• Главная
  • О газете
  • Электронное обращение
  • Контакты
  • Реклама
  • Фотогалерея
    • 2016 год
    • 2015 год
    • 2014 год
    • 2017 год
    • 2018 год
    • 2019 год
    • 2020 год
    • 2021 год
Глуск | Глусский район | Погода в Глуске | Новости Глуска | Новости Глусского района | Родина | Радзiма | Газета Глуска

Каардынацыйны савет

Суббота, 21.05.2016 15:00. Category: Общество    

Калі б хацелі знайсці вінаватых або прызначыць каго-небудзь стрэлачнікам у тым, што дрэнна ў нас наладжана міжведамаснае ўзаемадзеянне па прафілактыцы сямейнага недабрабыту, то на гэту ролю можна было б вылучыць… пошту. Так падумалася мне на пасяджэнні каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”.

Вывад аб неналежным узаемадзеянні зацікаўленых службаў быў зроблены па выніках маніторынгу рэалізацыі нормаў Дэкрэта № 18, які правяла міжведамасная абласная група, і каардынацыйны савет абмяркоўваў становішча спраў такім, якім яго ўбачылі спецыялісты з вобласці. Напрыклад, з 15 паведамленняў, накіраваных дзіцячай кансультацыяй, аддзел адукацыі даў адказы на дзевяць, аддзел унутраных спраў — на сем, аддзел па надзвычайных сітуацыях — на шэсць.  Між тым нашы спецыялісты сцвярджаюць, што ўзаемадзеянне, якога не знайшла міжведамасная група, насамрэч ёсць, ёсць і рэагаванне на паведамленні аб фактах скандалаў ці іншых прыкмет нядобранадзейнасці ў сем’ях, дзе выхоўваюцца непаўналетнія, маўляў, усё было напісана, падпісана і адпраўлена, а чаму не дайшло да адрасата, невядома. Вось я і падумала, што калі ўсе яны працуюць добра, то, мабыць, пошта працуе дрэнна і гэтым стаўляе палкі ў колы, перашкаджае належнай рэалізацыі ў раёне палажэнняў Дэкрэта № 18. Але ж насамрэч усё тут не так і ўсё не так проста. І пошта тут, вядома, ні пры чым, яе я прывяла, каб зрабіць відавочнай недарэчнасць адгаворак, якія часам чуліся ў тлумачэннях некаторых кіраўнікоў. (Ну колькі тут таго Глуска, каб не перадаць своечасова тую ці іншую паперу?) Што да зацікаўленых службаў, то яны, безумоўна, сваю работу робяць і меры прымаюць. Гэта і камісія па справах непаўналетніх, і служба апекі разам са спецыялістамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра, і аддзел унутраных спраў, і РАНС, і медыкі, у прыватнасці, дзіцячая кансультацыя, служба занятасці, і сельвыканкамы, і нават кіраўнікі прадпрыемстваў. Усе яны ў адпаведнасці са спецыфікай сваёй дзейнасці працуюць з дзецьмі, сем’ямі, нядбайнымі бацькамі і абавязанымі асобамі, а каардынацыйны савет гэту работу накіроўвае і кантралюе — каардынуе, адным словам.

Як было адзначана на апошнім пасяджэнні, па стане на 1 мая гэтага года ў банку даных аддзела адукацыі, спорту і турызму стаіць на ўліку 40 абавязаных асоб (гэта тыя асобы, чые дзеці жывуць і вучацца на тэрыторыі раёна, а самі гэтыя людзі могуць жыць і ў іншых месцах, такіх у гэтым спісе 18). Жыхарамі Глускага раёна з’яўляюцца 22 чалавекі, сем з іх знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, чатыры — у лячэбна-працоўных прафілакторыях, адзін знаходзіцца ў вышуку, і толькі 10 працуюць у мясцовых гаспадарках і арганізацыях, восем абавязаных асоб з’яўляюцца мнагадзетнымі, між тым кампенсацыя расходаў за адно дзіця складае прыкладна 2 мільёны 300 тысяч у месяц. Таму ці дзіўна, што працэнт пакрыцця дзяржаўных расходаў на ўтрыманне іх дзяцей невысокі: за чатыры месяцы года ён склаў 43,9 %, гэта ніжэй за сярэднеабласны паказчык. Як яго павысіць, і абмяркоўвалі члены каардынацыйнага савета. Па-першае, патрэбна працаваць над тым, каб адабраныя дзеці былі вернуты ў свае сем’і, у гэтым выпадку бацькам спісваецца іх доўг перад дзяржавай. Аднак далёка не ўсе яны гатовы стаць на шлях выпраўлення — кінуць піць, працаўладкавацца, прывесці ў парадак жыллё, набыць усё неабходнае для знаходжання там непаўналетніх дзяцей. Згадзі-цеся, гэта не проста работа, а работа над сабой, а яна, як вядома, вельмі няпростая. І калі з гэтым не атрымліваецца, то трэба ісці, дакладней, весці абавязаных іншым шляхам: не толькі працаўладкаваць іх і пастаянна кантраляваць усе выхады і нявыхады на работу, але і пастарацца даць ім магчымасць працаваць па сумяшчальніцтве, а прагулы адпра-цоўваць у нерабочы час, у тым ліку і ў выхадныя. Для чаго — зразумела: больш чалавек працуе, больш будзе атрымліваць грошай, больш зможа пакрыць расходаў на ўтрыманне сваіх дзяцей. Ды не ўсё так проста і з працаўладкаваннем, нават на забраніраваныя месцы, і са своечасовым інфармаваннем аб прагулах, нават з іх выяўленнем (а мо чалавек захварэў і пайшоў да ўрача?), і з дадатковай нагрузкай, бо не ўсюды ёсць такая магчымасць, да таго ж не ўсе абавязаныя хочуць працаваць ад цямна да цямна, каб 70 працэнтаў заробку аддаць дзяржаве, нават пры тым, што дзяцей сваіх дзяржаве на ўтрыманне яны аддалі.

Усе гэтыя пытанні актыўна і зацікаўлена абмяркоўвалі намеснік старшыні райвыканкама і намеснік старшыні каардынацыйнага савета Дзміт-рый Цімчанка, сакратар савета Дзмітрый Асадчы, начальнік аддзела ўнутраных спраў Ігар Качалаў, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Бельскі, начальнік аддзела па працы, заработнай плаце і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Галіна Кудзелка. На пасяджэнне таксама былі запрошаны начальнік аддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Шарснёў, галоўны ўрач раённай бальніцы Ірына Пятрова, кіраўнікі ўстаноў адукацыі раёна, старшыні сельвыканкамаў і кіраўнікі прадпрыемстваў, дзе працуюць абавязаныя асобы. Так, прыйшлі да высновы ўдзельнікі пасяджэння каардынацыйнага савета, у рабоце з абавязанымі асобамі насамрэч ёсць аб’ектыўныя цяжкасці. Што ж да міжведамаснага ўзаемадзеяння зацікаўленых структур па рэалізацыі Дэкрэта № 18, падкрэсліў Дзмітрый Цімчанка, то яно і сапраўды наладжана пакуль слаба, аднак можа і павінна быць больш цесным, узгодненым і нефармальным.

Т. ЛУКАШЭВІЧ

« Играли команды — выиграли все!
На упаковке — одно, а в упаковке — другое »
  • Год гістарычнай памяці
  • Падпіска 2022
  • Оплата услуг редакции через ЕРИП
  • Реклама

  • Версия для слабовидящих
  • Мы в соцсетях





  • Рубрики
    • Актуально (1 054)
    • АПК (336)
    • Беларусь помнит (125)
    • Власть (273)
    • Гісторыя Глушчыны (110)
    • Год исторической памяти (39)
    • Духовность (149)
    • Есть вопрос? Есть ответ! (78)
    • Как выписать газету (2)
    • Калейдоскоп (18)
    • Культура (245)
    • Общество (4 581)
    • Происшествия (358)
    • Реклама (0)
    • РОЧС информирует (25)
    • Спорт (315)
    • Творческие проекты (184)
    • Тема недели "БелТА" (59)
    • Экономика (282)
  • Баннеры
  • Архив газеты
  • Погода в Глуске
    Глуск
  • Яндекс.Метрика
Тема предоставлена Web 2.0 News.
Хостинг: HOSTER.BY
© 2022 Глуск | Глусский район | Погода в Глуске | Новости Глуска | Новости Глусского района | Родина | Радзiма | Газета Глуска  Все права защищены.
Сайт Президента Республики Беларусь Глусский районный исполнительный комитет
Top