Темы

Падарожжа па родным краі. Касарычы

Падарожжа па родным краі. Касарычы

Працяг

Пастановай Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі ад 28 ліпеня 1941 года ЦК КП(б) Беларусі і камандаванне цэнтральнага фронту прадставілі к дзяржаўнай узнагародзе беларускіх партызан, якія асабліва вылучыліся ў баях супраць нямецкіх захопнікаў, у тым ліку Аляксея Іванавіча Якубенку — к ордэну Леніна.

Партызаны

З Касарыч быў і Мітрафан Сямёнавіч Марціновіч (па некаторых дакументах — Мартыновіч), які ўзначаліў адзін з першых мабільных партызанскіх атрадаў на Глушчыне. У склад гэтага атрада ўвайшло 25 чалавек, актывістаў партыйна-савецкай работы. Пад яго кіраўніцтвам былі ўзарваны ўсе чатыры масты праз раку Пціч (іх колісь звалі Баянаўскія масты), што дало магчымасць хоць на трохі затрымаць ворага. І гэта быў толькі пачатак барацьбы з ворагам. Партызанскі рух пашыраўся, арганізоўваліся новыя атрады.

Партызаны не давалі ворагу быць спакойным, і ў канцы зімы 1942-га немцы паспрабавалі знішчыць партызан, якія знаходзіліся ў акцябрскіх лясах. 28 лютага  1942 года партызанам стала вядома, што з Бабруйска на Акцябрскі ідзе шмат немцаў. Атрады народных мсціўцаў аб’ядналіся і сустрэлі ворагаў каля Касарыч. У выніку варожы абоз быў знішчаны, багата забіта немцаў. Але на наступны дзень немцы з’явіліся ў Касарычах, расстралялі 30 чалавек і спалілі частку вёскі.

Як успаміналі старажылы вёскі, вясною 1942 года мужчыны-партызаны, даведаўшыся, што ў вёсцы немцаў няма, прыйшлі  вечарам дадому: памыцца, змяніць бялізну, узяць прадуктаў, а таксама, калі атрымаецца, дапамагчы пасеяцца. Але аб гэтым даведаліся немцы з Каткаўскага гарнізона. На досвітку яны сагналі ўсіх касарычан у адно месца і па ўказцы здрадніка выводзілі партызан з натоўпу і ставілі на калені пад ахову кулямётчыка. Вывелі і Мікалая Лысака, але той не стаў на калені, а кінуўся ўцякаць, па ім пачалі страляць, паранілі, але ён дабег да хлява і схаваўся там. Немцы хлеў акружылі і спалілі, парашыўшы, што бягляк згарэў. Пасля, як немцы з’ехалі, прыхапіўшы з сабою ўсіх партызан, бацькі Мікалая пайшлі на папялішча адшукаць, што засталося ад сына, і пахаваць, але пачулі стогн з гною, адкідалі яго і дасталі параненага сына. Схавалі ў свірне. Але зноў нехта данёс. Немцы прыйшлі да бацькі, каб выдаў сына. Доўга здзекаваліся са старога, білі, і ён паказаў, дзе сын. Яго разам з сынам тут жа і расстралялі. Расстралялі і тых, каго пагналі ў Катку. У той дзень загінулі Мікалай Журык, Барыс Лабейка, Васіль Лысак… Павел Юневіч, Марк Пінчук, Пётр Коўзун, Яўсей Кабернік, Мікалай Адзінец кінуліся ў час расстрэлу ўцякаць, але выратавацца ўдалося толькі траім — П. П. Коўзуну, Я. М. Каберніку і П. Ф. Юневічу. Фашысты лютавалі. За сувязь з партызанамі і дапамогу ім расстраляны былі Ганна Пінчук, Алесь Цімафеевіч Чырун, Матрона Юневіч, Вольга Мікалаеўна Лазарава, Міхаіл Кузьміч Коўзун, Мікалай Рыгоравіч Адзінец, Павел Пінчук…

Як апавядае Аляксандр Барысавіч Лабейка, той вясною 1942 года загінуў і яго бацька Барыс Конанавіч Лабейка. Як сцвярджае Аляксандр Барысавіч, яго бацька перад вайной быў старшынёй калгаса ў Касарычах, а не Сямён Пятровіч Русін, як пішацца ў кнізе “Памяць. Глускі раён”. Кіраваў Барыс Конанавіч Лабейка калгасам з 1935 па 1941 год. У першы ж дзень вайны, 22 чэрвеня, ён правёў мітынг каля канторы калгаса, потым пад’ехала машына з людзьмі, мабілізаванымі на фронт, да іх далучыўся і Барыс Лабейка, і машына паехала ў бок Глуска. Толькі восенню сын убачыў бацьку, які прыйшоў дадому ўвесь знясілены і абарваны. Казаў, што быў у палоне і ўцёк. Крыху пабыў дома і падаўся ў партызаны. У той дзень, калі наехалі ў Касарычы немцы, ён быў у вёсцы, дапамагаў крыць дах аднавяскоўцу. Маці ўбачыла немцаў і загадала сыну бегчы папярэдзіць бацьку. Але пакуль хлопец дабег, то ўжо паўсюдна былі немцы. Забралі іх разам — бацьку, сына і таго аднавяскоўца. Па дарозе, як вялі, калі параўняліся з адчыненымі веснічкамі чужога двара, бацька шапнуў: “Бяжы, сынок!” І той рвануў ва ўсю моц. Так і застаўся жывы. А потым, прабегшы агародамі, бачыў, як расстрэльвалі ўсіх: і яго бацьку, і Сямёна Пятровіча Русіна, і Паўла Заградскага, і Пятра Афанасьевіча Лысака, і Жэню Багук… Адбылося ўсё гэта каля будынка былой царквы. Потым, калі ворагі з’ехалі, сяльчане перанеслі забітых у хлеў, што быў непадалёк, паклалі на насціл, на салому. Зрабілі кожнаму па дамавіне і, упрэгшыся ў воз, бо коней у сяле не было, адвезлі, кожны свайго роднага, на могілкі ў вёсцы Заракуша.

Смерць бацькі — вялікае гора. Нянавісць да немцаў і жаданне адпомсціць, расказаў Аляксандр Лабейка, прывялі яго ў партызанскі атрад.

Падлеткі помсцілі за бацькоў

Багата было сяльчан забітых, больш за 20 чалавек, але барацьба працягвалася. У партызанскія атрады пайшлі дзеці-падлеткі. Сярод іх быў і Уладзімір Мікалаевіч Лысак. Ён стаў ваяваць у партызанскім атрадзе “25 год ВЛКСМ”. Хадзіў у разведку, удзельнічаў у баях. Яго подзвіг быў адзначаны медалямі “Партызану Айчыннай вайны” I і II ступеняў. А ў маі 1944 года Уладзімір Лысак пайшоў дабіваць немца на фронт. За ўдзел у цяжкіх баях пад Варшавай і фарсіраванні ракі Одэр ён атрымаў медаль “За адвагу”, баявы шлях яго адзначаны медалямі “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, юбілейнымі медалямі… Партызанам стаў і Васіль Ігнатавіч Галамака. У адным з баёў у 1943 годзе ён быў цяжка паранены, але дзякуючы шчасліваму выпадку застаўся жыць. Яго барацьба з ворагам адзначана ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі “За баявыя заслугі”, “Партызану Айчыннай вайны”, юбілейнымі ўзнагародамі. Турлыка Уладзімір Гаўрылавіч прайшоў ад Масквы да Берліна. Старшы сяржант нёс службу ў аўтарамонтным батальёне. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны, медалямі “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”, юбілейнымі медалямі і знакамі. Пацай Мікалай Акімавіч (Якімавіч) біў немца на Курскай дузе, вызваляў Румынію, Венгрыю, Чэхаславакію… Ордэн Айчыннай вайны II ступені, медаль “За перамогу над Германіяй”, а яшчэ жыццё, бо быў цяжка паранены і застаўся інвалідам II групы, — гэта дарагія ўзнагароды, палітыя крывёю.

Яны не вярнуліся з бою

З 1937 года нёс ваенную службу ў арміі Павел Цярэнцьевіч Пінчук, лейтэнант, камандзір узвода, з першых дзён вайны ў складзе артылерыйскай батарэі біў немцаў, а потым — цяжкае адступленне. Так здарылася, што іменна ў час гэтага адступлення лёс падарыў яму магчымасць пабыць у родных Касарычах, пабачыцца са сваёй сям’ёй. Разам са сваім камандзірам і яшчэ некалькімі ваеннымі прабіраліся яны да лініі фронту, якраз праз мясціны дзяцінства… Маці падрыхтавала вячэру, ваенныя расказвалі аб цяжкіх баях. Моўчкі слухалі аповед дзед Цярэнцій, брат Пётр, пляменнік Паўлік Кормаз… Гэта была апошняя сустрэча ў роднай хаце, але тады яшчэ ніхто не ведаў, што больш яны не ўбачацца.

Пакінулі вёску ваенныя 28 жніўня 1941 года. У ліпені 1942 года Пятру Пінчуку прапанавалі ісці на службу да немцаў, але ён адмовіўся. Пятра расстралялі. Жонка Пятра была ў партызанскім атрадзе, захварэла і памерла ў 1943 годзе, пазней памёр і дзед Цярэнцій. Заставалася надзея, што малодшы сын, Павел, вернецца дадому. Але ўжо пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе прыйшло паведамленне, што Павел Цярэнцьевіч Пінчук прапаў без вестак у 1942 годзе. Маці не перажыла гэтага і неўзабаве памерла. Так і загінула ўся сям’я.

Прапалі без вестак браты Ёвенкі — Міхаіл, Піліп, Сямён, браты Коўзуны — Сяргей і Фёдар, таксама Мікалай Гаўрылавіч Турлыка. Ігнат Мікітавіч Галамака выжыў у грамадзянскую вайну, кіраваў тады ротай, а ў Вялікую Айчынную апошні раз яго бачыў аднавясковец на Курскай дузе.

Больш за 80 мужчын з Касарыч пайшлі ваяваць на фронт. Большасць з іх не вярнулася — хто прапаў без вестак, хто загінуў. У цэнтры вёскі Касарычы ў памяць пра аднавяскоўцаў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, у 1972 годзе пастаўлены помнік.

Калі прагналі немцаў

У 1944 годзе выгналі немцаў з роднай зямлі, і хоць вайна яшчэ працягвалася, гінулі родныя і сваякі, а жыхары Касарыч прыступілі да мірнай працы. Жанчыны і дзеці ўпрагаліся ў плуг і аралі сабою зямельку, каб засеяць. Сярпамі жалі жыта, а потым збіралі да адзінага каласка, каб ніводнае зернейка не прапала. Сушылі тыя каласкі, выцярэблівалі і пяклі хлеб. Работы ў той час на вёсцы была процьма. Працавалі ад цямна да цямна. А як вярнуліся з фронту мужчыны, стала лягчэй і весялей, і ўжо к канцу 40-х гадоў людзі пакрыху пачалі станавіцца на ногі. Адразу пасля вайны пачала працаваць школа.

Бальніца

Не адкладваючы надоўга, узяліся будаваць у Касарычах новае памяшканне бальніцы, яна была адкрыта 5 снежня 1948 года. Крышку пазней запрацавала тут і свая аптэка. Жыхары радаваліся, што не трэба ўжо па медыцынскую дапамогу звяртацца ў раённую бальніцу. Якраз у дзень адкрыцця новай бальніцы прыехала сюды на працу медсястрой Вера Сцяпанаўна Лацэвіч, якая пазней не толькі прымала хворых, але і загадвала аптэкай. Па спецыяльнасці фельчар, але за доўгі час працы прыходзілася замяняць і дактароў, і галоўнага ўрача, выконваць розныя гаспадарчыя справы. Вера Лацэвіч была ўзнагароджана медалём “За працоўную адзнаку”.

Працавалі ў розны час у Касарыцкай бальніцы Уладзімір Уладзіміравіч Табола, галоўны ўрач, Ніна Амосаўна Бабова і Вольга Сяргееўна Багук — медсёстры, Вольга Паўлаўна Шасцюк і Марыя Андрэеўна Пінчук — санітаркі, Лідзія Пятроўна Тамашэня — лабарантка, Ганна Раманаўна Корзун — урач-стаматолаг, яна як прыехала ў Касарычы ў 1952 годзе, то тут і прыжылася, і на пенсію пайшла. Нікому ніколі Ганна Раманаўна не адмаўляла ў дапамозе, нават калі часы прыёму даўно закончыліся. Шмат разоў выбіралі яе сяльчане дэпутатам Каткаўскага сельскага Савета. Усёй бальнічнай гаспадаркай загадвала доўгі час Таццяна Паўлаўна Пінчук. Аляксандра Іванаўна Сысой з маладосці працавала ў Касарыцкай бальніцы, потым прыняў яе горад, але касарыцкія краявіды ніколі не забывала. Дзесьці ў 1997 годзе бальніцы ў Касарычах не стала, і абслугоўвае жыхароў вёскі ўчастковая медсястра Раіса Іванаўна Турлыка.

Калгас

Жыццё пасля вайны ў Касарычах наладжвалася. У сем’ях было ў сярэднім па 5—6 дзетак. Усе хадзілі ў школу. Дарэчы, хто хадзіў колісь у старэйшыя класы, то за вучобу прыходзілася плаціць. Як успамінала Марыя Макараўна Юневіч, якая пражыла болей за сто гадоў, “за вучобу ў старэйшых класах за дваіх плаціла 300 рублёў”.

У 1956 годзе ў вёску Касарычы было праведзена радыё. Працавала яно да 23:00, і ў 1960 годзе жыхары вёскі звярнуліся праз раённую газету да ўлады з просьбай-прапановай: падоўжыць крыху працу радыё. Прыслухаліся. І вось ужо радыё гаворыць да поўначы і ўсе перадачы заканчваюцца Дзяржаўным гімнам СССР.

