Темы

Мілыя сэрцу ўспаміны

Мілыя сэрцу ўспаміны

Нядаўна ў рэдакцыю прыйшоў ліст ад нашай чытачкі Марыны Грамыкі. Яна напісала, што, прачытаўшы ў раёнцы артыкул пра Цяснова (газета ад 29 лістапада), не магла стрымаць эмоцый і ўспамінаў, што нахлынулі на яе, бо сама родам з гэтай вёскі. Марына Яўгенаўна прапанавала нам свой аповед пра яе вёску — як бы ў дапаўненне да таго, што было напісана ў газеце. Мы з задавальненнем прачыталі яе ліст і прапануем нашым чытачам таксама пазнаёміцца з яго зместам. Думаем, што артыкул заслугоўвае такой увагі.

Амаль кожныя выхадныя еду на сваю малую радзіму ў вёску Цяснова, каб наведаць матулю, дапамагчы ёй па гаспадарцы, пакорпацца ў агародзе. А яшчэ змалку мяне цягне да сябе лес — грыбы, ягады, арэхі. Цяпер вабяць яшчэ і ўспаміны…

Машына мінае апошнюю паваротку, адразу за якой адкрываецца панарама такой роднай і такой некалі прыгожай і вясёлай вёскі. Не адно дзесяцігоддзе прайшло з таго часу, як я пакінула яе, паехаўшы на вучобу, а затым і працаваць. Але кожны раз, як пад’язджаю, сэрца пачынае біцца мацней.

Першай прыцягвае ўвагу воданапорная вежа з гняздом бусла. Адразу пасля лесу, з правага боку, віднеюцца два векавыя дубы, за якімі знаходзяцца вясковыя могілкі. Старажылы, што адышлі ўжо ў вечнасць, нібы сустракаюць усіх прыязджаючых у вёску, праводзячы іх нябачным позіркам. У думках хрышчуся і жадаю ім светлай памяці.

З левага боку былі калісьці кароўнік, сельскагаспадарчыя склады і свінагадоўчая ферма, якія будаваў і мой бацька Яўген Грамыка па мянушцы Клім. Малымі дзецьмі мы часта прыбягалі да яго на будоўлю, ласавалі-ся з яго салдацкай сумкі “зайчыкавым хлебам”. А бацька, гле-дзячы на нас і са смакам даядаючы пакінутыя і сабе кавалачкі хлеба з салам, лагодна казаў: “Бяжыце, дзеці, гуляць на сонейка, бо тут усюды вецер скразны дзьме… Ды і на цвіка ненарокам яшчэ не наляцелі.” Цяпер аб тых свінагадоўчай і малочнатаварнай фермах напамінаюць толькі кучы бітай цэглы.

Раней кароўнік, малочная, канюшня, аўчарня і калгаснае гумно знаходзіліся пасярод вёскі, каля вежы, якраз насупраць нашага бацькоўскага дома, непадалёку стаяла кузня. Яшчэ, як успамінаюць старыя аднавяскоўцы, калісьці былі тут куратнік і нават ручная лесапільня. А каб жанчыны, у каго маленькія дзеці, маглі спакойна працаваць, мелі-ся ў вёсцы дзіцячыя яслі, і нянечка была, Машай звалі.

У дзіцячыя гады, помню, раненька, як толькі ўзыхо-дзіла сонейка, мяне будзіў звон.  Гэта брыгадзір каля старога кароўніка біў металічным прутом па падвешанай жалязяцы, ззываючы калгаснікаў на нарад. Працы тады было вельмі шмат. З тэхнікі ўсяго некалькі гусенічных трактароў, у сеялкі і жняяркі запрагалі коней. Праца была ў асноўным ручная. Аралі, сеялі збажыну, лён, караняплоды, убіралі ўраджай і сена грэблі — усё ўручную. Дапамагалі калгасу і дзеці, і пенсіянеры.

Асабліва ўрэзалася ў памяць, як мой бацька і іншыя дужэйшыя мужчыны ў час маразоў ехалі на вадаёмы нарыхтоўваць лёд, бо халадзільнікаў на фермах тады не было. Існавала асаблівая тэхналогія нарыхтоўкі лёду: нарэзаныя на рацэ ці возеры глыбы прывозілі і згружалі каля малочні, засыпалі іх апілкамі, потым торфам. Так яны захоўваліся амаль да новых маразоў. Каб малако летам не скісла да таго, як машына забярэ яго на малаказавод, бідоны з малаком змяшчалі ў вялікі металічны чан, напоўнены вадой, а ў ваду апускалі тыя камлыгі лёду.

Таксама зімой з лугоў і балот валакушамі, прычэпленымі да трактароў, перавозілі стагі, а то і цэлыя сцірты сена і саломы, бо летам тэхніка там грузла, ды і занятая была на іншых работах. Валакушы для нас, дзяцей, былі любімай забавай: мы чапляліся на хвост валакушы і з віскам каталіся, пакуль хто з дарослых не праганяў.

Але вернемся да апісання самой  вёскі. Дзве вуліцы ў канцы змыкаюцца, утвараючы авал, пасярод якога калгасны сад. У маі, калі зацвітаюць яблыні, уся акруга нібы пакрываецца ружаватым духмяным снегам.

Пасля вайны, расказвалі старыя, вёска выглядала інакш: хаты невялікімі групамі стаялі абасоблена, бліжэй да лесу, па нізінах, а цяперашнія вуліцы ўтварала толькі невялікая колькасць дамоў. Там, дзе зараз калгасны сад, колісь людзям давалі на-дзелы зямлі. Ужо ў 50—60-я гады дамы сталі будавацца бліжэй да дарогі, так і ствараўся сучасны выгляд вёскі. Жылі ў ёй працавітыя і таленавітыя людзі. Сем’і былі шматдзетныя. Усе вяскоўцы паміж сабой сябравалі, дапамагалі адзін аднаму і ў працы, і ў весялосці, а калі якая бяда здаралася, збіралася ўся вёска. Мо яшчэ й таму, што былі паміж сабой сваякамі. Большасць сем’яў мела прозвішча Грамыкі. Паводле ўспамінаў старажылаў, нашы прашчуры былі з вёскі Грамыкі (Старыя і Новыя Грамыкі), што на Гомельшчыне, дзе таксама большая частка насельніцтва насіла такое прозвішча. Паводле архіўных звестак, род адносіўся да шляхецкага, меўся ў яго і свой герб. А яшчэ там жылі Лапіцкія, Бруевічы, Кондрыкі і Крупскія. Атрымаўшы магчымасць купіць землі сярод балот, людзі сяліліся на хутарах. Карчавалі лес, каб было дзе сеяць збажыну. І цяпер у гутарках вяскоўцы ўспамінаюць пра тыя хутары з назвамі: Крывое поле, Бабарыкава, Пагарцаў брод, Матрунін рог, Бельскае, Сенькін грывок, Вышкі, Неўскае, Гароджы, Кулініна, Сількава горка, Каміцет, Востраў. Перад Вялікай Айчыннай вайной людзей з хутароў перасялілі ў вёску. Кажуць, зямель асушаных было мала, кругом балоты. Цеснавата было, таму і назва вёскі ад слова цесна — Цясноў, а потым сталі казаць — Цяснова.

Дарэчы, вёскі Старыя і Новыя Грамыкі да 1919 года адносіліся да Магілёўскага павета, а ўсе суседнія Цяснову вёскі, Даколь, Старына і іншыя, уваходзілі ў той час у склад Мінскай губерні. Таму цясноўцаў, выхадцаў з Грамык, доўгі час называлі “мэгілеўцамі”.

Здаецца, яшчэ не так даўно ў нашай вёсцы доўгімі зімнімі вечарамі на вячоркі збіраліся моладзь і сталыя людзі. Пралі, вязалі пад лучыну і, канешне, пелі песні. Яшчэ жывыя сведкі тых часоў, і адна з іх — мая маці, Галіна Якаўлеўна Грамыка. Успамінаючы гады сваёй маладосці, яна кажа: “Ой, і галасістыя жанчыны былі ў нас, асабліва баба Яўгіння, Нінка Стральчэня, баба Наталля Сямёнава, Паша, спявалі і мужчыны — Апанас, Васіль, а дзед Сцяпан Бруевіч ды баба Надзя Пятрыха — танцоры, якіх не ператанцаваць. Яшчэ і нас вучылі танчыць польку, падыспан, казачок, страданне. А якія ж танцы без гарманістаў? У руках Яшкі, Васіля Грамыкі, Васіля Бруевіча гармонікі пелі і плакалі. Таленавітыя былі людзі”.

Ужо ў мае школьныя гады ў вёсцы з’явіўся свой вакальна-інструментальны ансамбль, і тады ў клубе на танцах яблыку не было дзе ўпасці. Міхаіл Грамыка і Шура Кондрык, а пасля браты Мікалай і Пятро Грамыкі, сабраўшы грошы са сваіх палучак, набылі гітары, клавішныя і ўдарныя інструменты. У выхадныя і святочныя дні ў цясноўскім клубе была сапраўдная дыскатэка. Моладзь з’язджалася не толькі з Глускага раёна, але і з суседняга  Старадарожскага, нават з іншых гарадоў, дзе вучыліся і працавалі землякі. Колькі дзяўчат і хлопцаў тады паміж сабой перазнаёмілі-ся і пажаніліся! Ажаніліся таксама і хлопцы-гітарысты, але музыка не змоўкла, іх пачын падхапілі маладзейшыя: Зоя Грамыка, Іван Ткачоў, Васіль Грамыка, Аня Марачкова.

А яшчэ дзеці і вучні старэйшых класаў самастойна рыхтавалі і паказвалі канцэрты для сваіх бацькоў на Новы год і іншыя святы. Збіраліся разам, рэпеціравалі песні, смешныя сцэнкі, шылі і клеілі карнавальныя касцюмы, мылі і ўпрыгожвалі клуб. Дарослыя не ўмешваліся і не забаранялі. Разумелі, што так у дзяцей з’яўляецца самастойнасць, адказнасць, развіваецца фантазія.

Трэба заўважыць, што выхаванню дзяцей заўсёды надавалася вялікая ўвага. Якія мудрасць і цярпенне праяўляліся пры гэтым старэйшымі! Пры ўсёй сваёй занятасці і шматдзетнасці бацькі цікавіліся нашымі поспехамі ў школе і ўрокі дапамагалі рабіць. Мой бацька, закончыўшы ўсяго  два  класы, дапамагаў мне па геаметрыі ў сёмым класе, па-простаму і даходліва тлумачыў тэарэмы. А калі і прыходзілася пакараць каго-небудзь за вялікую правіннасць, то пакаранні былі такімі, што не зніжалі павагі і любові да дзіцяці. Вось яна, гуманная народная педагогіка, якой не хапае зараз.

 Яшчэ хацелася б узгадаць цікавую гісторыю з’яўлення ў вёсцы вялікай аброчнай (агульнай для ўсёй вёскі) іконы “Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы”. Па ўспамінах Уладзіміра Іванавіча Лапіцкага, маёй бабулі Праскоўі і некаторых іншых, дзесьці ў канцы XIX — пачатку ХХ стагоддзя нашы веруючыя продкі Сёмка, Сенька, магчыма, яшчэ Парфен і бацька бабы Матруны адправіліся ў далёкую дарогу, аж у сам горад Кіеў, набыць святыню — каб захаваць духоўнасць у вяскоўцаў і каб Гасподзь бярог іх ад бяды на новых землях. Дзе пешшу, дзе на валах прынеслі-такі ў Цясноў вялікую ікону “Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы” з падсвечнікамі, а таксама харугвы. Чаму менавіта гэту ікону, а не іншую? Можа, выпадкова, а можа, і не, але каля вёскі Старыя Грамыкі быў некалі праваслаўны прыход і царква Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.

У Цяснове царквы не было, таму ікону кожны год пераносілі з хаты ў хату. У суботу напярэдадні другой Прачыстай, якая, як вядома, святкуецца 21 верасня, старэйшыя збіраліся на посную вячэру да таго, у чыёй хаце была ікона, і рашалі, хто варты будзе прыняць святыню на наступны год. На само свята ў вёску з’яз-джалася вельмі шмат гасцей. Маліліся каля прыбранай іконы, а затым быў урачысты хрэсны ход па вуліцы. Несці ікону, трымаючы яе з двух бакоў, мелі права ці маладыя дзяўчаты, ці жанчыны ў гадах. Насустрач беглі дзеці, ішлі дарослыя, і кожны з іх нагінаўся, каб прайсці пад іконай, як казала бабка Праскоўя, — каб быць здаровымі і шчаслівымі ўвесь год. Ікону, харугвы і вялікі крыж урачыста ўносілі ў новы дом.  Затым пачыналі святкаваць кірмаш. У кожную хату збіраліся сваякі, сябры і проста знаёмыя з іншых мясцін. Вельмі цікава было і весела, песні і танцы пад гармонік не змаўкалі да позняй ночы. Шкада, але ні такіх кірмашоў, ні хрэснага ходу з іконай у Цяснове ўжо не праводзіцца гадоў мо дзесяць — пятнаццаць.

У вайну немцы, празнаўшы пра ікону, хацелі яе забраць, але баба Параска надзейна схавала яе ў скрыні, засыпаўшы зернем. Бараніла Багародзіца Цяснова і ад зверстваў фашыстаў, і ад пажараў, і нават ад смерчаў, што праносіліся каля вёскі, але не закраналі яе.

Людзі ў Цяснове былі вельмі добрымі майстрамі. Слава пра нашых цесляроў, сталяроў ішла далёка. Іх з вялікай ахвотай запрашалі ў іншыя вёскі будаваць дамы, фермы, клубы. Умелі вырабляць і бочкі, і цэбры, ткаць, каваць, шыць боты. Смешны выпадак расказвала некалі мая бабуля Праскоўя. У іх сям’і было 12 дзяцей, а яна старэйшая, таму бацькі аддалі яе рана замуж, у 16 гадкоў, за Кондрыка Якава, які ўмеў шыць боты. Намачыў аднойчы Яша скуры ў чыгуне каля печы ды нічога жонцы не сказаў, а Прося рана ўпраўлялася і паставіла чыгун са скурамі ў печ, ды і зварыла іх, замест бульбы. Павохкаў дзед, але на бабу не сварыўся: шкадаваў  і паважаў яе.

Жыла ў вёсцы і добрая партніха Вольга Грамыка. Хоць і былі тады людзі небагатымі, але да вялікіх свят —  Пасхі, кірмашу, Каляд — стараліся рабіць абноўкі. Маці наша ці бабуля, купіўшы загадзя, у асноўным ва ўцэненым магазіне, адрэз квяцістай тканіны, вялі мяне з сястрой Алай да цёткі Вольгі — і праз некалькі дзён сукенкі нам былі гатовы. Кожны раз дзівіліся, як цётка прыдумвае розныя модныя фасоны, бо сукенкі не былі падобныя адна на другую.

Амаль у кожнай хаце гаспадыні пралі кудзелю, ткалі, вязалі цёплыя панчохі, тонкія карункі, а яшчэ вышывалі. І цяпер, захо-дзячы ў хаты Любові Лаўрэнцьеўны Ткачовай і Марыі Фёдараўны Грамыкі, вачэй не можаш адарваць ад вышываных убранняў на куце, прыгожых абрусаў, сурвэтак і прасцін. І ад такога хараства хата выглядае асабліва ўтульнай, а на душы ад усяго ўбачанага робіцца цёпла і спакойна.

Вось такая яна, мая вёска Цяснова. Вось такія яны, мае землякі.

Марына ГРАМЫКА

Последние новости

Общество

Состояние криминогенной обстановки на территории района и профилактика преступности стали темой координационного совещания в Глуске

30 июня 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко согласовал назначение руководителей в местных органах власти

30 июня 2025
Читать новость
Власть

Кадры, инвестиции, дисциплина в АПК. Как Лукашенко напутствовал новых председателей райисполкомов

30 июня 2025
Читать новость
Спорт

Команда «МАЗ-СПОРТавто» готовится к старту ралли-марафона «Шелковый путь — 2025»

30 июня 2025
Читать новость
Власть

На второй сессии Палаты представителей принято 67 законопроектов

30 июня 2025
Читать новость
Общество

Сильный эмоциональный проект. Жители Витебска встретили “Поезд Победы”

30 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем