Темы

Падарожжа па родным краі. Касарычы

Працяг.

“Людзі добрыя і працавітыя”

У 1870 годзе сяло Касарычы ўваходзіла ў склад Ляскавіцкай воласці. Людзі “добрыя і працавітыя” тут жывуць, так пісаў пра жыхароў гэтага кутка Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, калі наведваў свайго сябра Аляксандра Лапу. Яго паэма “Купала” менавіта і была напісана пасля гасцявання ў маёнтку сябра, у ёй яскрава апісаны краявіды і свята Купалле на Рудабельшчыне, у склад якой уваходзілі і Касарычы. Адам Багдановіч у сваіх успамінах прыводзіў словы бацькі: “Ого-го, — говорил он, — наш народ саўсім другій народ. Другіе людзі. Народ заўзятый, заядлый, бунтары… Як за што ўзяліся — свайго дабіваютца, на сваём хочуць паставіць. Як што ні пад нароў ці проці закону — січас гэта зашумяць, паднімуць гоман, крык,— ругатню, хоць святых вынасі… Січас гэта складка па грыўні, па залатоўцы або па саракоўцы з душы ці з двара; дванадцаць чалавек выбарных у Глуска ці ў Парычы махнуць, трырублёўку або і болі пісару, прашэньне настрачаць — ды ў Бабруйска к маршалку або ў Мінска к самому губэрнатару. Што ж? Свайго дабіваліся: сколькі старшын да пісароў ссадзілі. На станавого навэт жаліліся. Ну, алі тут толькі грошы напрасна прасадзілі: не ўзяла сіла. Рука ў яго была ў губэрні…  А што бывала ключвойт (чалавек, у распараджэнні якога знаходзіліся прадукты харчавання, месцы іх захоўвання, гаспадарчыя пабудовы і ключы ад іх), старшына, пісар — толькі дзяржыся: як што ні так — удрук ссадзюць. А як жа! У старшыны мядаль з валасамі садралі. А як жа! Бунт быў: сколькі начальства прыезджала, сколькі ключвойтаў, сотнікоў ды дзесятнікоў сагналі… Ну, тады зачыншчыкам дасталася: па 25 розаг усыпалі. А аднаму — Хведару Пацаю з Касарыч (сільны быў мужык, здаровый), што не даваўся і і ўсё крычаў: «братцы — ратуйце, братцы — не давайця!» — таму 50, а можэ, і болі ўкацілі. Доўга з ім тузаліся, пакуль павалілі. А ўсё сваі, — тые самые дзесятнікі ды соцкіе. А ўсё ж такі прыгавора не падпісалі”. Які там быў прыгавор, ва “Успамінах…” не пішацца, а вось касарычане ахарактарызаваны як стойкія і смелыя людзі.

У 1885 годзе Касарычы ўваходзяць у склад Бабруйскага павета Мінскай губерніі, тут налічваецца 25 двароў і 260 жыхароў. У 1894 годзе пачало працаваць мукамольнае прадпрыемства з паравой машынай. З 1867 года Касарычамі разам з Рудабелкай валодаў генерал-маёр Ліліенфельд. У 80-я гады XIX стагоддзя маёнтак Касарычы перайшоў да Яхантавых. У 1897 годзе ў вёсцы 74 двары і 460 жыхароў, меўся хлебазапасны магазін, лаўка, заезны двор (два двары ў ім было і жыло 16 чалавек), царкоўная сядзіба — тры двары і 42 жыхары. Быў у сяле і свой паравы млын. А вось паштовая сувязь была недасканалай. Каб адправіць куды заказное пісьмо альбо тэлеграму, трэба было дабірацца да Глуска, хаця вёска лічылася адным з важнейшых населеных пунктаў воласці. Калі хто захварэў моцна, таксама дабіраліся на конях ці на валах у глускую бальніцу.

З 1907 года маёнткам пачалі валодаць паны Іваненкі. Яны, а іменна іх зяць, барон Урангель, былі апошнімі ўладальнікамі Касарыч. Пётр Мікалаевіч Урангель, генерал-лейтэнант царскай арміі, быў адным з кіраўнікоў белагвардзейскага руху ў гады грамадзянскай вайны.

За колькі год да Кастрычніцкай рэвалюцыі з’явіўся ў гэтых краях матрос Данілевіч, ды не адзін. Тутэйшага сялянскага хлопца прыгналі жандары, перадалі ўрадніку, але не ўсачыў той. Бунтаўшчык пасеяў смуту па ўсёй Рудабельшчыне. Беднякі пайшлі на камергера імператарскага двара Іваненку. Баяліся раней мужыкі без дазволу пана нават у лес зайсці ды ягаду сарваць ці грыба, а тут — пачалі паліць маёнтак ды дзяліць панскую зямлю. Але бунтаўшчыкоў уціхамірылі, ссеклі нагайкамі, а некалькі сялян пагналі аж у Сібір. І калі ў 1917 годзе, пасля Лютаўскай рэвалюцыі, сюды даляцела вестка, што цара больш няма, воласць ізноў паўстала. На гэты раз уціхамірваць народ прыскакалі казакі, на чале якіх быў сам “чорны барон” Урангель. Кіруючыся спісам, у якім ураднік адзначыў, хто і колькі панскай зямлі засеяў, Урангель асабіста вызначыў меру пакарання: колькасць бізуноў роўная колькасці зямлі. Людзей білі бязлітасна, але зламаць народ было ўжо немагчыма. Увосень увесь сялянскі хлеб Урангель перавёз у свае свірны. Толькі дарма стараўся барон, хваля Кастрычніцкай рэвалюцыі зноў дакацілася да Глускай воласці. У 1917 годзе ў сяле было 82 двары і 517 жыхароў, у маёнтку — 43 жыхары. Паны з’ехалі за мяжу, а на месцах пачалі арганізоўвацца Саветы.

Пасля рэвалюцыі

У Глуску быў абраны валасны зямельны камітэт, які ўзначаліў Сямён Лазаравіч Вілюга, у склад гэтага камітэта ўвайшоў і Кастусь Малаковіч з Касарыч. Была праведзена значная работа па разгрупоўцы маёнткаў. Па Глускай воласці перадаваўся Саветам і фальварак Касарычы. Але нядоўга праіснавалі Саветы, бо пачалі на маладую савецкую краіну сваё наступленне белапольскія легіянеры. К жніўню 1919 года Бабруйск і ўвесь павет аказаліся ў іх руках. Польскія інтэрвенты адмянялі Дэкрэты савецкай улады, забаранялі дзейнасць савецкіх устаноў, мясцовае насельніцтва прымушалі карыстацца толькі польскай мовай… Разам з легіянерамі вярнуліся і былыя паны, пачалі ім дапамагаць і больш заможныя сяляне. Па іх даносах учыняліся аблавы на людзей, што ўдзельнічалі ў арганізацыі савецкай улады.

Вось у гэты час у Касарычах быў створаны партызанскі атрад з некалькіх чалавек. У яго адразу ўвайшлі М. Касько, Н. Кабернік, І. Малаковіч, Ф. Кабернік. Перад хлопцамі паўстала праблема, дзе ўзяць зброю і боепрыпасы. Спачатку парашылі бясшумна здымаць вартавых, раззбройваць легіянераў, што размяшчаліся ў сялянскіх хатах… У адну з начэй гэты невялічкі атрад ліквідаваў сем  легіянераў-паставых. Збіраліся хлопцы за ракою, ва ўрочышчы Падгорнае, прадумвалі план дзеянняў, падлічвалі трафеі. За кароткі тэрмін касарыцкі атрад вырас да 22 чалавек, і ўсе яны былі ўзброенымі.

Легіянеры шукалі па вясковых хатах тых, хто ноччу наводзіў свае парадкі, шныралі і па Касарычах, і па Заракушы, і па Халопенічах, але дарэмна. Спакою ворагу з гэтага часу не было. Хутка палякі вымушаны былі пакінуць нашы мясціны, але з’явіліся больш моцныя і нахабныя захопнікі — немцы.

Саўнарком звярнуўся да народа з заклікам “Сацыялістычная айчына ў небяспецы”. На радзіму, у сваю вёску Касарычы, прыехаў у гэты час Мікалай Іларыёнавіч Юневіч. Ён быў накіраваны для вярбоўкі людзей у Чырвоную армію. Але ўгаварыць касарыцкіх партызан пакінуць родныя мясціны ў яго не атрымалася. Мы тут будзем ваяваць, казалі хлопцы. З Юневічам пайшоў толькі Ф. Кабернік, які ўступіў у дзеючую рэгулярную армію. З 1918 года ваяваў супраць польскіх і нямецкіх войскаў Захар Апанасавіч Коўзун, ён быў камандзірам бронецягніка, Нічыпар Яўсеевіч Кудрэйка быў радавым чырвонаармейцам, Восіп Андронавіч Пінчук партызаніў…

Пры Саветах

Новая ўлада перамагла, сяльчане пачыналі жыць па-новаму, але будучыня была няяснай. Усе былі ў непаразуменні. Паўзлі па вёсцы трывожныя чуткі: людзі шапталіся, баючыся гаварыць гучна, аб высылках на Салаўкі і сялянскіх бунтах. Тым не менш пачалі ўзнікаць камітэты беднаты. Туды ў асноўным пайшлі тыя, каго на сяле называлі бедалагамі, гаротнікамі, а некаторых і гультаямі. Яны пачалі вырашаць, каго раскулачыць, каго абкласці падаткам. На самой жа справе ў Касарычах прылічыць каго-небудзь да кулакоў нават пры вялікім жаданні нельга было — жылі ўсе не надта багата, сваё дабро нагароўвалі сваім жа мазалём. Быў у Касарычах такі выпадак, калі адзін з “актывістаў” з Каткі прыехаў аднойчы ў вёску і ў сварцы з жыхаром сяла застрэліў апошняга з нагана, а потым у судзе даказваў, што страляў не ў чалавека, а ў кулака, якому туды і дарога. Інфармацыйная справаздача Глускага раёна за 1924 год сведчыць, што “палітычнае становішча было не надта добрае, здавальняючае. Былі выпадкі бандытызму, быў забіты прыказчык у в. Касарычы”.

Але новая ўлада брала сваё. У 1922 годзе да вёскі далучаны вялікі кавалак былой памешчыцкай зямлі. У 1929 годзе ў Касарычах арганізаваны калгас “Чырвоная Зорка”. Адным з першых уступіў у яго Цімафей Паўлавіч Лугін. Ён прымаў актыўны ўдзел у калектывізацыі. На палетках гаспадаркі сеялі жыта, авёс, пшаніцу, лён. Тэхнікі было небагата, таму ўсю працу рабілі ў асноўным уручную, а засявалі ўсё коньмі. Пазней з’явіліся машынна-трактарныя станцыі, стала лягчэй. Меў калгас сваю маслабойню, дзе ўручную збівалі масла і здавалі дзяржаве. Перад вайной старшынёй калгаса працаваў Сямён Пятровіч Русін.

Камсамольцы

У 1923 годзе ў Касарычах створана камсамольская ячэйка, яе назвалі “Пралетарый”. Першымі камсамольцамі сталі Даніла Юневіч, Іван Якубенка, Аляксандр Журык, Ксенія Пінчук. Яны добраахвотна дапамагалі сельскаму Савету ў зборы падаткаў, расказвалі сялянам пра новую ўладу. Павел і Іван Пінчукі, Каця Якубенка, Уладзімір Кормаз прынялі ўдзел у арганізацыі лікбезаў, так званых гурткоў па ліквідацыі непісьменнасці. Познімі вечарамі пры святле газавай лямпы вучылі сялян грамаце. Пачалі працаваць у вёсцы хата-чытальня і клуб. Тут збіраліся хлопцы і дзяўчаты, развучвалі песні, вершы, працавалі над ролямі ў нескладаных сцэнках і п’есах.

Асабліва добрымі артыстычнымі здольнасцямі вылучаліся Фёдар Турлыка, Іван Пацай, Пётр Юневіч, Васіль Касько, які быў не толькі майстрам выконваць розныя ролі, але і добрым гарманістам і спеваком. Падрастала моладзь, рады камсамольцаў папаўняліся, у іх прыйшлі Сцепаніда Пракопчык, Аляксандр Лабейка…

Жыццё сялянскае такое

У гэтым жа 1923 годзе быў у вёсцы адкрыты фельчарскі пункт, будаваў яго памяшканне бацька Уладзіміра Гаўрылавіча Турлыкі. Працаваў гэты пункт і пасля вайны, крыху пазней былі адкрыты ў Касарычах бальніца і аптэка.

Напрыканцы 1924 года, 29 снежня, у Касарычах створана рыбалавецкая арцель. Працаваў да вайны ў сяле і асобны аддзел міліцыі, называлі  яго “асамбіл”, аддзел гэты сачыў за парадкам і вырашаў розныя справы згодна з законам. Аднойчы данёс сусед на суседа, што ў апошняга ёсць золата. “Асамбіл” патрабаваў здаць золата дзяржаве. А ў чалавека яго няма, таго золата. Дзе ўзяць? Нідзе. І пасадзілі таго ў турму на сем тыдняў, разбіраліся, ці праўда, што не было золата. Разабраліся і адпусцілі дадому.

У 1937 годзе быў арыштаваны і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання ўраджэнец Касарыч Крыш Зірніш Янавіч. Расстраляны 15 лістапада 1937 года, рэабілітаваны 8 верасня 1956-га. Ён быў калгаснікам калгаса “Сарканайс Арайс”. Коўзун Пётр Афанасьевіч, камандзір 11-га мотастралковага палка, арыштаваны 8 верасня 1937 года, асуджаны на восем гадоў папраўчых работ, рэабілітаваны 12 ліпеня 1954 года.

А вёска жыла сваімі справамі і клопатамі. Восенню альбо зімою, калі дні былі кароткія, а ночы доўгія, кожная сям’я збіралася па вечарах разам, садзіліся ўсе вакол коміна, на якім патрэсквала лучына. Газа (керосин) мелася мала ў каго, у асноўным у заможных сяльчан, і лямпа газавая запальвалася толькі ў святы, ды па асабліва значных для сям’і вечарах. Газа тая была надта дарагая і прадавалася ў Глуску, а карчоў на лучыну хапала. Іх, гэтыя карчы, рыхтавалі летам, сушылі, карчы — гэта карэнне смалістых дрэў, іх збіралі на тарфяніках пры карчаванні. Гаспадар пры свеце лучыны плёў лапці ці кашы з лазы, ракіты, вярбы, якую таксама рыхтавалі летам. Захоўвалася ўсё гэта ў клеці — прыбудове к хаце, альбо на гарышчы. Жанчыны пралі ці на попрадцы, ці верацяном, альбо вязалі штосьці пруткамі, альбо ткалі. Малодшыя дзеці гулялі побач у самаробныя лялькі, трэсачкі, а старэйшыя, калі хто хадзіў у школу, — рыхтавалі ўрокі, чыталі ўслых. Урокі рабілі ці за сталом, ці прымасціўшыся на дзежку, у якой замешвалі хлеб. Дзежка тая была невысокая, але даволі шырокая, якраз на яе вечку ўмяшчаліся сшыткі і чарнільніца.

Зімою рыхтавалі дровы ў лесе, вазілі на санях дадому, таксама звозілі з лугоў сена, што было нарыхтавана летам, бо лугі вакол Касарыч былі заліўныя і сена для жывёлы можна было забраць дадому толькі тады, калі маразы скуюць і зямлю, і раку. Вясною сеялі, аралі, старэйшыя дзеці дапамагалі баранаваць, касілі траву на поплаве, даглядалі агароды, палолі, каб вырас ураджай, які б мог пракарміць сям’ю, жылі ж ўсе са сваёй сядзібы і гаспадаркі.

І толькі па вялікіх святах — Коляды, Хрышчэнне, Вялікдзень, Юр’еў дзень — сяло быццам узрывалася, гуло, як той растрывожаны вулей. У кожнай хаце было застолле, бывала, з іншых вёсак наязджала радня ў гэты дзень, на сталах было багата рознай ежы. Гарэлка, часцей самагонка, лілася ракою. З хат на вуліцу выходзілі прыгожа апранутыя сяльчане, ішлі падчас праз усю вёску з песнямі, з гармонікам, прытанцоўваючы, каторы раз пераходзілі з хаты ў хату, працягваючы святкаваць і частуючы адзін аднаго. Калі гэта была цёплая пара года, старэйшыя жыхары адпачывалі, седзячы на лаўках, моладзь весялілася на вуліцы. Свята, бывала, працягвалася і два, і тры дні. А потым усё сціхала, і вяскоўцы пачыналі зноў сваё паўсядзённае жыццё. Царквы не стала, а вось вера засталася. Не працавалі вяскоўцы і ў нядзельку. Як казалі, шэсць дзён аддай працы, а сёмы Богу. Вось так і жылі касарычане. Але гэтае спакойнае вясковае жыццё парушыла вайна. Пагаворвалі напярэдадні, што будзе вайна, але цешылі ўсе сябе надзеяй, што абміне гэта гора.

Фашысцкая навала

Але гора прыйшло, не абмінула, і апынуліся Касарычы ў віхуры барацьбы супраць ворагаў, як і ў далёкія дваццатыя гады, узяліся сяльчане за зброю. Многія пайшлі на фронт, а хто застаўся — у партызанскія атрады ці дапамагалі лясным барацьбітам. Як толькі стала вядома аб нападзе фашысцкай Германіі на нашу краіну, усім калгасам і саўгасам прыйшло распараджэнне ад вышэйшай улады: раздаць усю калгасную маёмасць, тэхніку, зерне… па сялянскіх дварах. У касарыцкім калгасе “Чырвоная Зорка” гэтай справай займаліся старшыня калгаса Сямён Пятровіч Русін і калгасны рахункавод Карп Давыдавіч Пацай. Акрамя гэтага, з калгасных актывістаў ствараліся групы і атрады садзейнічання ў барацьбе з ворагам. У такую касарыцкую групу, якая стала партызанскім атрадам, увайшлі В. Багдановіч, Я. Казлоўскі, Л. Самуйлік, І. Варава. Было вызначана і месца, дзе змог бы размясціцца атрад. Вось у гэтае месца таксама даставілі частку калгаснага дабра, якое потым вельмі спатрэбілася партызанам.

Дакументы ваеннага часу ад 26 ліпеня 1941 года сведчаць, што “добра дзейнічае ляснік з в. Касарычы Якубенка Аляксей. 16 ліпеня1941 г. ім з групай партызан быў зроблены нечаканы налёт на ворага, у выніку чаго быў знішчаны адзін танк і забіта пяць матацыклістаў”.

Іна КІРЫНА

Працяг будзе

 

Последние новости

Общество

Олег Дьяченко: “Наша сила – в единстве и сплочённости”

24 апреля 2024
Общество

День призывника состоялся в Глуске

24 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

24 апреля 2024
Общество

Внимание! Нужна помощь в поисках человека!

24 апреля 2024
Актуально

Районный день охраны труда прошел в Глуске

23 апреля 2024
Общество

Анжела Полупанкова: всё происходящее на ВНС буду рассматривать с точки зрения защиты человека-труженика

23 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024
Общество

Дмитрий Махунов: ВНС — это возможность участвовать в принятии стратегических решений на благо государства

23 апреля 2024
Общество

Говорят делегаты ВНС. Директор Глусского районного музея Наталья Акулич

23 апреля 2024
Общество

Труд во имя памяти. В республиканском субботнике поучаствовало три с половиной тысячи глусчан

23 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024
Общество

От досуга до спартакиады. «Афганцы» предлагают сделать турнир по бильярду в Глуске ежегодным

12 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024