Темы

Падарожжа па родным краі. Касарычы

Падарожжа па родным краі. Касарычы

На касе каля ракі

Вёска Касарычы знаходзіцца на поўдні нашага раёна, за 21 кіламетр ад Глуска і за сем кіламетраў ад шляху, што вядзе з Глуска на гарадскі пасёлак Акцябрскі. Да чыгуначнай станцыі імя Бумажкова —10 км, да абласнога цэнтра — каля200 км. Размясцілася адна са старэйшых вёсак Глушчыны на беразе ракі Пціч, што ціха і павольна нясе свае воды, над якімі нізка схіліліся вербы, якія нібы хочуць апавядаць аб доўгім веку вёскі Касарычы і лёсах яе жыхароў. Бо жыццё вёскі, яе насельніцтва і ракі цесна паміж сабою звязаны. А век Касарыч і сапраўды доўгі. Людзі тут, на беразе ракі Пціч, жылі з даўніх-даўніх часоў. Аб гэтым сведчаць даследаванні, якія праводзіліся ў 2000 годзе вучоным В. Ф. Капыціным. На паўднёвай ускраіне Касарыч, ва ўрочышчы Курганне, на правым беразе безымяннага ручая, які з’яўляецца правым прытокам ракі Пціч, быў знойдзены курганны магільнік. Дакладную колькасць насыпаў не змаглі ўстанавіць, бо магільнік гэты ў 1980-х гадах ХХ ст. быў разбураны. А на беразе кар’ера, што тут з’явіўся, былі знойдзены рэшткі ганчарнай керамікі старажытнага часу. Як расказвалі мясцовыя жыхары, пры разбурэнні курганоў знаходзілі і чалавечыя косці. Ды і назву сваю — Касарычы — вёска атрымала ад таго месца, дзе пачала сваё жыццё. Назва гэта складаецца з двух слоў: “каса”, што азначае “доўгая вузкая мель, якая ідзе ад берага побач з асноўным рэчышчам”, і “рэчка”. Жыхары тлумачаць назву тым, што тут ідзе каса ракі Пціч, якая месцамі даходзіць аж да самых агародаў.

У архіўных крыніцах вёска Касарычы згадваецца з 1539 года, уваходзіла яна ў склад Навагрудскага павета Вялікага Княства Літоўскага. У 1560 годзе Касарычы адносіліся да Мазырскага павета Наваградскага ваяводства. Як сведчыць вопіс, складзены ў 1593 годзе, Кіева-Пячэрскі манастыр меў у глускіх землях так званыя прывілеі, атрыманыя ім у розныя часы ад розных князёў, якія некалі валодалі тутэйшымі землямі. Гэта быў прывілей князя Сямёна Сямёнавіча “на имене у Глуской волости на Косоричи”, прывілей княгіні Ульяны Юр’еўны на “имене у Глуску на Косоричи”. Іменна “Косоричи”, так называлася вёска ў дакументах XVI стагоддзя. У выпісцы “з інвентару маёнтка Парэчча, войтаўстваў Рудабельскага… за 1682—1685 гады, са звестак аб чыншу” значыцца “колькасць прыбытку фальварку… ад сялян, баяр і падданых…, арэнды ад арандатараў Касарыцкага — 400 злотых”. Тут ужо назва пісана цераз літару “а”.

Царква

У 1692 годзе ў Касарычах налічвалася 53 дымы. (Колькі ўецца дымоў, калі паліцца печ, столькі і жылых пабудоў у вёсцы. Так пісалася — “дым”, а не “дом”.) Да сярэдзіны XVIII стагоддзя знаходзіліся Касарычы ва ўладанні князёў Радзівілаў. У 1712 годзе адзін з князёў пабудаваў у вёсцы ўніяцкую царкву ў гонар беззаганнага зачацця Панны Марыі, царква адносілася да Бабруйскага дэканата. У 1790 годзе ў маёнтку Касарычы — 104 двары. Па стане на 1795 год сяло ўваходзіць у склад Расійскай імперыі, адносіцца да Бабруйскага павета і належыць пану Вішчынскаму, налічвае 81 дым, дзе пражывае 288 асоб мужчынскага полу і 255 — жаночага, а таксама неаселыя сяляне (залежныя сяляне, якія не мелі спадчыннага надзелу. — Заўв. рэд.) і агароднікі (малазямельныя ці беззямельныя сяляне. — Заўв. рэд.). З усяго насельніцтва — 11 шляхцічаў і сям’я ўніяцкага святара.

Пасля забароны уніі ў 1839 годзе царква была прыстасавана пад праваслаўную і атрымала назву Георгіеўскай. У гэты час, у першай палове XIX стагоддзя, Касарычы набываюць паны Лапы. Тут налічваецца 57 цяглых дымоў (цяглыя сяляне за карыстанне зямельным надзелам адпрацоўвалі паншчыну. — Заўв. рэд.) і тры дымы агароднікаў. Дарэчы, на старажытнай геаграфічнай карце Беларусі адзначаны паселішчы — Касарычы, Новыя Касарычы і Гасподскі Двор Касарычы. Хутчэй за ўсё гэта былі асноўнае сяло, маёнтак і пасёлак. Дык калі пан Лапа прыдбаў сабе Касарычы, то сваю справу ён пачаў з абнаўлення царквы, якая была не толькі абноўлена, але і перароблена за сродкі казны. Дапамагаў пану ў гэтай справе яго сын Дамінік. У 1861 годзе маскоўскае купецтва падарыла Георгіеўскай царкве іканастас у праваслаўным стылі і іншую царкоўную маёмасць. Царква, простая ў плане збудавання, складалася з аднаго зруба. Яна мела рызніцу каля сцяны “нябачнай на акварэлі”, як пішацца ў архіўных дакументах: “Дело о почине деревенской церкви в с. Косаричах Бобруйского уезда, 7 сент.1862 г. — 22 окт.1870 г.”. У царквы быў просты двухсхільны дах, увенчаны пасярэдзіне вялікім купалам, які з’явіўся пасля рамонту. Раней над уваходам была званіца, якую разабралі. Царква была простай народнай архітэктуры, аб чым сведчыў і галоўны фасад, дзе мелася не толькі  акно, але і дзверы для выхаду на гарышча. Увогуле, знешне яна была падобная на звычайны жылы дом, і толькі купал сведчыў аб прызначэнні збудавання. Будынак гэты прастаяў дзесьці да канца XIX стагоддзя і згарэў.

Побач з царквой, на двары, хавалі і святароў, якія служылі ў ёй. Ужо ў савецкі час у гэтых месцах, успаміналі сяльчане, знаходзілі чалавечыя косці і чэрапы. Калі згарэла царква, вырашылі сяльчане збудаваць новую. Як жа без царквы? Прывыклі да яе з даўніх часоў. Новую царкву збудавалі сяльчане самі, сваімі рукамі, успамінаў колісь Уладзімір Гаўрылавіч Турлыка (1917 г. н.). Была яна драўляная, невялікая. А вось па крыж і званы, казаў Уладзімір Гаўрылавіч, яго дзед разам з іншымі касарычанамі ездзілі аж у Тулу. Потым усім сялом устанавілі ўсё гэта на будынку царквы, бо тэхнікі ж аніякай не было, усё рабілася ўручную.

