Новыя памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў устаноўлены ў Беларусі з 1 лістапада
У Беларусі з 1 лістапада ўстаноўлены памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў (МСБ) для розных сацыяльна-дэмаграфічных груп у сярэднім на душу насельніцтва і на аднаго члена сям’і рознага складу ў цэнах верасня бягучага года. Такое рашэнне змешчана ў пастанове Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 20 кастрычнiка 2016 года нумар 65.
Як адзначылі ў профільным ведамстве, мінімальны спажывецкі бюджэт на аднаго члена сям’і з чатырох чалавек з 1 лістапада 2016 года па 31 студзеня 2017 года ў разліку на месяц складае Br293,32 (гэты нарматыў з 1 жніўня па 31 кастрычніка быў устаноўлены ў памеры Br285,43). Такім чынам, новы МСБ павысіўся на 2,8 працэнта да папярэдняга.
Паводле слоў спецыялістаў, удзельная вага асноўных крыніц спажывецкіх расходаў у МСБ сям’і з чатырох чалавек у цэнах верасня наступная: прадукты харчавання — 49,6 працэнта, адзенне, бялізна, абутак — 19,8 працэнта, жыллёва-камунальныя паслугі — 7,5 працэнта, бытавыя паслугі, транспарт, сувязь — 9 працэнтаў; мэбля, прадметы культурна-бытавога і гаспадарчага прызначэння — 8,4 працэнта, культурна-асветныя мерапрыемствы і адпачынак — 1,5 працэнта, узносы і плацяжы — 1,8 працэнта, лекавыя сродкі, прадметы санітарыі і гігіены — 2,5 працэнта.
Цяпер сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт сям’і з чатырох чалавек служыць асновай для вызначэння права грамадзян на атрыманне льготных крэдытаў і субсідый на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў; грамадзян, якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек, — ільготных крэдытаў на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў.
Пастановай Мінпрацы і сацабароны ўстаноўлены таксама на перыяд з 1 лістапада 2016 года па 31 студзеня 2017 года сярэднедушавыя мінімальныя спажывецкія бюджэты маладой сям’і з трох чалавек — Br317,48; працаздольнага насельніцтва — Br374,62; пенсіянераў — Br294,82; студэнтаў — Br279,36; дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў — Br237,31; дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў — Br308,39; дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў — Br320,63.
Мінімальныя спажывецкія бюджэты ўстанаўліваюцца штоквартальна пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў цэнах апошняга месяца квартала для шасці сацыяльна-дэмаграфічных груп і дзвюх сем’яў рознага складу.
Законам Рэспублікі Беларусь»Аб фарміраванні і выкарыстанні мінімальнага спажывецкага бюджэту» ўстаноўлена прававая аснова вызначэння і выкарыстання МСБ. Мінімальны спажывецкі бюджэт уяўляе сабой расходы на набыццё набору спажывецкіх тавараў і паслуг для задаволення асноўных фізіялагічных і сацыяльна-культурных патрэб чалавека. МСБ прымяняецца як сацыяльны нарматыў для прагназавання змяненняў узроўню жыцця насельніцтва і ўзмацнення сацыяльнай падтрымкі маючых патрэбу грамадзян.