Надзейныя працаўнікі
Ім бы сядзець дома, адпачываць на пенсіі — заслужылі за свой век. Добрасумленна адпрацавалі ў калгасе, адна — як даглядчыца качак, другі — як шафёр. Але не, Таццяна Апанасаўна і Аляксандр Сямёнавіч Шчэрба яшчэ не збіраюцца кідаць работу. Кажуць, пакуль хопіць сілы, будуць хадзіць на ферму. Найпершая прычына таму — шкода загадчыцу. “Яна ж такая ў нас добрая, — кажа Таццяна Апанасаўна, — душой хварэе за справу, стараецца, каб на ферме быў парадак, і да людзей адносіцца з павагай. Як такому чалавеку не дапамагчы? Ну кінем мы працаваць, хто тады сюды пойдзе? Жадаючых, каб ажно стаяла чарга, няма. Вось таму і не пакінем мы нашу Святлану. Колькі гэта яшчэ будзе прадаўжацца, не ведаю. Час пакажа, а дакладней, як здароўе дазволіць”.
Разам з Таццянай Апанасаўнай і Аляксандрам Сямёнавічам працуе іх сын Аляксандр. Утраіх яны даглядаюць 340 кароў, якія размешчаны ў двух хлявах новай малочнатаварнай фермы ў Дуброве, што належыць ААТ “Глускае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. Штодня раздаюць муку жывёлінам, сочаць за паяданнем кармоў. У абавязках таксама і чыстка стойлаў. Загадчыца фермы Святлана Рудзько добрым словам гаворыць пра гэту сям’ю. І мае рацыю, таму што ўпэўнена: пакуль на ферме працуюць Шчэрбы, можна не сумнявацца — усё будзе ў парадку.
Вольга ЧУЧВАЛ
Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА