Першы энергаблок белаэс будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў 2019 годзе
Першы энергаблок Беларускай АЭС будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў 2019 годзе. Аб гэтым 16 лістапада ў Астраўцы паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка.
Адказваючы на пытанні журналістаў наконт будаўніцтва Беларускай АЭС, Уладзімір Сямашка адзначыў, што работы вядуцца згодна з графікам. “Чакаем, што да канца гэтага года прыйдзе новы корпус рэактара. Вясной 2017 года ён будзе ўстаноўлены. І, такім чынам, мы мяркуем, што блок у 2019 годзе павінен быць уведзены”, – сказаў Уладзімір Сямашка.
“Вядома, што па неасцярожнасці выканаўцы выпусцілі корпус рэактара. І прынята рашэнне незалежным рэгулятарам, што ў такім выглядзе корпус нельга прыняць. Для нас надзейнасць і бяспека вышэй за ўсё. Калі нават мізэрныя сумненні ёсць, то трэба мяняць. Таму было прынята рашэнне аб замене, гэта наша рашэнне”, – падкрэсліў віцэ-прэм’ер.