Темы

Падарожжа па родным краі. Касарычы

Падарожжа па родным краі. Касарычы
Вучні Касарыцкай школы, 1950 год

Працяг. 

За панскім часам

Падлеткі з 14 гадоў павінны былі пасвіць панскую жывёлу, меншыя — птушку. У сваіх асабістых гаспадарках трымалі сяльчане і свіней, і кароў, і авечак, і коней. Амаль у кожнай сям’і былі валы, на якіх і ездзілі, і зямлю аралі, запрагаючы ў ярмо. Сеялі лён, грэчку, кукурузу, буракі, розную гародніну, каноплі абавязкова, з іх вілі вяроўкі…

Млын, свіння і ветраная ступа

У Касарычах жыло шмат майстравых людзей. Рабілі тут дубовыя чаны для панскага бровара, і бочкі, і цэбры, і ступы, плялі розныя прыгожыя кошыкі з лазы… “У яго залатыя рукі, што ні вядро або даёнка — то грывеннік, а то й залатоўка, а за цэбар і два злотых”, — так не без зайздрасці казалі хлебаробы ды агароднікі-касарычане пра майстравых людзей, бо самім ім рэдка траплялі ў рукі грошы; казалі, што “на зямлі працаваць — не будзеш надта багаты, толькі гарбаты”.

Дзед Уладзіміра Гаўрылавіча Турлыкі, як успамінаў апошні, колісь нават зрабіў спробу пабудаваць ветраны млын, але нешта не заладзілася, і тады ён зрабіў ветраную ступу. На ўскраіне вёскі стаяў пусты свіран, нікому не патрэбны, бо стары быў і без даху. І вось гэты свіран дзед выкарыстаў для свайго вынаходніцтва — млына са ступай, каб была магчымасць чагосьці небагата змалоць. Уверсе гэтага прыстасавання быў зроблены вятрак, да кожнага з яго крылаў прывязана па таўкачы, а ўнізе, у свірне, пад ветраком стаялі дзве ступы. Вецер дзьме, вятрак круціцца — і ў кожную ступу трапляе таўкач, там таўчэцца зерне.

Дык вось, быў такі выпадак, звязаны з гэтым “мудрым” млыном. У Касарычах заўжды багата трымалі жывёлы, а па вясне ежа для яе заканчвалася амаль уся, карміць не было чым. Была такая прымаўка ў сяльчан: “Прыйшло Благавешчанне — шчука на нераст, а кароўка — на верас”. І выпускалі жывёлу ў лес: хоць чаго там назбіраецца. Выпускалі з хлявоў у поле і свіней, і свінаматак з парасяткамі, каб у зямлі парыліся, карэньчыкамі падсілкаваліся. Дык вось, адна са свінаматак учула ў полі пах зерня і дапнула ў гэты стары свіран, бо быў ён не толькі без даху, але і без дзвярэй. Усадзіла галаву ў ступу, пачала яе вылізваць, а тут вятрак крутануўся, і ўпаў таўкач на галаву свінні і забіў яе. Гаспадару нічога не заставалася, як абсмаліць жывёліну і пусціць яе на ежу.

Пасля гэтага выпадку справа з той ветраной ступай была скончана. Усе сяльчане карысталіся толькі агульным млыном, таксама самаробным, але іншай, больш надзейнай канструкцыі. Пасярод поля стаяў вялізазны камень, на ім ляжаў другі, да яго прывязана доўгая палка. Паміж каменняў — гняздо, у якое засыпалі зерне. Да палкі лейцамі прывязвалі пару коней. Коні хадзілі па крузе, камень круціўся, зерне пераціралася, і знізу па жолабе сыпалася ў посуд мука. А коні былі да гэтай працы падабраны такія разумныя, што як толькі зерне заканчвалася, яны адразу ж спыняліся самі — значыцца, засыпай зноў. Аднойчы сядак, што сядзеў на адным з гэтых коней, зваліўся, бо заснуў ад манатоннай кругавой язды, дык коні яго пераступілі і патопалі далей, па крузе.

Лес, рака — прыроднае багацце

Цяжкая была праца без тэхнікі, але чалавек прызвычайваўся да ўсяго. Зрабілі майстры-касарычане для сваёй вёскі і крупадзёрку: з проса рабілі пшонныя крупы, а з грэчкі — грэчневыя. Была і свая ваўначоска. Авец жа трымалі ўсе, бо яны былі галоўнымі “пастаўшчыкамі” адзення. Дык вось, воўну часаць прывозілі ў Касарычы аж з Беркава, гэта кіламетраў за 30, і з іншых вёсак. Добрай карміцелькай для сяльчан была рака Пціч — чыстая і рыбная, бо ў яе колісь не ўпадала ніводнага прытоку з бруднай вадой. Вадзілася тут, як успаміналі сяльчане, багата рознай рыбы — велізарныя самы, шчупакі, язі, а ўжо плотак ды іншай рыбы колькі было! Без улову ніхто ніколі не вяртаўся. Плавалі па рацэ на самаробных лодках-самагубках. Праўда, і карчоў розных у рацэ было багата, калі маглі іх дастаць, то выкідалі на бераг. А перад Вадохрышчам, калі маразы браліся вялікія, лёд рабіўся тоўсты, і з-за гэтага ў рацэ была “прыдуха”  — не хапала рыбе свежага паветра, то рабілі лункі. Прабівалі лёд сякерамі і ставілі на рыбу венцер (гэта рыбалоўная снасць), і за ноч рыбы набівалася столькі, што ледзь выцягвалі. Назапашвалі яе па некалькі мяшкоў, што засольвалі, што вялілі, — да вясны хапала есці… У гады вайны вяскоўцы назіралі, як па рацэ плыло багата рыбы мёртвай. Плылі і самы — “што тыя вялікія трэскі”. Магчыма, ад снарадаў і бомбаў такое здарылася. Вайна ж — для ўсіх бяда.

Мясцовасць у ваколіцах Касарыч з даўніх часоў была балоцістая і лясістая. Птушак розных там вадзілася багата. У лесе жылі ласі, дзікія козы, ваўкі, лісіцы, зайцы, куні-цы, тхары, нават былі мядзведзі, кабаны… Сустракаліся цэлыя вывадкі парасят — рудых, з чорнымі палоскамі. Шмат было і розных гадаў.

Лес быў галоўным багаццем уладальніка Касарыч. З дрэў будавалі баркі на Пцічы, рабілі клёпку, грузілі ў баркі і ганялі плыты па Пцічы і Прыпяці, у Крэменчуг і нават у Херсон. Адмысловым  майстрам барак слыў войт Лаўрэін, ён жа вадзіў баркі і плыты цераз дняпроўскія парогі. Майстар, адным словам. Сялянам было пры панах цяжка, а вось дваровым (хто служыў пану і жыў пры маёнтку) жылося за панамі лепш. Адам Багдановіч пісаў у сваіх успамінах: “Мой отец, сопоставляя прошлое с настоящим, не без зависти и досады говорил:  — Якая майму бацьку была забота насчет выхованьня дзяцей? Усё пан кіроваў, як яму хацелася… Чаму майму бацьку было ня жыць? Якій яму быў клопот (заботы)? Ніякого клопоту не знаў: на ўсём гатовым. Рабі сабе дзяцей — дый годзе! На ўсіх андынарыя (месячная натуральная плата прадуктамі і адзеннем; такую плату памешчыкі выдавалі прыгонным сялянам, якія не мелі ў сваім карыстанні зямлі і працавалі на памешчыцкім полі. — Заўв. рэд.) ішла с панскаго свірна (амбара). Яму андынарыя, жонцы андынарыя і на дзяцей андынарыя (иначе — месячына). Пуд мукі і пуд прыварку; круп — ячных, просяных або грэцкіх, аўсянай мукі на кісель ці бліны, а акрасы2 фунты сала ці алею і2 фунты солі. Радзіўся дзяцёнак — прыбыль: і на яго ідзе месячына, праўда, малая, удвое абы ўтрое меней, алі хватала і навэт аставалася. Карову трымалі ў панскім стадзі, свіней кармілі, куры свае — чаго яшчо трэба? Грошы мало плацілі, а на адзёжыну хватало. I так-сяк — хватало на кварту гарэлкі ў нядзелю. Гэто ўжо безпрыменна: без гарэлкі — што ж за свята? I чаго іна стоіла, гарэлка? Тры капейкі кварта (кварта=0,70577 літра). Патом ужо стала дзесятка… Ай, як дорага! — гаварылі. А то пойдзеш к падвальнаму, чаго-нібудзь яму паднясеш, там пяток яечак, кусок сала, ці што, — ён табе і нацэдзіць поўны лівер у пляшку. Піва, гарэлкі было, як вады. Хто там яе мерыў? Ат, вядома, рука руку мыла…”. А паненкі нават спрабавалі сялянскіх дваровых дзяцей вучыць грамаце ды польскай мове. Хто жадаў — вучыўся, а хто не — то лепш свіней пасвіў. Што мужыку грамата непатрэбна — гэта было асноўным меркаваннем як у вярхах, так і ў нізах.

Школа

Тым не менш у Касарычах была адкрыта адна з першых пачатковых школ у раёне, дзесьці ў 1862 годзе (паводле іншых дакументаў, у 1863-м). Школа гэта называлася “народнае вучылішча” і размяшчалася спачатку ў грамадскім доме, але ў хуткім часе для яе быў узведзены новы будынак. На яго ўтрыманне з дзяржаўнай казны штогод адпускалася 200 рублёў.

У 1888/1889 навучальным годзе ў народным вучылішчы асвойвалі навуку 31 хлопчык і чатыры дзяўчынкі. У 1891 годзе было 48 вучняў — 40 хлопчыкаў і 8 дзяўчынак. Мела школа чатыры аддзяленні.

Пасля 1917 года на базе дарэвалюцыйнай школы была створана працоўная школа першай ступені, якой выдзелілі тры з паловай дзесяціны зямлі. У 1924 годзе ў школе навучалася 115 дзяцей. Навука была простай: чытанне, пісьмо і арыфметыка, а яшчэ спевы, геаграфія. Пад школу аддалі былы царкоўны будынак. Па адных успамінах, спачатку школа размяшчалася ў будынку царквы, па другіх — у былым доме святара, у канцы вёскі, на самым відным месцы, насупраць царквы. Паміж царквою і школай была прасторная, нічым не занятая плошча, куды на перапынках выбягалі вучні гуртам, каб адпачыць, пагуляць у даганялкі ці ў лапту, кідалі каменьчыкі — хто далей і вышэй, скакалі цераз вяровачку… Па суседстве знаходзіўся новы дом святара з вялікім садам, абнесены добрым плотам, а за ім быў спуск да ракі Пціч.

Вучні ў школу хадзілі пагалоўна ўсе ў лапцях, з палатнянымі саматканымі торбачкамі цераз плячо. У школу ішлі, топчучы гразь, бо вясной і ўвосень, у час дажджоў, Касарычы, якія працягнуліся ўздоўж ракі, патаналі ў непралазнай гразі, але ішлі шчаслівыя, як на свята, гордыя ад усведамлення,  што — вучні. У школе вучыліся дзеці не толькі з Касарыч, але і з Замасточча, гэта болей чым за тры кіламетры, і з Заракушы, за кіламетр ад школы. Пасля заканчэння вучобы дзеці здавалі экзамены. Для здачы пісьмовага экзамена ўсе вучні выпускнога класа школ, размешчаных на тэрыторыі Каткаўскага сельсавета, збіраліся ў школе ў вёсцы Катка. Тут былі дзеці з Бабровіч, Беркава, Касарыч… Вынікі экзаменаў падводзіліся ў той жа дзень, і вучням уручалі пасведчанне аб заканчэнні пачатковай школы.

Можна было працягваць вучобу далей у Глускай сямігодцы, якая была адна ў раёне, але жадаючых амаль не знаходзілася — было надта дорага. А вось калі ў 1931 годзе адчынілі сямігодку ў Катцы, дзеці з Касарыч сюды пайшлі ў пяты клас, у тым ліку і тыя, хто прапусціў год вучобы і болей, — усе, хто жадаў вучыцца, нягледзячы на ўзрост. У першы набор адзінага пятага класа Каткаўскай сямігодкі хадзілі Янка Юневіч, Мікіта Галавань, Васіль Канавалаў, Аляксандр Пінчук… — тыя, хто скончыў Касарыцкую пачатковую школу, хадзілі і з іншых вёсак сельсавета.  Атрымліваць веды дзеці хадзілі аж за 7 кіламетраў кожны дзень: сем — туды, сем — назад. Асабліва цяжка было ўвосень і ўвесну, калі ішлі дажджы. Дарога з Касарыч да Каткі пралягала па вельмі балоцістай мясцовасці  і часта па ёй немагчыма было праехаць, таму дзяцей ніхто ніколі не падвозіў. Касарычане здаўна былі прывучаны хадзіць пешшу. Калі трэба куды — сабраўся чалавек па справах у суседнюю вёску, ці ў Глуск, ці ў Бабруйск нават — узяў торбачку з якім-небудзь правіянтам і пашыбаваў пешшу. Так і дзеці з маленства былі прывучаны хадзіць пешшу, таму збіраліся гуртам і ішлі. Баяліся толькі хадзіць позняй восенню і ў Піліпаўку, калі цямнела рана, а світала позна: ваўкоў было багата.

