У Дуброве на Мядовы Спас
Любяць у Дуброве народныя традыцыі. Вось і нядаўна, падчас свята Мядовага Спаса, удзельнікі мастацкай самадзейнасці сельскага клуба пад кіраўніцтвам яго загадчыцы Галіны Графавай сумесна з загадчыкам бібліятэкі Уладзімірам Дзяшчэнем падарылі жыхарам вёскі хвіліны цудоўнага настрою. Правесці абрад свята гасцінна запрасіў да сябе на пасеку мясцовы пчаляр. Іван Калошка частаваў усіх духмяным напоем, прыгатаваным па асабістым рэцэпце з кветак іван-чаю ды яшчэ завараным у колішнім самавары на лучынах. Ім у свой час карысталіся продкі пчаляра. А яшчэ да напою былі бліны з мёдам. Госці таксама прыйшлі не з пустымі рукамі, прынеслі з сабою абаранкі з макам і булачкі, ды не звычайныя, а з сюрпрызам. У кожнай з іх была схавана запіска з пажаданнямі. Пачастункаў было шмат, і іх хапіла не толькі непасрэдным удзельнікам абраду, але і ўсім, хто далучыўся да гэтага свята. Асабліва радаваліся дзеці, і не толькі пачастункам, але і гульням, якія былі для іх арганізаваны.
На пасецы доўга не змаўкаў людскі гоман, а яшчэ меладычна ліліся абрадавыя песні: “…Дзевачкі гуляюць, вяночкі сплятаюць. Пчолкі лятаюць, мёд сабіраюць. Мядовы Спас…” А хто жадаў, мог і патанцаваць. Пад вясёлую музыку ногі самі прасіліся ў пляс.
Вольга ЧУЧВАЛ
Фота Ірыны Мухі