Касарыцкі прыход уключаў у сябе дзевяць вёсак з 2 021 прыхаджанінам, якія павінны былі наведваць царкву ў святы і кожную нядзельку. Паміж сабою сяльчане каторы раз звалі царкву “капліца”. Памяць людская ўтрымала, што было тры святары і дыякан Васіль, які служыў у Рудабельскай царкве. Аднаго святара прозвішча Лукашэвіч, пад яго кіраўніцтвам вывучалі дзеці ў Каткаўскай школе прадмет “Закон Божы”, другі святар быў па прозвішчы Любіч, вельмі сур’ёзны і строгі, яго ўсе баяліся. У царкве спяваў свой добры царкоўны хор. Пасля рэвалюцыі, калі пачалася антырэлігійная кампанія, дзесьці ў 1922 годзе, закрылі і касарыцкую царкву, з купалоў знялі крыжы, а сама царкоўная маёмасць была расцягнута па хатах. Апошні святар, прыгожы і самавіты мужчына з незвычайным прозвішчам Крот, з’ехаў з Касарыч. Казалі, ці то ў Гомель, ці то ў Мазыр, дзе ўладкаваўся бухгалтарам на нейкае прадпрыемства. Так Касарычы і бліжэйшыя вёскі страцілі прыгожае збудаванне, якое славілася сваім убранствам і перазвонам, а сельскія дзеці — магчымасць залезці на званіцу, каб адтуль убачыць сваю хату, хаты дальніх вёсак і, калі добра прыгледзецца, нават Глуск. Пасля закрыцця царквы ў гэтым будынку пачала працаваць школа. Падчас вайны ў былым памяшканні царквы, у класах, людзі, што ведалі малітвы, правілі царкоўную службу. У другой палове ХХ ст. былы старшыня Вабішчэвіч прадаў тое царкоўнае памяшканне, успаміналі сяльчане, мо за 700 рублёў, ці то ў Западню, ці то ў Мінск, добра ніхто не ведае, на жыллё. Фундамент ад царквы застаўся, крыху толькі мясцовыя жыхары яго разабралі: шукалі золата ці серабро. Бо раней, як будаваліся, быў такі звычай абавязкова класці пад вуглы капейкі, прыгаворваючы: “Бела серабро, каб было дабро, жоўтыя грошы, каб дзеці былі харошы”. Знайшлі што ці не, ніхто не ведае, а вось фундамент зрабілі колісь такі моцны, што яго рэшткі засталіся да нашых дзён. Хаты святара таксама няма, на яе месцы засталіся расці пладовыя дрэвы з вялікага гаспадарскага сада.

Зямля касарыцкая і Максім Багдановіч

 З вёскі Касарычы паходзілі продкі знакамітага беларускага паэта Максіма Багдановіча. Паводле рускіх рэвізскіх кніг, у памешчыка Бабруйскага ўезда Юзэфа Вішчынскага па сялу Касарычы за 1834 год паказана такая сям’я: Нічыпар Багдановіч — 60 год, сын яго Кузьма. Пасынак Нічыпара, Сцяпан,  — памёр у 1826 годзе. Сын яго (Сцяпана) Зміцер і Лук’ян — 27 год.

Нічыпар Багдановіч перадаў сваё прозвішча пасынку Сцяпану, які па родным бацьку мае быць Скоклічам. У спавядальных і іншых царкоўных кнігах пішацца то Багдановіч, то Скокліч, у грамадзянскіх — паўсюдна Багдановіч. Лук’ян Сцяпанавіч у 1832 годзе ўступіў у шлюб з Арынай Іванаўнай Юневіч, якая мела ад роду 18 ці 20 год. Лук’яну было 24 гады. Мяркуючы па рэвізскай кнізе, нарадзіўся ён у 1808 годзе, а па спавядальных ведамасцях — у 1807-м. Нядоўга пражыла Арына, дзесьці 43 гады. За 19 год нарадзіла васьмёра дзяцей, палова іх памерла. Самымі даўгавечнымі былі Ягор і Фронка (альбо Фёдар). Ягор — дзед Максіма Багдановіча, прадзед — Лук’ян, а бацьку паэта звалі Адам, ён і напісаў успаміны пра свой род, дзякуючы яму і стала вядома аб каранях паэта на глускай зямлі.

У пачатку XXI стагоддзя ў літаратурны музей Максіма Багдановіча звярнуўся былы жыхар вёскі Касарычы Валерый Кормаз, які жыве ў Мінску. Ён расказаў супрацоўнікам музея аб сваім радстве з Максімам Багдановічам. Аказалася, што ў другога сына Сцяпана, у Фронкі, былі дзеці: Хрысціна, Мікалай, Настуля… Хрысціна выйшла замуж за Кормаза Данілу, ад іх і пайшлі Кормазы. Сярод іх і Павел Кузьміч Кормаз, які жыў у Касарычах, настаўнічаў, а выйшаўшы на пенсію, працаваў аднаго часу ў сельскай бібліятэцы. Дык вось, яго сын Валерый Паўлавіч факт радства з паэтам устанавіў, наведаўшы Мінскі абласны архіў. Бабуля Паўла Кузьміча Кормаза — Хрысціна Фёдараўна — была дваюраднай сястрой Адама Ягоравіча, бацькі паэта, і пляменніцай Ягора Лук’янавіча Багдановіча. Дзед Валерыя Паўлавіча — Кормаз Кузьма Данілавіч — быў траюрадным братам Максіма Багдановіча, а іх дзядулі Фёдар і Ягор — роднымі братамі. Агульны продак — Лук’ян.

