Темы

Радавыя карані

Радавыя карані

Селішча Уладзіміра Васільевіча Басякова стаіць крыху наводшыбе ад іншых сялянскіх хат, якія доўгай вуліцай амаль што ўпіраюцца ў раку Пціч. І вуліца такая — у вёсцы Падлужжа, дзе і жыве наш герой. На мінулым тыдні мы завіталі сюды. Яшчэ да прыезду я мела шмат цікавай інфармацыі, якая тычылася яго асабістага жыцця. Яе расказаў родны брат Уладзіміра Васільевіча — Васіль Васільевіч Басяк, былы дырэктар Глускай школы № 2. Менавіта ён і падрадзіўся звазіць мяне ў Падлужжа, за што зараз вельмі яму ўдзячна. Мне пашчасціла пачуць і ўбачыць адразу столькі ўсяго цікавага, што потым эмоцыі так і білі цераз край.

Мне імпанавала, што падчас нашай размовы Уладзімір Васільевіч з вялікай павагай успамінаў свайго дзеда Івана. Складалася ўражанне, што гэты чалавек быццам бы знаходзіцца побач.

— Гэта селішча майго дзеда, — гаварыў Уладзімір Васільевіч. — Мне тут усё роднае і дарагое. Нават хату старую, якую дзед пабудаваў у 1939 годзе, не стаў разбураць. І шыльда на ёй засталася, для мяне яна гістарычная. Колькі гадоў мінула, а фарбы не пабляклі і надпіс чытаецца.

Карцела хутчэй убачыць гэты надпіс, і, забягаючы наперад, прыводжу даслоўны яго тэкст: “Здесь живет заслуженный колхозник к-за им. Калинина Босяков Иван Федосович”. І ён сапраўды жыве — у памяці і справах сваіх нашчадкаў. Менавіта дзед колісь навучыў сваіх унукаў працавітасці, а яшчэ казаў: “Унучкі, вам трэба вучыцца. Граматнаму чалавеку лягчэй жыць”. Непісьменны сам, жадаў сваім унукам лепшай долі. Толькі як сцягнуць аднаму ўсё гэта? Дапамогі не было ад каго чакаць. Дзедаў сын, бацька  Валодзі і Васіля, памёр яшчэ ў 1944 годзе. Іван Фядосавіч не пакінуў сям’ю сам-насам з бядою. У яго  былі яшчэ дзве дачкі, і разам з жонкай маглі пайсці жыць да іх, але засталіся з нявесткаю і ўнукамі. У той самай хаце, на якой захаваўся вышэйназваны ганаровы надпіс,  і сталі жыць упяцярых.

— У нас было шчаслівае дзяцінства, — успамінае Уладзімір Васільевіч. — Дзед так разумна і талкова вёў гаспадарку, што сям’я наша ніколі не галадала. І гэта пры жорсткай падатковай сістэме, калі прыходзілася плаціць за ўсё: за кожны куст, за кожнае дрэва, за кожную галаву жывёліны. У калгасе, дзе дзед працаваў цесляром, грошай не давалі, толькі ставілі палачкі за працадні. Таму падатак аддавалі натураплатай: яйкамі, мясам, малаком, нават попел з печы бралі. З гэтай нагоды раскажу адну цікавую гісторыю. У нас, як і ў кожнага вяскоўца, была карова. Усё малако, якое яна давала, ішло на падатак. А так хацелася папіць сырадою. І тут нам пашчасціла. Карова ацялілася і прывяла двойню. Адно цялё дзед здаў у залік падатку, а другое прадаў і на выручаныя грошы ў Бабруйску купіў ручны сепаратар. Дарэчы, ён захаваўся ў нас да сённяшніх дзён і нават у рабочым стане. Дык вось дзякуючы гэтаму  сепаратару мы сталі жыць больш заможна. Замест малака можна было здаваць масла, затое ў нас заставаўся адгон, а яшчэ маслянка. Адгонам мы забельвалі малочныя супы, а на маслянцы атрымліваліся вельмі смачныя бліны. Дарэчы, нашым сепаратарам пераганялі малако мае дзве цёткі і яшчэ трое аднавяскоўцаў. Атрымлівалася, што, акрамя нас, ён дапамагаў выжываць яшчэ пяці сем’ям. У знак падзякі адзін з аднавяскоўцаў, якога звалі Максім, даў дзеду крыху бульбы. Гэта была не звычайная бульба, яе клубні Максім прывёз з Германіі. Мы развялі тую бульбу і назвалі яе “максімавай”. Колькі гадоў яна давала вельмі добры ўраджай, расла на адным месцы і не выраджалася. Потым, калі пайшлі новыя сарты і мы пачалі эксперыментаваць і саджаць іх, наша “максімава” бульба сама сабой звялася. А шкада, можа б і да сённяшніх дзён яна была, хто яго ведае?

У пасляваенныя гады бульба была, як кажуць, на вагу золата. Цяжка паверыць, але за чатыры пуды клубняў можна было паставіць зруб. Той, хто будаваўся, наймаў часцей за ўсё чатырох чалавек, і яны працавалі некалькі дзён. У выніку кожны за работу атрымліваў пуд бульбы. Наш дзед таксама хадзіў у такія заробкі. І ўсё дзеля нас, каб было што паесці. Мы ж таксама, хоць і былі малыя, не сядзелі склаўшы рукі. Хадзілі на Пціч, якая была непадалёк ад нашай хаты, і штанамі, у якіх завязвалі калашыны, лавілі рыбу. Мы яе называлі печкуры. Смачныя потым з іх, перакручаных на мясарубцы, маці рабіла катлеты. Гэта цяпер купляй, што душа жадае, а тады елі, што прыходзілася. Нам з братам нават ласункі перападалі, а наўздагон за імі ад нашай бабулі Кацярыны перападала яшчэ і кія. А было вось што. Сядзіць наша бабуля на лаве і б’е ў маслабойцы масла. Мы знаходзімся побач, моўчкі назіраем, а самі аблізваемся, бы тыя каты. Ну як тут не спаку-сіцца на такую смакату? Хто мае ўяўленне, што такое маслабойка, той зразумее, пра што ідзе размова. Нам так хацелася хоць разок пальцам зачапіць смятаны, якая апетытна раз-пораз паказвалася над верхам маслабойкі, што ўстаяць было немагчыма. За гэта і атрымлівалі кія. Але мы не крыўдзіліся на бабулю, бо разумелі, што яна робіць правільна. Масла ж тое было на падатак.

 Усё дзяцінства і ўся маладосць Уладзіміра Васільевіча непарыўна звязаны з дзедам. Нават за свае хрэсьбіны ўдзячны толькі яму. Першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны, 2 жніўня, у сям’і Басяковых нараджаецца першынец. Але вайна вайной, а жыццё працягваецца. Хрэсьбіны маленькаму Валодзю зрабілі на дзедаву залатую дзесяцірублёвую манетку. Яшчэ перад вайной ён прадаў карову і за яе выручыў тры такія манеты, якія раздаў дзецям. Залатая дзесяцірублёўка бацькам немаўляткі прыйшлася якраз да месца.

Жыць не горш за іншых, каб не сорамна было перад сабой і перад людзьмі. Такі дзедаў наказ запомнілі на ўсё жыццё, а яшчэ не забывалі, што трэба вучыцца. Толькі ўдваіх адразу — ніяк. А вось па аднаму адвучыліся. Васіль паступіў у Аршанскае педвучылішча, і спасцігаць навуку яго адпраўлялі з чамаданам, купленым ад продажу 11 гусей. За птушку дзед выручыў 10 рублёў, а за чамадан заплаціў 8 рублёў. Так сталася, што вучобу брату, штомесячна пасылаючы яму па 10 рублёў, часткова аплачваў Уладзімір. На той час ён ужо самастойна зарабляў грошы. А потым ужо і сам у 1971 годзе паступіў у Смальянскі саўгас-тэхнікум, які знаходзіўся ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці. А ў кастрычніку 1973 года дыпламаваны спецыяліст вярнуўся ў калгас імя Калініна, дзе да гэтага працаваў шафёрам, і быў назначаны на пасаду галоўнага агранома. Калі гаварыць пра працоўную біяграфію, то Уладзімір Васільевіч увесь час рабіў толькі ў адной гэтай гаспадарцы. Даручалі яму і іншыя пасады. Быў яшчэ і брыгадзірам трактарнай брыгады, і інжынерам па сельскагаспадарчых машынах цэха механізацыі, і галоўным заатэхнікам. За добрасумленную працу кіраўніцтва гаспадаркі старалася заўсёды заахвоціць.

— Я двойчы пабываў на адпачынку, — гаворыць мой субяседнік. — Першы раз далі пуцёўку ў Румынію і Балгарыю.  У кожнай з гэтых краін правёў па 12 дзён. Другі раз адпачываў у Туапсе. Грошай на паездку не было, дык старшыня даў распараджэнне авансіраваць мяне з калгаснай касы. Як цяпер помню, далі 220 рублёў, і я паехаў. На гэтыя грошы не толькі добра адпачыў, але і накупляў гасцінцаў для сваёй сям’і. З паўднёвага курорту паслаў пасылку апельсінаў і пасылку грэчкі, якія былі ў нас у вялікім дэфіцыце. Для маіх дамашніх гэта быў вельмі дарагі пачастунак.

Былі ва Уладзіміра Васільевіча яшчэ дзве загранічныя паездкі — у Германію. І паехаў ён туды ў 1994 годзе, на заробкі. Вельмі ж хацелася купіць сабе легкавы аўтамабіль. Першы раз за месяц работы прыгнаў “Аўдзі”, якая, дарэчы, і зараз спраўна працуе. Яшчэ праз месяц, у другі раз, вярнуўся дадому на “Нісане”, які потым падарыў сыну. Дарэчы, і там, у Германіі, паказаў сваю працавітасць. Разам са знаёмым, які таксама быў там на заробках, жыў на кватэры ў прыватным доме. Гаспадар дома трымаў шмат жыўнасці: свіней, кароў, коней… Карміў іх з карыта, якое змайстраваў з разрэзанай папалам трубы. Атрымлівалася, што частка ежы, калі такое карыта нахілялася, проста вылівалася на зямлю. Не па-гаспадарску гэта, рашыў для сябе Уладзімір і прапанаваў немцу зрабіць драўляныя карыты. Той спачатку сумняваўся, а потым усё ж такі зга-дзіўся. А калі карыты прымянілі ў справе, быў вельмі ўдзячны Уладзіміру і нават яшчэ грошай заплаціў за работу.

Расказваючы пра сябе, мой субяседнік кожны раз зноў і зноў успамінаў дзеда. Не часта сустрэнеш чалавека, які б так моцна быў прывязаны да радавых каранёў. І не толькі на словах і ва ўспамінах. Любая рэч, якая засталася пасля дзеда, для Уладзіміра Васільевіча — святая сямейная рэліквія. Калі мы праходжваліся па двары, ён на хвілінку адлучыўся, а вярнуўся з вялікім драўляным чамаданам у руках.

— Гэтаму чамадану больш за сто гадоў, і зрабіў яго дзед сам, калі ішоў служыць у армію, — з гонарам паведаміў Уладзімір Васільевіч. — Па нашых мерках ён даволі цяжкі і вялікі, затое колькі рэчаў можна было сюды пакласці. Нават для прадметаў асабістай гігіены зроблена асобная палічка. І надпіс у вуглу чамадана захаваўся, там пазначаны імя і прозвішча дзеда. Ён хоць і не вучыўся грамаце, але пісаць і чытаць умеў. А яшчэ падчас службы ў арміі, было гэта ў Латвіі, у Рызе, быў аркестровым музыкантам, іграў на трубе. У яго было вялікае імкненне ўсё спасцігаць хутка, таму і навука, і музыка, і ўсё жыццё, калі глядзець збоку, даваліся яму лёгка і без перашкод.

Кажуць, што сапраўдны мужчына павінен за сваё жыццё пасадзіць дрэва, пабудаваць хату і вырасціць сына. Дык вось, у нашага героя ўсё гэта ёсць. Ён пасадзіў не адно дрэва, а цэлы сад, 35 год таму пабудаваў хату на дзедавым селішчы, упрытык са старой хатай, вырасціў сына, а яшчэ дзвюх дачок, якім даў вышэйшую адукацыю. Мае пяцёра ўнукаў і гадавалую ўнучку. І як тут не сказаць пра чалавека, які ўвесь час заставаўся “за кадрам”. Яго асноўная дарадчыца, надзейны сябар і памочніца — жонка. На жаль, Тамара Дзмітрыеўна, пакуль мы гасцявалі ў іх доме, адсутнічала. На тое была важная прычына — пайшла ў ягады, а дакладней, на сваёй “Аўдзі” ў лес яе завёз муж.  Нягледзячы на тое, што Тамары Дзмітрыеўны не было побач, яе прысутнасць бачылася ў многім: акуратна высаджаных кветках не толькі ў агародчыку, але і на вуліцы, дагледжаных градах, чыста прыбраным двары… Падумалася: вось яны, сапраўдныя гаспадары.

Нядаўна Уладзімір Васільевіч Басякоў адзначыў свой 75-гадовы дзень нараджэння. Несумненна, былі віншаванні ад родных і блізкіх людзей. Мажліва, юбіляр і песню заспяваў, і танец станцаваў. У маладосці, ды і потым да выпадку гэта ў яго атрымлівалася добра. А потым і мядком пачаставаў, бо яшчэ трымае пчол. Захапленне гэта не пакідае яго больш за 30 гадоў. Магчыма, не абышлося ў сям’і і без успамі-наў аб самых яркіх момантах жыцця. (Адзін з іх, напрыклад, звязаны з перадачай “Поле цудаў”, куды колькі гадоў таму праз знаёмага прэзентаваў Леаніду Якубовічу свой падарунак.) Радаваліся дзеці за свайго бацьку, з любоўю, загартаванай гадамі, глядзела на свайго мужа яго другая палавінка, весяліліся ўнукі. Няхай не крыўдуюць чацвёра другіх хлопцаў, але меншанькі Міколка ў дзеда самы любімы. Можа, таму, што малодшы і ў маленстве шмат часу праводзіў з дзедам. Падчас нашага прыезду ён таксама гасцяваў тут і, пакуль мы размаўлялі, ні на хвілінку не адыходзіў ад роднага яму чалавека. Вось гэта і ёсць радавыя карані дружнай сям’і Басяковых. Мне ж застаецца таксама пажадаць Уладзіміру Васільевічу як мага больш такіх шчаслівых і радасных дзён.

Вольга ЧУЧВАЛ

Фота аўтара

Последние новости

Власть

Лукашенко: основной реальный риск для Беларуси создает горячая точка в Украине

25 апреля 2024
Актуально

В Беларуси 25 апреля начинают выплачивать материальную помощь ко Дню Победы

25 апреля 2024
Общество

«Открой сезон без нарушений!». В Глусском районе 26 апреля пройдет единый день безопасности дорожного движения

25 апреля 2024
Духовность

Таинство Соборования пройдет в Космодамиановском храме в деревне Городок

25 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Общество

Профсоюзы Глусчины: движение вперед

25 апреля 2024
Власть

Заседание ВНС в качестве конституционного органа впервые состоялось 24 апреля, принятые решения подписаны избранным председателем

25 апреля 2024
Актуально

Об ответственности за распространение экстремизма

24 апреля 2024
Общество

Олег Дьяченко: “Наша сила – в единстве и сплочённости”

24 апреля 2024
Общество

День призывника состоялся в Глуске

24 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024
Общество

От досуга до спартакиады. «Афганцы» предлагают сделать турнир по бильярду в Глуске ежегодным

12 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024