшаў, як кажуць, “у вобразе”, ён яшчэ і прадэманстраваў выдатныя чытальніцкія здольнасці, словы не “глытаў”, пасярод радкоў не “спатыкаўся”, і з артыстызмам і ўпэўненасцю ў сабе ў Данііла ўсё было ў парадку. Да таго ж гэты хлопчык адзіны з усіх удзельнікаў прадставіў падрыхтаваную да выступлення байку па ўсіх правілах. Так і сказаў: “Кандрат Крапіва, “Давялося свінні на неба глядзець”, 1938 год”. Пэўна, гэта і падкупіла канчаткова маю душу былога настаўніка.
Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА