• Главная
  • О газете
  • Объявления
  • Контакты
  • Реклама
  • Фотогалерея
    • 2016 год
    • 2015 год
    • 2014 год
    • 2017 год
    • 2018 год
    • 2019 год
    • 2020 год
Глуск | Глусский район | Погода в Глуске | Новости Глуска | Новости Глусского района | Родина | Радзiма | Газета Глуска

Дзякуй гаспадыньцы за ласку, што не дала нас у абразку!

Понедельник, 23.01.2017 12:00. Category: Культура    

Ці ведаеце вы, навошта перад Калядамі на стале пад абрусам раней раскладвалі салому? А як дзяўчаты па гэтых саломінах маглі пра жаніхоў даведацца і каго клікала гаспадыня дома, стукаючы ў акно, перад тым, як пачаць вячэру з поснай куццёй? Усё гэта можна было пабачыць і пачуць у Калаціцкім Доме культуры, дзе культработнікі і самадзейныя артысты правялі гэты цікавы народны абрад. Вось мы бачым частку сялянскай хаты: гаспадыня з дачкою ўжо чыста яе прыбралі, паразвешвалі вышываныя ручнікі, а стол заслалі  карункавым абрусам, пад ім расклалі салому — гэта каб у доме ўсяго было ўдосталь, вучыць маці дачку, пасля расстаўляюць посныя стравы, галоўная з якіх — куцця, і свечку каля яе запалілі.

Тут прыбеглі дзве сяброўкі, і дзяўчаты пачалі варажыць: бралі жменяю фасолю і лічылі — калі цотная колькасць — быць сяголета ў пары; перастаўлялі чаравікі па чарзе — чый першы дойдзе да парога, тую першай замуж возьмуць; потым пярсцёнкі ў жыце шукалі, і кожнай хацелася залаты знайсці — каб жаніх прыгожы ды багаты трапіўся. І яшчэ аднаму гаданню навучыла іх маці: цягнуць са стала зубамі саломіны і па тых саломінах глядзець, які жаніх будзе — худы або тоўсты, высокі ці малы, а мо сярэдняга росту.

Паваражылі дзяўчаты і за рукадзелле ўзяліся, кожная пра сваё гаданне думаць пачала, перабіраць у думках знаёмых хлопцаў, хто з іх пад гэтае апісанне падыходзіць. А тут і госці ў хату завіталі, з гармонікам і бубнам, пра жыццё пагаварылі, песні паспявалі, патанчылі самі і дзяўчат у круг запрасілі, каб вучыліся, не забывалі, як на вёсцы скачуць. Гаспадыня іх слухае і на сваю ролю не забываецца — да стала ўсіх запрасіла. Пачалі з куцці: маці загадала, каб запечаную скарынку дачка ў хлеў занесла і кожнай жывёліне дала, каб тая добра расла ды вялася, першую лыжку кашы поснай на асобную талерку паклалі і дзядоў паклікалі — памерлых продкаў. І на бога Зюзю не забыліся, гэта такі дзядок з доўгай белай барадой, распавядаюць дзяўчатам старэйшыя, ён па лесе ходзіць, звяроў і птушак марозіць, пасевы сялянскія пашкодзіць можа і хатнюю жывёлу таксама, таму яго задобрыць трэба — у акно пастукаць і на куццю паклікаць. І раптам гаспадынька знікла — схавалася недзе. “Бачыце мяне?” — пытаецца ў гасцей. “Не бачым!” — адказваюць тыя. “Вось каб вы так свету не бачылі ў сваіх дварах з-за вялікіх стагоў сена, — кажа яна, — з-за высокіх копнаў жыта, буртоў бульбы, буракоў і ўсялякай іншай гародніны ды садавіны”. Жадае гасцям прыбытку на ўвесь год, прыплоду жывёлы ды добрага ўраджаю, а тыя дзякуюць гаспадыні за ласку, “што не дала нас у абразку”, за пачастункі і дадому збіраюцца, бо і ім упраўляцца пара і да шчодрай куцці рыхтавацца.

Народныя традыцыі, якімі жылі нашыя дзядулі, бабулі і больш далёкія продкі, адыходзяць у нябыт, абрадавы бок іх жыцця не толькі страціў свой першапачатковы магічны сэнс, але і амаль поўнасцю выйшаў з ужытку. Яно і зразумела: дзе сёння ў горадзе возьмеш, скажам, бярэмя саломы, каб пакласці яе пад абрус, і хто сур’ёзна аднясецца да таго павер’я, што ад гэтага залежыць дабрабыт сям’і на цэлы год? Так, у магію прадметаў і дзеянняў сучасны чалавек ужо не верыць альбо амаль не верыць — у сілу сваёй адукацыі, а вось што датычыць народнай культуры, традыцый і звычаяў, то пра іх памятаць і ведаць трэба, асабліва тым, хто хоча лічыць сябе сапраўды адукаваным і культурным чалавекам. Каб захаваць традыцыі продкаў, мясцовыя культработнікі наладзілі праект-конкурс народнага мастацтва “Ад Масленіцы да Каляд”, адно з выступленняў якога і прайшло днямі ў Калацічах. Дарэчы, як на Глушчыне раней ладзілі першую посную куццю, цікава напісана ў кнізе “Памяць. Глускі раён”. Калі хочаце даведацца — прачытайце.

Т. ЛУКАШЭВІЧ

Фота С. РУДЗІНСКАГА

 

 

« Из Глуска в Минск на «кукурузнике»
Спасатели учат спасать »
  • Усебеларускі народны сход
  • Падпіска 2021
  • Оплата услуг редакции через ЕРИП
  • Реклама

  • Версия для слабовидящих
  • Мы в соцсетях



  • Рубрики
    • Актуально (1 104)
    • АПК (298)
    • Беларусь помнит (58)
    • Власть (283)
    • Гісторыя Глушчыны (58)
    • Год малой радзімы (80)
    • Год народного единства (0)
    • Духовность (194)
    • Есть вопрос? Есть ответ! (131)
    • Как выписать газету (2)
    • Культура (200)
    • Общество (4 296)
    • Происшествия (344)
    • Реклама (0)
    • РОЧС информирует (22)
    • Спорт (288)
    • Творческие проекты (141)
    • Тема недели "БелТА" (113)
    • Усебеларускі народны сход (14)
    • Экономика (285)
  • Баннеры
  • Архив газеты
  • Погода в Глуске
    Глуск
  • Яндекс.Метрика
Тема предоставлена Web 2.0 News.
Хостинг: HOSTER.BY
© 2021 Глуск | Глусский район | Погода в Глуске | Новости Глуска | Новости Глусского района | Родина | Радзiма | Газета Глуска  Все права защищены.
Сайт Президента Республики Беларусь Глусский районный исполнительный комитет
Top