Темы

Вёска Цяснова

Вёска Цяснова

Сваім гістарычным мінулым вёска Цяснова вядома з XIX стагоддзя. Паводле кнігі “Памяць”, у  1858 годзе яна ўваходзіла ў склад Глускай воласці Бабруйскага павета і называлася сяло Цясноў. Амаль праз чатыры дзясяткі гадоў гэта ўжо быў фальварак Цяснова (ён жа Вялікая Цесна), які налічваў 4 двары і 22 жыхары. Вёскай стала называцца з 1917 года. На той час у 42 хатах пражывала 268 чалавек. У 1931 годзе тут быў арганізаваны калгас “Баявік”, які ў 1936 годзе меў452 гектарысельгасугоддзяў і аб’ядноўваў 40 гаспадарак.

Яшчэ дваццаць гадоў таму ў вёсцы ў 40 дамах жылі 93 чалавекі. Мясцовыя жыхары ўспамінаюць тыя дні з настальгіяй. За гэты невялікі прамежак часу насельніцтва Цяснова скарацілася больш чым утрая. У асноўным жывуць тут састарэлыя людзі, прычым жанчын удвая больш, чым мужчын. Працаздольных засталося ўсяго восем чалавек, і ўсе мужчыны. Гаспадарку ўжо мала хто трымае. З жыўнасці ў сяльчан толькі куры, свінні ды на двух падворках па кані. А вось колісь…

Менавіта часы даўно мінулыя зрабілі вёску адметнай ад іншых. Яшчэ перад Вялікай Айчыннай вайной цясноўцы з Кіева-Пячэрскай лаўры, пераадолеўшы пешшу сотні кіламетраў, прынеслі ікону “Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы”, якую набылі на сабраныя вяскоўцамі грошы.  На такі вялікі шлях — ажно ў Кіеў — адважылася група мужчын. Ікона стала самай дарагой святыняй для вёскі і з таго часу ахоўвае яе жыхароў. А яно на самой справе так і ёсць. Сяльчане ўпэўнены, што менавіта Прасвятая Багародзіца зберагла на вайне большую частку цясноўскіх мужчын ад куль, і яны вярнуліся дадому жывыя і здаровыя. Другія цудадзейныя выпадкі з жыцця, якія, магчыма, таксама звязаны з паяўленнем іконы ў вёсцы, расказаў нам Міхаіл Фёдаравіч Грамыка.

— На пачатку вайны мне было амаль дзесяць гадоў, таму некаторыя эпізоды свайго дзяцінства памятаю добра. Асабліва ў памяць урэзаліся два з іх, калі я стаяў на мяжы жыцця і смерці. У Цяснова прыйшлі паліцаі, і трое з іх размясціліся ў нашай хаце. Адзін з іх, камандзір узвода, расстраляў сям’ю ў Трайчанах, а хату спаліў. Пра гэты выпадак расказаў яго сябар, таксама паліцай. Маці мая не стрымалася і выказалася: “Няўжо ў яго не задрыжала рука, калі страляў у мірных людзей?” Пра словы маці данеслі камандзіру ўзвода, на што ён прамовіў: “Калі буду ад’язджаць адгэтуль, спытаю ў яе, ці не задрыжыць мая рука, калі стану расстрэльваць яе сям’ю”.  Яно б, можа, так і было, але нейкая сіла абараніла нас ад гібелі. Паліцай не расстраляў нас, а пацярпеў сам, ад свайго ж ружжа. Нешта там здарылася, што ружжо дало аддачу, вырвала затвор і параніла самога паліцая. Пазней яго сябар скажа: “Вы шчаслівыя, што вас не расстралялі і хату не спалілі”.

А яшчэ памятаю, як я ледзь не застрэліў малога хлопчыка. Гэта гісторыя звязана ўжо з другімі паліцаямі. Той хлопчык разам з маці, якую паліцай прывёз з Калаціч, кватаравалі ў нашай хаце, і ён настолькі надакучыў мне, што я вырашыў прыстрашыць яго. Узяў карабін, які стаяў у кутку хаты, наставіў на яго і прыцэліўся. Я ж думаў, што ў карабіне няма патронаў, і націснуў на курок,але ружжо не стрэліла. Потым адкрываю затвор, а адтуль выскачыў баявы патрон. Я так перапалохаўся, што ледзь апамятаўся. Хутчэй запхнуў патрон назад і паставіў карабін на месца. Калі б забіў малога, то і нас бы паліцай таксама не пашкадаваў. Вось так было ў маім жыцці.

Амаль усе вяскоўцы, з кім давялося гутарыць, добра памятаюць пасляваенныя часы. Калі на сабе аралі, калі, зграбаючы сена па пожні, да крыві раздзіралі сабе ногі, калі галеча прымушала есці хлеб з жалудоў ды пышак.

— А вы ведаеце, што такое пышкі? — запытала ў нас Валянціна Іванаўна Грамыка. — Гэта перамерзлая бульба, якую мы збіралі па полі, як толькі сыдзе снег. З яе рабілі крухмал, а яшчэ пяклі каржы, якія потым елі замест хлеба. Дарэчы, хлебам мы таксама называлі і каржы, спечаныя з перамеленых жалудоў. А яшчэ замест хлеба елі каржы з бульбянога шалупіння, і пасля такая печая была, што не вытрымаць. Але голад, як кажуць, не цётка. Выжываць жа неяк трэба было. У ваенныя і пасляваенныя часы і нішчымны суп з крапівы здаваўся смачным.

Валянціна Іванаўна Грамыка

Шмат перажылі за свой век цясноўцы. Вядома ж, не толькі адны яны такія былі, наўкола людзі таксама гаравалі. І сяльчане ведалі гэта і цярпліва ўспрымалі свой лёс. Было і такое, калі ўручную капалі торф, потым змешвалі яго з гноем і зноў жа ўручную раскідвалі па полі. Рабочай сілы тады хапала. Адных жанчын у паляводчай брыгадзе было пад пяцьдзясят. Як возьмуцца за сярпы ды выйдуць у поле жыта жаць — люба-дорага глядзець. Сучаснае пакаленне такую карцінку можа пабачыць хіба што ў кінафільмах.  Яшчэ вырошчвалі ў калгасе, ды і на прыся-дзібных участках,  лён. Бралі яго ўручную, потым вязалі ў снапы, сушылі, абівалі галоўкі льну — атрымлівалася льносемя з мякінай, потым везлі лён на поле і зноў рассцілалі. Як лён адлежыцца, падымалі яго сярпом і ставілі ў кучкі. Затым прывозілі дадому і сушылі ў лазні. Потым яго церлі ў церніцы, трапалі траплом, каб не было кастрыцы, якая знешне нагадвала тонкі ігольчасты сухастой, даўжынёй да трох сантыметраў. Яшчэ неабходна было лён пачасаць на спецыяльнай часалцы, і толькі тады выходзіў кужаль. Яго пралі і з нітак ткалі ручнікі, абрусы, посцілкі, кашулі… Такія льняныя вырабы мы бачылі ў доме Валянціны Іванаўны Грамыкі. Частку з іх яна падарыла ўнукам, а некаторыя пакінула сабе.

Генадзь Сямёнавіч Аліфер

У пасляваенныя гады вёска паступова ажывала. І свінні ў хлявах зноў зарохкалі, і хатняя птушка паявілася, нават некалькі кароў вярнулі дадому.

— На пачатку вайны ў Цяснове было два статкі кароў, — працягвае свае ўспаміны Міхаіл Фёдаравіч Грамыка. — Калі немцы акупіравалі вёску, яны забралі палавіну кароў, а потым прыйшлі партызаны і забралі астатніх. Дык вось, немцы большасць кароў парэзалі і паелі, а частку прапілі ў Хваставічы. Пасля, калі ўжо нас вызвалілі, нашы жанчыны пайшлі ў Хваставічы, знайшлі там сваіх чатырох кароў і забралі назад. Гэта былі не толькі карміліцы — на іх таксама аралі зямлю. У нас, праўда, не было каровы, затое яна была ў сястры нашай маці — таксама прыгнала з Хваставіч. Памятаю: падоіць малако і паўлітра нясе нам. Маці налье кожнаму па палавіне шклянкі, і мы яго не пілі, а макалі бліном з пышак і так елі. Тады, здавалася, смачней за гэта нічога і не было.

Нажылі вяскоўцы і коней. У калгасе іх быў цэлы статак, які неабходна было пасвіць. Ваўкоў тады, кажуць, было страх як шмат. Давалі коней і людзям для работы на прысядзібных участках. Чалавек, які даглядаў коней, распісваўся за іх, і калі з жывёлінай што-небудзь здаралася, нёс адказнасць. Таму, калі каня браў нехта для работы, то адказны за яго стаяў і глядзеў, як ён працуе. Час, адведзены для работы, быў строга вызначаны. Нават калі заставалася заараць усяго адну баразну, каня забіралі і вярталі ў калгасны статак.

Алена Іосіфаўна Грамыка

Слухаеш расказы сяльчан і думаеш: гэта ж колькі ў іх было цярплівасці, мужнасці, каб усё перажыць. І яны не проста жылі і працавалі, а жылі з надзеяй на лепшае і самі гэта лепшае стваралі сваімі ж рукамі. Алена Іосіфаўна Грамыка ўспамінае, што ў вёсцы было ўсё неабходнае для добрага жыцця. Была ферма, ды не адна — для кароў, для цялят, для свіней, нават авечак трымалі. Былі свой клуб, крама і пачатковая школа, бо дзяцей малых было шмат, што ні сям’я, то шматдзетная. А якія вяселлі ў клубе гулялі! Танцавалі пад гармонік, а потым і свой ансамбль стварылі. А кірмашы! На свята Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, 21 верасня, урачыста выносілі прывезеную з Кіева ікону і ішлі з ёй па вуліцы. Гэта быў цэлы рытуал, дарэчы, захаваўся ён і па сённяшні дзень, праводзіцца толькі ў гэтай вёсцы. Пасля цырымоніі пачынаўся кірмаш. Таксама гулялі ў студзені, на свята Вадохрышча.

Пётр Васільевіч Грамыка

Ад большай часткі мінулага засталіся адны ўспаміны. Не існуе болей фермы, клуба, крамы, школы. І толькі калгасны сад, які быў пасаджаны колісь пры старшыні цяпер ужо былога калгаса “Гвардыя” Іване Фёдаравічы Баглаі, дагэтуль радуе сваім пышным цвіценнем. Ён па-ранейшаму, хоць ужо  і стары, красуе пасярод вёскі, як бы гаворачы: жыццё прадаўжаецца. А яно і сапраўды ў Цяснове прадаўжаецца. Ёсць жа тут яшчэ і  працаздольныя, аднаго з іх, Генадзя Сямёнавіча Аліфера, мы сустрэлі на вуліцы і пагаварылі. Расказаў, што працуе даглядчыкам у калгасе, жыве адзін у бацькоўскай хаце і на жыццё не скардзіцца. Ёсць у вёсцы і прадпрымальнік — Грамыка Пётр Васільевіч. Мужчына, які сам родам з гэтай вёскі, ужо некалькі год аказвае паслугі насельніцтву па распілоўцы лесу, вырабе зрубаў і лазняў. У яго свая піларама. Менавіта гэты астравок, дзе наладжана няхай і невялікая, але вытворчасць, лішні раз падкрэслівае, што Цяснова яшчэ рана спісваць у разрад выміраючых вёсак. Асабіста мне вельмі хочацца ў гэта верыць.

Вольга ЧУЧВАЛ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

Последние новости

80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла сегодня в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

Первое заседание VII ВНС состоится 24—25 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Продлили контракт на правовом приеме! Какие еще проблемы помог решить профсоюз?

19 апреля 2024
Культура

Выставка работ учащихся Центра творчества Глуска открылась в районном музее

19 апреля 2024
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Отсрочки, штрафы и СМС‑повестки — о каких новациях нужно знать будущим призывникам

19 апреля 2024
Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024
Актуально

Когда судом применяется специальная конфискация

18 апреля 2024
Культура

Афиша Глуска: куда сходить и что посмотреть на досуге

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Происшествия

В центральном парке Глуска кто-то варварски вырвал скамейку

6 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024