Темы

Торфазавод “Бярозаўка”

Торфазавод “Бярозаўка”

Паселішча з такой назвай знаходзіцца ў нашым раёне, на ўсходне-паўднёвым ускрайку Глуска, праз колькі дзясяткаў метраў ад прадпрыемства, якое глушчане скарочана завуць “гаргаз”.

Узнікненне і развіццё гэтага пасёлка звязана з тарфяным балотам, зусім невялікім, якое прасціралася ад млына і да лесу. З аднаго боку балота былі выкапаны канавы, яны з’яўляліся яго асушальнай сеткай і, злучаючыся ў адзін доўгі канал, упадалі ў раку Пціч. Дык вось на ўскрайку гэтага балота і ўтварыўся рабочы пасёлак, жыхары якога былі заняты не ў сельскай гаспадарцы, а на распрацоўцы і нарыхтоўцы торфу. Балота ж тое скрозь было зарослае бярозавым хмызняком і мела назву “Бярозавае”, і пасёлак сталі называць “Бярозаўка”. Афіцыйную назву “Торфапрадпрыемства “Бярозаўка” рэдка хто  ўжываў, у розныя часы яно мела свае асабістыя назвы і арыенціры, як то: “торфапрадпрыемства”, “торфзавод”, “Бярозавае балота”, “хутар за прамкамбінатам”, пазней — “хутар за аўтабазай”, калі ж апошнюю перанеслі ў іншае месца, а прамкамбінат стаў мэблевай фабрыкай, то сталі казаць “хутар за мэблевай фабрыкай”.

Ёсць яшчэ адна назва хутара, звязаная са стараверамі, бо іменна стараверы, вельмі працавітыя людзі, сталі аднымі з першых пастаянных жыхароў торфапрадпрыемства “Бярозаўка”.

Прамысловая распрацоўка торфу ў Беларусі пачалася яшчэ ў XIX стагоддзі. Торф як недарагі від паліва патрэбен быў і на шклозаводах, і ў цагельных цахах. У часы савецкай улады тарфяному паліву адводзілася значная роля ў электрыфікацыі краіны. У пасляваенныя гады патрэбнасць у торфе значна павялічылася, што было абумоўлена ростам электрамагутнасцей краіны. У БССР на торфе працавалі Мінская ЦЭЦ-2, Магілёўская, Лідская, Бабруйская ЦЭЦ…

Галоўнымі пастаўшчыкамі гэтага паліва былі торфапрадпрыемствы, іх работу наладжвалі ў самых розных мясцінах, дзе толькі знаходзілі залежы торфу.

Адным з такіх прамысловых аб’ектаў і стала торфапрадпрыемства “Бярозаўка”. Першым яго кіраўніком у 1946 годзе быў назначаны Усцін Мікітавіч Шваякоў, былы камандзір партызанскага атрада імя Шчорса, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічаў на Глушчыне. У першы пасляваенны год Шваякоў працаваў намеснікам старшыні Глускага райвыканкама.

Пад кіраўніцтвам Усціна Шваякова сталі будаваць кантору прадпрыемства і інтэрнат для працаўнікоў, адначасова распачалася агітацыйная кампанія па найме рабочых для працы на торфапрадпрыемстве. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, дзесьці ў 1952—1953 гадах рабочы пасёлак торфапрадпрыемства “Бярозаўка” складаўся з канторы, трох жылых хат і інтэрната, у якім жылі мужчыны. Узначальваў прадпрыемства ў гэты час Кандрацьеў Малах Іванавіч, дзясятнікам быў чалавек па прозвішчы Аскерка. У 1953—1954 гадах пераехалі на торфазавод жыць і працаваць з Кісялевіч, што на Бабруйшчыне, сем’і Грыгор’евых, Асташовых, Аляксеевых, Зяньковых, Андрэйкіных, Удалеевых, якія да гэтага працавалі на торфапрадпрыемстве, што знаходзілася ў межах вёсак Туголіца і Татарка, і добра ведалі гэту справу.

Кантора была немалой, таму яе падзялілі на дзве часткі, у адной з іх пасяліліся некаторыя сем’і. Іншым далі месца ў інтэрнаце, камусьці нават па асобным пакойчыку. Торфазаводу ўлада раёна адпусціла на Раманаўшчыне лес для будаўніцтва, і гэты лес кіраўніцтва прадпрыемства размеркавала сем’ям. Спачатку дзесьці па пяць кубоў кожнай сям’і, а як распачалі будаўніцтва, то яшчэ дабавілі крыху, але ўсё роўна не хапала, успамінаюць жыхары пасёлка. Але не кідаць жа будаўніцтва, сваё жыллё кожнаму хацелася мець. Даводзілася красці бярвенні, каб закончыць хату. Гуртам збяруцца мужыкі, паедуць у лес ноччу, зваляць хвою, а то і дзве, прыцягнуць у пасёлак, за тую ноч і абсякуць дрэва, і абчэшуць, і ў сцену хаты ўкладуць, і смецце прыбяруць… А раніцай па следзе ў пасёлак прыходзіць ляснік Грыпінскі. Шукае і нічога не знаходзіць, след прывёў, а хвоі няма і злодзеяў няма. І такое было.

Каб пабудаваць хату, стараліся выбіраць месца на ўзгорку. Высякалі хмызняк, бо расчышчаных мясцін не было вакол. Рыхтавалі пляцоўку пад будаўніцтва, а галоўныя інструменты — лапата і сякера. Тут жа, каля будучай хаты, і агароды распрацоўвалі на ўскрайку Бярозавага балота. Усім працы хапала, гаравалі ад цямна да цямна, прыхопліваючы і ноч. Але дружна жылі.

Усё пасялкоўцы рабілі гуртам: хто лес валіў, хто галлё церабіў і сцягваў у лаўжы. Так разам збудавалі яшчэ адзін інтэрнат. У адной яго палавіне пасяліліся дзяўчаты, у другой — хлопцы. На торфапрадпрыемства працаваць наймалася моладзь з розных вёсак Глушчыны. У выхадныя дні выпраўляліся дзяўчыны ды юнакі дадому, ішлі пешшу (аўтобусы ж тады не ездзілі) — у Клетнае, Усцярхі, Турыно… Набіралі харчу на тыдзень і вярталіся на працу. З бліжэйшых вёсак на працу хадзілі кожны дзень — з Падзамшы, Дасціжэння, Хвастовіч…

З Балашэвіч на торфапрадпрыемстве, успамінае А. С. Жарнаклёва, працавала чалавек з дзесяць хлопцаў і дзяўчат. Кожную раніцу збіраліся разам, пераходзілі Пціч уброд, потым ішлі цераз поплаў, які меў назву Ляхавіца, і на торфазавод прыходзілі такім карацейшым шляхам, а вечарам — дадому вярталіся. І заўжды з песнямі, жартамі. Весела было. Вось так з ранняй вясны і да восені і хадзілі працаваць.

Праца за торфазаводзе была сезоннай. Грошай за яе плацілі зусім небагата, але і імі былі ўсе задаволены, бо ў гэты час у калгасах людзі працавалі “за палачкі”, а разлік за працу быў адзін раз, у канцы года. Тут жа кожны месяц разлічваліся грашымі, гэта было добрае падспор’е сем’ям, ды і самі працаўнікі калі-нікалі маглі паласавацца мяккімі пухлымі белымі булкамі ды цукеркамі-“падушачкамі”, якія прадаваліся ў ларку на торфапрадпрыемстве. Працавала ў гэтым ларку прыгожая жанчына Роза Духан.

Здабывалі торф спачатку толькі ўручную. Мужчыны, хлопцы ўскрывалі зямлю, здымалі яе зверху, даходзілі да торфу і пускалі ў працу “скрэпер” —  гэта такая спецыяльная прылада, якая выбірала тарфяную масу і пускала яе па стужцы з дошчачкамі, якія перасоўваліся па тросах. Калі з люлькі выходзіла тарфяная маса, рабочы з разаком  (прылада працы, падобная да лапаты) дзяліў гэты торф на цаглінкі. Звалі гэтых рабочых рэзчыкамі. Побач з рэзчыкам у пары працавала дзяўчына, якая падхоплівала хуценька тарфяныя цаглінкі і адкладвала роўненька ўбок — гэта былі хопіркі. Потым торф падбіралі, адносілі і складалі ў паленіцы, каб прасох. Пасля гэтага гатовы торф складалі ў доўгія высокія штабелі, часцей за ўсё трохвугольнай формы, з роўненькімі краямі. Насілі торф у асноўным жанчыны. Для гэтага былі плеценыя карзіны, ставілі поўную карзіну на плячо і неслі, так лягчэй было, чым у руках. А каб не націрала тая карзіна, шылі з ануч спецыяльную падкладку на плячо. Рэзалі торф да глыбіні, пакуль вада не паказвалася, а потым далей перасоўваліся на спецыяльных прыладах.

Пасля выбаркі торфу атрымліваліся глыбокія кар’еры, якія паступова запаўняліся вадою. А вада тая была чысценькая-чысценькая, да таго ж і вельмі смачная, расказвала колісь адна з першых перасяленцаў на торфапрадпрыемства Васта Цімафееўна Удалеева, 1937 года нараджэння. І калі хацелася піць, то воду чэрпалі з дапамогай шуфля з гэтага кар’ера і пілі, праганяючы смагу. Вадою з кар’ера і абмываліся, стоячы на беразе, бо пасля працы з торфам усе былі мурзатыя і чорныя, каторы раз адны зубы толькі бялізною свяці-ліся, як у тых неграў. Пілі ваду, мыліся ёю, і ніхто не хварэў.

Сухі торф са штабеляў адпускалі на патрэбы арганізацый раёна і жыхарам на паліва. Але большую частку яго прадавалі. Торф закуплівалі і ў Глушу, і ў Палажэвічы, і ў Старыя Дарогі, і ў Бабруйск… Грузілі торф на транспарт уручную. Летам часцей за ўсё на гэтай працы падхалтурвалі дзеці. Прыедзе машына на пагрузку — яны тут як тут, прапануюць сваю дапамогу. Грузілі гуртам, за дзень па дзве, па тры машыны, а то і болей. Меншыя дзеці працавалі асобна ад большых, бо апошнія крапчэйшыя, маглі і зарабіць больш. Так і атрымлівалася: малыя зараблялі ў дзень і па два рублі, і па чатыры рублі, крыху пазней — па шэсць рублёў. А Грыгор’евы хлопцы былі такія спрытныя, што маглі кожны зарабіць аж па 30 рублёў за дзень. Разлічваліся з грузчыкамі адразу пасля выканання працы.

Асноўным памочнікам у гэтай працы быў шуфель, калі каму хапала сілы яго падняць разам з торфам. Як зімою замятала дарогу да торфапрадпрыемства, то і тут у справу ішоў шуфель, каб расчысціць і даць магчымасць праехаць транспарту. Торф з балота вывозілі і зімою. Увосень альбо ўвесну дарога да пасёлка была вельмі гразкая, тады яе ўсцілалі розным ламаччам, голлем (добра, што лес побач) — рабілі грэблю.

У 1957 годзе на торфапрадпрыемства паступіла новая тэхніка. Гэта была дызельная рассцілальная машына (па-руску “стилочная”), якую рабочыя празвалі “самасцілам”. У гэтай машыны быў танкавы рухавік, і ўваходзі-ла ў гэты “самасціл” каля 30 тон тарфяной масы. Была яшчэ і машына, якая рэзала торф невялічкімі падоўжанымі круглячкамі, і ўсе звалі гэты торф “макароны”, а машына мела па-мясцоваму назву “КДП”.

Атрымала прадпрыемства і тарфяны камбайн, які быў разлічаны на 3,5—4 тысячы тон, рабочыя звалі яго “багер”. Для працы на гэтых машынах былі выдзе-лены людзі, якія прайшлі спецыяльныя заняткі. На машыне рабочыя працавалі ў дзве змены. Багершчыкамі былі Уладзімір Высоцкі і Сяргей Кушаль. Багершчык сядзеў на так званай “шпакоўні” і кіраваў працэсам здабычы торфу, гэта падобна на працу на экскаватары. На копачнай частцы такога камбайна стаяў паравы кацёл, і трэба было качагарыць, каб кацёл грэўся і машына працавала. Палілася тая качагарка торфам, качагарамі былі Ніна Давыдзько і Яўсей Міліцеевіч Андрэйкін, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Ён пайшоў на фронт у 1944 годзе, ваяваў у арміі К. К. Ракасоўскага, быў у дывізіі генерала П. І. Батава. На пачатку 1945 года пад горадам Данцыгам атрымаў цяжкае раненне, быў узнагароджаны ордэнамі Славы і Чырвонай Зоркі, медалямі. Тое раненне і асколкі ўсё жыццё давалі аб сабе знаць, але жыць і працаваць трэба было. “Багер” перасоўваўся па рэйках, кожная з якіх была даўжынёю два метры, а весам 80 кг. Рэйкі паміж сабою замацоўваліся металічным “башмаком”, каб не раз’ехаліся, паміж рэйкамі — шпалы. Праехала машына свой шлях па рэйках, іх перакладваюць далей альбо перацягваюць у іншае месца.

Зараз, канешне, цяжка ўявіць, як гэта ўсё было. Але ж было, аб чым сведчаць успаміны пасялкоўцаў. Калі здаралася на машынах якая-небудзь паломка, то давалі рабочыя з яе гудок, у кожнай свой, асобны. У канторы чулі гэты гудок і спяшаліся на дапамогу. Сувязі тэлефоннай такой, як зараз, у той час жа не было. Пазней з’явіўся ў канторы тэлефонны апарат, што ручкай трэба было круціць, ім карысталіся дзеля патрэбы начальства альбо хуткай дапамогі.

З набыццём тэхнікі праца на торфапрадпрыемстве пайшла значна спарней. Ужо ў ліпені 1957 года тут быў выкананы план здабычы торфу на 130, 3 %. Інжынерам тады працаваў В. Васілеўскі, дзясятнікамі (была такая пасада) — Жэня Дзешкавец, Іосіф Лук’янавіч Курылаў, удзе-льнік вайны, Рыгор Гаўрылавіч Грыгор’еў, таксама ўдзельнік вайны (трапіў на фронт у 1944 годзе, быў сур’ёзна паранены, узнагароджаны медалём “За адвагу”), Цярэнцій Зянькоў, Васіль Гнядзько… Рэзчыкам на торфапрадпрыемстве працаваў спрытны хлопец Саўка Марус, а хопіркай з ім у пары была зграбная, прыгожая дзяўчына Алена, з Усцярхоў. Разам працавалі ў пары, а потым і ажаніліся. Ды й не адны яны, шмат тады гулялі вяселляў. Знаёміліся ў пасёлку адразу ў невялічкім клубе, які меў назву “Ленкуток”, у ім круцілі і кіно, а потым, калі клуб  знік, мабыць, яго разбурылі ці каму аддалі пад хату, успамінаюць жыхары, то танчылі на “пятаку”, побач з ларком збіраліся кожны вечар. Часцей за ўсё на танцах іграў Іван Сталько з Падзамшы. І так хораша граў ён на гармоніку, што маладым хлопцам таксама хацелася навучыцца. Аднаму з іх, Грыгор’еву Грышу, бацька ўсё ж купіў гармонік, хоць і цяжка жылося, кожную капейку лічылі. Зразумеў бацька сынава жаданне, бо сам добра іграў на балалайцы і бубне. І навучыўся хлопец сам, без аніякай музычнай адукацыі, музыцыраваць. Вось гэта было жаданне.

Праз колькі год у пасёлку з’явіў-ся яшчэ адзін музычны талент-самавучка. Андрэйкінай Наташы было пяць гадкоў, калі яна ўзяла ў рукі стары бацькаў гармонік, на якім Яўсей Міліцеевіч добра іграў з самай маладосці. І, як кажуць, пад “мамін язык” вывучыла розныя песні, і прыпеўкі, і танцы. У 11 гадоў ёй купілі ўласны гармонік, бо грала так добра і хораша, што нават запрашалі яе часценька пайграць і на вяселлях, і на радзінах.

Маладыя браліся шлюбам, будаваліся, нараджаліся дзеці. І хоць была савецкая ўлада, але немаўлят стараліся пахрысціць. Каб менш ведала партыйнае начальства, то рабілі гэта тайком. Праваслаўныя хрысцілі хто ў вёсцы Гарадок, а хто ў Бабруйску, а стараверы — у Багушоўцы. Калі ж не было магчымасці туды даехаць, то гэты абрад магла выканаць Марфа Іванаўна Асташова, яна ж і адпявала памерлых.

Былі ў Марфы Іванаўны старажытныя святыя кнігі (выдання прыкладна 1500 года), якія яна ўмела добра чытаць, па іх і праводзіла царкоўныя абрады. Але кнігі тыя потым некуды зніклі, і няхай будзе гэты грэх, кажуць пасялкоўцы, на душы ў таго, хто іх узяў. Што магла, потым Марфа Іванаўна рабіла па памяці.

Праца ішла на торфапрадпрыемстве поўным ходам. Багата лю-дзей працавала з Глуска, прыязджалі новыя сем’і з розных куткоў краіны: Чарнавусы, Вопсевы, Панкрацьевы, Крупіны, Шчэпачкіны, Тупіцы… Іх усіх забяспечвалі жыллём, як і першых перасяленцаў. К 1959 году ў пасёлку было каля 10 хат і яшчэ будаваліся новыя.

Спачатку торфапрадпрыемства “Бярозаўка” падпарадкоўвалася і ўваходзіла ў склад прамысловай арцелі “Перамога”, што была арганізавана ў Глуску, кіраваў ёю Павел Міхайлавіч Юневіч. Потым жа перайшло да прамкамбіната, дырэктарам якога быў Уладзімір Мікалаевіч Сапега, было гэта ў 70-я гады ХХ стаго-ддзя. У гэты час выпрацоўка торфу паступова змяншалася, тут ужо застаўся працаваць адзін гусенічны трактар-машына па здабычы торфу, і Сапега У. М. яго прадаў у 1973 годзе. Балота аддало людзям свой запас паліва, і было прынята рашэнне аб закрыцці торфапрадпрыемства, якое чамусьці ў некаторых афіцыйных дакументах стала пісацца як торфазавод “Бярозаўка”, хаця завода там ніколі ніякага не было. Тым не менш у тагачасных пасведчаннях аб нараджэнні дзяцей напісана: “Т.З. “Бярозаўка”.

Торфапрадпрыемства перастала дзейнічаць, рабочыя пачалі ўладкоўвацца на працу ў Глуску. Многія пайшлі на прамкамбінат, які быў недалёка ад пасёлка. Гэты было зручна — і работа побач, і на дарогу багата часу не трэба траціць, і заробкі былі. Працавалі на камбінаце дарослыя, падрастаючы, прыходзілі іх дзеці. Былі цэлыя сямейныя дынастыі, як то: Грыгор’евы, Андрэйкіны… Першыя пасяленцы пасёлка, што добрасумленна працавалі на торфапрадпрыемстве, не баяліся ніякай работы, набывалі новую прафесію, хто бухгалтара, хто столяра, хто цесляра… З маладзейшага пакалення стала поварам вышэйшай кваліфікацыі Нікіціна Наташа. Не адно вяселле яна дапамагла зрабіць, упрыгожыць смачнымі стравамі, і ўсе былі задаволены. Яе брат Нікіцін Мікалай Маркелавіч служыў у арміі, прыйшлося быць і ў Чачні, падпалкоўнік, зараз працуе выкладчыкам у ваеннай установе ў Варонежы. У званні падпалкоўніка пайшоў у адстаўку і Грыгор’еў Іван Рыгоравіч. Майстрам сваёй справы стала Удалеева Наталля — повар-кандытар, яна прызнаны прафесіянал, выконвае розныя аперацыі па фармоўцы хлеба на хлебазаводзе, яе сястра Кацярына — швачка, добра, якасна і хутка выконвае працу па рамонце і пашыўцы адзення.

І так можна сказаць амаль пра кожнага жыхара пасёлка. Працавітыя бацькі выгадавалі такіх жа і дзяцей, шчырых і добрасумленных. Торфапрадпрыемства закрылі, але яшчэ каторы час праца на Бярозавым балоце не спынялася. З яго вазілі тарфакрошку на калгасныя палеткі. У выніку па ўсёй плошчы балота атрымалася шмат кар’ераў, запоўненых вадой. У іх пачало вадзіцца багата рознай рыбы. Былі тут і карасі, і ўюны, і ліні, і акуні з плоткамі. Каб лавіць гэтую рыбу, якая часам вельмі выручала, некаторыя жыхары пасёлка займелі нават свае лодкі. Каб не тая рыба, успамінаюць пасялкоўцы, то каторы раз і галадалі б. А так, не лянуйся, лаві — вось і ежа. Лавілі і на вудачку, і на венцер. Апошні від лоўлі быў забаронены. Міліцыя пільнавала і штрафавала. Але ж есці хацелася.

Паміж кар’ерамі, на клетках, садзілі бульбу, буракі, гарбузы, абкашвалі тыя кар’еры, сушылі траву, гэтае сена зграбалі і лясёнкамі наношвалі на плячах карове на цэлую зіму. На кані туды цяжка было заехаць, а пра якую-небудзь тэхніку, каб што з яе дапамогай зрабіць, і казаць немагчыма. Вось так — усё сваімі рукамі, на сваіх плячах — і гаравалі пасялкоўцы разам з дзецьмі, якія ўдзень хадзілі ў Глуск, у школу, а па вечарах і выхадных былі асноўнымі памочнікамі па гаспадарцы.

Торфапрадпрыемства не стала, а вось пасёлак “Торфазавод “Бярозаўка” застаўся жыць сваім паўсядзённым жыццём, са сваімі клопатамі. Быў ён у адну вуліцу, паабапал якой стаялі хаты, і была тая вуліца такая гразкая, з такімі вялікімі лужамі, што хоць грэблю рабі зноў. Увесну альбо ўвосень, ды і ўлетку, калі было дажджліва, прабіраліся пасялкоўцы да сваіх хат, трымаючыся за платы. І кладкі клалі, і падсыпку рабілі, а потым пачалі пісаць у райвыканкам з просьбай аб добраўпарадкаванні вуліцы. Нават у газету раённую сачынілі гумарыстычны артыкул. Тады, у 80-я гады ХХ стагоддзя, быў такі раздзел сатыры і гумару “Наш Вожык” у раёнцы. І, як кажуць, воз з месца скрануўся. Прыехалі, паглядзелі і, як падсохла, зрабілі добрую падсыпку, паднялі вышэй вуліцу. Добра стала, ужо можна было і на веласіпедзе праехаць. У тыя ж гады ўзнікла яшчэ адна праблема ў пасялкоўцаў. Справа ў тым, што насупраць торфазавода “Бярозаўка”, перад лесам, з левага боку ад шляху Глуск—Катка, былі зроблены адстойныя незакрытыя каналізацыйныя калектары з глускіх дамоў і прадпрыемстваў. Непадалёк працякала канава, якая ахінала пасёлак і выходзіла амаль да ракі. І вось, калі калектары каторы раз перапаўняліся, адходы траплялі ў гэту канаву, а потым з яе разліваліся па балоце. Мала таго, што вакол стаяў смурод, дык яшчэ загінула і ўся рыба ў кар’ерах. Вада ў калодзежах пасёлка стала з-за гэтых адстойнікаў салёная і непрыгодная для піцця, успаміналі жыхары. А раённая санэпідэмстанцыя выявіла, што ў калодзежах утрымліваецца багата нітратаў і яшчэ нейкіх шкодных прымесяў вышэй за норму аж у сем разоў. Прыйшлося зноў пасялкоўцам звяртацца ў райвыканкам, ды неаднойчы, нават падключылі да вырашэння пытання свайго дэпутата Л. Ю. Кірнажыцкую, якая сваёй настойлівасцю і патрабавальнасцю дапамагла закрыць праблему. У кароткі тэрмін рабочыя ПМК райаграпрамтэхнікі, якой кіраваў Дарафееў Я. Г., правялі на торфазаводзе “Бярозаўка” вадаправод. А вось адстойнікі тыя яшчэ доўгі час сваім смуродам атручвалі паветра пасёлка і наваколля. Толькі дзесьці ў канцы ХХ стагоддзя жыхары лёгка ўздыхнулі чыстым паветрам, бо пачалі працаваць новыя ачышчальныя збудаванні, што былі пабудаваны ў лесе, на Раманаўшчыне.

За гэты час усё балота зноў зарасло хмызняком, бярэзнікам ды месцамі чаротам, чорныя галоўкі якога ўвосень,  абсыпаючыся, белым пухам лётаюць у паветры.  З правага боку, як уязджаць у пасёлак, стаіць будынак, у адной палове якога жывуць людзі, — гэта той самы другі інтэрнат, у якім жыла моладзь, працуючы на торфапрадпрыемстве. А сам пасёлак, які зараз мае афіцыйную назву “Т.З.Бярозаўка. Глуск”, па тэрытарыяльным размеркаванні ўваходзіць у склад Глуска, і пасялкоўцы лічацца глушчанамі. Аднаго часу торфазавод “Бярозаўка” прымкнулі да вуліцы Калінкоўскага, як бы яе працяг, успамінаюць жыхары, але пачалася блытаніна з нумарамі дамоў, таму вярнуліся да ранейшага напісання.

Сёння, паводле падліку пасялкоўцаў, на торфазаводзе “Бярозаўка” пражывае 33 жыхары, восем з іх — школьнікі, складаецца пасёлак з 19 хат, тры з якіх лічацца дачамі. Блізкасць да Глуска дае магчымасць думаць, што торфазавод “Бярозаўка” будзе яшчэ доўга жыць.

Іна КІРЫНА

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

Последние новости

Общество

30 марта глусчан приглашают принять участие в акции «Час Земли»

29 марта 2024
Власть

Услышьте это все. Александр Лукашенко ознакомился с мероприятиями проверки боеготовности соединений и воинских частей в Ошмянском районе

29 марта 2024
Власть

Сергеенко и ряд других руководителей освобождены от прежних должностей в связи с переходом на выборные должности

29 марта 2024
Культура

АФИША ВЫХОДНОГО ДНЯ. Куда сходить и что посмотреть в ближайшие выходные

29 марта 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Дважды герой Советского Союза Степан Шутов

29 марта 2024
Общество

ЦИК Беларуси зарегистрировал 56 кандидатов в члены Совета Республики

29 марта 2024
Актуально

Министерство спорта и туризма проводит правовой мониторинг

29 марта 2024
Актуально

День правового просвещения и личный прием граждан прошел в Глусском УКП «Жилкомхоз»

28 марта 2024
Власть

Лукашенко: всякая финансовая деятельность должна быть подчинена интересам экономики

28 марта 2024
Год качества

В честь 100-летия Глусского района на территории детского сада № 4 Глуска заложили сосновую аллею

28 марта 2024

Рекомендуем

Актуально

К 100-летию Глусского района объявлен конкурс на лучший логотип. Положение о проведении районного конкурса

20 марта 2024
Культура

Семья Дербеевых представит Глусский район в конкурсе “Семья года”

20 марта 2024
Общество

Торжественное мероприятие ко Дню работников бытового обслуживания населения и жилищно-коммунального хозяйства состоялось в Глуске

22 марта 2024
Общество

Планы у дорожников большие. Интервью с начальником Глусского ДРСУ-213 Иваном Радько

21 марта 2024
Общество

Так в РОВД заведено. На заслуженный отдых проводили первого заместителя начальника Глусского райотдела

26 марта 2024
Общество

Александр Багель выдвинут кандидатом в члены Совета Республики от Глусского района

22 марта 2024
Год качества

Республиканская добровольная акция «Адновім лясы разам!» проходит в Глусском районе

25 марта 2024
Культура

Масленицу ярко и познавательно отметили глусские гимназисты

18 марта 2024