Летам усе дзеці дапамагалі дарослым па гаспадарцы. У сенакос — варочалі сена, зграбалі, некаторыя старэйшыя нават дапамагалі стагаваць, у час жніва — насілі бацькам у баклажках у поле свежую халодную ваду з калодзежа альбо з крыніцы, зносілі снапы і складалі іх у бабкі, нават жалі жыта сярпамі, пад наглядам бацькоў. Тыя, хто заставаўся дома, упраўляліся па гаспадарцы: кармілі свіней і іншую жывёлу, даілі кароў, к прыходу бацькоў з поля, з працы варылі вячэру, у асноўным “паронкі”. Хадзілі ў лес па ягады і грыбы, часцей за ўсё гуртам, чалавекі па 3—4, бывала з дарослымі, але часцей адны. Аблюбаваным месцам за ракою Пціч было ўрочышча “Падгорнае”, дзе гэтага дабра хапала. Збірай, абы ахвота была. Але дабрацца туды было няпроста: кіламетра паўтара, а то і два — на лодцы па рацэ, а потым з кіламетр — пешшу. Калі каторы раз улетку дзеці былі вольныя ад хатніх спраў, то бацькі адпускалі іх на раку, малодшых са старэйшымі. Хто плёскаўся каля берага, хто вучыўся плаваць, бывала, што і танулі, і выцягвалі адзін аднаго з вады.

З цягам часу пачатковая касарыцкая школа была рэарганізавана ў сямігодку, і заняткі праводзіліся ў былым царкоўным будынку.

Выхаванне ў сем’ях было строгае, усе падпарадкоўвалі-ся старэйшаму члену сям’і. Да бацькоў дзеці звярталіся толькі на “вы”, іншая манера была не прынята ў сяле. Бывала, але толькі, як зараз кажуць, у “нядобранадзейных” сем’ях, дзеці дазвалялі сабе звяртанне на “ты” да бацькоў. Гэта вельмі асуджалася і разглядалася як недазваляльная грубасць, з такіх усе смяяліся, бацькі не дазвалялі з такімі сябраваць. Павага да старэйшага — аснова ў сям’і, за непаслухмянасць, грубіянства дзеці падвяргаліся пакаранню. Вось так, з павагай да дарослых, у паслухмянасці, працы і з вялікім жаданнем вучыцца, і раслі касарыцкія дзеці, але жыццё ўжо рыхтавала ўсім цяжкае выпрабаванне: немцы напалі на нашу краіну. І дзеці, прывучаныя ўвесь час дапамагаць дарослым,  і тут знайшлі сабе працу — яны збіралі розную зброю, што заставалася пасля адступлення нашых войскаў, і перадавалі дарослым, якія ведалі, што з ёй рабіць. Крыху пазней некаторыя падлеткі і самі сталі ваяваць супраць ворагаў.

У тыя далёкія ваенныя гады дзяцінства і жыццё скончылася для Катарскага Івана Раманавіча і Юневіча Паўла Фаміча. Яны былі партызанамі і загінулі ў 1943 годзе. У 1944-м не стала Турлыкі Мікалая Гаўрылавіча, які партызаніў у атрадзе імя Калініна. Атрымаў раненне, трапіў  спачатку ў Бабруйскі лагер смерці, а потым быў вывезены ў Польшчу і вярнуўся з вайны інвалідам партызан Васіль Ігнатавіч Галамака. Дзеці-падлеткі, багата, ой, багата выпала на іх долю гора і слёз, а яны яшчэ і абаронцамі сталі, ды ці толькі яны…

1 верасня 1944 года Касарыцкая сямігодка аднавіла сваю працу. Па ўспамінах былых вучняў, у розныя гады ў школе працавалі Аксіння Адамаўна Пінчук, Надзея Паўлаўна Грабко, Раіса Васільеўна Шырко, Валянціна Русіна, муж і жонка Манкевічы выкладалі біялогію і гісторыю, Павел Кузьміч Кормаз і яго жонка Ірына Аляксандраўна — літаратуру і замежную мову. Працавалі ў асноўным у школе касарыцкія настаўнікі ды, калі іх не хапала, яшчэ маладыя настаўнікі з Глуска, якія завочна вучыліся ў педагагічных ВНУ. Яны прыязджалі на ўрокі, а часцей за ўсё жылі па кватэрах у вёсцы, бо транспарт хадзіў рэдка. А вось Надзея Кірылаўна Бараш працавала тут настаўніцай пачатковых класаў і кожны дзень хадзіла на працу з Замасточча. Адпрацуе ўсе свае ўрокі, а потым яшчэ дзяцей пасля заняткаў у школе астаўляе, калі хто што не вывучыў альбо двойку атрымаў,  дапамагала, растлумачвала. І так кожны дзень, без ніякіх грашовых даплат, галоўнае, каб дзеці атрымалі патрэбныя веды. Дырэктары школы мяняліся, аднаго часу тут працавалі Васіль Пятровіч Маслаў і Міхаіл Марцінавіч Багук з Каткі, ён быў на вайне, удзельнічаў у ліквідацыі гітлераўцаў у катле пад Бабруйскам, вызваліцелем ступіў і на зямлю глускую, прайшоўшы па паўночна-заходняй яе ўскраіне — вёсках Завалочыцы і Сіманавічы.

У школе былі піянерская і камсамольская арганізацыі. Да  дваццацігоддзя  вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў навучэнцы Касарыцкай васьмігодкі, якой стала к гэтаму часу школа, напісалі летапіс аб жыхарах вёсак Касарычы, Заракуша і Замасточча — удзельні-ках Вялікай Айчыннай вайны.

Цікава вучням было ведаць, як жыў раней камсамол, як і што з дапамогай камсамольцаў рабілася ў Касарычах, як склаўся лёс першых камсамольцаў. А ён быў ва ўсіх розны. Васіля Касько камсамольская ячэйка накіравала на вучобу ў інстытут, а затым ён скончыў ваенную акадэмію. З першых дзён вайны — на фронце, на розных камандных пасадах, дайшоў да Берліна, быў паранены. Пасля, як паправіўся, працаваў выкладчыкам ваеннага вучылішча ў Мінску. Палкоўнікам стаў Уладзі-мір Кузьміч Коўзун, працаваў пракурорам у Оршы Сямён Паўлавіч Казлоў, а Іван Сцяпанавіч Пацай — пчалаводам калгаснай пасекі. І вось вучні школы да 50-годдзя камсамола сабралі матэрыял аб камсамольскай арганізацыі вёскі. У выніку атрымаўся добры, прыгожа аформлены альбом гісторыі жыцця вяскоўцаў. Пакуль  існавала Касарыцкая школа, яе вучні пастаянна даглядалі магілы воінаў і партызан, ускладалі да помнікаў жывыя кветкі і вянкі.

 У 1986 годзе Касарыцкая васьмігодка была закрыта. Усе дзеці пачалі хадзіць у школу ў Катцы. А калгасны сад, які садзілі школьнікі і жыхары вёскі (кіраваў гэтай добрай справай і прымаў у ёй непасрэдны ўдзел былы вучань школы Васіль Ігнатавіч Галамака), дасюль жыве і пладаносіць, як жывы помнік таму часу.

Іна КІРЫНА

Фота з архіва Аляксандра ЛАБЕЙКІ

Працяг будзе

Последние новости

Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024
Власть

Лукашенко: основной реальный риск для Беларуси создает горячая точка в Украине

25 апреля 2024
Актуально

В Беларуси 25 апреля начинают выплачивать материальную помощь ко Дню Победы

25 апреля 2024
Общество

«Открой сезон без нарушений!». В Глусском районе 26 апреля пройдет единый день безопасности дорожного движения

25 апреля 2024
Духовность

Таинство Соборования пройдет в Космодамиановском храме в деревне Городок

25 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Общество

Профсоюзы Глусчины: движение вперед

25 апреля 2024
Власть

Заседание ВНС в качестве конституционного органа впервые состоялось 24 апреля, принятые решения подписаны избранным председателем

25 апреля 2024
Актуально

Об ответственности за распространение экстремизма

24 апреля 2024
Общество

Олег Дьяченко: “Наша сила – в единстве и сплочённости”

24 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024
Общество

От досуга до спартакиады. «Афганцы» предлагают сделать турнир по бильярду в Глуске ежегодным

12 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024