Больш як Br1,3 млн выдзелена са сродкаў сацстрахавання на асенняе аздараўленне беларускіх школьнікаў
У Беларусі на аздараўленне школьнікаў у перыяд асенніх канікул выдзелена Br1,34 млн са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Аб гэтым паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.
Магчымасць адпачыць і ўмацаваць здароўе на працягу шасці дзён на асенніх канікулах (пройдуць з 30 кастрычніка па 7 лістапада) у лагерах з дзённым знаходжаннем атрымаюць 62 тыс. 465 хлопчыкаў і дзяўчынак. Фінансаванне на гэтыя мэты выдзелена з разліку Br3,58 на адзін ложка-дзень, або Br21,48 на пуцёўку. У лагерах для дзяцей, пераважна малодшага школьнага ўзросту, традыцыйна арганізуюцца аздараўленчыя, культурныя, спартыўныя мерапрыемствы.
Зыходзячы з заявак рэгіёнаў, у Брэсцкай вобласці на асенніх канікулах у дзённых лагерах адпачнуць 8,5 тыс. школьнікаў, Віцебскай – 11 тыс., у Гомельскай – 8,9 тыс., у Гродзенскай – 5 тыс. 365, у Мінскай – 9,5 тыс., у Магілёўскай вобласці – 9 тыс., у Мінску – 10,2 тыс. дзяцей.