Рэзкае пахаладанне да мінус 27 градусаў чакаецца ў Беларусі на бягучым тыдні, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.
«У першы тыдзень 2017 года надвор’е будзе вельмі зменлівым: спачатку моцны снег, парывісты вецер, затым узмацненне марозаў», — адзначыў Дзмітрый Рабаў.
У сераду, 4 студзеня, умовы надвор’я на тэрыторыі Беларусі будуць вызначаць актыўныя атмасферныя франты ад цыклону, які днём перамесціцца на поўнач краіны. Будуць складаныя ўмовы надвор’я: снег, на большай частцы тэрыторыі моцны, слабая мяцеліца. У асобных раёнах наліпанне мокрага снегу, слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Па паўднёва-заходняй палавіне ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература ноччу складзе 0 — мінус 5 градусаў, па паўночным усходзе пры праясненнях — 6-8 градусаў марозу. Днём будзе ад мінус 3 да плюс 2 градусаў.
«Далей цыклон будзе перамяшчацца на Расію і ўслед за ім у Беларусь прыйдзе вельмі халоднае паветра і пахаладае», — расказаў Дзмітрый Рабаў.
У чацвер, 5 студзеня, на большай частцы тэрыторыі прагназуецца снег, уначы ў асобных раёнах моцны. У некаторых раёнах мяцеліца, на дарогах галалёдзіца. Ноччу па паўночна-заходняй палавіне, раніцай і днём у многіх раёнах рэспублікі ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература на працягу сутак складзе 8-15 градусаў марозу, па паўднёвым усходзе — да мінус 1-7.
У пятніцу, 6 студзеня, у некаторых раёнах, пераважна па ўсходняй палавіне рэспублікі, чакаецца невялікі кароткачасовы снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература на працягу сутак будзе мінус 13-20 градусаў, ноччу па паўночнай палавіне пры праясненнях — да мінус 23 градусаў.
У суботу, 7 студзеня, у асобных раёнах краіны пройдзе невялікі снег, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература ўначы складзе мінус 15-22 градусы, пры праясненнях будзе да 27 градусаў марозу. Удзень прагназуецца мінус 11-18 градусаў, па ўсходзе — да 20 градусаў марозу.
8 студзеня ў асобных раёнах краіны магчымы кароткачасовы снег, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература ноччу — 15-22 градусы са знакам мінус, пры праясненнях — да 27 градусаў марозу. Днём чакаецца 9-16 градусаў марозу. Па захадзе ўначы будзе мінус 10-14 градусаў, удзень — ад 4 да 8 градусаў марозу.