Сацыяльнае жыллё
У Глуску вядзецца будаўніцтва сацыяльнага жылля: па вуліцы Гагарына з’явіцца 20-кватэрны жылы дом пад нумарам 39. Будаўнічыя работы тут пачаліся ў ліпені, канчатковы тэрмін будаўніцтва, паводле дагавора, — снежань гэтага года. Зараз ступень будаўнічай гатоўнасці аб’екта складае 21 працэнт, тут вядзецца кладка вонкавых сцен, вентыляцыйных шахтаў, цагляных і газасілікатных перагародак. Генпадрадчыкам выступае прадпрыемства “Магілёўаблсельбуд”, а Глуская ПМК-249 тут падрадчык, усе названыя работы на гэтым этапе будаўніцтва вядзе брыгада муляраў, якую ўзначальвае Генадзь Кісялевіч.
Як расказалі рэдакцыі ў аддзеле архітэктуры і будаўніцтва Глускага райвыканкама, ліміт выдзеленых сродкаў на гэты аб’ект з абласнога бюджэту складае 840,2 тысячы рублёў, з раённага — 59,8 тысячы. У новым доме будзе пабудавана 10 аднапакаёвых і 10 двухпакаёвых кватэр. Гэта жыллё сацыяльнага карыстання, і атрымаюць яго дзеці-сіроты, што стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Па інфармацыі аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, чарга з людзей гэтай катэгорыі зараз складае 108 чалавек.
Т. ЛУГАВАЯ