У Фёдара быў яшчэ адзін сын — Мікалай, ад якога нарадзіўся Даніла Багдановіч, які таксама жыў у Касарычах. Дагэтуль лічылася, што ў Касарычах нават далёкіх сваякоў паэта няма, толькі цёзкі па прозвішчы, а аказалася, што гэта не так. У лістападзе 2002 года супрацоўнікі літаратурнага музея Максіма Багдановіча нават наладзілі экспедыцыю ў Касарычы. Пазнаёміліся з Паўлам Кузьмічом Кормазам і яго жонкай Ірынай Аляксандраўнай, якія перадалі ў музей некаторыя асабістыя рэчы бабкі Хрысціны. На гене-алагічным дрэве Максіма Багдановіча выразна акрэслілася касарыцкая галінка роду Багдановічаў, з прозвішчам Кормаз. Пабылі госці і на могілках, дзе пахаваны Багдановічы, наведалі Каткаўскую школу, у якой сабраны добры матэрыял пра паэта. Н. В. Гарэлік, С. Г. Кіслова падарылі школе кнігі пра Максіма Багдановіча, расказалі пра музей паэта, а дзеці ў час сустрэчы чыталі вершы.

За панскім часам

Пасля другога падзелу рэчы Паспалітай сяло Касарычы ўваходзіла ў Бабруйскі павет Мінскай губерніі. Выпіска “з інвентару маёнтка Рудабелка, з фальваркамі Александрыя, Гарадок і Касарычы… памешчыка і прадвадзіцеля дваранства Аляксандра Дзям’янавіча Лапы, 1844 года” сведчыць, што “имения Рудобелка и Косаричи… от уездного города Бобруйска в 70 верстах, от местечка Глуск, первое — в 30, второе (т. е. Косаричи) — в 18 верстах. В этих имениях находится господский двор и два фольварка…, и восемь деревень. Чтобы исключить переходы крестьян для отбывания повинностей, назначаются в ближайшие фольварки… Во втором господском дворе Косаричи и селе того же названия, расположенном за одну версту,.. находится корчма. В имениях — постоялые дворы… Сенокосы осушены канавами, обеспечивающими плодородие угодий как для владельцев, так и для крестьян. Для обеспечения пользы в лугах и болотах проделаны проходы, плотины и мосты, приведены в исправность дороги, соединяющие имения с фольварками и деревнями (фальварак —  гэта панскі двор з комплексам будынкаў і запашкай. — Заўв. аўт.). На хлебопашестве в Косаричах занято 57 тягловых дворов и три — огородников. Крестьяне разделяются на рабочих и нерабочих. В числе первых — мужчины от 17 до 55 лет, женщины — от 16 до 50 лет. Не считаются рабочими крестьяне, которые не несут натуральных повинностей в силу своего дряхлого возраста, но их, как правило, привлекают в качестве прислуги в господский двор. Для них в поместье содержат благодетельные присутствия, поскольку данные люди не имеют средств к своему пропитанию. Распределение земель и сенокосов крестьянам делается на каждый двор и по числу семейных сил…

На постройку, огорожу, дрова и прочие хозяйственные надобности крестьяне пользуются лесом владельца из дозволения местной экономии. Строго запрещается рубить дрова в заказных рощах, истощать леса.

