Темы

Пастарнак, абрыкосы, муштарда, або Чым харчаваліся насельнікі Глускага замка

Заканчэнне. Пачатак 22.07.2016

Як гатавалі

У кожным замку для прыгатавання ежы была прадугледжана кухня, часта і не адна. Яна магла быць размешчана непасрэдна ў жылым доме, палацы або вежы (як у Глускім замку), магла быць прыбудовай (з XVII ст. — у Мірскім замку) ці асобным будынкам (Давыд-Гарадоцкі замак у XVII ст.). Кухня заўжды мела асобны выхад і складалася з некалькіх памяшканняў: пакоя, дзе стаяла печ для прыгатавання страў, нерэдка асобнага памяшкання для выпякання хлеба, аднаго ці некалькіх памяшканняў, дзе захоўваліся кухоннае начынне і прадукты. Непадалёк знаходзілася студня. У некаторых выпадках удалося археалагічна ідэнтыфікаваць кухні. Калі ў Мірскім замку яе месца вызначана пры дапамозе пісьмовых крыніц і знаходкі там не адзначаны ніякімі асаблівасцямі, то ля брамы Глускага замка комплекс артэфактаў мае вельмі спецыфічны характар. Тут культурны пласт на невялікім участку літаральна насычаны фрагментамі керамічнага кухоннага посуду, часта з тоўстым слоем нагару, велізарнай колькасцю костак жывёлы. А калі дадаць сюды ніжнюю частку гаршка з рэшткамі зёлак, лускі і костак рыбы — зусім проста вызначыць функцыю памяшкання і яго лакалізацыю. Археалагічна ўстаноўлены факт пазней быў пацверджаны інфармацыяй інвентароў канца XVII і XVIII стагоддзяў.

Розныя віды кухоннага посуду, а часам і стан косцевых рэшткаў, дапамагаюць высветліць, як гатавалі ежу. Міскі, мядніцы (вялікія місы, тазы, першапачаткова вырабляліся з медзі, маглі быць глінянымі. — Заўв. рэд.), драўляныя дошкі, сіты, спецыяльныя нажы прызначаліся для ачысткі і першаснай апрацоўкі харчовых прадуктаў. Разнастайнасць відаў кулінарных прыёмаў добра характарызуе калекцыя кухоннага посуду, у якім гатавалі стравы: гаршкі, рынкі (патэльні на ножках з ручкай, куды ўстаўляецца драўляны дзяржак. — Заўв. рэд.), макотры, патэльні, друшляк, бабачніцы (пасудзіны з вертыкальнымі ўмяцінамі па баках для выпякання бабак, пірагоў, кулічоў. — Заўв. рэд.).

Важным прадуктам быў хлеб, які пяклі як з мясцовага, так і з прывазнога зерня. У пісьмовых крыніцах згадваецца хлеб з жытняй, пшанічнай, нават грачанай мукі. Цеста замешвалі ў драўляных дзежках, а выпякалі ў “хлебных” печах. У інвентары Глускага замка1755 г. гаворыцца пра печ “для пячэння французскага”. Цеста для бліноў і булак рашчынялі ў керамічных макотрах, якія вельмі часта трапляюцца пры археалагічных раскопках замкаў. У пісьмовых крыніцах не раз згадваюцца бляшаныя формы для печыва. У выпечцы шырока выкарыстоўваліся разынкі і насенне маку, якія згадваюцца ў інвентарах і выяўлены археалагічна.

Мяса жывёл, птушкі і рыбы для лепшага захоўвання сушылі, салілі, вэндзілі: “гусі сухія”, “мяса сухое з ялоўцу”, “вяленая траска”. Свежае мяса апрацоўвалі тэрмічна: варылі ў металічных катлах і керамічных гаршках, пражылі ў гліняных латках і глыбокіх рынках, смажылі ў патэльнях, пяклі на ражне на адкрытым агні. Часта мяса гатавалі проста ў замкавых дварах. Сярод мясных страў, якія пастаўлялі з фальваркаў, пералічваюцца кумпякі, сала, “сальсасоны”, “лычыкі”, вяндліна з ласяціны, а таксама вэнджаная і сушаная птушка (“куры дымовыя”, гусі і качкі вэнджаныя), каўбасы, рыба салёная і вэнджаная. Селядцы ў бочках прывозілі з Гданьска і іншых прыморскіх гарадоў. У канцы XVII, XVIII стагоддзі мяса ўжывалі з соусамі, запякалі ў цесце як начынку.

Садавіны і гародніны найбольш было ў рацыёне жыхароў беларускіх замкаў летам і ўвосень, калі ix спажывалі пераважна ў сырым выглядзе — як асобна плады, так і ў выглядзе салатаў, прыпраўленых спецыямі і соусамі. Гародніна ўваходзіла ў склад гатаваных страў — розных супоў, салянак, а з садавіны і ягад ціснулі сокі, варылі кампоты і кісялі, рабілі морсы, настойкі. Для спажывання пладоў з гародаў і садоў узімку і вясной боб, гарох, садавіну і ягады сушылі, у драўляных кадках квасілі капусту, салілі гуркі, марынавалі грыбы. Са з’яўленнем цукру з садавіны і ягад пачалі варыць варэнне і канфіцюры.

Як елі

Для спажывання ежы прызначаліся спецыяльныя памяшканні — сталовыя. Яны былі добра асветлены, мелі шмат вокнаў. У цэнтры пакоя ці залы стаяў вялікі стол з лаўкамі ці крэсламі. Часта ў блоку са сталовымі былі яшчэ адзін-два невялікія пакоі, якія выконвалі ролю буфетных, адзін з іх меў выхад у сені. Буфеты маглі размяшчацца ў самой сталовай зале: гэта была зона, адгароджаная балясінамі, са спецыяльнай драўлянай мэбляй. Разнастайны сталовы посуд і прыборы — адна з найбольш пашыраных знаходак у культурным пласце беларускіх замкаў. Шматлікія фрагменты місак, талерак, збаноў, кубкаў і кубачкаў, скляніц і келіхаў, шклянак і стопак, лыжак, нажоў і відэльцаў дазваляюць рэканструяваць працэс ежы ў той ці іншы перыяд, атрымаць уяўленне пра развіццё культуры харчавання.

У ранні перыяд сталовы посуд цяжка назваць вытанчаным, ён мала чым адрозніваўся ад кухоннага. Яго выраблялі пераважна з дрэва і грубай гліны. На стале прадстаўнікоў найвышэйшай арыстакратыі можна было знайсці сасуды з каляровых металаў, а таксама імпартныя келіхі, кубкі, збаны.

З’яўленне хуткага ганчарнага кола вывела тэхналогію керамічнай вытворчасці на якасна новы ўзровень. Сценкі посуду становяцца больш тонкімі, формы — далікатнымі, аздабленне — разнастайным. Прымяненне палівы, якая пакрывала вырабы тонкім бліскучым слоем розных колераў, не толькі рабіла іх прыгожымі, але і значна паляпшала іх санітарна-гігіенічныя ўласцівасці. Прыкметна ўзбагачаецца асартымент сталовага посуду. З’яўляюцца талеркі, кубкі, кубачкі, куфлі, стопкі.

Паводле археалагічных звестак, керамічныя талеркі з’явіліся ў XVI ст. Варта адзначыць, што фрагменты самых ранніх талерак знойдзены менавіта ў замках. Да сярэдзіны XVII ст. талеркі былі даволі вялікімі — дыяметрам 26—32 см, меншыя талеркі, дыяметрам 18—22 см, сустракаюцца ў раскопках значна радзей. Гэтая акалічнасць сведчыць, найхутчэй, пра тое, што ў пазначаны час карысталіся толькі агульнымі талеркамі і міскамі. Ежу разразалі нажом і бралі лыжкамі і рукамі. У выніку рукі былі тлустыя, таму скляніцы для піцця выраблялі абавязкова з рыфлёнымі налепамі, каб сасуд не выслізнуў з рук. На працягу другой паловы XVII—XVIII ст. назіраецца тэндэнцыя змяншэння памераў талерак і місак. Большая частка гэтага посуду выраблялася з гліны, аднак сярод археалагічных матэрыялаў з беларускіх замкаў вядомы і знаходкі металічных талерак, напрыклад, алавяная з гербам Радзівілаў з Мірскага замка, якая датуецца канцом XVI ст. У XVIII ст. распаўсюджваюцца фаянсавыя талеркі самых разнастайных памераў.

Самым пашыраным і даволі ўніверсальным сталовым прыборам былі лыжкі, якія выразалі з дрэва. Яны адрозніваліся па форме ў залежнасці ад таго, для якой стравы прызначаліся: глыбейшымі елі рэдкія стравы. У XVI ст. з’яўляюцца металічныя лыжкі. Іх тронкі (ручкі. — Заўв. рэд.) звычайна ўпрыгожваліся. Гэтыя сталовыя прыборы знойдзены практычна ва ўсіх даследаваных археолагамі замках.

У канцы XVI ст. у замках з’яўляюцца металічныя відэльцы (жалезныя ці свінцовыя) з двума доўгімі зубцамі (вядомыя паводле археалагічных матэрыялаў з раскопак Крэўскага, Лідскага, Мірскага, Глускага, Шклоўскага замкаў). Тронкі іх, драўляныя ці касцяныя, часта аздобленыя разьбою, настолькі кароткія, што такімі відэльцамі браць ежу з агульнай талеркі было проста немагчыма. Гэтыя двухзубыя відэльцы — бадай, самае ранняе сведчанне фарміравання індывідуальнага сталовага камплекта, які складаўся з талеркі, лыжкі, відэльца і нажа. Цягам часу тронкі робяцца даўжэйшыя, а зубцы карацейшыя. У XVIII ст. колькасць зубцоў павялічваецца да трох, а прапорцыі становяцца такімі ж, як і ў сучасных відэльцах.

Прывабна выглядалі керамічныя збаны мясцовай вытворчасці. Іх пакрывалі бліскучай зялёнай палівай, упрыгожвалі наляпным і карбаваным арнаментам. З канца XV ст. у беларускіх замках пачынаюць з’яўляцца прывезеныя з нямецкіх прырэйнскіх гарадоў багата аздобленыя складаным рэльефам збаны і куфлі з каменнай масы. Фрагменты такіх сасудаў знойдзены пры раскопках у кожным замку.

У XVIII ст. прыкметна ўскладняецца кухня, этыкет спажывання ежы становіцца больш развітым. Назіраецца рэзкая дыферэнцыяцыя асартыменту сталовага посуду. Разам з універсальнымі сасудамі з’яўляецца посуд, спецыяльна прызначаны пад асобныя стравы ці прадукты харчавання: міска і ваза для супу, міска для салаты, кошык для масла, талерка для паштэтаў, збаночак для малака, імбрычак для гарбаты, збанок і філіжанка для кавы.

Увогуле, харчаванне ў гэты час падпа-радкоўвалася пэўнаму рытму, на які ўплывалі як сезонныя фактары, так і рэлігійныя забароны. У цэлым беларуская кухня XVI—XVIII стст. была мясной і тлустай, што характэрна для краін з халодным кліматам, паколькі такі рацыён дапамагаў папярэдзіць хваробы дыхальнай сістэмы.

Зразумела, пісьмовыя і археалагічныя крыніцы не дазваляюць ва ўсёй паўнаце рэканструяваць харчаванне ў замках, асабліва меню і тэхналогію прыгатавання складаных страў. Тым не менш нават кароткі і даволі павярхоўны агляд паказвае, што яны даюць агульнае ўяўленне пра гэты працэс, а больш уважлівыя пошукі і вывучэнне дазволяць папаўняць карціну новымі цікавымі дэталямі.

Па матэрыяле Ірыны ГАНЕЦКАЙ

Навуковы часопіс інтэрнэт-версія “Беларускі Гістарычны Агляд”

Последние новости

80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла сегодня в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

Первое заседание VII ВНС состоится 24—25 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Продлили контракт на правовом приеме! Какие еще проблемы помог решить профсоюз?

19 апреля 2024
Культура

Выставка работ учащихся Центра творчества Глуска открылась в районном музее

19 апреля 2024
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Отсрочки, штрафы и СМС‑повестки — о каких новациях нужно знать будущим призывникам

19 апреля 2024
Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024
Актуально

Когда судом применяется специальная конфискация

18 апреля 2024
Культура

Афиша Глуска: куда сходить и что посмотреть на досуге

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Происшествия

В центральном парке Глуска кто-то варварски вырвал скамейку

6 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024