Темы

У шчасці, каханні ды згодзе

У шчасці, каханні ды згодзе

Нядаўна Міхаіл Фёдаравіч і Ніна Фёдараўна Грамыка адзначылі брыльянтавае вяселле. Пражыўшы сумесна 60 гадоў, яны захавалі цёплыя адносіны паміж сабой і вернасць, якую пранеслі праз гады. Нездарма кажуць, што брыльянт — самы каштоўны і дарагі з усіх камянёў, так і шлюбнае жыццё, праіснаваўшае 60 гадоў, даволі рэдкае і каштоўнае, асабліва калі прайшло ў шчасці, каханні ды згодзе. І гэта сям’я Грамыка даказала часам — большай часткай цэлага веку, і за гэта муж і жонка дастойныя сапраўднай павагі. Менавіта з такімі думкамі, з такім настроем мы ехалі ў вёску Цяснова, каб пазнаёміцца з нашымі героямі.

Вось яна, хата, рубленая гладкім вуглом, стаіць паміж пустымі дамамі. А тут, дзякуй Богу, яшчэ цепліцца жыццё. Мудрае,  прыгожае, чалавечае. І гаспадары такія ж — прыветлівыя і дабрадушныя. І гэта стварае асаблівую атмасферу ў доме.

— А мы заўсёды так жывём, з пазітыўным настроем у душы, — кажа гаспадар. — Таму і дайшлі да такога юбілею. Праўда, і ў нас бывалі разлады. Ды не, не такія, каб да боек даходзіла ці хто-небудзь у прочкі бегаў. Проста падчас сваркі наставалі “немцы” ў хаце. Некалькі дзён не размаўлялі паміж сабой, і не болей таго. Ад сваёй Нінкі за дзень мог пачуць толькі адно: “Ідзі есці”. Сваркі сваркамі, а ежу яна заўсёды гатавала. Нельга скардзіцца, галодным ніколі не быў. Я ўжо і не памятаю, хто першы ішоў на міравую. Хутчэй за ўсё, я, бо вельмі не люблю доўга хадзіць моўчкі.

Падчас нашай размовы гаспадар часта паўтараў прымаўку: “Жыццё пражыць — не лапці сплесці”. І сапраўды, жыццё гэтай сям’і, як і многіх вяскоўцаў, было няпростым. Што такое хлеб і як яго зарабляць, Міхаіл Фёдаравіч ведаў з маленства, якое прайшло на хутары Вышкі, там некаторы час жыў з бацькамі.

— У Веснаве быў пан Быкоўскі, дык вось у яго наш бацька купіў 20 дзесяцін зямлі (дзесяціна — старая мера зямельнай плошчы, роўная 1,09 гектара. — Аўт.), з якой і павінна была жыць уся сям’я, — успамінае Міхаіл Фёдаравіч. —  А яна ў нас была вялікая, і я быў апошнім, дзясятым, дзіцём. Дык вось, пабудавалі мы хату і сталі жыць. Бацька быў аднаасобнікам, таму, каб пракармі-цца, трымалі шмат усялякай жыўнасці. У 1939 годзе ўсе хутары вырашана было сцягнуць у вёску. Савецкай жа ўладзе было відней. Наша сям’я трымалася да апошняга, але нам “дапамаглі” з’ехаць. Прыйшло некалькі мужчын, хто з ломікамі, хто з вялікімі моцнымі палкамі. Пазаганялі іх у зазем — так называлася скразное бервяно, якое ляжала ў самым версе зруба, і зварухнулі хату з месца. Давялося пераехаць у Цяснова.

Тады малы Міша не ведаў, што менавіта тут, у гэтай вёсцы, сустрэне свой лёс. Селішча Нініных бацькоў было на той жа вуліцы, дзе пабудаваліся Мішавы бацькі, але толькі сталым юнаком ён пазнаёміўся са сваёй каханай.

— У вёсцы людзі добра ведаюць адзін аднаго, і я таксама ведаў, што недзе побач жыве такая Ніна, — расказвае Міхаіл Фёдаравіч. — Можа б, і пазнаёміўся з ёй яшчэ да арміі, але была адна абставіна, з-за якой не мог гэта зрабіць. Я ніколі не хадзіў на танцы, дзе звычайна збіралася вясковая моладзь. Тады было сорамна прызнацца, але ў мяне не было нармальных штаноў. У палатняных, якія стаяць на табе цубам, у людзі не выйдзеш, засмяюць. Каму патрэбен такі хлопец? Сапраўдным кавалерам адчуў сябе, калі прыйшоў з арміі. Служыў я за мяжой, у складзе савецкіх войскаў у Германіі, у батальёне аховы. Наша задача была — ахоў-ваць электрастанцыю, дзе працавала 24 тысячы чалавек, і за гэта нават грошы давалі, 35 марак у месяц. Паколькі я не піў, не курыў, то грошы гэтыя эканоміў. На іх накупляў тканіны, абрусаў і прыехаў дадому. Першы касцюм пашыў у Глуску. Узяў тканіну і прынёс яе да швейніка. Як цяпер памятаю, гэта быў яўрэй, а ў яго была дачка Фаня. Грошай за пашыў не меў заплаціць і замест іх прапанаваў абрус. Ён быў такі прыгожы, што дачка не ўтрымалася і стала прасіць бацьку, каб ён згаджаўся на такі абмен. Так мне пашылі касцюм, ды яшчэ й падкладку да яго швейнік даў сваю. Прыбраны ў новы касцюм ды пры наручным гадзінніку “Победа”, які вымяняў у Мінску на вакзале на абрус, я і з’явіўся разам са сваім сябрам на танцах. Нінка прыглянулася адразу. Мілавідная, вясёлая, зграбнай фігуры дзяўчына так і легла да сэрца.

Прыгожы статны юнак таксама прыйшоўся ёй даспадобы. Інакш як растлумачыць той факт, што яна, сябраваўшы з вясковым хлопцам чатыры гады, у адно імгненне памяняла яго на Міхаіла. Што тут гаварыць, каханне, пылкае каханне, якое ў 1956 годзе 23 кастрычніка завяршылася вяселлем.

— Гулялі вяселле тры дні, — уключаецца ў размову Ніна Фёдараўна. — Пасля вянчання ў Свята-Богаяўленскай царкве ў Глуску мы прыехалі да нас і вечар гасцявалі. Назаўтра вяселле перайшло да жаніха, а на трэці дзень — кожны частаваў сваіх гасцей. Я была шчаслівая,  што выйшла замуж за такога хлопца. Ён сапраўды падарыў мне шчаслівае і добрае жыццё. Сваімі рукамі пабудаваў вось гэту хату, дзе цяпер жывём. Дарэчы, побач колісь стаяла хата маіх бацькоў. Мой гаспадар і цяпер кпіць з мяне, маўляў, вунь тваё селішча, за сцяной. Але я ведаю, што ён жартуе, таму і не крыўджуся. Галоўнае, што ён мяне ніколі не пакрыўдзіў, а яшчэ наша сям’я моцная тым, што ў нас ніколі не было здрад. І гэта вельмі важна, калі любяць цябе і толькі цябе.

У Цяснове сям’я Міхаіла Фёдаравіча і Ніны Фёдараўны Грамыка лічылася і лічыцца працавітай. Абодва ў маладосці не цураліся ніякай работы. Ніна Фёдараўна, да прыкладу, адпрацаваўшы 15 гадоў на свінаферме, зарабіла сабе, як яна кажа, персанальную пенсію. Персанальная яна ці не, але даволі высокая. І гэта лішні раз падкрэслівае, што не гуляла і не проста бавіла час у калгасе, а шчыравала ад душы з ранку да вечара. У маладосці сям’я гэта, дзе выхоўвалася чацвёра дзяцей, трымала на падворку розную жыўнасць. Было па дзве каровы, па пяць свіней, куры, гусі… Адных толькі падушак з гусінага пер’я гаспадыня нарабі-ла больш за 15 штук. А свіней часткова здавалі ў райзаг, каб капейку лішнюю мець. І цяпер, калі абодвум за восемдзесят, яшчэ трымаюць каня. Для асабістых патрэб і для душы, каб не сядзець без справы. Для душы жыве ў хаце кот са смешнай мянушкай Бурмалей — гладкі такі, дагледжаны, увесь паважны, сваёй мянушцы адпавядае на ўсе сто.

З гумарам, з трывалымі пачуццямі ў сэрцах ідуць па жыцці нашы сціплыя, добразычлівыя і гасцінныя героі. На шасцідзесяцігадовым юбілеі сумеснага жыцця ў іх хаце было весела і шумна. Родных людзей віншавалі дзеці, дзевяць унукаў і восем праўнукаў. “Мы багатыя”, — скажуць на развітанне мае героі. І яны маюць рацыю. Бо іх багацце — не тое, што людзі прывыклі лічыць матэрыяльна, а іх багацце — нашчадкі, якім яны далі жыццё, а яшчэ шчырыя адносіны, якія пранеслі праз гады. Хочацца пажадаць брыльянтавым юбілярам і надалей такога ж сямейнага шчасця і, безумоўна, здароўя. На днях, 21 лістапада, у іх хаце зноў будуць адзначаць юбілей — 85 год з дня нараджэння Міхаіла Фёдаравіча. Цудоўны юбілей у цудоўнага чалавека.

Вольга ЧУЧВАЛ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

Последние новости

80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла сегодня в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

Первое заседание VII ВНС состоится 24—25 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Продлили контракт на правовом приеме! Какие еще проблемы помог решить профсоюз?

19 апреля 2024
Культура

Выставка работ учащихся Центра творчества Глуска открылась в районном музее

19 апреля 2024
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Отсрочки, штрафы и СМС‑повестки — о каких новациях нужно знать будущим призывникам

19 апреля 2024
Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024
Актуально

Когда судом применяется специальная конфискация

18 апреля 2024
Культура

Афиша Глуска: куда сходить и что посмотреть на досуге

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Происшествия

В центральном парке Глуска кто-то варварски вырвал скамейку

6 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024