Касілі, зграбалі, вазілі…
На Глушчыне да нарыхтоўкі зялёных кармоў далучыліся будаўнікі, выратавальнікі, транспартнікі, меліяратары, спецыялісты Белдзяржстраха і шэрагу іншых арганізацый. Дзясяткі чалавек прынялі ўдзел у раённым суботніку, што адбыўся 4 чэрвеня.
Надвор’е зараз спрыяе аграрыям, цяпло і дажджы гоняць у рост травы. Нарыхтаваць іх столькі, каб хапіла на сытную зімоўку жывёле, — вось галоўная задача, якая зараз стаіць перад раёнам. На яе выкананне нацэлены не толькі сельгасарганізацыі, але і іншыя прадпрыемствы і ўстановы. А суботнік, рэпартаж аб якім мы падрыхтавалі для чытачоў, — яшчэ адзін доказ адказнага стаўлення глушчан да паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў сельскай гаспадарцы раёна.
Меліярацыйны канал на тэрыторыі аграфірмы “Слаўгарадскі”, трава ў пояс, сялянскія косы, граблі, вілы… Канешне, не абышлося без вадбудаўскіх МТЗ з ротарнымі касілкамі, але і колішнія прылады для нарыхтоўкі кармоў тут былі не лішнімі. І людзі больш сталыя, якім трымаць касу ў руках не ў навіну, і юнакі, што жывуць на этажах і сена кароўкам ніколі не касілі, працавалі ладна, хутка, жартавалі і смяяліся. А як інакш? Разам жа добрую справу рабілі.
Папрацавалі няблага, за некалькі гадзін, пакуль не сабралася чарговая летняя навальніца, накасілі 10 тон. Нарыхтоўка кармоў прадаўжаецца…
І. ГРАМЫКА
Фота С. РУДЗІНСКАГА