Темы

Перасяленцы: гісторыя аб тым, як Чарнобыль змяніў лёсы слаўгарадчан

Перасяленцы: гісторыя аб тым, як Чарнобыль змяніў лёсы слаўгарадчан
Лілія Аляксееўна Філіпенка і Раіса Васільеўна Коўганава

Аварыя на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай атамнай станцыі адбылася 26 красавіка 1986 года ў 1 гадзіну 23 хвіліны. Два моцныя выбухі разбурылі актыўную зону рэактара і выклікалі пажар, які доўжыўся каля 10 дзён. Агульная магутнасць выбухаў больш чым у 100 разоў перавышала магутнасць ядзернай зброі, ужытай у Хірасіме і Нагасакі. Гэта была самая страшная тэхнагенная катастрофа XX стагоддзя, падчас якой у атмасферу выпала больш за 40 розных відаў радыенуклідаў. Найбольшы радыяцыйны ўдар прыняла на сябе Беларусь. Статыстыка сведчыць, што 66 % тэрыторыі рэспублікі былі забруджаны цэзіем-137 (выпадаў плямамі па ўсёй Беларусі), 10 % — стронцыем-90, 2 % — ізатопамі плутонія. Трэба адзначыць, што перыяд паўраспаду (час, на працягу якога распадаецца палова радыеактыўных ядраў) цэзія-137 — 33 гады, стронцыя-90 — 28 гадоў, а плутонія-240 — аж 6 537 гадоў.

Пасля чарнобыльскай трагедыі радыяцыя для беларусаў стала чымсьці жахлівым, таму што яе не відаць, яна не адчуваецца на смак і невядома, як ад яе выратавацца. Тагачасныя сродкі масавай інфармацыі давалі розныя парады, як ачышчаць прадукты, напрыклад, грыбы, ад радыяцыі. У нашай раённай газеце рэгулярнымі сталі выступленні галоўнага санітарнага ўрача раёна Уладзіміра Некрашэвіча, які інфармаваў насельніцтва аб радыяцыйнай абстаноўцы на Глушчыне, аб выніках праверак малака, грыбоў, ягад і іншых прадуктаў, прынесеных насельніцтвам. У адным з нумароў “Радзімы” за 1991 год ёсць нататка, у якой брыгадзір будаўнічай брыгады МПМК-249 выказаў занепакоенасць, што цэгла і іншыя будаўнічыя матэрыялы (для будаўніцтва жылога дома, школы і іншых аб’ектаў), завезеныя з іншых раёнаў рэспублікі, утрымліваюць радыеактыўныя рэчывы. Галоўным санітарным урачом раёна былі праведзены праверкі, якія не выявілі перавышэння радыяцыйнага фону ні на адным з будаўнічых аб’ектаў. А калі праходзілі чуткі, што прадукты ў магазіны Глуска прывезены з Краснаполля, Рагачова альбо з іншых забруджаных радыяцыяй мясцін, — узнікала амаль паніка. Напрыклад, у канцы студзеня 1991 года былі зроблены тры пробы згушчанага малака, вырабленага Рагачоўскім малаказаводам. “Людзі сумняваліся ў яго прыгоднасці для ўжывання ў ежу… Праверка пацвердзіла, што прадукты чыстыя” (“Радзіма”,  сакавік 1991 года).

Нашаму раёну пашчасціла — яго тэрыторыю не закрануў чарнобыльскі радыеактыўны пыл. А вось у забруджаных гарадах і вёсках жыць далей было немагчыма — каля 135 тысяч чалавек перасялілася ў чыстыя рэгіёны рэспублікі. Да нас прыехалі, ратуючыся ад смяротнай пагрозы, слаўгарадчане — з 1991 года яны пасяліліся ў Заеліцы. Што адчувалі людзі, пакідаючы назаўсёды свае родныя мясціны? Вялікі боль. Гэта ўсё роўна, што выкапаць з каранямі яблыньку, якая квітнее, і перасадзіць яе на іншае месца — прыжывацца яна будзе вельмі цяжка. Так і людзі, асабліва сталыя, са слязамі пакідалі родныя мясціны, утульныя, абжытыя хаты і ехалі на “чыстую”, але чужую зямлю.

Пераязджалі слаўгарадчане ў Глускі раён арганізавана, цэлым калгасам (разам з тэхнікай і жывёлай) на чале з кіраўніком Яўгенам Дзем’янковым. Трэба адзначыць, што масавае адсяленне з забруджаных тэрыторый Слаўгарадскага раёна пачалося толькі ў 1989 годзе. На працягу трох гадоў людзі жылі ў радыяцыйнай зоне. Ім забаронена было трымаць хатнюю жывёлу, вырошчваць гародніну. Вось што расказваў пра гэты перыяд карэспандэнту “Радзімы” (нумар за 27 красавіка 1996 года) тагачасны старшыня калгаса “Слаўгарадскі” Яўген Дзем’янкоў: “Спачатку мы нічога і не ведалі. Газеты, тэлебачанне ў той час усяляк замоўчвалі праўдзівае становішча і памеры катастрофы, якая нас напаткала. Адчулі, што нешта няладна, калі да нас прыгналі армейскую тэхніку і салдат, каб правесці ў вёсках і на калгасных палях дэзактывацыю… Са школьных падручнікаў мы, канешне, ведалі пра наступствы ўзрыву ядзернай бомбы, але ж у нас было ўсё па-іншаму — ні ўзрываў, ні разбурэнняў, усё ціха і мірна. Цяжка было ўсвядоміць (ды й не хацелася верыць), што наша зямля з’яўляецца пагрозай для людзей… Забаранілі засейваць прысядзібныя ўчасткі, пачалі плаціць падвойныя аклады, а ў магазінах, як у сталіцы, стала ўсяго ўдосталь… Людзі пачалі хвалявацца, патрабавалі тлумачэнняў, каб ведаць, што іх чакае, ці можна жыць у такіх умовах. У адказ чулі: можна. Але хадзілі размовы, што маскоўскія навукоўцы прыязджалі да нас са сваімі харчамі, што больш дзесяці дзён ніхто з іх тут не затрымліваўся… Усё малако, якое мы выраблялі ў калгасе, ішло з вялікім утрыманнем радыенуклідаў. Пераарыентаваліся на вытворчасць мяса. Вынік той жа: не прыдатнае да ўжывання… Стала зразумела, што ў такіх умовах жыць і працаваць немагчыма. Паўстала пытанне аб перасяленні…”

Так на Глушчыне з’явіўся калгас “Рэвалюцыя” (з 1992 года — “Слаўгарадскі”). Вось што пісала ў 1991 годзе “Радзіма”: “Рэвалюцыя” — новая гаспадарка ў нашым раёне. Афіцыйна асталявалася ў пачатку красавіка на частцы былых зямель калгаса імя Чапаева. Іх паўнапраўнымі гаспадарамі сталі зараз перасяленцы са Слаўгарадскага раёна…”.

Аб тым, як пераязджалі, як перанеслі ўсе цяжкасці перасялення, мне расказалі Раіса Васільеўна Коўганава, галоўны эканаміст калгаса “Слаўгарадскі”, і Лілія Аляксееўна Філіпенка, інспектар аддзела кадраў гэтага ж калгаса, былыя жыхаркі вёскі Кульшычы (цэнтральнай сядзібы калгаса “Рэвалюцыя”) Слаўгарадскага раёна.

— Вельмі цяжка пакідаць родныя мясціны, ведаючы, што назад сюды ніколі не вернешся, — гаворыць Раіса Васільеўна. — У 1986 годзе, пасля чарнобыльскага выбуху, мы і не думалі, што давядзецца пераязджаць кудысьці. Зразумелі, што трэба пакідаць родную вёску, калі нам забаранілі садзіць агароды, трымаць жывёлу, збіраць ягады і грыбы ў нашых лясах, а ўсе прадукты ў магазіне былі прывазныя. У першую чаргу мы баяліся за здароўе дзяцей.  Пакуль жылі ў забруджанай зоне, я рэгулярна выязджала са старэйшым сынам на аздараўленне. Увогуле, наша здароўе было пад пільным кантролем медыкаў, і мясцовых, і сталічных — перыядычна ездзілі на абследаванне ў Мінск. Прыкладна з 1989 года людзі пачалі раз’язджацца хто куды: у Слаўгарад, у Шклоў, у Мінск, а мы разам са сваім калгасам і аднавяскоўцамі — у Глускі раён. Перабіралася наша сям’я ў Заеліцу ў два этапы: у 1991 годзе муж са старэйшым сынам, а потым, у 1992-м, я з гадавалымі двайнятамі. Чаму так? У Кульшычах у нас быў вельмі добры дом, свая лазня. А ў Заеліцы ў 1991 годзе ўсё толькі будавалася і былі не самыя лепшыя бытавыя ўмовы для маленькіх дзяцей. Першы час на радзіму цягнула да немагчымасці. І нават зараз, нягледзячы на тое, што ўжо 25 гадоў мы жывём тут, я чакаю вясны, каб на Радаўніцу паехаць у родную вёску, хоць там ужо нічога, акрамя могі-лак, былога паста міліцыі пры ўездзе і дарожнага знака “Кульшычы”, не засталося. Цяжка гаварыць і ўспамінаць — слёзы стрымаць немагчыма.

Да нашай размовы падключаецца Лілія Аляксееўна Філіпенка.

— У 1986 годзе, калі здарылася чарнобыльская аварыя, мы жылі ў Гомелі, — расказвае жанчына. — Там атрымалі дозу радыяцыі і з дзецьмі некаторы час былі на абследаванні і лячэнні ў Магілёве. У 1987 годзе вырашылі пераехаць у маю родную вёску Кульшычы. Але і тут не ўдалося ўцячы ад радыяцыі. Прыйшлося ў 91-м разам з аднавяскоўцамі пераехаць у Глускі раён. Мясцовыя жыхары ў Заеліцы сустрэлі па-рознаму: некаторыя з непаразуменнем аднесліся, называлі нас “светящимися”, гаварылі, што мы радыяцыю з сабою прывезлі. Але большасць сяльчан, канешне ж, спачувала, разумелі людзі, што не ад добрага жыцця мы кінулі родныя мясціны ды дагледжаныя хаты. Вельмі добра сустрэлі нашых дзяцей у Слаўкавіцкай школе настаўнікі і дырэктар Еўдакія Паўлаўна Басякова.

І Раіса Васільеўна, і Лілія Аляксееўна часта прыгадваюць свае Кульшычы. А ўспомніць ёсць што: да адсялення ў вёсцы жыло 430 чалавек, працавалі школа, дзіцячы сад, пошта. Акрамя таго, Кульшычы былі цэнтрам сельсавета і калгаса імя Жданава (пазней “Рэвалюцыя”). І па сённяшні дзень жанчыны бачаць родныя мясціны ў снах. У народзе кажуць, што душа чалавека жыве там, дзе яго сны.

— Краявіды ў нас на Слаўгарадчыне вельмі прыгожыя, — гаворыць Раіса Васільеўна. — Грыбоў, ягад шмат, і па іх далёка хадзіць не трэба было: выйшаў за агарод і збірай. А яшчэ ў нашай вёсцы быў вялізны векавы дуб, які некалькі чалавек не маглі абхваціць. На гэтым дрэве прымацавалі шыльдачку “Радыяцыя”, а потым, калі сяльчане выехалі, у дрэва трапіла маланка і дуб загінуў. Прапаў, як і вёска.

— Дзецям сваім, каб не забывалі, дзе іх карані, расказваем пра Кульшычы, — працягвае Лілія Аляксееўна, — яны ж выраслі ўжо тут, у Заеліцы. Ездзім усе разам вясной на Радаўніцу на могілкі. Напамінам пра Слаўгарадскі раён для нас з’яўляецца і Заеліцкі гандлёвы цэнтр “Рабінушка”, названы ў гонар адной з адселеных вёсак — Рабінаўкі. Раней, да адсялення, мы і не задумваліся над тым, што вось так, у адначассе, можам раз’ехацца са сваімі аднавяскоўцамі ў розныя куткі Беларусі. Затое цяпер, калі ўсе разам збіраемся ў Кульшычах, адчуваем сябе амаль роднымі людьмі — абдымаемся і радуемся сустрэчы.

На маё пытанне, ці вярнуліся б пры магчымасці ў родную вёску, жанчыны ў адзін голас адказалі: “Так. Там наша радзіма, там, як кажуць, “пуп зарыты”. І як бы добра ні жылося ў іншых кутках Беларусі, сэрца імкнецца да роднага парога, туды, дзе нашы карані”.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара і з сайта ok.ru

Последние новости

Общество

День призывника состоялся в Глуске

24 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

24 апреля 2024
Общество

Внимание! Нужна помощь в поисках человека!

24 апреля 2024
Актуально

Районный день охраны труда прошел в Глуске

23 апреля 2024
Общество

Анжела Полупанкова: всё происходящее на ВНС буду рассматривать с точки зрения защиты человека-труженика

23 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024
Общество

Дмитрий Махунов: ВНС — это возможность участвовать в принятии стратегических решений на благо государства

23 апреля 2024
Общество

Говорят делегаты ВНС. Директор Глусского районного музея Наталья Акулич

23 апреля 2024
Общество

Труд во имя памяти. В республиканском субботнике поучаствовало три с половиной тысячи глусчан

23 апреля 2024
Актуально

Главные задачи Всебелорусского народного собрания

23 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024
Общество

От досуга до спартакиады. «Афганцы» предлагают сделать турнир по бильярду в Глуске ежегодным

12 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024