У 1950 годзе калгасы “Чырвоная Зорка”, “XVIII партз’езд” і “Чырвонае Замасточча” аб’ядналіся ў адзін калгас імя Жданава з цэнтральнай сядзібай у Касарычах. Першым старшынёй гэтага калгаса быў абраны Антон Максімавіч Мароз, потым кіраваў Васіль Ігнатавіч Галамака. У 1957 годзе ў вёсцы налічвалася каля 500 жыхароў і значылася Касарыцкая выбарчая акруга № 18.

У гэты ж час у Касарычах ужо працаваў магазін. Больш за 34 гады яго загадчыцай была Вера Мікалаеўна Турлыка. Зараз вёску абслугоўвае аўталаўка, магазіна даўно няма, і яго будынак ужо прадалі.

На культуру не забываліся

У адным памяшканні з канцылярыяй калгаса імя Жданава размяшчалася і бібліятэка. Загадваў бібліятэкай Рыгор Якаўлевіч Слабаднік, які меў адукацыю сем класаў, але быў харошым апавядальнікам і субяседнікам. Кніг налічвалася некалькі дзясяткаў, але кніжны фонд папаўняўся за кошт падарункаў ад землякоў.

У 1959 годзе ў Касарычах пабудавалі клуб, куды пераехала і бібліятэка. Кніг стала болей, пераважала партыйная і сельскагаспадарчая літаратура. Чытачы з задавальненнем наведвалі бібліятэку, дзе праводзіліся розныя цікавыя мерапрыемствы. Бібліятэка лічылася калгаснай, а ў 1964 годзе стала сельскай. За час працы бібліятэкі (яна была расфарміравана ў 2002 годзе) змянілася больш за 15 бібліятэкараў. Апошнім была Таццяна Мікалаеўна Петрыкавец. У той час бібліятэка налічвала болей чым шэсць з паловай тысяч экзэмпляраў кніг, але чытачоў было ўсяго 145 чалавек.

Загадчыкам клуба пасля яго адкрыцця стаў Міхаіл Ігнатавіч Галамака. У клубе быў аформлены стэнд “Яны змагаліся за Радзіму”, на якім размешчаны матэрыял аб земляках, удзельніках грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, быў у клубе і свой хор, якім кіраваў Васіль Галамака — ён добра іграў на музычных інструментах. Клуб прыдбаў прыгожыя касцюмы для хора і танцавальнага калектыву. Ездзілі з канцэртамі па сёлах і ў Глуск, добра спявалі самадзейныя артысты — Вольга Сцяпанаўна Багук, Марыя Макараўна Юневіч, якую за высокі прыгожы голас называлі касарыцкім салаўём, Уладзімір Гаўрылавіч Турлыка… Вясёлы танец “Яблычка” ў выкананні Уладзіміра Маркавіча Пінчука ішоў на біс. Каля 40 чалавек былі самымі актыўнымі ўдзельнікамі самадзейнасці: калгаснікі, настаўнікі, медработнікі, работнікі гандлю і пошты.

Праводзіліся сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, розныя цікавыя вечары, а для моладзі — вечары адпачынку, танцы. Тэлевізараў колісь не было, і людзі з ахвотай ішлі ў клуб паглядзець кіно. Добра працавала кінаўстаноўка. Адным словам, было дзе сабрацца, на людзей паглядзець і сябе паказаць. Паводле перапісу 1970 года, у Касарычах — 408 жыхароў.

Але час тых цікавых падзей хутка праімчаў. Жыхароў з кожным годам станавілася ўсё менш. І клуб зачынілі. Застаўся сіратліва стаяць яго будынак і паступова зарос хмызняком.

Іна КІРЫНА

Працяг будзе

Последние новости

Культура

Афиша Глуска: куда сходить и что посмотреть на досуге

18 апреля 2024
Общество

Семья Дербеевых из Глуска — участники областного этапа конкурса «Семья года»

18 апреля 2024
Общество

Головченко: состав участников ВНС полностью сформирован, делегатами будут 1162 человека

18 апреля 2024
Культура

Полвека проработала в Глусской музыкальной школе Татьяна Николаевна Макаревич

18 апреля 2024
Актуально

Минтранс проводит правовой мониторинг постановления о требованиях к организаторам автоперевозок

18 апреля 2024
Здоровье

Свободные рабочие дни для прохождения диспансеризации: кому, когда и сколько

18 апреля 2024
Власть

Подготовку к первому заседанию VII ВНС обсуждают на совещании у Лукашенко

18 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
Общество

Идет ремонт по улицам Глусского района

17 апреля 2024
Актуально

Прием граждан пройдет в облисполкоме

17 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Происшествия

В центральном парке Глуска кто-то варварски вырвал скамейку

6 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Общество

Деловая женщина с ножницами. О самом известном парикмахере Глусского района Ольге Колодинской

5 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024