Темы

Завулак Мельнічны Двор

Завулак Мельнічны Двор

У Глуску, амаль на самым беразе рэчкі, стаіць жылы дом.  Аб яго існаванні ведаюць, напэўна, толькі жыхары Слабады ды той, хто хаця б раз праходзіў каля яго, калі ішоў купацца на рэчку бліжэй да моста. За доўгі час, што я жыву на Слабадзе, у мяне не раз узнікалі пытанні: якім чынам тут пасяліліся людзі, на які адрас сюды дастаўляюць пісьмы і газеты? Але, каб дазнацца больш і задаволіць сваю цікавасць, усё неяк часу не хапала. А некалькі тыдняў назад калега запытала, ці ведаю я, дзе знаходзіцца завулак Мельнічны Двор. Па праўдзе сказаць, назву такую ў Глуску я ніколі не чула, але ўспомніла, што калісьці бацькі гаварылі пра млын на беразе Пцічы. А што, калі па такім адрасе знаходзіцца той самы дом каля ракі? Так і ёсць — маю здагадку пацвердзіла яго гаспадыня Марыя Дзмітрыеўна Тузік, у якой у пашпарце пазначана рэгістрацыя: завулак Мельнічны Двор. Справа ў тым, што ў гэтым месцы да 1958 года сапраўды быў млын, і сталыя глушчане, напэўна, яго памятаюць. Гэта зараз муку і хлеб розных гатункаў можна купіць у магазіне, а раней, амаль да 60—70-х гадоў мінулага стагоддзя, гэтыя прадукты кожная сям’я для сябе рыхтавала сама. Таму млын быў і для сялян, і для местачкоўцаў вельмі важным, можна сказаць, стратэгічным аб’ектам. Вось пра яго і расказаў мне адзін са старэйшых жыхароў Слабады Васіль Іванавіч Гнядзько.

— Млын быў драўляны, двухпавярховы, — распавёў Васіль Іванавіч. — На першым паверсе знаходзілася абсталяванне, а  мяшкі з зернем падавалі на другі паверх, дзе яго засыпалі. Спачатку млын быў вадзяны, а ў другой палове 20-х гадоў тут усталявалі паравы рухавік “Ланц”, за кошт чаго павялічылася вытворчасць. Калі жніво завяршалася, шмат сялян з навакольных вёсак везлі зерне ў Глуск малоць на муку. Бывала, што і на ноч прыязджалі, займалі чаргу. А мы, малыя хлапчукі, вельмі любілі вудзіць рыбу пад млыном, які быў размешчаны часткова на беразе, а прыкладна трэць будынка стаяла ў вадзе на палях (на слупах). З млына ў ваду час ад часу прасыпалася зерне, і рыба прыходзіла сюды карміцца. Вось тут мы і здабывалі вялікіх карасёў і яршоў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны млын таксама не спыняў сваю працу, хоць і гаспадары ў яго на некаторы час змяніліся. Выстаяў ён і ў перыяд актыўных баёў за Глуск у 1944-м. Пасля вайны, у 1950—1951 гадах, мне давялося тут папрацаваць. У гэтым доме, дзе зараз жыве Марыя Дзмітрыеўна Тузік, была кантора, і я там атрымліваў зарплату.  У 50-я гады млын адносіўся да прамкамбіната, і тут, акрамя размолу зерня, была яшчэ ваўначоска і лесапільня. На жаль, у 1958 годзе млын згарэў. Пажар быў такі моцны, што да палаючага будынка не можна было падысці бліжэй чым на 200 метраў. Напэўна, таму і не змаглі выратаваць млын — ён згарэў вельмі хутка, прыкладна за 20—30 хвілін. Новы млын для глушчан праз некаторы час пабудавалі, але ўжо на іншым месцы.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

Последние новости

Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить и что посмотреть в Глуске в ближайшие выходные

18 июля 2025
Читать новость
Актуально

Американская белая бабочка — опасный карантинный вредитель

18 июля 2025
Читать новость
Актуально

Собрались в Карнице земляки

18 июля 2025
Читать новость
Актуально

“Нельзя, чтобы уборочная проходила в небрежном режиме”. Вот какие вопросы обозначил перед аграриями Александр Лукашенко

18 июля 2025
Читать новость
АПК

Рейды по местам уборки, доработки и хранения зерна нового урожая провели инспекторы сектора надзора и профилактики Глусского РОЧС

18 июля 2025
Читать новость
Актуально

Налоговая напоминает, как использовать электронные накладные

17 июля 2025
Читать новость