Глускі раённы выканаўчы камітэт узнагароджаны пахвальнай граматай Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь.
Глускі раённы выканаўчы камітэт узнагароджаны пахвальнай граматай Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь. Так ацэнена работа, якая праводзілася ў раёне ў 2015 годзе па рэалізацыі праекта “Адміністрацыйны рэгіён Беларусі — арганізацыя суайчыннікаў за мяжой”. Грамата падпісана Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Леанідам Гулякам. Першаму намесніку старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандру Гарбачэўскаму, пад старшынствам якога праходзіла мінулае пасяджэнне райвыканкама, грамату ўручыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, начальнік упраўлення культуры Алена Баброва.
І насамрэч, раён з гатоўнасцю падтрымлівае сувязі са сваімі суайчыннікамі, што жывуць за мяжой. Свой пасільны ўклад у гэта ўносіць і рэдакцыя. Скажам, летась, ды і раней таксама, наша газета друкавала лісты-ўспаміны былых глушчан, што зараз жывуць далёка ад сваёй малой радзімы, іншым дапамагала ў пошуках іх сваякоў і знаёмых. У мінулым годзе мы падрабязна расказалі пра абласны турыстычны злёт патрыятычных маладзёжных клубаў, які праходзіў на Глушчыне і быў прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння нашага земляка, капітана-разведчыка Аляксандра Юневіча, што загінуў на паўвостраве Рыбачым на мурманскай зямлі. Гэтай памяці і гэтым стасункам з глушчанамі, як і сустрэчы на радзіме салдата, паспрыялі сувязі мурманскіх краязнаўцаў і магілёўскага праваслаўнага патрыятычнага клуба “Перасвет”, аб чым на старонках “Радзімы” таксама пісалася не раз.
Мы і далей па меры магчымасці і ў сілу спецыфікі журналісцкай дзейнасці будзем падтрымліваць сувязі з суайчыннікамі за мяжой, беражна захоўваць іх памяць. Не дзеля ўзнагарод, зразумела, а таму што так павінна быць.
Т. ЛУГАВАЯ