Склад беларускіх сем’яў павялічваецца
Склад беларускіх сем’яў павялічваецца, паведаміла на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка.
У 2015 годзе доля дзяцей, народжаных трэцімі і наступнымі, склала 16,8 працэнта ў агульнай колькасці народжаных (у 2014 годзе – 14,6 працэнта). На 1 ліпеня бягучага года ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне на ўліку знаходзіліся 83 тыс. шматдзетных сем’яў – амаль 7 працэнтаў ад агульнай колькасці сем’яў з дзецьмі. Для параўнання: паводле даных перапісу насельніцтва 2009 года, такіх сем’яў налічвалася 62,5 тыс.
Трэба адзначыць, што, нягледзячы на працэс зніжэння колькасці жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту, у мінулым годзе нарадзілася 119 тыс. дзяцей – гэта самы высокі паказчык за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі. Сумарны каэфіцыент нараджальнасці ў 2015 годзе склаў 1,72 (у 2014 годзе – 1,69).
Павялічваецца не толькі колькасць народжаных дзяцей, але і склад сем’яў – 57,2 працэнта нованароджаных з’яўляюцца другімі і наступнымі дзецьмі ў сваіх сем’ях.
Рост нараджальнасці назіраецца і ў бягучым годзе. За студзень-чэрвень у рэспубліцы нарадзілася 58 тыс. 266 дзяцей – на 1 тыс. 718 дзяцей, або на 3 працэнты больш, чым у студзені-чэрвені мінулага года.