Продукты сельского хозяйства сбываются по взаимо-выгодным ценам: за пуд льна — 2 р., пеньки — 1 р. 50 к., меду — 2 р. 50 к., грибов — 7 р., сена мурожного — 10 р., лугового — 7,5 р., болотного — 5 р. За ведро горячего вина — 50 к. серебром… Средняя цена по вольной продаже… за одну четверть ржи — 3 р. 50 к., пшеницы озимой — 4 р. 50 к., яровой — 3 р. 50 к., ячменя — 2 р. 50 к., овса — 1 р. 75 к., гороха — 3 р., боба — 4 р., льняного семени — 4 р., конопляного — 3 р. 50 к., картофеля — 1 р. Крестьяне… должны отбывать барщину в течение года по равной пропорции 2 дня в неделю, с 1 мая по 3 октября — 3 дня в неделю; долю отдавать в октябре. Беременные женщины освобождаются от барщины за месяц до родов…»

У1855 г. панам Лапам у Касарычах належала 1 400 дзесяцін зямлі, 300 — сенажаці, 600 — лесу і 219 сялянскіх надзелаў, якія былі зусім невялікія. Тым не менш сялянам прыходзілася плаціць пану яшчэ і даніну. На працягу года сям’я з сямі чалавек, у якой было трое працаздольных, у сярэднім павінна была аддаць пану:2 квартымёду, 50 штук грыбоў, палову гусі, адну курыцу, 10 яек, 2 гарнцы ягад (1 гарнец = 2,823 літра). Яшчэ сяляне па чарзе павінны былі вартаваць і вёску, і маёнтак, выдзяляць аднаго-двух чалавек для начной варты з заходу сонца і да раніцы. У канцы сяла стаяў “каварот” — вялікае тоўстае бервяно, якое круцілася і перакрывала на ноч дарогу ў сяло, каб хто чужы не ўехаў. Сельская варта — два чалавекі, у руках аднаго з іх — вялікая абшчынная палка, называлася яна “начная варта”. Ноч аддзяжурылі, і палка-“варта” перадаецца ў другую хату, так па чарзе. І ўсе ведаюць, хто ў наступную ноч ахоўвае сяло. Так было колісь, так доўгі час было і ў савецкі час. Перасталі вартаваць сваё сяло сяльчане дзесьці ў канцы ХХ ст.

Іна КІРЫНА

Працяг будзе

Последние новости

Актуально

День правового просвещения и личный прием граждан прошел в Глусском УКП «Жилкомхоз»

28 марта 2024
Власть

Лукашенко: всякая финансовая деятельность должна быть подчинена интересам экономики

28 марта 2024
Год качества

В честь 100-летия Глусского района на территории детского сада № 4 Глуска заложили сосновую аллею

28 марта 2024
АПК

Галоўнае — захаваць маладняк. На семінары-нарадзе, які прайшоў у Глусскім раёне, разглядалі тэхналагічныя аспекты захаванасці і вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы

28 марта 2024
Общество

Реконструкция линейно-кабельных сооружений проводится в Глуске

28 марта 2024
Общество

Районные соревнования по настольному теннису прошли в Глуске

28 марта 2024
Актуально

Надо брать! Новый кредит на потребительские нужды «На родныя тавары» запустил Беларусбанк

27 марта 2024
Актуально

В Могилёвской области дорожные предприятия приступили к озеленению транспортных развязок и придорожных полос

27 марта 2024
Общество

Право знать! В Глуске прошел правовой брейн-ринг

27 марта 2024
Власть

Лукашенко о полете белорусского космонавта: это не только имидж страны, мы — космическая держава

27 марта 2024

Рекомендуем

Актуально

К 100-летию Глусского района объявлен конкурс на лучший логотип. Положение о проведении районного конкурса

20 марта 2024
Культура

Семья Дербеевых представит Глусский район в конкурсе “Семья года”

20 марта 2024
Общество

Торжественное мероприятие ко Дню работников бытового обслуживания населения и жилищно-коммунального хозяйства состоялось в Глуске

22 марта 2024
Общество

Планы у дорожников большие. Интервью с начальником Глусского ДРСУ-213 Иваном Радько

21 марта 2024
Общество

Так в РОВД заведено. На заслуженный отдых проводили первого заместителя начальника Глусского райотдела

26 марта 2024
Общество

В Глуске в День Конституции провели интеллектуальную игру «Жизнь по закону» для старшеклассников школ района. Фоторепортаж

15 марта 2024
Культура

Пойдемте зиму провожать! Народное гулянье «Масленица» пройдет в Глуске 16 марта

15 марта 2024
Общество

Александр Багель выдвинут кандидатом в члены Совета Республики от Глусского района

22 марта 2024