Урад і Нацбанк распрацуюць план мерапрыемстваў па дэдаларызацыі эканомікі, паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка па выніках пашыранага пасяджэння праўлення Нацбанка.
«Найважнейшай задачай цяпер з’яўляецца актывізацыя работы па дэдаларызацыі беларускай эканомікі. У сувязі з гэтым Нацыянальны банк выступіў з ініцыятывай распрацаваць сумесны план мерапрыемстваў урада і Нацыянальнага банка, які прадугледжвае ўсебаковыя меры па дэдаларызацыі эканомікі і дакладны графік іх рэалізацыі», — паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей.
Як было адзначана ў ходзе пасяджэння, на фоне неспрыяльнай знешнеэканамічнай сітуацыі ў I квартале Нацыянальным банкам і банкамі ў цэлым дасягнуты пастаўленыя на гэты перыяд задачы. «Запаволенне тэмпаў росту грашовай масы, фарміраванне чыстага прапанавання замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку, нармалізацыя сітуацыі на дэпазітным рынку абумоўліваюць змяншэнне інфляцыйнага націску ў Рэспубліцы Беларусі. Гэта стварае магчымасці для паступальнага зніжэння рэальных працэнтных ставак у эканоміцы, улічваючы іх даволі высокі цяперашні ўзровень», — праінфармавалі ў Нацбанку.
Адпаведна адной з задач для банкаўскай сістэмы ў бліжэйшы час застанецца «нармалізацыя» рызыка-прэміі, якая закладзена ў працэнтных стаўках як па дэпазітах, так і па крэдытах. Яе вырашэнне будзе ажыццяўляцца паступальна, з улікам комплекснага аналізу існуючых макраэканамічных рызык і прагнозу развіцця эканомікі краіны.
Адначасова будзе прадоўжана рэгуляванне грашовага прапанавання. «Цяпер гэта аб’ектыўна неабходна для захавання макраэканамічнай збалансаванасці і забеспячэння фінансавай стабільнасці», — адзначылі ў Нацбанку.