Темы

Як Пасху ў Балашэвічах святкавалі

Як Пасху ў Балашэвічах святкавалі

“Добры дзень, праходзьце, сядайце, калі ласка!” — такімі словамі сустракала ўсіх загадчыца Балашэвіцкага сельскага клуба Любоў Іванаўна Долбік. Яна вельмі хвалявалася, бо запрасіла гледачоў на адметную падзею — свята “Сустракаем Пасху!”, адбылося яно акурат на Светлай сядзміцы. Па мне, дык перажываць вялікай прычыны не было: удзельнікі мерапрыемства падрыхтаваліся вельмі добра. Перад пачаткам можна было палюбавацца на вышываныя ручнікі, што стварылі ў розны час балашэвіцкія жанчыны, пацікавіцца падборкай святочных рэцэптаў і другой тэматычнай літаратурай, што падрыхтавала для выставы мясцовы бібліятэкар Ганна Шуст. Дарэчы, пасхальныя булкі, прыгожа аздобленыя, таксама былі.

Да ўдзелу ў мерапрыемстве Любоў Долбік прыцягнула, як кажуць, і старых, і малых. Дзеці цудоўна чыталі вершы пра Вялікдзень, з задавальненнем удзельнічалі ў гульнях. Дарэчы, у “біткі” згулялі ўсе прысутныя, якім Любоў Іванаўна раздала рознакаляровыя яйкі. Прапанавала яна і іншыя традыцыйныя для пасхальнага свята забаўкі: можна было расфарбаваць паветраны шарык, пакатаць яйкі з чырвонай горкі — чыё далей пакоціцца, той і пераможца, і іншае. Аказваецца, і кулічы не проста для ўпрыгожання стаялі: іх балашэвіцкія жанчыны пяклі спецыяльна для конкурсу, а за журы былі ўсе прысутныя. “Усе пірагі ды булкі — на 100 балаў!” — такую ацэнку выдалі гледачы, пакаштаваўшы па кавалачку, але гаспадыні самі вырашылі, што найлепшы куліч атрымаўся ў Надзеі Аляксандраўны Прыгары, яна і атрымала падарунак.

Галоўным жа ўпрыгожаннем свята і сапраўдным адкрыццём асабіста для мяне сталі аўтэнтычныя песні ў выкананні самадзейных артыстаў. Некаторым з іх ужо па 85, як Надзеі Сцяпанаўне Каранец і Веры Трафімаўне Дзядзюлі, але бачылі б вы, якія яны бадзёрыя і аптымістычныя. “Усім нашым удзельніцам у душы — не болей за 45!” — смяецца Любоў Іванаўна, якая побач з гэтымі жанчынамі ўжо 33 гады. А ўвогуле колькі існуе калектыў, дакладна ўжо ніхто не памятае, гадоў пад сорак, не меней. Зараз пастаянных удзельніц дзевяць, калісьці ж на сцэне стаялі ў некалькі радоў, успамінаюць жанчыны. “Ой, дзе мы толькі ні пелі, якія толькі святы ні ладзілі, — расказваюць яны. — Раней галоўным быў дзень кастрычніцкай рэвалюцыі, дык на сцэне тады мо 30 чалавек стаяла. Харашэ было, як на Провады зімы ў Глуск ездзілі, у кажухах ды на конях. І Масленку адзначалі, і Тройцу. Каля ракі збіралася ўсё сяло, вянкі пускалі, абрад кумаўства ладзілі. Як? Пад бярозкамі станавіліся: “Давай, кума, з табой пакумімся. Ты мне кума, я табе кума!” — так выбіралі маладыя сабе кумоў на будучае”. Расказвалі жанчыны пра абрад хрысцін, пра вячоркі, пра ўнікальны калядны абрад, які ў Балашэвічах адзначаюць адметна, а вочы іх блішчалі ад узбуджэння. Як добра, падумалася мне, што ёсць клуб, куды гэтыя бабулі могуць прыйсці, паспяваць, адчуць сябе пры занятку і патрэбнымі не толькі сям’і. Дык яны ж і з канцэртамі ездзяць, напрыклад, нядаўна выступалі ў Вільчы, ды ажно два разы запар. “Пасля канцэрта нас запрасілі ў другі канец вёскі, прыслалі мікрааўтобус. Як жа адмовіш? — кажа Любоў Долбік. — Пелі проста каля хаты на вуліцы, а ўсе, хто сабраліся там, — усе да адзінага — плясалі і весяліліся”.

Без свайго калектыву не ўяўляюць жанчыны жыццё. Пераехала ў Балашэвічы і стала ўдзельніцай гурта Вера Васільеўна Прыгара. Пяцёра дзяцей выхоўвала, але знаходзіла і знаходзіць час для песень Надзея Аляксандраўна Прыгара. Хварэе, але ідзе на рэпетыцыі Марыя Андрэеўна Долбік. Не астаўляе любімую справу Галіна Васільеўна Гембіцкая. Падтрымлівае таварышак маладзейшая з артыстак Ганна Іванаўна Шуст. Не змаглі па пэўных прычынах выйсці на сцэну ў дзень нашага прыезду Ніна Васільеўна Скрупская і Ганна Канстанцінаўна Долбік.

Песні ў выкананні балашэвіцкіх артыстак і сапраўды ўнікальныя — і па гучанні, і з пункту погляду гістарычнага. Жанчыны перанялі іх ад сваіх матуль і бабуль, а ўвогуле карані песень губляюцца ў далёкім мінулым Балашэвіч, якім ужо 455 гадоў. “Не, не павінна памерці вёска, калі ёсць тут такія людзі, якім і ўзрост не перашкода, і ёсць тыя, хто з задавальненнем пераймае духоўную спадчыну і ўнікальную аўтэнтычную манеру выканання”, — падумала я. Тым болей што ў балашэвіцкіх артыстак новыя планы і новыя задумы, адна з якіх звязана нават з тэлевізійным праектам. Так што, дасць Бог, пабачым іх яшчэ і на экране.

Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

Последние новости

Общество

Состояние криминогенной обстановки на территории района и профилактика преступности стали темой координационного совещания в Глуске

30 июня 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко согласовал назначение руководителей в местных органах власти

30 июня 2025
Читать новость
Власть

Кадры, инвестиции, дисциплина в АПК. Как Лукашенко напутствовал новых председателей райисполкомов

30 июня 2025
Читать новость
Спорт

Команда «МАЗ-СПОРТавто» готовится к старту ралли-марафона «Шелковый путь — 2025»

30 июня 2025
Читать новость
Власть

На второй сессии Палаты представителей принято 67 законопроектов

30 июня 2025
Читать новость
Общество

Сильный эмоциональный проект. Жители Витебска встретили “Поезд Победы”

30 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем